Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Альпійская балада

Быкаў Васіль

Шрифт:

— О, нон… нон… Нет! Я тепло, — зыркнула яна на хлопца ажывелымі вачыма і ўскінула насустрач руку: вецер дробненька матляў яе каротка пастрыжаныя валасы.

Іван, нічога не кажучы, агарнуў адзежынай худыя, вострыя плечы; дзяўчына нехаця захінулася і адразу зябка сцялася, увабрала ў плечы голаў. Ён прысеў над пачатаю буханачкай хлеба — мабыць, можна было крыху з’есці.

— Ільпанэ… Хляб! — зразумеўшы ягоны намер, з галоднай нястрыманасцю сказала яна.

Ён спярша агледзеў буханачку, прыкінуў на руцэ, нібы вызначаючы вагу і тую найменшую норму, якую яны могуць дазволіць сабе ў гэты раз, і ўздыхнуў: дужа ўжо яна была малая. Джулія апусцілася на дол і хуценька пасунулася да яго. Баючыся пакрышыць

буханку, Іван не стаў адломваць ад яе, а, азірнуўшыся, падабраў ззаду востры абломак каменя і пачаў ашчадна адразаць пайку. Захутаўшыся ў скуранку, дзяўчына з нейкай замілаванасцю ў вачах пакорна сачыла за рухамі яго грубых пальцаў — як ён рэзаў і як пасля дзяліў адрэзанае надвая, адломваў кавалачак ад аднае палавіны і клаў на другую, яшчэ раз аглядваў.

— Добра?

— Сі, сі. Добро.

Зноў нібы не стала ні холаду, ні стомы. Джулія заззяла вачыма, з нецярплівасцю чакаючы, калі будзе дазволена з’есці гэтую мізэрную пайку. Але Іван з зайздроснаю вытрымкай яшчэ раз падраўняў кавалкі і тады толькі кінуў дзяўчыне:

— Ану, адвярніся.

Яна зразумела, не вымаючы з-пад скуранкі рук, хуценька павярнулася, і ён дакрануўся пальцам да кавалка з дабаўкай.

— Каму?

— Руссо! — з рашучай гатоўнасцю сказала яна і крутнулася да яго і хлеба.

Іван моўчкі і беражна ўзяў тоненькую лустачку, крыху жывей ухапіла другую яна.

— Гра… Спасібо, руссо.

— Няма за што, — сказаў Іван.

— Руссо! — таропка жуючы і хутаючыся ў скуранку, аклікнула Джулія. — Как імеется твой імя? Іван, да?

— Іван, — трошкі здзівіўшыся, пацвердзіў ён.

Яна заўважыла яго недаўменне і, адкінуўшы голаў, засмяялася:

— Іван! Джулія угодаль! Как ето угодаль?

— Няцяжка ўгадаць.

— Все, все руссо Іван? Правда?

— Ну, не ўсе. Але шмат. Многа.

Яна неяк адразу абарвала сваю хвілінную весялосць, стомлена ўздыхнула, зябка захінулася ў скуранку і крадком ад яго паглядзела на буханачку ў доле. Ён, расцягваючы асалоду, марудна даядаў свой кавалак.

Заўважыўшы яе вельмі красамоўны позірк, узяў буханачку, каб пакласці яе за пазуху, але не паспеў гэта зрабіць, як Джулія раптам войкнула і застыла на месцы. Адчуўшы нядобрае, ён ускінуў на яе позірк — на твары дзяўчыны быў спалох, шырока раскрытыя вочы няўцямна глядзелі па-над яго плячом. Іван павярнуўся з хлебам у руцэ і адразу ўбачыў тое, што напалохала яе.

Воддаль ад іх і ніжэй, у разагнанай сярод туману прагаліне, абапёршыся на расстаўленыя рукі, сядзеў на скале страшны, у падзёртай куртцы гефтлінг. Голы, без валасоў, яго чэрап тырчаў на тонкай шыі з шырокага каўняра паласатае курткі, на якой чарнеў нумар і вінкель, цёмныя вачніцы-праваліны ўтрапёна ўставіліся на іх. Пэўна, ён убачыў у іхніх руках хлеб, здрыгануўся і, прыскокваючы на месцы, пачаў хрыпла выкрыкваць:

— Брот! Брот! Брот!

Потым абарваў крык, зябка скалануўся і ўжо зусім чалавечым, поўным адчаю голасам патрабаваў:

— Гіп брот!

— Ге, захацеў чаго, — саркастычна ўсміхнуўся Іван, гледзячы на яго.

А гефтлінг некалькі секунд памарудзіў і з нечаканаю злосцю залямантаваў:

— Гіп брот! Гіп брот! Іх бешайнэ гестапо! Гіп брот!.. [29]

— Ах, гестапа! — Іван узняўся на ногі. — Ану, марш адсюль! Ну, жыва!

Ён пагрозліва памкнуўся было да вар’ята і толькі ступіў некалькі крокаў, як той скочыў са скалы і адбег далей уніз.

— Гіп брот — нікс гестапо. Нікс брот — гестапо! [30]

29

Дай хлеб! Дай хлеб! Я данясу ў гестапа! Дай

хлеб!.. (ням.)

30

Дай хлеб — не буду гестапа. Не дасі хлеб — гестапа! (ням.)

— Ах ты, сабака! — закрычаў скрозь вецер Іван.

Яго ахапіла злосць, хлопец памкнуўся быў дагнаць гэтага шантажыста, але той засцярожліва адбег яшчэ далей. Згледзеўшы, што Іван спыніўся, ён таксама стаў.

— Гіп брот!..

Іван засунуў руку за пазуху — немец застыў, чакаючы, але хлопец выхапіў пісталет і хруснуў курком.

— Пістоле! — са страхам крыкнуў вар’ят і кінуўся назад.

Іван прыкусіў вусны, ззаду да яго падскочыла Джулія.

— Дать он хляб! Дать хляб! — спалохана загаманіла яна.

Вар’ят тым часам адбег, прыпыніўся і, азіраючыся, хутка пасігаў уніз.

— Іван, дать хляб! Дать хляб! Нон гестапо! — боязна патрабавала дзяўчына.

«Гад прадажны, — думаў хлопец, злосна гледзячы на хісткую постаць вар’ята. — З ім жарты нядоўгія — наробіць крыку і выдасць немцам. Што зробіш з дурным? I забіць шкада, і адчапіцца няма як. Прыйдуць з сабакамі, патрапяць на след — лічы, усё прапала».

— Эй! — крыкнуў хлопец вар’яту— На брот!

Той, затрымаўшыся за скалу, спыніўся, азірнуўся, здалося, нават падумаў, і неўзабаве праз вецер данёсся ягоны голас:

— Нікс… Ду шіссен! Іх бешайнэ гестапо!.. [31]

I зноў падаўся ўніз.

— Ідзі ты к д’яблу! Нікс шыссен! На вось… На!

Іван сапраўды адламаў ад буханачкі кавалак і падняў яго ў руцэ, каб вар’ят убачыў. Джулія, стоячы побач, скаланалася ад холаду і занепакоена пазірала на гефтлінга. А той пастаяў крыху, потым апусціўся на выступ скалы. Да іх ён падыходзіць баяўся.

— Ах так, сабака! — закрычаў Іван, страціўшы цярпенне. — Ну і чорт з табой! Ідзі ў гестапа! Ідзі!!!

31

Не… Ты будзеш страляць! Я данясу гестапа!.. (ням.)

— Іван, нон гестапо! Нон, Іван! — затармашыла яго за рукаў Джулія. — Дать нэмножко хляб! Нон гестапо…

— Чорта з два яму хлеб. Хай ідзе.

— Он плёхой гефтлінг. Он кранк. Он гестапо…

Хлопец не адказаў, паклаў за пазуху палову буханачкі, пісталет і пайшоў да ранейшага месца ўгору. Джулія моўчкі ішла побач. Ён адчуваў, што так абыходзіцца з гэтым вар’ятам было небяспечна, але цяпер ён ужо не мог саступіць яму — злосная зацятасць аказалася мацнейшаю за асцярогу. Джулія ўсё азіралася, аднак на іх наляцела імгла, і апроч шэрага нагрувашчання скал навокал нічога не стала відаць — на ўсёй далечыні ўнізе і па баках імчаў, клубіўся, ірваўся золкі імклівы туман. Невядома было, ці гефтлінг сядзеў там, ці, можа, сапраўды вярнуўся назад. Заўважыўшы на твары дзяўчыны трывожны клопат, Іван зазначыў:

— Нікуды ён не пойдзе. Брэша ўсё.

Ён супакойваў яе, але да самога спакой не прыходзіў. Чорт ведае ад каго толькі залежыць жыццё чалавека? Дзе ж гэта справядлівасць? Вар’ят, а вось выжыў, прарваўся ў горы, выкруціўся з аблавы, уцёк з-пад куль… А колькі самых найлепшых хлопцаў палегла ў лагеры?

Сапраўды ўспомніш пра справядлівасць, на якую такая скупая стала зямля.

Яны ўжо выправіліся былі ў шлях, у абход вялізнага слаістага выступа, як Іван азірнуўся і палез у прарэху курткі. Джулія таксама паглядзела назад, але вар’ята нідзе не было. I ўсё ж Іван дастаў кавалак, вярнуўся і, пашукаўшы здатную мясціну, паклаў яго на камень, дзе яны нядаўна сядзелі.

Поделиться с друзьями: