Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Альпійская балада

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Дай сюды…

Срэбнікаў здзіўлена лыпнуў самотнымі вачыма, падатна разняў пальцы на ручцы. Цярэшка пераставіў кувалду і раптам закамандаваў насцярожаным, крышку збянтэжаным ад гэтае замінкі голасам:

— Ну, чаго сталі? Бярэм! Чаго чакаць?

Суровы Галадай, нервовы Жук, заклапочаны Янушка з кароткім недаўменнем зірнулі на яго і, унутрана ажывеўшы, падступілі да бомбы.

— Узялі! Жук, вяроўку! Лагі давайце! Куды лагі падзелі? — з ненатуральнаю гаманлівасцю распараджаўся Цярэшка і ў пошуках загадзя прыпасеных палак выглянуў з ямы.

Хлопцы, мусіць, згледзелі, як здрыгануўся ягоны позірк, і адразу абмерлі побач, а Цярэшка, прадчуваючы бяду, паволі выпрастаўся на ўвесь рост і знерухомеў.

Зводдаль ад ямы ў пыльным патоку касых праменняў стаяў камандафюрэр Зандлер. Ён пільна глядзеў сюды, іх позіркі сустрэліся, і Зандлер кіўнуў галавой:

— Ком!

Цярэшка ціха сам сабе вылаяўся, адставіў пад сцяну

кувалду і хуценька (марудзіць у такім разе было небяспечна) па адхоне вылез на раскіданую вакол ямы зямлю. Ззаду насцярожана прыціхлі, стаіліся хлопцы.

У пыльным, пустым з гэтага канца цэху (баючыся неўзарванае бомбы, немцы перш-наперш павывалаквалі адсюль станкі) было душна, скрозь з пабітага даху струменілі на дол пыльныя промні паўдзённага сонца. У другім разбураным канцы гэтага вялізнага, як ангар, збудавання, дзе разбірала завалле каманда жанчын з сектара «С», снавалі, варушыліся дзесяткі людзей з ламаччам, насілкамі, па насланых на доле дошках ганялі гружаныя друзам тачкі.

Зандлер стаяў на праходзе, збоч ад вялізнага лапіка святла на бетоннай падлозе, і, заклаўшы назад рукі, чакаў. Цярэшка хуценька збег з кучы зямлі, драўляныя калодкі яго гучна праляскалі і сціхлі — хмурачы шырокія бровы, ён спыніўся за пяць крокаў ад Зандлера, якраз на асветленым месцы падлогі. Эсэсавец, вынесшы з-за спіны адну руку, тузануў пальцамі шырокі казырок фуражкі.

— Ві іст міт дэр бомбэ? [5]

— Скора. Бальд, глейх [6] , — ваўкавата адказаў Іван.

— Шнэлер гінаустраген! [7]

Зандлер падазрона зірнуў у бок ямы, з якой тырчалі насцярожаныя галовы хлопцаў, пасля выпрабавальна — на Івана; той стаяў, па-салдацку падабраўшыся целам, гатовы да ўсяго: мішэні на куртцы вымушалі яго чакаць рознага. Вачыма ж ён пільна ўглядаўся ў зыгалены, прыемна загарэлы твар немца, мабыць, ненамнога старэйшага, чым ён, поўнага ўсведамлення ўлады і арыйскае годнасці. I ў той жа час бакавым насцярожаным позіркам хлопец пільнаваў кожны рух ягоных пагрозлівых рук. Воддаль, на другой палавіне цэха, дзве жанчыны ў паласатым убранні паставілі на дол насілкі і, мабыць, зацікаўленыя, пужліва чакалі, што будзе далей. Але немец, слізгануўшы позіркам па Іванавай падабрана-настырчанай постаці, якая знешне выражала гатоўнасць да дзеяння, відаць, зразумеў гэта па-свойму і не выказаў падазронасці. Не маючы якой іншай патрэбы да гэтага флюшункта, ён ступіў да яго свежазапыленым ботам.

5

Ну, як там бомба? (ням.)

6

Хутка. (ням.)

7

Хутчэй выносьце! (ням.)

— Чісто! — недарэчна зблытаўшы націск, кіўнуў ён на бот.

Іван, вядома, зразумеў, чаго ад яго хацелі (гэта было тут не ўпершыню), але на хвіліну трохі разгубіўся ад нечаканасці і якую секунду прамарудзіў. Аднак Зандлер чакаў з пагрозлівай скамянеласцю на сківістым твары, доўга марудзіць не выпадала, і хлопец апусціўся ля яго ног. Гэта было зняважліва, абразліва, у душы ён з усяе сілы зацяў, быццам каленам прыдушыў, непакорлівы, такі недарэчны тут гнеў.

Нізка сагнуўшыся, ён чысціў напятымі рукавамі свае паласатае курткі. Боты былі новыя, хромавыя, відаць, акуратна наваксаваныя ўранку, і хутка галоўка першага стала горача адбіваць сонца. Неўзабаве ён і ўвесь заблішчаў, толькі ў ранце яшчэ засталася рэшта пылу ды на самым наску ніяк не адціралася свежая драпіна. Камандафюрэр тым часам, пстрыкнуўшы запальнічкай, прыкурыў, схаваў у кішэнь партсігар, на Івана дыхнула пахам цыгарэты — гэта пакутна раздражніла абанянне. Пасля ён, здаецца, атрос попел — на стрыжаную хлопцаву галаву пасыпаліся іскры, нейкая недагарэлая парушынка балюча апякла шыю. Гнеўная сіла ахапіла Іванава напятае адчуванне, і хлопец ледзьве стрымліваў сябе, гэтак закарцела ўскочыць, ударыць, збіць з ног, растаптаць гэтага паганца. Але ён чысціў, змагаючыся з сабою і стараючыся як найхутчэй адвязацца ад немца. Толькі той, аднак, не спяшаўся, трымаў выстаўлены бот да таго часу, пакуль ён не заблішчаў увесь ад наска да калена, потым адставіў нагу назад, каб падаць другую.

Іван трохі выпрастаўся і ў кароценькі момант тае перадышкі ўпершыню зірнуў паўз ягоныя боты туды, дзе стаялі, назіраючы за імі, некалькі жанчын-гефтлінгаў. Зірнуў ён дужа ўжо бегла, амаль без ніякай увагі, але раптам штосьці прымусіла яго схамянуцца. Тады ён паглядзеў уважлівей, стараючыся зразумець, у

чым справа, і зразумеў. Толькі зараз жа адчуў, што лепш бы праваліцца яму ў зямлю, чымся спаткацца з такою знішчальнай пагардай у такіх вялізных вачах. Чамусьці ён не паспеў заўважыць нічога іншага — ён не даўмеўся нават, быў гэта малады ці, можа, стары твар — той позірк нясцерпным дакорам пляснуў у яго душу. Між тым да ягоных калень саўгануўся другі запылены бот з белаю вапеннай плямаю на халяве. Іван прамарудзіў, немец нецярпліва буркнуў і наском ткнуў яму ў грудзі. I тады ў Іване нешта з таго, што яшчэ дазваляла кантраляваць сябе, зрушылася, пальцы яго выпусцілі рукавы і ўпіліся кіпцюрамі ў далоні. Адным імпэтным рыўком ён ускочыў на ногі, падхоплены гнеўнай сілай, якой да нестрыванага цяжару наліліся кулакі, і ашалела садануў немцу ў сківіцу. Гэта здарылася так нечакана і так хутка, што ён аж здзівіўся, убачыўшы, як матлянуўся перад ім белы кадыкасты падбародак Зандлера, як зляцела з ягонай галавы фуражка і эсэсман тупа пляснуўся на бетонны дол цэха.

Усё яшчэ не да канца адчуўшы жах гэтага выпадку, Іван з кулакамі, угнуўшы галаву і шырока расставіўшы ногі, стаяў перад немцам. Ён чакаў, што Зандлер зараз жа ўскочыць і кінецца на яго. У гэты час аднекуль здалёк данесліся ўзрушаныя воклічы, толькі ён не цяміў ужо, асуджалі яны ці папярэджвалі. Але эсэсман не кідаўся, ён нетаропка, быццам адольваючы боль, павярнуўся на бок, сеў, марудліва падняў з долу фуражку, строс з яе пыл. Здаецца, ён не спяшаўся ўставаць, сядзеў, шырока расставіўшы ногі, у адным бліскучым і другім нячышчаным боце, прыгладзіў рукой валасы, акуратна надзеў фуражку. Затым падняў на ашалелага і відавочна збянтэжанага флюгпункта цяжкі, пагрозлівы позірк і рашуча тузануў на баку скураны язычок кабуры.

У Іванавай галаве маланкаю мільганула думка, што ўсё прапала, але адчуць прыкрасць таго ён не паспеў — побач клацнуў затвор пісталета — немец з нечаканым імпэтам ускочыў на ногі. Гэта ўраз выбіла Івана з паўхвіліннага аслупянення, і, каб недарма памерці, ён рынуўся галавою на ворага.

Аднак ударыць ён не паспеў: побач грымотна рванула, кінула яго ўбок, аглушыла; зямля здрыганулася, падскочыла і зваліла яго ў чорную прорву бездані. Немца і ўсё навокал накрыла воблакам рудога пылу.

Праз секунду ён адчуў сябе на падлозе, вакол яшчэ нешта рушылася, сыпалася, нешта дымна-смярдзюча сквірчэла, запякло ў спіну, чамусь са спазненнем побач упала і на кавалкі разляцелася цагліна.

Адчуўшы сябе жывым, Іван пругка крутануўся на доле, азірнуўся — побач на бетоннай падлозе шкрэбаў знаёмы, з драпінай на носе, бот, у патоках пылу тузалася, спрабуючы кудысь адпаўзці, постаць ворага. Іван выхапіў з-пад бока цяжкі зломак бетону і з маху выцяў немца ў спіну. Зандлер трапятнуўся, енкнуў, матлянуў у паветры рукой. Гэта нагадала Івану пра пісталет. Ён на каленях сігануў цераз немца, вырваў з яго аслабелых пальцаў браўнінг і з шалёным стукам у грудзях кінуўся ў рудое вірлівае воблака пылу, якое ўжо ахінула цэх.

5

Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у камяністай, зарослай крывулястым сасняком цясніне, якая, патроху вузеючы, адхонна падымалася ўгору.

Не так увішна, як раней, Іван лез па замшэлых камянях, зрэдку спыняючыся, каб пачакаць дзяўчыну, што з апошніх сіл упарта плялася за ім. Ён думаў, што лепей было б вылезці з гэтай змрочнай расселіны; там, недзе наверсе, мусіць, было раўней і радзейшы быў змрок, які тут цёмным туманам пачаў напаўняць правалле. Але хлопец ужо не мог набрацца рашучасці, бо сілы яго таксама канчаліся. Зноў жа вельмі хацелася як найдалей адысціся ад горада, як найлепей выкарыстаць гэты дажджлівы вечар, які так дарэчы выдарыўся ім і надзейна схаваў ад аўчарак іх дзве пары слядоў. I ён патроху ўсё далей і вышэй прабіраўся ў горы, бо толькі там, у Альпах, быў які-ніякі паратунак — унізе ж, скрозь на дарогах, у далінах, іх чакала пагібель.

Праклятыя горы! Ён быў удзячны ім за іх недаступнасць для нямецкіх ахоўнікаў з сабакамі, матацыкламі і заставамі, але ён пачаў ужо і ненавідзець іх за тое, што яны так бязлітасна адбіралі сілы і маглі ўшчэнт замардаваць чалавека. Гэта зусім не тое, што ў час яго папярэдніх уцёкаў з Сілезіі. Як там зручна было ўначы тупаць па роўнядзі, па палях і па сенажацях: зоркі ў светлаватым небе паказвалі шлях на радзіму. Пракрадваючыся ў нямецкія вёскі і фальваркі баўэраў, яны здабывалі што-кольвечы з ежы — гародніну і малако з бітонаў, нарыхтаваных ля веснічак для ранішняе адпраўкі ў горад. Увесь доўгі, надзіва пакутны ад бяздейнасці дзень яны, па чарзе вартуючы сябе, сядзелі, зашыўшыся дзе-небудзь у збажыне або хмызняку. Праўда, небяспекі хапала і там. Цэлы месяц прабіралася невялічкая група іх, абадраных, няголеных, страшных, да мяжы роднай зямлі. Невядома, як іншым, а яму дужа не пашанцавала тады: вырваўшыся ад немцаў, ён трапіў у рукі яшчэ горшых вылюдкаў, з выгляду зусім сваіх.

Поделиться с друзьями: