Агасфэр (Вечны Жыд)
Шрифт:
Аднак шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер кладзе палец на тоўсты падбародак і рашае, што, зрэшты, ня будзем пазбаўляць абвінавачаных права й зь іхняга боку запрасіць сьведак; калі тыя сьведкі вызнаюць такія самыя аблуднасьці, што й абвінавачаныя, яны павінны быць гатовыя трактавацца судом з такой самай строгасьцю, як і гэтыя; ва ўсім астатнім тэрміны працэсу цьвёрда ўстаноўлены й ня могуць быць перасунутыя, пакуль там недзе паміж Амстэрдамам і горадам Цёнінгам перакоўваюць закульгалага каня альбо мяняюць восі ў калёсах.
— А цяпер шаноўны гер superitendent, — завяршае ён, — задавайце Вашыя пытаньні абвінавачаным, каб гэтыя сваімі адказамі маглі выявіць, ці трымаюцца яны сваіх ілжывых вераваньняў альбо ці не хацелі б яны лепей вярнуцца да вучэньня Лютэра, як яно выкладзена ў Аўгсбургскім
У поўным даверы да сілы Гасподняй, якая коней робіць кульгавымі й ламае восі ў калёсах галандзкіх ілжэпрапаведнікаў, пачынае Айцэн свой допыт, хітра плануючы пры гэтым паступова перайсьці ад агульнага да спэцыфічнага, так што ў канцы няшчасныя ератыкі павіснуць-такі ўсе на вострых круках лютэраўскай дыялектыкі. Але гэтыя выяўляюць сваю цьвёрдахрыбетнасьць, адказваюць на ягоныя добра аргумэнтаваныя словы дзёрзка альбо зусім не адказаваюць і нават заяўляюць, што ніхто не саштурхне іх убок зь іхняй веры, нават гер супэрінтэндэнт не саштурхне, як бы на іх ні напіраў.
Такога роду супраціў, прызнае Айцэн, прыняты высакародным і шматшаноўным шталерам у дрэнны бок, супроць абвінавачаных, але й супроць яго, які гэта церпіць. І ён рашае не ўдавацца больш у дыспуты й добранькія ўмаўленьні; яго прапаведнікі мусяць сагнуцца, як і гэты ератычны зброд; а ён, Бог сьведка, і так зрабіў для абвінавачаных многа, калі павёў іх, зыходзячы з тэкстаў Сьвятога Пісаньня і сутнасьці нашага Госпада Ісуса Хрыста, да чыстых крыніц веры; цяпер яны будуць мусіць альбо напіцца, альбо ўтапіцца. Яны павінны будуць прызнаць і згадзіцца з хрышчэньнем і тайнасьцю эўхарыстыі, як і іншыя, альбо прыняць на сябе наступствы, зь якіх высылка за межы герцагства, бадай, самае лагоднае. А таму падыміся, наморшчы лоб і пытайся ў абвінавачаных, ad primum, ці ўсе людзі, за выключэньнем Хрыста, зачатыя і народжаныя ў спадчынным грэху і, вынікам, ці ўсе яны дзеці зла, — так альбо не?
Катэс адчувае, што ўсё пастаўлена на руб і што той у сваёй чорнай хабіце ўчапіўся і больш ня выпусьціць з лап сваіх пытаньняў. Таму кажа:
— Мы не разумеем, чаму мы ад Адама павінны быць грэшныя, і мы ня можам прызнаць, што былі зачатыя ў грэху. На дзетках няма ніякага грэху, каб яны мелі ўшчэрб у сваёй шчаснасьці. Таксама й тое, што хвароба й сьмерць павінны йсьці ад грэху, застаецца нам незразумелым; гэта так у прыродзе, а чалавек пастаўлены ў прыроду як Адам і Ева.
— Ерась, праклятая ерась, — заяўляе Айцэн і чакае, пакуль судовы пісар надзейна запіша гэта на паперу. Пасьля, на бэнэфіс шматшаноўнаму геру шталеру й каб ён, як недасьведчны парафіянін, таксама зразумеў, пра што тут ідзе, ён пытаецца, ad secundum, ці ня прызнаюць усё-такі абвінавачаныя, што малых дзяцей трэба хрысьціць і што хрышчэньне ім карыснае й патрэбнае, — так альбо не?
— Напісана, — кажа Катэс, — што мы жывём толькі па веры. Іtem, толькі той, хто верыць і дзеля веры гэтай хрысьціцца, той будзе шчасны. А дзетак, якія пакуль яшчэ ня ведаюць ні дабра, ні зла, нельга хрысьціць.
— Чартоўшчына, пахібная і заганная, — дыктуе Айцэн пісару й пасьля гэтага хоча ведаць ад абвінавачаных, ad tertium, ці Хрыстос праз пакуту, якую ён прыняў дзеля нас, ці праз сваю ахвяру ўзяў на сябе й нашу віну, так што мы цяпер адзіна празь веру ў яго ачышчаны ад грэху й можам быць шчаснымі, — так альбо не?
— Калі мы ўсё валім на Хрыста, — кажа Катэс, — дык гэтым адкрываем дарогу грэху. Мы павінны рабіць нешта й ад сябе, каб стацца шчаснымі, і чалавек павінен гэтаксама шукаць Бога, як Бог шукае чалавека.
— Блюзьнерства, асуды вартае, — канстатуе Айцэн, і пакуль пісар і гэта акуратненька заносіць на паперу, патрабуе сказаць, ad quartum, ці лічаць абвінавачаныя, што Ісус Хрыстос на сьвятой вячэры сапраўды карміў нас сваім целам і паіў крывёю, — так альбо не?
— Хлеб і віно, — кажа Катэс, — мы прымаем у памяць пра Хрыста, яны застаюцца хлебам і віном. Усё астатняе толькі прымхі й папізм.
— Ерась, д'ябальская ерась! — голас зрываецца ў Айцэна. Але тым ня меней ён яшчэ хоча прадэманстраваць шматшаноўнаму й высакароднаму Каспару Гоеру, куды вядуць гэтыя агідныя ўхіленьні ад адзінашчасьцедайнага вучэньня in praxi, бо
зусім такі яшчэ не асьветлена, як адно залежыць ад другога, сьвецкая ўлада ад сапраўднай веры, і таму пытаецца ў абвінавачаных, зусім ахрыпла ад пабожнай руплівасьці, ці ad quintum, паводле іх сапраўдны хрысьціянін можа дзейнічаць і як сьвецкае начальства й са спакойным сумленьнем займаць высокую пасаду і ў гэтым сваім стане ці можа быць шчасным і, ad sextum, ці хрысьціяне ва ўсіх справах, якія паводле слова Божага належаць начальствам, павінны праявіць ім паслушэнства й ці, ad septimum, духоўнае царства Хрыста стаіць у супярэчнасьці з царствамі сьвецкімі й сьвецкімі ўладамі, — так альбо не?Залегла такая цішыня, што здавалася, стала чуваць, як шашаль точыць бэлькі штатгальтарства, і ўсе вочы скіраваліся на Клаўса Петэра Катэса й Клаўса Шыпера й Дзірыха Петэрса й Сіверта Петэрса й на Вопа Карнэліуса й Мартэна Петэрса й Карнэліуса Сіверса; а ў іх серабрыстыя кропельку поту выступілі на тварах, бо яны ведаюць, што з усіх пытаньняў гэтае найцяжэйшае, яно — выпрабаваньне, і цяпер будзе вынесены вырак і зламана палачка.
— Ну? — кажа Айцэн. — Так альбо не?
І, паколькі ніхто яму не адказвае, ужо хоча прыступіць да вялікай пагромнай прамовы, якая павінна стацца для Катэса й яго прысьнікаў толькі першым форшмакам перад тым, што яны пачуюць на Страшным судзе перад нябесным судзьдзёй, калі раптам як бы самі сабою адчыняюцца дзьверы суда і ў залу ўваходзіць хадайнічаны абвінавачанымі ератычны прапаведнік з Галандыі ў суправаджэньні захінутай вуалем жанчыны, якая нават пад сваімі вуалямі й захінамі выдае ў сабе выдатныя формы. Айцэну адразу робіцца так, быццам памяшканьне з усімі асобамі ў ім пачынае павольна, а тады ўсё хутчэй і хутчэй закручвацца, і толькі нянаджаны госьць застаецца ў цэнтры непарушны, тым часам як ягоная суправодніца адкідае вуалю, і на яго, супэрінтэндэнта, глядзяць нахабныя вочы, і пры гэтым грыбаты пунсовы раток зьбіраецца ў трубачку, быццам хоча сказаць: Ба, ты жывы яшчэ, стары кныр!
А прапаведнік-ератык роўным крокам кіруецца да крэсла шталера, пачціва кланяецца яму й заяўляе:
— Маё імя, Ваша высакародства, Агасфэр, Ахаб Агасфэр, і я прыбыў сюды ў Цёнінг з горада Амстэрдама, даць Вам даведку адносна ўсіх пытаньняў, якія тычацца веры гэтых мужчын, што стаяць перад Вамі як абвінавачаныя, каб быць ім для суцяшэньня і дапамогі, наколькі гэта ў маіх сілах.
Шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер разглядвае чужынца, які ў сваім цёмнакарычневым галандскага крою сурдуце выглядае дастойна й дастаткова годнасна, і яму робіцца крышачку як бы несамавіта, і кажа:
— Мэйнгеер, для суцяшэньня і дапамогі яно яшчэ ня позна, а што да апытаньня, дык яно ўжо закончылася.
Агасфэр зноў кланяецца.
— Ваша дастойнасьць, — кажа ён, — добра, пасьля таго як апытаньне закончана, як абвінаваўцаў так і абвінавачаных, ці нельга, каб кожны з бакоў падсумаваў і выклаў casus? Наколькі я ведаю, вучоны superintendent быў за тое, каб гэта зрабіць; я толькі прашу дазволіць мне адказаць яму, пасьля таго, як ён закончыць.
— Мэйнгеер, — кажа шталер і запінаецца, шукаючы трапнай рэплікі, і ягоны позірк просіць дапамогі ў Айцэна.
А той толькі што нарэшце апамятаўся. Ён падымае рукі як прарок Сьвятога Пісаньня, калі той запрашае Бога ў сьведкі, і крычыць:
— Мэйнгеер сапраўды! Мэйнгеер Агасфэр! Гэты дзяцюк ня што іншае, як прайдзісьвет і ашуканец, рыначны блазан, які выдае сябе за Вечнага альбо Вандроўнага Жыда, і яшчэ горш за тое, злачынны дэзертыр з палка Пуфэндорфа, што на службе ў герцага. Хапайце яго! Вяжыце яго! І ягоную шлюху, каб не ўцякла! Шталеравыя паліцыянты — не зь лянівых, адразу кідаюцца на ілжэгаландца, і як што гэты адразу хапаецца за кароткую шпагу, высьвіствае яе з скураной похвы, і пачынаецца шум і гвалт перад спалоханымі вачыма гераў pastores, сыплюцца іскры, як гэта й бывае, але перад зграяй не ўстаіць самая высакародная дзічына, і вось ужо здаецца, гер Агасфэр, шмат разоў паранены, павінен быў бы ўпасьці на падлогу, калі паміж імі кідаецца Маргрыт, і меч самага дужага з банды, і ўдар, назначаны яму, дастаецца ёй. Айцэн бачыць кроў, якая цячэ па яе белай шыі, рыхтык як тады ў Вітэнбэргу чырвонае віно, і ў жудасьці засланяе твар.