Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Альпійская балада

Быкаў Васіль

Шрифт:

I ён спыняецца, раптам забыўшыся на хлопцаў і на ўсё на свеце, ён рады, шчаслівы, збянтэжаны сустрэчай з ёю, першы раз убачанай, але быццам здаўна вядомай яму, бо яна — гэта тая, што ўсю маладосць жыла ў неўсвядомленых яго марах. Захліпнуўшыся радасцю ад гэтай сустрэчы, ён кідаецца да плота, да яе, але тут жа, зірнуўшы на сябе, спахопліваецца — ён жа толькі што з работы, з поля, ад трактара, на ім старыя, залапленыя на каленях штаны і аблезлая на плячах кашуля. Збянтэжаны, ён спыняецца, хмурнее, яна таксама зганяе радасную ўсмешку на сваім незвычайна сонечным твары, меркне яркая белізна яе плацця, і паступова яна знікае, бы здань.

Тады ён кідаецца да плота, хапаецца за жардзіны, вырывае аблытаныя лазою калы, але перад ім паяўляецца яго маці. Паклаўшы на тую верхнюю

жэрдку рукі, яна ціха стаіць па той бок у бульбоўніку, уся ў цёмным сялянскім убранні, і журботна кажа яму: «Фашыстоўка яна. На хлопцаў тваіх немцам даказала…»

«Дзе яна? Дзе яна?» — хоча закрычаць ён, але не можа гэта зрабіць, бо на яго шыі вяроўка — чорны шаўковы шнурок, на якім заўжды пад барабанны бой вешалі ў лагеры. Яна заціскаецца, нацягваецца, і другі канец яе, як почапка, валачэцца за недадушанай ім у раўку аўчаркай. Аўчарка жывая і дужая, яна моцна тузае, ён падае, хоча закрычаць, але голас у яго прападае, і тады ад нейкага ўнутранага штуршка ён прачынаецца.

6

— Ха-ха-ха!.. — раздаецца над імі звонкі бесклапотны смех.

Іван паднімае голаў, мацае шыю, шырока расплюшчвае заспаныя вочы і першае, што бачыць перад сабой, — гэта яркі, глыбокі блакіт пагоднага ранку і побач — дзівоснае белазубае ззянне дзявочай усмешкі.

— Баста шляўфен [8] . Марш-марш надо, — кажа дзяўчына.

Зараз жа цела яго, нібы электрычным токам, пранізала сутарга ад холаду, ён памаўчаў, трудна пераключаючыся ў рэальны клапотны свет, ваўкавата паўзіраўся насустрач стрыманай яе весялосці. А яна, абапершыся на руку, сядзела збоч і кусала сцяблінку, якой, відаць, перад тым паказытала і разбудзіла яго. Ад учарашняе яе апатычнасці і знямогі, здавалася, не засталося і следу.

8

Хопіць спаць. (іт., ням.)

— Марш, кажаш? Ну паглядзім.

— Глядій, глядій, — згадзілася яна, усё з хітрынкай у вачах узіраючыся ў яго твар.

А ён, яшчэ раз скалануўшыся ад холаду, ускочыў, шалёна замахаў у паветры рукамі, пачаў выкідваць у бакі ногі і прысядаць — выпрабаваны салдацкі спосаб сагрэцца. Яна, відаць было, спачатку здзівілася, высока над вачыма ўскінула свае шырокія дугі-бровы, пасля раптам засмяялася, коратка, але так гучна, што ён аж спалохаўся.

— Ціш ты!

Яна спахапілася, азірнулася, заціснула далоняй рот, у вачах яе, аднак, ужо скакалі неўтаймаваныя гарэзныя чарцяняты. Ён строга, з папрокам паглядзеў на яе, затым услухаўся, адчуваючы, як задубелае цела патроху налівалася цяплом і стомай, а яна яшчэ бяскрыўдна прыцішана хахатнула:

— То гімнастік?

— Ну, гімнастыка. А што, лепш мерзнуць?

Іван быў заклапочаны і наогул не ахвочы да гаворкі; яна, відаць, зразумела гэта, пасур’ёзнела, зябка цепнула вузенькімі худымі плечукамі пад макраватаю яшчэ курткай, каротка ўздыхнула і заклапочана зірнула на яго.

Ён тым часам па старым вайсковым звычаі агледзеўся і зразумеў, што сапраўды занадта доўга праспаў. Ужо даўно развіднела, сонца з-за гор яшчэ не паказалася, але бясхмарнае неба ўгары, здавалася, аж звінела яркасцю ранішняга блакіту. На ўсю сваю каляровую моц ззяў той, асветлены, бок цясніны — шэрыя схілы, сасонкі, шырокія крутыя восыпі і высачэзныя вяршыні ўгары. Гэты ж бок скал цьмяна драмаў, яшчэ не пазбыўшыся ночы.

— Горы карашо! — убачыўшы, што ён узіраецца ў наваколле, сказала яна. — Как ето?.. Эстэтіко!

Ляснуўшы калодкамі, яна ўскочыла з каменя, на якім сядзела, і таксама выбегла з-пад скалы, аглядаючы сонечнае буйства святла на тым баку шырокай расселіны. Ён, аднак, не падзяляў гэтага яе наіўнага захаплення. Як амаль заўсёды ў палоне, разам з абуджэннем яго нутро, грудзі, кожную частачку цела агарнула пакутнае адчуванне пустаты — звычайны, знаёмы да драбніц прыступ голаду. Есці,

аднак, не было чаго. Дзе ў гэтых праклятых гарах здабыць ежы, ён не ведаў, у той жа час вельмі выразна адчуваючы, што, галодныя, яны недалёка пройдуць. Пастаяўшы так, ён праглынуў сліну і, безуважна да таго, што займала яе, запытаў:

— Ты куды пойдзеш?

Яна, не разумеючы, павяла брывамі.

— Марш-марш куды? — здавалася, пачынаючы раздражняцца, паўтарыў ён пытанне і махнуў у розных напрамках рукой: — Туды ці туды? Куды бегла?

— О, Остфронт! Рус фронт бежаль.

Ён здзіўлена паглядзеў на яе.

— Сі, сі [9] , — пацвердзіла яна, бачачы яго здзіўленне і нават недавер. — Сіньоріна карашо тэдэскі [10] пуф-пуф.

Іван, нахмурыўшыся, паўглядаўся ў гэты зіхатлівы, бы жывое срэбра, рухавы, занадта, на яго думку, прыгожы твар: ці не жартуе яна? Але яна, відаць, не жартавала — выказала свой намер і цяпер, чакаючы яго меркавання, вялізнымі бяздоннымі вачыма глядзела на хлопца.

9

Так, так. (іт.)

10

Немцаў. (іт.)

— Глупства балбочаш, — сказаў ён, захінаючыся поламі курткі.

— Вас! Что ест больбочіш? Руссо учіт сіньоріну рускі шпрэхен?

— Паглядзім.

— Глядзіім ест карошо. Согласіе, сі? — жартоўна дапытвалася яна.

Але ён не адказаў на гэта, ён зноў зябка скалануўся, адчуўшы на спіне халаднаватую вільготнасць курткі, зірнуў на недарэчныя кругі-мішэні на грудзях — сапраўды трэба было яшчэ паклапаціцца і пра вопратку, у гэтым паласатым убранні не дужа разыдзешся. I ён, падчапіўшы пальцамі шво, з трэскам ададраў з курткі вінкель і нумар. Яна па ягоным прыкладзе зараз жа ўзялася здзіраць свае. Але пазногці яе тонкіх пальцаў былі вельмі далікатныя, а ніткі нямецкае прышыўкі занадта моцныя, каб лёгка паддацца. Тады яна ступіла да яго і, трошкі, па-дзіцячы адтапырыўшы ніжнюю таўставатую губу, варухнула плячом.

— Дай.

— Не «дай», а «на», — сказаў ён і марудліва павярнуўся да яе.

Вострыя настырчаныя бугаркі пад яе волглаю курткай, аднак, прымусілі яго нахмурыцца і сцяць вусны. Яна, тут жа заўважыўшы гэта, згрэбла на грудзях складку і адцягнула яе ад цела. Пасля кароткага вагання ён узяў ражок вінкеля і дужа рвануў. Каб не пакідаць следу, скамечыў усё разам і сунуў у шчыліну пад камень.

— Граціе, спасібо.

— Ты дзе рускай мове вучылася? — запытаў ён.

— Італія. Рома учіль. Лягер руска сіньоріна Маруся учіль. Карашо руска шпрэхен я?

— Харашо, — неахвотна згадзіўся ён.

— Понімаль очен лючше карашо, — здавалася яму, жартоўна ад таго, што яе вочы заўжды смяяліся, пахвалілася яна.

Ён, аднак, думаў пра іншае.

— У Трыест пойдзем. Ведаеш, дзе Трыест?

— О, Тріесте! Італія, — жыва азвалася яна.

— Ведаю, што Італія. А дзе ён, у якім баку? У тым ці ў тым?

Яна зірнула ў адзін бок, у другі і ўпэўнена махнула рукой туды, адкуль узнімалася над гарамі яшчэ нябачнае сонца.

— Туда дорога Тріесте.

«Дарога!» — нявесела падумаў ён. Нішто сабе была дарога — цераз горны масіў Альпаў праз цясніны і рэкі, а галоўнае — праз густа населеныя даліны і ажыўленыя аўтастрады — не блізкі свет гэты партызанскі Трыест, пра які ён нямала начуўся ў лагеры. Але выбар у іх быў небагаты, і калі пашчаслівіла ўжо вырвацца з пекла, дык недарэчна было б цяпер даць павесіць сябе пад барабанны бой на чорнай удаўцы.

Таму трэба ісці, лезці, бегчы! Не раскісаць, сабраць у сабе ўсе сілы, увесь спрыт, усе здольнасці, перайсці галоўны хрыбет, знайсці партызан — югаслаўскіх, італьянскіх — толькі б стаць у строй, узяць зброю. У тым цяпер была яго мара, высокая справядлівасць ягонага лёсу і ўзнагарода за ўсе пакуты і ганьбу, якія перажыў ён за год палону.

Поделиться с друзьями: