Ахвяры
Шрифт:
Аляксей Іванавіч панура маўчаў. Сурова маўчаў. Нават Золатаў не адважыўся аспрэчваць, калі камандзір загадаў атрадным цеслярам зрабіць дзве труны.
Брагінскага пахавалі ў цэнтры лагера каля камандзірскай зямлянкі. Самую доўгую і прачулую прамову сказаў Золатаў; развітваючыся, цалаваў нябожчыку лоб, рукі.
Грымеў салют.
Труна з целам Шабовіча доўга стаяла за ровам на прасецы на паваленых бярвеннях. Да яе — паказалі сляды — нават падыходзілі галодныя ваўкі; ды, відаць, блізкая страляніна спалохала іх. На пахаванні прысутнічалі Ігар, Баслычыха ды чацвёра партызан, што капалі магілу і апускалі ў яе труну. Камісара-атэіста да слёз расчуліла Матроніна малітва. Але паказаць байцам свае слёзы
«Нам з вамі трэба жыць, дарагі Аляксей Іванавіч. Для людзей…»
Зрабілі памінальны абед — па Брагінскім. Строгі камандзір, былы цвярозы ўпраўляючы спірттрэста, дырэктар завода, які з ашчаднасцю скупога гаспадара ахоўваў недатыкальны запас «гаручага» — для медыцынскіх патрэб, першы раз дазволіў партызанам выпіць.
Золатаў напіўся. Упершыню на людзях, не тоячыся. I зноў плакаў. Гэта ўражвае, калі плача мужчына. Яму спачувалі.
На другі дзень у яго балела галава, ён пахмяляўся. Пад вечар ужо, як бы ўспомніўшы, хоць у сапраўднасці гэта не выходзіла і з п’янай галавы (смерць Брагінскага перашкодзіла яму зрабіць гэта ў першы дзень, у адсутнасць камандзіра і камісара), Золатаў сказаў Ману:
— Дай фурманку, камандзір. Паеду забяру падпольшчыцу.
Аляксею Іванавічу што над вухам стрэлілі, ён не адразу паверыў пачутаму.
— Каго?
— Яго напарніцу.
— А вы ведаеце, дзе яна?
— Я ўсё ведаю.
— Дзе?
— Недалёка. Пад бокам у атрада. Работалі сінхронна. У Макрыцы. У Ганны Прыхач.
— У ка-го?
I сцяўся ўвесь — што спружына, каб не выдаць свайго здзіўлення.
Ганна Прыхач — яго сувязная. Яго. Асабіста. Не атрада. Пра гэта ведалі толькі Ігар і Матрона. Кухарка прыносіла ад Ганны звесткі пра дзейнасць акупацыйных улад у навакольных вёсках, пра паліцэйскіх, пра карныя часці. Сама Ганна ў атрад не прыходзіла. Але сынок яе, Міколка, высачыў неасцярожную Баслычыху і з’явіўся ў атрад: прыміце яго ў партызаны. Адаслалі назад пад аховай двух партызан. З’явіўся ў другі раз. Прыйшлося Аляксею Іванавічу самому адвозіць малога да маці. У сядле.
— Пра што задумаўся?
— Я сам паеду.
Золатаў абурана падхапіўся.
— Зноў не давяраеш? Зноў! Мне?!
— Я давяраю. Але я адказваю за тваё жыццё! Што мне скажа Цанава, калі я не ўпільную такога разведчыка?
— Не іранізуй.
— Я не іранізую. Якая можа быць іронія? Не да яе.
–
— Вось іменна — не да іроніі. Але не думаю, што ў такой аперацыі неабходна прысутнасць нас двух.
— Неабходна!
Спыніліся за гародамі ў хмызняку. Золатаў не разумеў, навошта такая асцярожнасць, ведаў, што ў гэтай невялічкай вёсачцы, двароў на дваццаць, ніводнага паліцэйскага няма. Але на гэты раз вырашыў ва ўсім падпарадкоўвацца Ману, бо той ведае тут кожную сцяжыну і людзей, іх псіхалогію. Ды і не тое здзівіла, дзе спыніліся, а тое, як пайшоў камандзір, з якой упэўненасцю, ведае, выходзіць, дзе хата гэтай Ганны.
Гаспадыні дома не было. Сустрэў іх у двары Міколка — калоў дровы. Здзівіўся і ўзрадаваўся. Але камандзір даў яму знак — прыклаў палец да вуснаў, — і хлзпец ні словам, ні рухам не выдаў сваё знаёмства з партызанамі.
Ман спытаў:
— Дзе твая госця?
Міколка адказаў не адразу.
— Аксана.
— У хаце.
Увайшлі ў хату. Хлопец вачамі паказаў на бакоўку. Ман заглянуў туды. Спалохаў жанчыну. Яна сядзела без кофтачкі, пэўна, ёй
нядаўна перавязалі плячо — закручана ў адбеленае палатно.— Адзявайся. Паедзем.
— Куды.
— Да Стася твайго, — сказаў Золатаў, заглядваючы праз плячо Мана.
Камандзіру здалося, што асабіст ударыў яго ў патыліцу — так зазвінела ў галаве.
«Здзекуецца, падлюга! Да Стася… Не, яе ты ке адашлеш…»
— Ой, дзядзечка, родненькі! — па-сялянску, па-дзявочаму выявіла Аксана сваю радасць.
— Хадзіць можаш?
— Ды я скакаць магу, калі да Стася. А трэба — на жываце папаўзу. Міколка! Памажы мне адзецца!
Але ў левы рукаў не надзела ні кофтачкі, ні паліто — балела яшчэ. Аднак па хаце хадзіла ледзьве не прыскокам.
— Міколачка, брацік мой, дай я цябе пацалую. Мамку пацалуй і Міцьку. Скажы: кланяюся я ёй нізка, у ногі кланяюся.
Міколка шмаргнуў носам. Ды калі Золатаў выйшаў першы з хаты, Аляксей Іванавіч абняў хлопца, падбадзёрыў:
— Не бядуй, партызан. Трымай хвост трубой.
— Патрымаеш тут, калі даюць па хвасце.
— Хто?
— Хто?! Матка.
— Хіба маміны плескачы ў залік? Радуйся ім, дзівак. Вырасцеш — дзякаваць будзеш.
Але ўсё роўна хлопец што медаль атрымаў, калі камандзір ад свайго імя падзякаваў яму і маме.
— Да саней не ідзі, не трэба, каб убачылі, як ты праводзіш нас. У людзей доўгія языкі.
Прыехалі на двух санях. На першых — ён, Ман, сам за фурмана, Золатаў, целаахоўнік яго Іваноў, на другіх — двое партызан. Цяпер, калі ў сані села Аксана, Іванову прыйшлося перасесці, хоць зрабіў ён гэта неахвотна.
Нікога не здзівіла, калі камандзір развярнуў фурманку ў другі бок. Ехалі сюды — ледзьве перабраліся цераз не замерзлую яшчэ рэчку, намачылі сена, на якім сядзелі, ледзьве не набралі вады ў халявы, стоячы ў санях.
Паркі лепшых коней ішлі ўгалоп, выбіваючы падковамі не толькі не спрасаваны яшчэ снег, але і мёрзлую зямлю, яна ляцела фурману ў твар.
Ман стаяў на каленях у перадку і лейцамі сцябаў па конях, бясконца нокаў. Аксана сядзела побач, трымаючыся за яго. Золатаў — у задку.
Праз колькі часу фурман задніх коней, мясцовы партызан, здзівіўся:
— Куды яго нясе! Куды яго нясе! У Каменку. Там жа гарнізон! Ашалеў камандзір! — і інстынктыўна прытармазіў.
Але, ашалеў… Кокі віхрам уляцелі на вуліцу вялікага сяла. Быў сіні адвячорак. Сонца села за лес. Дыміліся коміны. На вуліцы з перападамі ўзгоркаў і лагчын каталіся на санках дзеці. Кінуліся ў двары з крыкам: «Партызаны!»
Ускочылі на цэнтральны ўзгорак, дзе стаялі школа і будынак сельсавета.
Ціха.
Ман паваліў Аксану на калючае змёрзлае ўжо сена, выхапіў з кішэні пісталет і стрэліў у бок школы, прытармазіўшы трохі коней.
Выскачылі з будынка паліцаі, трое, з вінтоўкамі. Кулі ціўкнулі над санямі. Золатаў стаў на калені, павярнуўся тварам назад, выхапіў пісталет і стрэліў у далёкіх ужо паліцэйскіх. Стрэліў тройчы.
I раптам Ман таксама паваліўся побач з Аксанай, перакуліўся на спіну і… моцна ўдарыў ботам Золатаву ў спіну. Той перакуліўся цераз нізкі задок саней. Узнімаліся на новы круты ўзгорак, і Золатаў пакаціўся па слізкай дарозе ўніз, пісталет яго паляцеў убок.
Аксана закрычала з жахам і абурэннем.
— Што вы зрабілі? Вы спіхнулі чалавека? Вы спіхнулі чалавека! Спыніце коней!
Ман павярнуўся на бок, моцна абхапіў жанчыну рукой, прыціснуў да сена, забыўшыся на яе раненае плячо.
— Маўчы! Гэта не чалавек! Гэта не чалавек! Ён забіў твайго Стася.
Аксана на міг змоўкла, потым закрычала:
— Стася няма? — асэнсаваўшы самае страшнае для яе паведамленне, сама сабе ціха адказала: — Стася няма. Стасічак, ррдненькі… Я адчувала… я адчувала… пазаўчора. Я задрамала, і мне ўдарыла ў сэрца. Як балела маё сэрца! — яна роспачліва заплакала.