Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ахвяры

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Супакоеная Аксана Паўлаўна засмяялася.

— Цалую цябе, сын.

— Цалую, мама.

Можна ісці дадому. Не, не пайшла. Пастаяла, падумала і скіравалася на магістральную шашу. Пакуль стаяла там, зноў успомніла многа і зноў адчула нейкую неасэнсаваную трывогу. Дакарала сябе: гэта ўжо нервы, недаверлівасць. А ў жыцці яна магла лёгка расплакацца, але недаверлівай ніколі не была. Такім робіцца Ігар, употай лічыць пульс, колькі разоў бачыла, і гэта яе трывожыць. Ігар усе тры з палавінай дзесяткі гадоў, як яны разам, ніколі не думаў пра сваё здароўе, хоць двойчы ранены. Няўважлівасцю гэта не назавеш, проста моц жыцця, тая сіла, калі чалавеку здаецца, што ён бессмяротны.

Каля

яе затармазіў чырвоны, што велікоднае яйка, «жыгулёнак». За рулём сапраўды каралева, жанчына з моднай прычоскай, нафарбаваная. Ды Аксана Паўлаўна ведала гэтую красуню — намеснік дарэктара запаведніка, доктар навук.

З задняга сядзення, па-старэчы крэкчучы, вылазіў Ігар Арцёмавіч з паўнюткім партфелем і такім жа поўным цэлафанавым мяшком.

— Дзякую вам, што падвезлі майго пенсіянера.

— Я падвязу вас дадому.

— Не, не, дзякую, мы пройдзем, — запярэчыў Кіпень. — У мяне ногі ацяклі, трэба размяць.

— Усяго добрага вам. Прыязджайце ў запаведнік.

— Прыедзем па ягады.

«Жыгулі» весела фыркнулі.

— Зноў стаяла, — папракнуў Ігар Арцёмавіч жонку.

— Аднаго больш не пушчу.

— Хе, прыгразіла. Весялей будзе з табой.

— I нагрузіўся, як мяшочнік.

— Дык у нас жа гэтага не купіш. Людзі спецыяльна ў сталіцу едуць. На аўтобуснай станцыі — не прабіцца. Натоўпы моладзі.

— I ты зноў пасаромеўся выкарыстаць сваё пасведчанне?

— Інваліда? Пасаромеўся.

Яны паспрачаліся, каму што несці. Аксана Паўлаўна паважыла, што цяжэй, і забрала ад мужа партфель.

— У цябе няправільная метода лячэння пасляінфарктніка. Мне трэба трэніравацца.

— Натрэніраваўся за дзень. Уяўляю.

— Знаеш, у чым бяда? Я не пасаромеўся. Я пабаяўся. Гэта мяне апошні чао проста гняце, Аксюта. Для мяне гэта ганебна. Я вучыў іх, выхоўваў. I я цяпер баюся іх, сваіх вучняў. Можаш уявіць? Даўно яшчэ, гадоў дзесяць назад, убачыў, калі вось такі малады, інтэлігентны, як наш Стась, узяў старога за каўнер і вывеў з чаргі. Тады я абурыўся, умяшаўся, але хутка забыўся — я ўмеў дараваць маладым іх грахі. А цяпер, калі трэба сунуцца з пасведчаннем, уяўляю сябе на месцы старога — і ў мяне ўзнімаецца ціск. Каб, крый бог, такое здарылася — гэта была б надзвычайная стрэсавая сітуацыя. А я баюся яе. Не за здароўе сваё баюся. За яго, за таго маладога, якога я вучыў. Здаецца, што адбылося б крушэнне ўсіх маіх ідэалаў, веры ў тое, што я трыццаць гадоў сеяў добрае, вечнае… А ўяўляеш, чаго варта адна думка, што ты пражыў дарэмна. Жах!

— Нельга абагульняць гэтак. Сам казаў: будзь гатова, што ў любы дзень ты можаш сутыкнуцца не толькі з дурнем, нахабнікам… які можа вывесці старога з чаргі… але і з больш подлым прадстаўніком рода чалавечага.

— Сказаў я за сваё жыццё многа высокіх і правільных слоў. Можа, ад таго я цяпер і бездапаможны, што жыў ідэалістам.

— Ды не, Ігар, не. Не прыніжай сябе. Які ты ідэаліст? Ты жыў змагаром. I цяпер… Як ты з’ездзіў?

— За білетам лезці з пасведчаннем я пабаяўся таму, што перад гэтым мне такі стварылі стрэсавую сітуацыю. У абкоме. Вучань мой. Такі прыемны з выгляду. Ветлівы. Ружовенькі. I слухаў уважліва. Нарэшце, думаю, знайшоўся чалавек, які разумее… I раптам ён кажа: «А хіба не ўсё роўна яму цяпер, адновяць яго ў партыі ці не адновяць». Аляксея Іванавіча! Як ударыла! Кроў у патыліцу. I я спалохаўся, Аксюта, я спалохаўся. Гэта ганебна: у такі момант думаць пра сябе.

Аксана Паўлаўна спынілася, паставіла партфель на зямлю.

— Адпачні.

Яна ўявіла, што перажыў муж, і спалохалася за тую сітуацыю, якая шчасліва мінула.

— Ганебна знаеш што? Што я не здолеў нават абурыцца. Не, я сказаў яму: мне не ўсё роўна… нам, сябрам

яго, вучням… і сям’і яго. I да яго такі дайшло. Ён павёў мяне да старшыні парткамісіі. Новы. Немалады. Можа, і вайны захапіў. Зацікавіўся, здаецца, па-сапраўднаму. Здзівіўся і абурыўся: дваццаць гадоў як чалавек рэабілітаваны, а ў партыі не аднаўляюць. Чаму? Сапраўды, чаму? Ніхто не ўзяў на сябе адказнасці. Во ў чым наша няшчасце. Павёў мяне старшыня да першага. Во дзе я яшчэ раз паверыў у партызанскае наша брацтва. Іван Яўцеевіч сам партызаніў. Адвёў я з ім душу. Весяльчак. Гумарыст. Расказваў, як яго Фёдараў… той, славуты… хацеў расстраляць. Прадстаўніка ЦК камсамола…

Ігар Арцёмавіч асекся: мімаволі падвёў да трагедыі Шабовіча. Спахапіўся.

— Пайшлі. Прагаладаўся я. Чым будзеш карміць?

Аксана Паўлаўна падняла цяжкі партфель.

— Твой ласунак. Каша грачнёвая.

— Няўжо з салам?

— З салам.

— Дзе ты крупы дастаеш? Я забыўся, калі бачыў грэчку на прылаўках.

— А я хабар бяру ад аднаго хворага толькі грэчкай, больш нічым, — засмяялася доктарка. — Ад старшыні райспажыўсаюза. Павел Іванавіч, грэчка будзе — гарантую сто гадоў жыцця. I што з Аляксеем Іванавічам?

— Выносяць на наступнае бюро. Памёр Ман камуністам — і будзе жыць камуністам. Хораша сказаў сакратар. Камуністамі мы паміралі і ў блакадным лесе, і на фронце, і ў Варкуце… Камуністамі павінны застацца…

У двары дома, драўлянага, угледжанага, іх сустрэла шасцігадовая ўнучка Стася. Хітрая лісічка. Кінулася на шыю.

— Дзядзюлечка прыехаў!

Выдумка дзядзькі Стася. Навучыў некалі свайго сына называць дзеда не дзядуля, а дзядзюля; камандзір брыгады Цімох Дзядзюля ў тыя гады быў частым госцем у іх доме. I Дзядзюля пасля смяяўся: «Быў адзін Дзядзюля, сталі два. А ты кажаш — радзее наша брыгада».

Малая атрымала новую ляльку і машыну, пабегла хваліцца падарункамі.

— Даканаеце вы мяне цацкамі. Усюды цацкі: у доме, у двары, на градах. Нашэсце нейкае.

— Няхай цешацца дзеці, у нас з табой не было.

— Пацехі ім на адну гадзіну, а пасля валяецца…

За абедам Ігар Арцёмавіч сказаў:

— Ксюта, паедзем у выходны на магілу Стася, даўно не былі.

Колькі разоў за іх доўгае сумеснае жыццё сказаў ён гэтыя словы, і кожны раз яны расчульвалі Аксану гэтак жа, як і тады, калі сказаў іх упершыню яшчэ ў партызанах, пасля блакады. «Аксана, з’ездзім на магілу Стася». Яна тады ледзьве не задыхнулася пад абвалам пачуццяў, вельмі складаных. Яны не былі яшчэ мужам і жонкай. Ман не адпусціў іх адных, даў для суправаджэння дзесятак лепшых коннікаў.

Памаўчаўшы, Аксана Паўлаўна паклала сваю руку на мужаву:

— Дзякую табе, Ігарок.

— Ну, што ты, — збянтэжыўся ён, так бянтэжыўся кожны раз.

Прыбраўшы са стала, сказала з гаспадарчай буднічнасцю:

— Ты адпачні, а я прапалю цыбулю. Дружная вясна ў гэтым годзе.

Ігар Арцёмавіч сеў на канапу, па-дзіцячаму падкурчыўшы босыя ногі, уключыў «Спідолу» і пад ціхую музыку непрыкметна заснуў.

Прачнуўся ад адчування, што на яго нехта глядзіць, чужы. Расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой лысага чалавека з маршчыністым тварам, але дзябёлага яшчэ ў паставе.

Заходзіла сонца. Біла ў вокны. I лысіна ў незнаёмага была ненатуральна ружовая.

Нейкі нядобры халадок штурхнуў у сэрца. Але ён папракнуў сябе:

«Што гэта ты, людзей пачаў баяцца?»

Спусціў ногі, пашукаў тапкі на падлозе, не адразу намацаў іх.

— Здароў, камісар, — фамільярна гукнуў незнаёмы.

— Добры дзень… вечар… але, ужо вечар, я заснуў…

— Пастарэў і ты. Не пазнаеш?

— Не пазнаю.

— Золатаў. Помніш?

«Золатаў!!! Сню я? Адкуль? З таго свету?»

Поделиться с друзьями: