Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Савецкую.

— Слухай… якое табе прозвішча там далі? Шабовіч? Будзеш Шабовіч пакуль… Але давай дамовімся: не будзем прыкідвацца дурнямі, ні ты, ні я. Мы з табой сур’ёзныя людзі. Ты сур’ёзны разведчык, я сур’ёзны контрразведчык. Ты добра знаеш, пра якую школу пытаю. Гульня павінна ісці на роўных.

— Кончыў яшчэ Аршанскі медтэхнікум. Можна праверыць. Недалёка.

— Ты здольны яшчэ здзекавацца з мяне? Недалё-ё-ка! Тваім начальнікам недалёка. Мне пакуль што далёка. Трапіў бы ты мне да вайны — праверыў бы я не толькі Оршу. Добра, дапусцім, я веру, што ты фельчар Шабовіч. Чаму ж ты не ў Чырвонай Арміі? А?

— Мы

эвакуіравалі хворых. Адаслалі эшалон, а самі не паспелі. Хто ведаў, што немцы так хутка будуць у Мінску.

— Тысячы людзей пехатой пайшлі. Я да Магілёва ішоў. А ты, значыцца, не паспеў. Дык калі цябе завербавалі? Магу паверыць, што не да вайны. У якую школу накіравалі? У Варшаўскую? У Барысаўскую?

— Клянуся вам: я падпольшчык. Не верыце — звяжыцеся з атрадам Дзядзюлі. Ён ведае Аксану… я ж казаў… Яна хадзіла туды. Адтуль мы з’ездзім па Аксану.

— Адтуль? Вунь як! Не, мы з’ездзім адгэтуль… Адгэтуль! Вось карандаш… напішы. Сачыненне на вольную тэму. Не трэба расказаў, хто куды ішоў, у каго страляў — гэта мы запомнілі. Прозвішчы падпольшчыкаў, адрасы. Назвы вёсак. Дзе Аксана твая засталася. Адкуль дзед з канём… Усёк?

Не падумаў Золатаў, што зноў насцярожыў арыштаванага, які было трохі расслабіўся, — патрабаваннем адрасоў падпольшчыкаў, якіх ён назваў. Навошта яму адрасы? Безумоўна, усе яго сябры, хто застаўся на волі, памянялі свае кватэры за гэтыя дні, але ўсё роўна ён не мае права называць старыя адрасы; гэта першы запавет іх клятвы.

— Я хачу пагаварыць з камісарам.

— А па шыі ты яшчэ не хочаш?

Шабовіч прыгнуўся.

— Я тут камісар. Над усімі камісарамі камісар.

«Аднак арэшак. Нічога, раскусвалі не такія. Трашчалі, толькі шкарлупкі ляцелі».

Прыгадаў выпадак чатырохгадовай даўнасці. Доўга біўся з адным пісьменнікам. Упарты быў, усё адмаўляў, усе абвінавачванні. А даў яму паперу: пішы. Напісаў. Сачыніў, што збіраліся яны на кватэры Пятра Глебкі і дамаўляліся, як забіць Варашылава, калі той прыедзе на манеўры. Яўна спадзяваўся, што начальства следчага, яго, Золатава начальства, палічыць гэта абсурдам і зверне ўвагу на метады следства. Наіўны чалавек! Сам падпісаў сабе смяротны прыгавор. За нацдэмаўскую дзейнасць мог бы атрымаць тэрмін, за тэрарыстычную — мера адна, вышэйшая.

Паглядзім, што гэты напіша. Некаторыя на паперы, застаўшыся адзін на адзін, раскрываюцца глыбей, чым на любым допыце. Трэба толькі ўмець чытаць такія паказанні, нават калі ў іх абсалютная лухта ці такое: «Пайшоў ты, яжоўскі пёс!..» Было і такое. Няхай нешта падобнае прачытае Ман, можа, прасвятлеюць яго мазгі. «Народнічак! Паліцэйскіх шкадаваў. За паліцэйскіх у цябе спытаюць, Аляксей Іванавіч. Пасля. А будзеш перашкаджаць мне выбіваць ісціну з гэтага правакатара — радыёстанцыя ў маіх руках».

Золатава абурыла папярэджанне Мана, каб да падпольшчыка — ніякіх фізічных уздзеянняў. Аляксею Іванавічу сказала Баслычыха, што хлопец звяў, і выказала сваё меркаванне: «Ён б’е яго».

У Золатава свярбела рука, калі ён хадзіў вакол падследнага, колькі разоў прымяраў новы ўдар. Але стрымаўся, мусіў лічыцца з загадам камандзіра.

8

У Мана быў свой план высвятлення асобы падпольшчыка. Атрымаўшы падтрымку камісара, ён за вячэрай выказаў гэты план у звыклай манеры — пра важныя справы паведамляць як бы між іншым.

— Заўтра павязём

падпольшчыка да Цімоха. Ён мае сувязь з Мінскам. Хлопец кажа, што жонка яго — сувязная атрада. Дзядзюлі прасцей устанавіць, хто ён.

Золатаў што з ланцуга сарваўся. Падскочыў, пасінеў ажно, закрычаў, чаго не дазваляў сабе раней:

— Ты што — не давяраеш мне? Вопытнаму чэкісту? Я даўно заўважаю! — і сурова пагразіў пальцам. — Распусцілі соплі. Хутка цалавацца з немцамі будзеце. Партызаны, такую вашу!.. Думаеце, на вас няма савецкай улады? Думаеце, калі схаваліся ў лясах, дык органы да вас не дабяруцца?

Хто-хто, а Ман так не думаў, добра ведаў магутнасць і ўсюдыіснасць органаў. Больш таго, не вельмі верыў Золатаву, што група яго выкінута з мэтай пранікнення ў Мінск, лічыў, што ў НКУС — глабальная задача: ва ўсе атрады заслаць сваіх людзей. Інакш работы органаў бяспекі ў ваенны час не ўяўляў.

Таму Аляксей Іванавіч не ўжыў сваю камандзірскую ўладу і не асадзіў асабіста.

У сварку з ім палез Ігар:

— Што вы нас палохаеце? Брыдка слухаць!

— Можа, табе брыдка ад маёй прысутнасці? Атаманчыкамі хочаце быць? Махноўцамі?

— Якраз у вас махноўскія замашкі — ні з кім не лічыцца. Усім камандаваць хочаце. Забываецеся, што партызаны не армія — народны рух.

— Даеш анархію, значыцца? Раскрываешся, камісар! Хоць куды больш! Я даўно раскусіў цябе, малакасоса, што няспелы арэх. Гаўнюк ты, а не камісар! Размазня! Падпявала!

— Таварышы, таварышы, ну з-за чаго вы завяліся? — прасіў міратворца Брагінскі. — Байцы пачуюць — сорамка будзе.

Ман памаўчаў, паназіраў за начальнікам асобага аддзела, як карак у таго наліваўся сінюшнай чырванню. Адчуў, што і ў яго звініць у вушах. Спалохаўся злосці сваёй, бо ведаў, што ў такім стане нястрыманыя людзі хапаюцца за пісталеты. Страшным здалося гэтае жаданне — падняць зброю на свайго. Урэшце, чорт з ім, які ён чалавек, важна, што ён свой, калі ў гэтым няма сумнення, то даваць волю гневу нельга, бо яна можа перарасці ў нянавісцк. А ненавідзець ёсць каго — акупантаў, здраднікаў.

Ман спакойна спыніў сварку.

— Не гарачыся, Ігарок. Ды і вы, Якаў Міхайлавіч… З-за чаго сыр-бор? Паедзем самі. З табой, Ігар. Параімся з Цімохам. У яго светлая галава. Калі ён ведае гэтага хлопца, калі праўда Аксана яго сувязная, — сам прыедзе па іх. Сваіх людзей не пакіне.

— Каровам хвасты ўмее круціць ваш Дзядзюля, а не разведку весці, тым болыы контрразведку. Прымітыў сялянскі!

Ігар зноў кінуўся ў бой — у абарону праслаўленага камандзіра. Але Ман суняў яго з бацышўскай строгасцю:

— Май павагу да старэйшых! Не навучыла цябе камсамольская школа!

Золатаў верыў толькі аднаму чалавеку — свайму намесніку па спецгрупе лейтэнанту Іванову, з якім разам працаваў некалькі гадоў. Ператварыў яго ў свайго целаахоўніка, нікуды не адпускаў, не даваў небяспечных заданняў, а самае небяспечнае з іх — паход у Мінск. Трое не вярнуліся. Заставаўся адзін, каго ён мог паслаць, — малаадукаваны і маланавучаны міліцыянер Стралінскі, вучыў яго, але не верыў, што ён здольны выканаць такое адказнае заданне — прынесці дадзеныя аб становішчы ў горадзе. А ў апошняй радыёграме Цэнтр зноў напамінаў, што звестак такіх ад сваёй групы чакае сам Цанава. Зноў прасіў людзей для Мінска ў Мана, але той і слухаць не захацеў: на верную смерць ён людзей не пасылае.

Поделиться с друзьями: