Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Агасфэр (Вечны Жыд)

Гейм Стефан

Шрифт:

Рабі, сказаў я, калі той там твой Бацька, пагавары зь ім.

Але рабі сказаў: Гэты для мяне нішто.

І зацьміўся твар у цара цароў гневам, і падышлі сем ягоных ахоўцаў і схапілі рабі й выгналі яго зь сёмай брамы ў пустыню. Але сьвятло асьвятляла наш шлях, і ў канцы шляху падняўся храм, які быў яшчэ больш раскошны, чым палац цара цароў і на яго пайшло яшчэ больш золата й срэбра й кедровай драўніны, чым на палац, і быў ён яшчэ каштоўнейшы, і на сямі дварах храма перад сямю алтарамі правілі набажэнства сем сьвятых сьвятароў, кожны зь якіх трымаў палымяную ахвярную шалю ў руках; але рабі прайшоў празь сёмы двор у сёмую палату, якая была запоўнена пахамі міры й дарагіх пахошчаў і культавым посудам з дарагіх камянёў, якія зьзялі ўсімі фарбамі сьвету, і сярод палаты стаяў нехта, увесь у белым, і вакол галавы было вялікае зьзяньне,

і сказаў: Я сьвяты сьвятых, і я даўно ўжо чакаю цябе, сыне мой.

Рабі, зноў сказаў я, калі той там твой Бацька, пагавары зь ім.

Але рабі сказаў: І гэты для мяне нішто.

І сказіў гнеў твар у сьвятога сьвятых, і сем яго сьвятароў падышлі й схапілі рабі й выгналі яго прэч зь сёмага двара ў пустыню. Але шлях, асьветлены нам сьвятлом, зрабіўся вузешы й круцейшы, і абапал яго разьзеўрыліся прорвы; а ў канцы шляху ляжаў камень, на якім сядзеў Нехта, які быў вельмі стары й трымаў у руцэ кій і пісаў на пяску пад сваімі нагамі канцом кія.

І я сказаў трэйці раз: Рабі, калі той там твой Бацька, пагавары зь ім.

Але рабі нізка схіліўся да таго, што пісаў, і спытаўся: Што ты тут робіш, стары?

Але той сказаў, не даючы перашкодзіць сабе ў працы: Ці ж ты ня бачыш, што я пішу Кнігу жыцьця за сямю пячаткамі, сыне мой?

Але ты пішаш яе на пяску, сказаў рабі, і прыйдзе вецер і ўсё садзьме.

Якраз у гэтым, адказаў стары, і ёсьць таямніца кнігі.

І пабялеў рабі й спалохаўся вельмі, але пасьля сказаў: Ты той, хто стварыў сьвет з пустыняў і пустотаў, з днём і ноччу й небам і зямлёю і водамі й усім, што рухаецца.

Той — гэта я, сказў стары.

І ў дзень шосты, сказаў далей рабі, ты стварыў паводле вобразу твайго чалавека.

І гэта зрабіў я, сказаў стары.

І цяпер усё гэта павінна быць, як бы яго ніколі ня было, спытаўся рабі, мімалётны сьлед, які сатрэ мая нага?

Тут стары адклаў убок кій і больш ня пісаў, паківаў галавой і сказаў: Калісьці й я быў поўны шчырай рупнасьці й веры, мой хлопча, і любіў мой народ альбо гневаўся на яго, і пасылаў на яго патоп і агонь і анёлаў і прарокаў і нарэшце цябе самога, майго адзінага сына. І ты бачыш, што з таго выйшла.

Смярдзючае балота, у якім усё, што жыве, сочыць, памыкаецца зжэрці другога, сказаў рабі, царства жудасьці, у якім увесь парадак служыць толькі разбурэньню.

Сыне мой, сказаў стары, я ведаю.

Але Госпадзе, зьвярнуўся рабі, ці ж не ў Тваёй руцэ — асушыць балота й зьмяніць парадак?

Стары маўчаў.

Госпадзе, сказаў рабі, Ты пераказаў вуснамі Тваіх прарокаў, што Ты хацеў стварыць новае неба й новую зямлю, каб не ўспаміналася больш старая. І пазьней Ты сказаў праз яшчэ аднаго з Тваіх прарокаў і абвясьціў людзям, што Ты хацеў дастаць зь іхняй плоці каменнае сэрца й даць ім новае сэрца й новы дух, Госпадзе, я пытаюся ў Цябе: калі? Калі?

Тут павярнуў стары галаву й паглядзеў на сына, зьнізу ўгору, і сказаў: Я стварыў сьвет і людзей, але, каб кожны разьвіваўся па сваіх законах і калі з Так зробіцца Не, а зь Не — Так, пакуль нічога ня стане так, як было, і сьвет, створаны Богам, больш ня будзе пазнавальны вачам нават самога творцы.

Дык ты прызнаеш, сказаў рабі, марнасьць Твайго тварэньня, Госпадзе?

Я пішу на пяску, сказаў стары, ці ж гэтага не дастаткова?

Тут абурыўся рабі й сказаў: Чаму ж Ты не адступішся, Госпадзе, бо хто абяцаў так, як Ты, той не павінен быў жадаць так трымацца за ўладу.

І ты будзеш рабіць гэта хітрэй? спытаўся стары. Ты, які дазволіў укрыжаваць сябе замест таго, каб паўстаць і ўсупрацівіцца беззаконьню? Ах, дзіцятка маё, ці ж бо ня вунь ён падбухторыў цябе на твае мяцежніцкія казані?

Але рабі схапіў старога за вопратку й сьцягнуў яго з каменя, на якім ён сядзеў, і падняў яго ўгору й патрос яго з усёй сілы й крыкнуў — хопіць ужо цярпець і пакутаваць, і хто быў той, што паслаў сына на крыжавую сьмерць, за нішто й зноў за нішто, і ці ня было б лепш, замест каб чакаць, пакуль гэты сьвет разарве сябе к чорту, сабраць усіх магутаў, нават тых зь пекла, супроць гэтага Бога, ад якога ўцякло яго ўласнае творыва, і аб'яднаць усх хрыстоў і антыхрыстаў на штурм сёмага неба, якое скляпеніцца над гняздом зьмяі й пачварнай гніласьці.

Тут замкнуўся твар у старога, і горкая ўсьмешка кранула вусны ягоныя і прыляцелі сем старых анёлаў з рэдзенькімі бародкамі й абскубленымі крыламі, і кожны трымаў у руцэ пашчэрбленую, заржавелую трубу й затрубілі

ў іх і ўзялі рабі пад рукі й панесьлі яго прэч, угору, туды да яго трона ў вышніх, а Бог павярнуўся да мяне, Агасфэра, і сказаў, што чакаў ад мяне разумнейшага; маладому нельга давярацца, ён зноў усё зробіць навыварат.

Разьдзел дваццаць сёмы. Які тут галоўным чынам дзеля дакумэнтацыі і складаецца са службовага даклада маёра Пахнікеля свайму начальству па службе ў справе раптоўнага зьнікненьня (уцёкі з Рэспублікі?) грамадзяніна З. Байфуса, з дадаткам допісаў, пратаколаў і іншых матэрыялаў

Ад: Галоўны аддз. ІІ В (13)

Каму: Сакратарыят Савета Міністраў

Датыч.: Знікненне (уцёкі з Рэспублікі?)

грамадзяніна З. Байфуса

Берлін, 15 студз. 1981

На запатрабаванне службы я з гэтым распаўсюджваю папярэдні даклад, датыч. знікнення (уцёкі з Рэспублікі?) вышэйпамянёнага грамадзяніна Зігфрыда Вальтэра Байфуса, праф. д-ра Dr. h. c. (?) лаўрэата Нацыянальнай прэміі (ІІ класа), заслужанага народнага вучонага, трохразовага актывіста і кавалера многіх ордэнаў і ганаровых знакаў, кіраўніка Інстытута навуков. атэізму, 108 Берлін, Бэрэнштрасэ 39а. Прыкладзеныя дакументы і абгрунтаванні пранумараваны, датычнае гэтага даклада дадаецца.

Вышэйпамянёны, нар. 10. ІV. 1927 у Хемніцы, Сакс., сын зеляншчыка, 53 гады, жан. (жонка Гудрун, у дзяв. Еніке, был. сакратарка, у ц. ч. без прафесіі) і праж. 108 Берлін, Ляйпцыгер-штр. 61, 8-ы паверх; дзеці Фрыдрых (нар. 1963) і Урзула (нар. 1968); асоб. прыкметы: няма. Вышэйпамянёны ўступіў у Сац. адзіную партыю і з'яўляецца членам Таварыства германа-савецкай дружбы, лыжна-спартыўнага клуба «Прагрэс», а таксама Акадэміі навук.

Вышэйпамянёны знік 31 снежня 1980 г. паміж 23 гадзінай і поўначчу праз пралом (у чалавечы рост) у знешняй сцяне (напружаны бетон) сваёй кватэры. Тлумачэння ў форме развітальнага альбо падобнага роду ліста не пакінуў; у кожным разе, нічога адпаведнага не выяўлена.

Служба была 1 студзеня 1981 г. ў 2.35 гадз. пра знікненне вышэйпамянёнага ўведамлена па тэлефоне інспекцыі Нар. паліцыі (паліц. — обер. мнстр Гірш), і паведамленне было прынятае.

Змест тэлефанаграмы прыкладаецца.

Гірш: Тут адзін прапаў, нейкі Байфус, прафесар, вельмі вядомы чалавек, пралом у сцяне.

Служба: Пра які лом у сцяне? Дзе?

Гірш: Не пра лом, а праз пралом у сцяне, на Ляйпцыгерштрасэ,

Служба: У вас скразняк?

Гірш: Не ў нас. І не на Сільвестар. Мы калектыў сацыялістычнай працы.

Служба: Дык паведамляйце.

Гірш: Званіла жанчына. Яна гэта заўважыла, калі па радыё білі званы. Была вялікая кампанія. А як па радыё далі званы, яна хацела сказаць тост, а яго не было. А перад тым яшчэ быў. Тады пачалі шукаць. І знайшлі пралом.

Служба: А ён што, не мог пайсці праз дзверы?

Гірш: Я спытаўся і ў жонкі. А яна сказала, навошта ж тады пралом? Тады я паехаў на Ляйпцыгештрасэ з таварышам Рудэльманам.

Служба: І?..

Гірш: Стаяў натоўп каля дома. І сапраўды там быў вялікі пралом, чорная дзірка там, наверсе, добра відаць. Але ўнізе не было нічога, ніякага трупа, ні крыві на бруку, нічога.

Служба: А ў кватэры?

Гірш: Пралом быў цёмны па краях, як бы апалены, быццам сцяну прашыла ракета, з адпаведнай тэмпературай. Але госці кажуць, што нічога не чулі, ні стрэлу, ні выбуху. Яно канечне, вонкі ж быў феерверк, грукату хапала.

Служба: Што яшчэ вартага ўпамінання?

Гірш: На стале ляжала запіска, шрыфт нейкі вельмі ж дапатопны, цяжка прачытаць.

Служба: Яна ў вас? Паспрабуйце прачытаць.

Гірш: З Богам — маім — узыходжу — на — мур. І пад гэтым напісана: Псальма 17, двухкроп'е, 30.

Служба: Значыца, усё-такі ўцёкі. Адкуль вы тэлефануеце?

Гірш: З кватэры на Ляйпцыгерштрасэ.

Служба: Госці яшчэ на месцы? Вазьміце ў іх прозвішчы і адрасы і скажыце людзям, каб нічога нідзе не гаварылі пра здарэнне. І вы і таварыш — як вас? — Рудэльман? — каб і вы не распускалі язык. Служба сама паклапоціцца пра далейшае. Канец.

Поделиться с друзьями: