Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Агасфэр (Вечны Жыд)

Гейм Стефан

Шрифт:

Айцэн падымае вочы й шукае доктара Марцінуса, і бачыць, як той лагодна ківае, бо такія думкі пра жыдоўскі народ якраз патрапляюць яго ўласным. І юны прапаведнік бачыць, што ён пацэліў у самы акурат, і, падмацаваны й падбадзёраны, прамаўляе далей. Як што яны, жыды, кажа ён, гналі нашага Госпада Ісуса з такой вялікай нянавісьцю й не хацелі паверыць, што ў ягонай асобе да іх прыйшоў мэсія, дык з такой самай нянавісьцю яны гналі і ўсіх хрысьціян. Іх яны называлі гоямі і, паколькі ў іхніх вачах мы былі гоямі, а не паўнавартаснымі людзьмі, дык мы ня былі людзьмі высокай, шляхетнай крыві, роду й паходжаньня, як яны, якія вялі свой род ад Абрагама, Сарры, Ісаака й якава, хоць, і гэта асабліва падкрэсьлім, Бог праз сваіх прарокаў закляйміў дзяцей Ізраіля як ліхіх шлюх, бо, як асабліва скардзіўся прарок Ісая, яны, наўзрок выконваючы Божыя запаведзі, насамрэч учынялі толькі ліхату й ідалапаклонства.

Юны прапаведнік адчувае, як яго слова кранае чульлівыя сэрцы парафіянаў і што ня толькі доктар Лютэр, але і ўсе яны ў душы кажуць сабе, што ён мае рацыю, і канец і аман. Гэта ўскрыляе яго, і ён рашае прыналегчы, паднапяцца й падагрэць яшчэ мацней ды кажа:

— Яны з самага малку ўсмакталі ў сябе такую нянавісьць да гояў, што нікому ніякага дзіва няма, калі ў гісторыі ім увальвалі за тое, што яны атручвалі калодзежы й кралі дзяцей, якіх пасьля пратыкалі шылам і расьціналі, як гэта было ў Трэнце й на Белым возеры. Вітаючы нас, хрысьціян, яны знарок перакручваюць словы «ласкава запрашаем — seid willkommen» у «шэд віл ком», што азначае — «шайтан, прыйдзі!» альбо «вось ідзе сатана». Так яны наклікаюць на нас пякельны агонь і ўсякія нягоды. Да таго ж яны называюць Ісуса сынам шлюхі, а ягоную маці шлюхай, якая ў парушэньне шлюбу зрабіла дзіця зь нейкім забеглым кавалём-малатабойцам.

Айцэн

пераводзіць дух. Яму лёгка на душы, быццам словы плывуць самі сабою, як тыя катэгорыі анёлаў на экзамене, хоць ва ўсёй замкавай кірсе ані ценю ягонага сябра Лёйхтэнтрагера. Але ён бачыць перад сабою іншага, нахабнага маладога жыда ў брудных ботах, як ён чукае на каленях Маргрыт, і гэта ніяк ня можа быць чортавай замарокай, бо чорту ў кірху дарога заказана, а гэта божая азнака, алюзія божая, і ён прамаўляе далей:

— Чым жа, зрэшты, заслужыліся мы ў жыдоў на жудасны гнеў і зайздрасьць і нянавісьць іхнюю? Мы ж не называем іх шлюхамі, як яны называюць дзеву Марыю, не называем дзяцьмі шлюхі, як яны называюць нашага Госпада Хрыста, мы ня крадзем і не пратыкаем шылам іхніх дзяцей, не атручваем ім ваду, ня прагнем іхняй крыві. Наадварот: мы робім дзеля іх толькі ўсяляк памыснае дабро; яны жывуць з намі ў дамах, пад нашай абаронай і аслонай, карыстаюцца нашымі дарогамі, нашым рынкам, нашымі вуліцамі; князі дазваляюць жыдам браць зь іхніх кашалькоў і скрынак, колькі тыя хочуць, дазваляюць сабе й сваім падданым праз жыдоў займацца ліхвярскім зьдзірствам і смактаць кроў.

З гэтым і падступаецца да таго, што, як ён ведае, ўзрушае ягоную парафію яшчэ больш, чым тое Пілатава ўмываньне рук і поцемкі жыдоўскага роду й нібыта божае выбраньніцтва габрэяў. І тут ужо ён абазнаны няма ладу як і выкладвае — і пра дом свой і пра словы цёткі-спадчынадаўцы ў Аўгсбургу. І ўскрыляе рукі ўгору й крычыць:

— Любасныя! Ці бачыў хто калі з вас, каб жыд працаваў, як працуеце вы ў гарач і ў холад, ад рана да позьняга? Не, гэта, як самі жыды кажуць: мы не працуем, у нас добрыя, леныя дні, праклятыя гоі хай працуюць на нас, а мы мецьмем іхнія грошы; зь імі мы паны, а яны нашыя слугі. Так яны кажуць і гэтым самым сьледуюць свайму закону, як пра тое сказана ў Другім Законе 23:20: «Іншаземцу аддавай у ліхву, а брату твайму не аддавай у ліхву, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсім, што робіцца рукамі тваімі, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю». Іх дыханьне сьмярдзіць язычніцкім золатам і срэбрам, бо няма такога другога народу пад сонцам, каб быў прагнейшы й сквапнейшы за іх. І вось я чую, як кажуць, што жыды давалі вялікія грошы князям і панству й тым яны нібыта карысныя. Так, а з чаго яны давалі? З добраў тых самых панстваў і іх падданых, з таго, што ўкрадзена й нарабавана ліхазьдзірствам.

Ён азіраецца вакол і бачыць вочы сваіх слухачоў і як яны прыляпіліся да ягоных вуснаў, і заўважае раптам, якая вялікая сіла зыходзіць ад яго, калі ён, вось ён, стаіць на высокай катэдры ўгары й разумее, што сапраўдны прапаведнік павінен казаць толькі слушныя словы, у патрэбны час, каб усе яны падняліся і рушылі й рабілі тое, да чаго ён іх заклікае. І з гэтымі ўзьнёслымі думкамі ў сэрцы ён падводзіць увесь sermon да добрага канца, рупліва падагульняючы, чым дыферэнцыруюцца пракляты жыд і пабожны хрысьціянін.

— Жыды ж, менавіта, — абвяшчае ён, — хочуць мець мэсію з краіны дурняў і гультаёў, каб насычаў іх сьмярдзючыя гізунталы, сьвецкага караля, каб перабіў нас, хрысьціян, падзяліў сьвет паміж імі й зрабіў іх валадарамі. Але мы, хрысьціяне, маем свайго мэсію, які робіць так, каб мы не баяліся сьмерці й ня дрыжалі перад абліччам гневу Гасподняга й каб маглі ўшчаміць хваста д'яблу. Нават калі ён і не дае нам золата, срэбра й іншага багацьця, дык і ад такога мэсіі ў нас сэрца гатовае выскачыць з грудзей ад радасьці, бо сьвет ператвараецца ў рай. І за гэта мы дзякуем Богу, айцу ўсякай мілаты й дабрамыснасьці. Аман.

Кажа й асьцярожна патыкаецца ўніз з катэдры, чапляючыся за каменныя поручы, бо якраз цяпер ён і адчувае слабасьць ва ўсім целе; так адважна й шчырадушна мала хто калі тут гаварыў у сваёй першай казані, падобна таму, як бы леў паказаў пазуры, толькі ў сьвятарскай хабіце, зразумела. Пасьля ён ідзе да аўтара й схіляе калена й прамаўляе малітву Богу Ўсемагутнаму, але безь сьвядомасьці й разуменьня, механічна, толькі словы ў патрэбнай пасьлядоўнасьці, бо толькі цяпер, калі ён усё завяршыў, у душы яго паўстае поўная яснасьць таго, што такое казань, як і вучыў вялікі доктар Лютэр: прапаведнік павінен быць і воінам і пастухом, а гэта найцяжэйшае мастацтва. Пасьля ён паварочваецца да парафіянаў і падымае рукі, урачыста скіроўваючы позірк угору да скляпеньня храма, і прамаўляе дабраславеньне, якое калісьці сказаў сьвятар Аарон: «Хай Гасподзь дабраславіць цябе й ахавае цябе; Госпадзе, яві свой твар над табою ў зьзяньні й будзь мілажальны з табою», і жахаецца пры думцы, што з гэтага моманту ў ягонай сіле павінна быць права й моц выслоўліваць Божае дабраславеньне й раздаваць яго, быць сапраўдным пасрэднікам паміж гэтымі тут і тым там угары, і ён кажа: аман, і чуе, як зазваніў звон на званіцы, магутна й чыста, вітаючы сьвежасьпечанага гера пастара.

А на вуліцы каля брамы, як што ўжо паклаў свой таляр у скарбонку, ён сустракае Лютэра, які, здаецца, чакаў яго на замкавым двары й хоча пагутарыць зь ім.

— Малады чалавек, — кажа Лютэр і выпрабавальна зьмервае яго адным здаровым вокам ці тое з сумнівам, ці тое з прызнаньнем, — вы проста прачыталі з маёй галавы мае думкі, што вы сёньня выклалі пра жыдоўскі народ. Але слухаючы вас, я быў падумаў сабе: такі, як ён, як усё адно адмыслова створаны, каб падупадаць сатанінскім змустам; паверце мне, я маю досьвед у гэтым. Таму я раю вам, заставайцеся пастаянна ў скрусе духу й сэрца вашага й час ад часу акідайцеся вокам цераз плячо, ці не стаіць ён ужо ў вас за плячыма. І прыміце гэта; гэта пісямко, якое я хачу даць вам у дарогу.

З гэтымі словамі вялікі чалавек нахіляеццца да яго, быццам хочучы абняць; але ня робіць гэтага; толькі воблачка піўнога духу й цыбулі зыходзіць зь яго й абвалакае юнага Айцэна, тым часам як Лютэра ўжо й дух прастыў.

Разьдзел дзясяты. У якім прафэсар Лёйхтэнтрагер дакладвае пра дыялектыку ў боскім уяўленьні і дадае з Dead Sea Scrolls факты пра верагодную сустрэчу Агасфэра з рабі, а прафэсар Байфус атрымлівае дасьледчае заданьне

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлін

German Democratic Republic

29 лютага 1980

Дарагі гер калега!

Мне вельмі скрушна бачыць чалавека Вашага духоўнага бляску і прынцыповай партыйнай цвёрдасці, — на жаль, вельмі рэдкая ў нашым жыцці камбінацыя — так жорстка паднятым на рогі дылемы. Вы пішаце мне ў Вашым ласкавым лісце ад 14 г.м., што акцэптуеце доўгажыццёвасць Агасфера як факт, што верыце ў Ісуса. Хоць Вы і не кажаце выразна, што Вам, паколькі з апошнім Вы не можаце не згадзіцца, супроцьпаказана і першае, прынамсі, гэта implicite заключана ў Вашым сцверджанні.

Але гаворка тут ідзе, даруйце мне, што я кажу Вам гэта, пра няправільную выснову, бо калі, з аднаго боку, Агасфера можна вельмі лёгка разглядаць без Ісуса, а з другога, дапусцім, як я раблю гэта, разглядаць сустрэчу Агасфера з Ісусам як дадзенасць, дык гэта зусім не азначае верыць у Ісуса як Божага сына альбо наогул як боскую сутнасць. Так і так у гэтым, але я напэўна рвуся да Вас у адчыненыя дзверы, ёсць свой клопат з багамі. Вы ёсць тая зручнасць, якую чалавек у залежнасці ад патрэбы стварае сабе сам і ўжо з прадаўняга часу стварыў; толькі, і ў гэтым праблема, гэтыя багі развіваюць у такім разе ўласнае жыццё, якое мяжуе з прывіднасцю. Я бачу ў гэтым неабвержную дыялектыку, якая Вам, паколькі Вы таксама хочаце быць дыялектыкам, напэўна, прынясе радасць.

А цяпер, перш чым я перайду да самай важнай часткі майго пісьма, менавіта да кумранскага рукапісу, некалькі дробных адказаў на Вашыя пытанні.

Я цалкам падзяляю Ваша меркаванне, што Агасфер з Кнігі Эстэр не ідэнтычны нашаму даўгажытніку Агасферу; гэта ўжо хоць бы таму, што той не быў яўрэй, і ўся ягоная сувязь з яўрэйствам пралягала выключна праз яго каханую, памянёную Эстэр. Агасфер з Кнігі Эстэр, фактычна афіцыйна званы персідскім царом Артаксэрксам, і менавіта першае ў яго імені, з дадатковым імем Макрашыр, па-нямецку «доўгая рука, даўгарукі» (464–424 да н. э.), які ў вядомым кімонскім мірным дагаворы прызнаў незалежнасць грэцкіх гарадоў у Малой Азіі. Наколькі далёка заходзіў на самой справе Артаксэркс Макрашыр у сваёй дружалюбнасці і жаданні даць яўрэям эксыль, пра

гэта нам дае звесткі толькі Кніга Эстэр, а што да гістарычнай надзейнасці асобных кніг Бібліі я маю падобныя да Вашых сумненні; у кожным разе іх трэба разглядаць крытычным вокам.

З Вашым герам д-рам Вільгельмам Якшам, з другога боку, я не зусім згодзен, калі ён сваімі, вядома ж, дабрамыснымі пытаннямі пра недастатковую цікавасць медыяў да майго сябра Агасфера, як і да ягоных рэкламных метадаў спрабуе паставіць пад пытанне фенаменальна працяглую экзістэнцыю гэтага чалавека. Гер Агасфер, а ў гэтым ён запэўніваў мяне неаднаразова, ненавідзіць ўсякі вэрхал вакол сваёй асобы. Гэта заходзіць так далёка, што ён нават не святкуе дня свайго нараджэння, хоць, вядома ж, з улікам пражытых гадоў меў бы поўныя на тое падставы.

А цяпер да ўжо дакляраванага галоўнага пункту, да атаясамлення Агасфера з Ісусам праз фрагмент у Dead Sea Scrolls, на які ў сваім пісьме да Вас ад 19 снежня мінулага года я ўжо звяртаў Вашу ўвагу. Гаворка ідзе пра скрутак 9QRes, раздз. VII, 3 да 21, і VIII, 1 да 12; гэты скрутак цяпер падрыхтаваны да публікацыі, і я паспяшаўся, даводзячы пэўныя мясціны, хай сабе толькі папярэдне і толькі вельмі прыблізна, да адпаведнасці паэтычнаму зместу арыгінала, перакласці на нямецкую мову. 9QRes, дзеля Вашай інфармацыі, азначае, што гэты рукапісны скрутак быў знойдзены ў пячоры № 9 селішча Кумран і атрымаў назву Resurrection, таму што ў ім між іншым ідзе гаворка пра ўваскрэсенне і ўшэсце Настаўніка справядлівасці. Гэта, такім чынам, рукапіс эсхаталагічны, і названы ў ім Настаўнік сравядлівасці, гэтаксама як і адначасова памянёны Князь абшчыны, верагодна, разумеліся людзьмі ў Кумране як постаці месіянскія. Пазначаныя кропачкамі мясціны ў маім перакладзе ўказваюць на пашкоджанні скрутка з пісьмёнамі.

… прыйшоў дзень калі вы прымаеце настаўніка справядлівасьці якому бог абвясьціў таямніцы слоў прарокаў і прывялі яго перад пракуратара які ішоў шляхам жорсткасьці і перад намесніка клікі бэліальса кітэяніна… … абсьмяяны у пакутах… … прыйшоў час уціску народу ізраіля сярод усіх яго нягодаў ня было такога як гэты. бо гэта апошні час перад распасьціраньнем неба і перад воінствам сьвятла… … і ідзе ўгору хістаючыся пад цяжарам бэлек крывавы пот сьцякае з падрапанага лоба настаўніка справядлівасьці ўніз па яго твары губы дрыжаць у яго але ён маўчыць на словы кпінаў глухое вуха яго… …але глухі і голас князя ўсяе абшчыны любасных богу… … слухай ізраіль… …ня бойцеся не адступайцеся і не палохайцеся полчышчаў ворага бо перад вамі пойдзе… …узброены мечам бога і шчытом давіда непераможны… …дастаецца ён да дома дзе дарога заварочвае да гары чарапоў і робіцца круцей… … перад парогам князь абшчыны які там быў ад пачатку тварэньня адзін з сыноў бога зачаты зь сьвятла і духа… … і падступае да яго настаўнік справядлівасьці… …дай мне адпачыць перш чым падымуся… … пастанавіліся сем штурмавых радоў тыя што бедныя і ўгнечаныя і ў сотні і ў тысячы абшчыны святых саюза і чакаюць клічу… …і на сьцягу напішы народ божы і імёны ізраіля і арона і на твае штандары напішы праўда божая і справядлівасьць божая і гонар божы і суд божы… … бо твая барацьба і праз моц тваёй рукі… … а настаўнік справядлівасьці схіляе галаву і маўчыць тады кажа яму агасфэр здымайся і ідзі адсюль і ідзі тваёй дарогай тут няма месца такому як ты а настаўнік справядлівасьці кажа яму сын чалавечы ідзе як напісана паводле слова прарока а ты застанешся і мяне чакацьмеш пакуль я вярнуся…

Гэта, дарагі калега, мой пераклад часткі скрутка 9QRes, які датычыцца сустрэчы Настаўніка справядлівасці з Князем абшчыны: як вы заўважыце, апошні ў самым важным месцы пазначаны адкрыта імем Агасфер. Пры больш дакладным чытанні Вы далей знойдзеце, гэтае месца сваім рэалізмам адрозніваецца ад рэшты матэрыялу; згодна яму гаворка тут з вялікай верагоднасцю ідзе пра гістарычнае паведамленне аднаго з аўтараў скрутка пра важнае здарэнне. Абшчына Кумрана была толькі адной з многіх юдэйскіх сектаў, якія, падобна іншым дахрысціянскім абшчынам, былі адухоўлены верай у тое, што ўжо апошні час блізкі альбо нават настаў; у Кумране, праўда, чакалі месію ў двух іпастасях альбо, можа, нават верылі ў двух месіяў, аднаго, так сказаць, цывільнага і аднаго ваеннага, як тое яно старое габрэйскае боства мае двайны характар, адзін раз гэта бог помсты і вайны і пасля бог ласкі і любові.

Паколькі вы там у Берліне не верыце ні ў аднаго, ні ў другога, дастаткова будзе любой спекуляцыі пра тое, каторы ж тут на самай справе маецца на ўвазе; наадварот, наконт 9QRes няма ніякіх сумненняў, у ім маюцца вершы, якія амаль даслоўна паўтараюць словы з ІQM, так званага ваеннага скрутка, і з ІQpHab, так званага Абакумавага каментара.

Я спадзяюся, што паслужуся Вам праз гэта паведамленне, і застаюся з найлепшымі вітаннямі

Ваш

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hebrew Univercitу

Jerusalem

Геру

праф. д-ру Dr. h.c. Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлін

14 сакавіка 1980

Дарагі таварыш Байфус!

У апошнім пісьме Вам ад праф. Ё. Лёйхтэнтрагера з Ерусаліма маецца пераклад памечанага знакам 9QRes габрэйскага рукапісу. Калі перад намі не фальшыўка, што ў абставінах, якія цяпер склаліся, малаверагодна, дык гаворка тут ідзе пра тыповы прадукт мілітарысцкага духу ізраільскага народу, духу, які дасягнуў свайго цяперашняга апагею ў развіцці сіянісцкага імперыялізму. Варта толькі прачытаць, што там было напісана на «сцягу» Ізраіля, каб пераканацца, на які напрамак гэта ўказвае.

Я даю Табе падумаць, ці Ты, кладучы ў аснову гэтага рукапісу і некаторых іншых тэкстаў, здабыванне якіх прадастаўлена Табе, не павінен быў сабраць і прадставіць матэрыял, у якім Ты ўказаў бы на сувязі паміж рэлігіяй і імперыялістычнымі экспансіянісцкімі памкненнямі, асабліва ў дачыненні да Ізраіля. Я падкрэсліваю Ізраіль, бо падобныя тэндэнцыі праяўляюцца і ў ісламе, якія мы з улікам палітычных мэтаў, што асягаюцца нашымі савецкімі сябрамі і намі, хацелі б пакінуць без увагі.

Калі ты можаш своечасова сабраць і апрацаваць матэрыял, мы маглі б рэалізаваць яго ў наступным годзе на канферэнцыі ў Маскве. Навука перад фактам абвастрэння класавай брацьбы таксама не павінна стаяць убаку, яна павінна заняць партыйную пазіцыю.

З сацыялістычным прывітаннем

Вюрцнер

кіраўнік аддзела

Міністэрства вышэйшай і

праф. школьнай адукацыі

Поделиться с друзьями: