Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Кроў ударыла ў патыліцу, зазвінела ў вушах. Моцна забалела галава. А сэрца… як адарвалася ад сасудаў і кідаецца ва ўсе бакі, балюча б’ецца аб сценкі грудной клеткі. Так нядоўга і да інфаркту. А другі трагічна канчаецца, ён добра гэта ведае, пражыў з урачом.

Ігар Арцёмавіч спалохаўся.

«Прэч, нячыстая сіла! Аксана! Аксана! Дзе ты? Хутчэй сюды! Уратуй мяне ад гэтага чалавека! Толькі ты, толькі ты можаш уратаваць».

Не, Аксану нельга клікаць! Аксана не павінна бачыць забойцу Стася!

Хацеў падняцца, але сілы не хапіла.

— Пастарэў ты. Няхай я… А ты дзетак

вучыў… спакойная работа.

— Што табе трэба ад мяне?

— Што мне трэба ад цябе? — Золатаў узяў каля стала крэсла, паставіў пасярод пакоя, сеў на яго трывала, яўна разлічваючы на доўгую гаворку.

— Што ты так няветліва? Адразу ў лоб. Так старых знаёмых не сустракаюць. Чаю прапанаваў бы. Спякотны дзень…

Не, ратунак ад гэтага чалавека адзін — моўчкі падняцца і выйсці ў сад, да Аксаны. Бліжэй да Аксаны! Даць зразумець, што гутарыць з ім не намераны і бачыць яго не жадае. Няхай ідзе прэч! Няхай згіне з вачэй!

Сабраў сілы, падняўся. Але Золатаў загарадзіў дарогу да дзвярэй. Раскінуў доўгія ногі. Глядзеў нахабна, здзекліва, з ухмылкай, задаволены, што ашаламіў сваім з’яўленнем. Напэўна, думаў: вы мяне пахавалі, а я… вось я, любуйся, камісар!

Ігар Арцёмавіч не адважыўся прайсці міма яго, усё роўна як баяўся зачапіцца за яго ногі. Адступіў у бок ад канапы, на якой сядзеў, да дзвярэй у спальню.

«А што гэта я баюся яго? Няхай ён баіцца! Ён павінен баяцца мяне! Забойца і здраднік! Кіну яму ў твар! Але спакойна, Ігар. Спакойна. Табе нельга хвалявацца. Тваё жыццё — у спакоі».

Глядзеў на выхадныя дзверы. Не хацеў, каб Аксана ўбачыла гэтага чалавека. I хацеў, каб яна ўвайшла, тут жа яна, побач, на гародзе. Толькі яна можа ўратаваць, неаднойчы ратавала.

— Дык што табе трэба?

— Не палохайся. Нямнога мне трэба. Тваё пацвярджэнне, што я быў у атрадзе. Я ваяваў… А потым прайшоў усе кругі пекла. Лагер нямецкі… Лагер савецкі…

Ігар Арцёмавіч адчуў, што яго павяло, калыхнуліся зялёныя кветкі на шпалерах, расплыліся. Ён абапёрся рукой аб касяк дзвярэй.

— Ты ваяваў? З кім?

— Як гэта — з кім? А-а, ты пра палон? А ты ведаеш, хто адаслаў мяне туды? Бандзюга з нямецкім прозвішчам. Ён спіхнуў мяне ў Каменцы з саней. Ударыў нагой. Гэта ты ведаеш?

— Гэта я ведаю. Аляксей Іванавіч сказаў…

— Сказаў? Тады ж?

— Ён не сумняваўся, што Шабовіча, — азірнуўся на дзверы — не пачула б Аксана! — ты застрэліў. Твой Іваноў пацвердзіў гэта. Больш таго — сказаў, што і Брагінскага ты… Завошта?

— I вы паверылі ўгалоўніку?

— Не было б пацвярджэння. Праз тры дні немцы блакіравалі лагер. Ты выдаў! Ты! Ты прывёў іх! — не вытрымаў, сарваўся на крык.

У галаве звінелі званы. Разумеў, што ціск падскочыў да неверагоднай лічбы, прасіў сам сябе:

«Супакойся, калі ласка. Прашу цябе. Скажы спакойна. Растапчы яго спакоем. Выкінь і забудзь».

— Але не такія мы дурні былі, як табе здавалася. На дапамогу паклікалі Дзядзюлю. Зрабілі лавушку фашыстам. Ты і твае новыя начальнікі не разлічвалі на такія сілы. Далі мы вам па мордзе. Палажылі… Колькі? Ты больш дакладна ведаеш. Канешне, і сваіх людзей страцілі. Адзінаццаць чалавек. Матрона загінула… Мяне раніла… Але

дзіўна… зараз мне дзіўна, што і пасля гэтага ты ацалеў. Не шлёпнулі цябе. Цэнны ж ты для фашыстаў чалавек быў! Што ты прадаў яшчэ? Як расстрэльваў у трыццаць сёмым? На табе ж кляйма няма дзе ставіць, так ты абліты крывёю. Лагер, кажаш? Нямецкі… пасля савецкі? А чаго ты хацеў — узнагарод? Цяпер прыйшоў за ўзнагародай?

Золатаў падняўся. Лысіна яго з ружовай стала сіняй. Грэбліва скрывіўся.

— Стукнуў бы я цябе, ды час не той…

— Стукні! Я апошні, каго ты можаш стукнуць! Цяпер я ведаю, хто пасадзіў Аляксея Іванавіча. Ты! Яго абвінавацілі ў сорак шостым у выдачы немцам атрада НКУС. Каго ён выдаў? Цябе? Ты і адтуль, з лагера, забіваў нашых. Мы пайшлі да Цанавы. Пяць камандзіраў… Дзядзюля павёў. Нарком выгнаў нас, пагразіў пасадзіць. «Вы ўсе выдавалі мае атрады». Яго атрады! Яны слаба рыхтаваліся. I такія камандзіры, як ты, пасылалі людзей на смерць.

«Навошта я кажу яму гэта? Ён па-ранейшаму нахабна ўсміхаецца. Але няхай ведае, няхай ведае… I не ходзіць за пацвярджэннямі. Але што гэта са мной? Я не бачу яго. Ён расплыўся… I ўсё плыве…»

Так, усё паплыло. Апошняя свядомая думка: вярнуцца на канапу. Абапіраючыся рукамі аб сцяну, ён дабраўся да канапы. Здолеў сесці асцярожна. Але тут жа праваліўся ў бездань. Галава адкінулася на спінку канапы. З горла вырвалася хрыплае бульканне.

Золатаў наблізіўся, надзеў акуляры, уважліва разгледзеў былога камісара, які нейкі час захапляўся ім, чэкістам, крыва пасміхнуўся, прысеў, выцер доўгія рукі аб парусінавыя штаны, калені пацёр і… нячутна ступаючы, выйшаў.

Праз нейкі момант у пакой ускочыла малая Стася, гукнула:

— Дзядзюля! — але тут жа пагразіла сабе пальчыкам. — Ш-ша, спіць. — Ды пачула дзіўны ненатуральны храп і спалохана кінулася на гарод.

— Бабулечка! Дзядуля памірае.

Аксана адразу, па сінюшнасці лба, шыі, вызначыла: інсульт. Дзейнічала без панікі, як урач. Пазваніла ў «Хуткую». Зрабіла ўкол.

Ігар Арцёмавіч на нейкі момант апрытомнеў. Але ў яго адняло мову, паралізавала левую палавіну цела.

Прыехалі ўрачы «Хуткай». Аказвалі першую дапамогу. А ён лавіў Аксаніну руку і паказваў на яе пярсцёнак. На гэта звярнулі ўвагу.

— Ён хоча нешта сказаць, што звязана з вашым пярсцёнкам, Аксана Паўлаўна.

— Ігарок, родны мой? Што? Што табе мой пярсцёнак? Не магу зразумець.

Тады сказала спалоханая Стаська, якая зашылася было ў куток за шафу і плакала там:

— Дзядулечку забіў фантамас.

— Які фантамас? — і тут жа перад вачамі паўстаў лысы, што выйшаў з аўтобуса і ад позірку якога ёй стала нядобра. — Пра каго ты кажаш, Стасюлік?

— З дому выйшаў лысы такі, страшны…

— Золатаў! — крыкнула Аксана Паўлаўна, здзівіўшы калег. — Золатаў! Яго забіў Золатаў!

Магчыма, Ігар Арцёмавіч пачуў жончыны словы, бо выпусціў яе рукі і заплюшчыў вочы.

Праз два дні ў абласной газеце з’явіўся некралог: «Раптоўна памёр персанальны пенсіянер…»

I маладыя нават не чыталі скупыя радкі біяграфіі партызанскага камісара. I нікога не цікавіла прычына яго смерці: усе старыя паміраюць раптоўна.

Поделиться с друзьями: