Агасфэр (Вечны Жыд)
Шрифт:
На ўсё гэта ўказвае і знойдзеная паліц. — обермстр. Гіршам на рабочым стале З. Байфуса запіска невядомага паходжання. Нашы расследаванні паказалі, што тэкст у запісцы фактычна паходзіць з Бібліі, г. зн. быў складзены да ўзвядзення памежнай сцяны.
Паколькі да сённяшняй даты З. Байфус нідзе не аб'явіўся і не знойдзена ніякага следу яго, яго знікненне з ГДР належыць разглядаць як неабвержна канчатковае. Ці можна тут гаварыць пра яго захоп альбо пра ўцёкі, канстатаваць канчаткова не ўяўляецца магчымым; супроць апошняга сведчыць той факт, што ніякіх дадзеных аб прысутнасці памянёных на тэрыторыі Федэратыўнай рэспублікі альбо іншых заходніх краін у наяўнасці няма.
З боку Галоўнага аддз. ІІ В (13) робіцца запыт на рашэнне Мін, на прадмет, ці належыць перад тварам міжнародных аспектаў здарэння падключаць да расследавання
З сац. прывітаннем
Подп.: Пахнікель, маёр
Гал. аддз. ІІ В (13)
Разьдзел дваццаць восьмы. У якім вучоны супэрінтэндэнт фон Айцэн з дапамогай вучэньня пра прадвызначэньне спрабуе ўвінуцца ад д'ябла, але пры гэтым трапляе ў сетку сваіх жа слоў і сам у трох іпастасях вылятае праз камін
У старасьці мы зьбіраем ураджай жыцьця, і калі яно было добрае й падабалася чалавеку, дык ён багаты й дабраславёны, і, слова Божае, як калісьці ў такога чалавека як Паўль фон Айцэн, якому слова сам Бог уклаў у вусны, пабожна сыходзіць зь іх. У яго ня толькі выходзіць у сьвет «Нямецкі зборнік казаняў» (Deutsche Postille), куды прадумана й старанна ён уключыў усе свае нядзельныя і сьвяточныя пропаведзі, каб ягоныя падначаленыя службовыя браты на будучае ведалі, што й як яны, зь лёгкімі, мясцова абумоўленымі ariatviones, павінны гаварыць сваім авечачкам; ён ня толькі субмітуе прыхільнай публіцы сваё «Хрысьціянскае настаўленьне, як, зыходзячы з двух пастулатаў хрысьціянскага вучэньня і веры, пра сьвятую эўхарыстыю нашага любаснага Госпада Ісуса Хрыста, з чыстай праўды Боскага слова, даказваючы шчырую ісьціну супроць усякага роду сэктаў і аблудаў, можна сьціпла й бяз прыкрай лаянкі весьці казань», і сьпешна прысьвячае яго пасьля заўчаснай сьмерці свайго літасьцівага князя і герцага наступніку Ёгану Адальфу; не, цэлы сьвет, асабліва пратэстанцкі, і на чале яго новы герцаг, згодныя, што без намогі й стараньня супэрінтэндэнта ў Шлезьвігу з герцагства ніколі ня сталася б царства божага, да якога, кажучы словамі прарока Ісаі, натоўп ля мора навяртаецца.
Ідзе да таго, што й хатняга шчасьця не бракуе. Хоць яго жонка Барбара, пасьля таго як схуднела яшчэ больш і высахла да касьцей і пасьля таго, як ён цьвёрда паабяцаў ёй спатканьне ў іншым, лепшым месцы, шчасна спачыла, але дзеці вырасьлі здаровымі й дзельнымі людзьмі, і нават крошка Маргарэтэ нягледзячы на сваё калецтва дасталася пад вянец зь пісарам Вольфгангам Калундам, разам зь якім anno 1610 за забойства іхняга зяця, бургамістра Клаўса Эсмарха з Апэнрадэ, была пакарна сьмерцю; але гэтага яшчэ Айцэн ня ведае наперад, а яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, які з прычыны некаторых ведаў мог бы сказаць пра гэта, маўчыць.
Гер тайны радца таксама не памаладзеў; бародка сівая, акурат як і рэдзенькія валасы на чэрапе, толькі густыя, востра сагнутыя бровы па-ранейшаму чорныя, крыху аддаючы ў рыжаватасьць. Ён шмат езьдзіць, ніхто ня ведае, куды й зь якімі гешэфтамі, але сёньня на месцы, быў пры двары, каб разьвітацца: новым валадарам патрэбны новыя дарадцы, і цяпер ён сядзіць у Айцэнавым пакоі, у каміне гарыць агонь, крошка Маргарэтэ, якая са сваім Калундам ўсё яшчэ жыве ў доме, каб быць пад рукою ў бацькі, праставіла віно, бочачку якога прывёз Лёйхтэнтрагер з далёкіх земляў, сказаўшы, быццам яно было сапраўднай крывёй, — чырвонага віна пі чарку да дна.
— Такое самае, — казаў ён, — як і тады ў Вітэнбэргу, калі я частаваў цябе, і Маргрыт была з намі.
— Ах, — уздыхае Айцэн, — Маргрыт.
— Самыя прыгожыя жанчыны, — кажа Лёйхтэнтрагер, — заўсёды тыя, якіх мы самі сабе ствараем.
— Міраж, блізір, — кажа Айцэн, — чорт выдумаў, чорт і зрабіў.
— Але ж ты кахаў яе, — кажа Лёйхтэнтрагер і ўсьміхаецца сваёй ціхай, крывой ухмылкай, якая кажа, што за кожным, хто ёсьць, стаіць нехта іншы, а за ім яшчэ нехта ці нешта, і што на сьвеце ногул няма нічога, нам усё толькі здаецца, а ўсе ісьціны пакрыўленыя і перакручаныя.
— Яна абдурыла мяне, — кажа Айцэн, — і ўцякла зь жыдам, Агасфэрам, які быў пахібаю ўсіх веруючых хрысьціян.
— І якога ты дазволіў закатаваць кіямі да сьмерці, — дадае Лёйхтэнтрагер.
Айцэн адпівае віна й паляпвае сябра па горбіку.
— Калі б ён быў Агасфэр, сапраўдны, — кажа
ён, — якога пракляў наш Гасподзь Ісус і асудзіў на вечнае вандраваньне, дык у яго не дайшло б да сьмерці, ён весела перанёс бы ўсё і ўцёр бы носа геру прафузу, калі той у канцы саўгануў яму ботам пад бок, каб пераканацца, што ў ім сапраўды не засталося жыцьця.І ў самы гэты момант у пакой уваходзіць крошка Маргарэтэ й ставіць на стол трэйці кубак, і калі бацька пытаецца ў яе, што б гэта значыла, бо як бы ён жадаў бачыць за сталом гера Калунда, ён бы ўжо яму паказаў, дык яна з усім належным рышпектам адказвае, што кубак не для яе Калунда, а для аднаго чалавека, які толькі што прыйшоў, гэта сябар дома, як сказаў ёй, і тут запозьнены госьць ужо стаіць у парозе, цёмны ў сьвятле каміна, у якім раптам шалёна замільгатала полымя, і гер супэрінтэндэнт закрычаў бы яму, калі б толькі здолеў: Вымятайся прэч, у імя Айца, Сына й Духа Сьвятога! але такая слабасьць сталася ў яго чэлесах, і толькі сэрца застукатала ў горле, як тысяча молатаў. Але Агасфэр набліжаецца да стала, за якім сядзяць Айцэн і Лёйхтэнтрагер, такі ж малады, як і раней, пры першым разе; малады жыд у плямістым лапсердаку, чорная ярмолка на кучаравых валасах, ужо вальяжыцца ў крэсьле, вальготна выцягнуўшы наперад ногі, тым часам як крошка Маргарэтэ апускаецца перад ім на калені й сьцягвае перапэцканыя боты з ног, ступакі якіх закарэлі, як вырабленая скура, ад доўгіх вандровак. Пасьля гэтага ён гладзіць крошку Маргарэтэ па галоўцы й кажа геру тайнаму радцу:
— Мір з вамі, Лёйхтэнтрагер, а як ідуць справы з вашай працай, і ці ўсё яшчэ пры вас кесарава манэта й пэргамант з надпісам?
— Мая праца ідзе наперад, — кажа Лёйхтэнтрагер, — гэта вы самі бачыце. І кесарава манэта пры мне, як і пэргамант са словамі прарока, напісанымі на ім. — І дастае манэту й пэргамант з кішэні й перадае Агасфэру, быццам гэта былі няма ладу якія скарбы.
Айцэну робіцца вусьцішна, ён быццам бы гэта ўжо раз перажыў. А яго прыяцель Лёйхтэнтрагер ужо хоча ведаць, чаго ён так дрыжыць, ці ж мала ён прапаведаваў уваскрэсеньне зь мёртвых, і вось табе маеш, калі тое сталася, ён палохаецца.
— Але я ня ўцямлю, што за гэтым, — кажа Айцэн, — альбо тут сам жыд у плоці, альбо ж выпладзень пекла, і гэта мяне так палохае.
Лёйхтэнтрагер налівае яму віна й суцяшае.
— Ня бойся, Паўль, — кажа ён, — што йдзе, прыйдзе, і ня ты першы, ня ты апошні, каго чорт забірае.
Айцэн прымушае сябе засьмяяцца, хоць яму зусім не да сьмеху, і пасьля таго як ён адаслаў крошку Маргарэтэ з пакоя, якая даволі такі неахвотна выйшла, ён няцьвёрдым голасам пытаецца, ці ня хоча прыяцель Лёйхтэнтрагер сказаць на поўным сур'ёзе, што ў ім больш д'ябальскага чым проста імя, Люцыпар; акрамя таго ён, Айцэн, ніколі не схаўрусаваўся б з чортам і пактаў не заключаў бы так, каб ён гэтага ня ведаў, бо такі сатанінскі дакумант, як яно належыцца, прыпячатваецца крывёю, а тут ніякі чорт ня мае ні права на яго, ні якіх бы там ні было прэтэнзій да яго.
Тут падымаецца Агасфэр і выпростваецца ў цёмную постаць і разгортвае кавалак асьлінай скуры, якую даў яму Лёйхтэнтрагер, і чытае напісанае на ім у тоне, ад якога ў Айцэна кроў у жылах стыне:
— Глядзі, вось Я — на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечак, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім.
Айцэн ведае словы, прарок Эзэкііль гэта той, якога ён сам часта панукаў на добрыя справы, і калі ён пачынае разумець, што Вечны Жыд пасьля яго праходу па «вуліцы» не вярнуўся б толькі дзеля таго, каб правесьці зь ім духоўны дыспут, а што тут ідзе пра вечнае жыцьцё, ён абараняецца з усім запалам і зацята, як толькі можа, і заяўляе, што ён, Айцэн, быў-такі лепшым пастухом, чым нехта ў сваім гешэфце, і хоць з Богам на вуснах, але ня чужы й сьвецкім выгодам, бо што ж тут такога; азірнешся вакол у герцагстве, і гер тайны радца пацьвердзіць: тут пануе найлепшы духоўны парадак, і няма нікога, хто самахоць ухіліўся б ад хрысьціянскага вучэньня, якое рупліва закладзена добрым доктарам Марцінусам Лютэрам, а сьледам за ім і ім, Яго герцагскай мосьці вярхоўным інспэктарам і супэрінтэндэнтам, і народ пачувае сябе ахаваным у веры, тым часам як па той бок мяжы, як на ўсход, так і на захад, культывуюцца самыя заганныя ератычныя вучэньні, і ўсякі там Гінц альбо Кунц лічыць, што лепш выкладае Хрыста, чым ардынаваны на тое слуга Гасподні.