Альпійская балада
Шрифт:
— Воцу дзі пістоле! Гер гефтлінг!.. Гер гефтлінг! — лапатаў аўстрыец. — Эсэс! [15]
Іван ураз сцяўся, ён зразумеў, але з усяе сілы не хацеў паверыць, што зноў бяда. Праклятая мурашка разгульвала ўжо між лапатак, толькі хлопец не паварушыўся, каб страхнуць яе, — суровым, зацятым позіркам ён упіраўся ў аўстрыйца.
— Эсэс! Дорт эсэс! Штрэйфе! [16] — даводзіў чалавек. Ён быў усхваляваны, пот цурком ліўся па яго немаладым ужо, азызлым твары, у грудзях, нібы гармонік, дыхавічна рыпела і свістала на ўсе лады.
15
Не трэба пісталет! Пан зняволены!.. Пан зняволены! Эсэс! (ням.)
16
Эсэс!
Іван азірнуўся і прыкусіў вусны.
— Дзе эсэс?
— Дорт! Дорт! Іх мехтэ інен гут махен [17] , — махаў рукой аўстрыяк, трымаючыся другой за лямку мяшка.
— Ду найн люген? [18]
— О, найн, найн! Іх бін гутэр мэнш! [19] — горача гаманіў ён і, перамяніўшы тон, няскладна вымавіў па-руску: — Я біль плен Сібір.
У ягоных устрывожаных старэчых вачах мільганула штось цёплае, і Іван зразумеў: ён не ашукваў. Трэба было спяшацца, іх маглі згледзець тут, але з гэтым чалавекам знікала апошняя надзея на харч.
17
Там! Там! Я хачу вам дабра. (ням.)
18
Ты не хлусіш? (ням.)
19
О, не, не! Я сумленны чалавек! (ням.)
— Ду вэр? Варум гір? [20] — сурова запытаў хлопец і за рукаў скуранкі бесцырымонна тузануў аўстрыйца са сцежкі.
— Іх бін вальдгютэр. Дорт іст майн форстэй [21] .
Іван зірнуў угору, куды паказваў чалавек, але ніякага дома не ўбачыў, затое згледзеў, як з гушчару выскачыла Джулія, — відаць, яна чула іхнюю размову, і настойліва загаманіла:
— Руссо! Руссо! Бежаль! Руссо…
Безуважны да яе крыку, Іван яшчэ раз тузануў аўстрыяка за плячо і рвануў з яго рук мяшок.
20
Хто ты? Чаму тут? (ням.)
21
Я ляснік. Там мой дом. (ням.)
— Эссен? [22]
— О, я, я, — пагадзіўся той. — Брот [23] .
Аўстрыец, напэўна, усё зразумеў, азірнуўся, таропка апусціўся на калені і дрыготкімі пальцамі расшмаргнуў прошву свайго мяшка. Іван адною рукой сунуўся туды, сярод нейкіх рэчаў адразу адчуў шархоткую скарынку хлеба і вырваў з мяшка невялічкую, счарсцвелую ўжо буханачку. Аўстрыяк не пратэставаў, толькі неяк страціў нядаўнюю жвавасць, і на кароценькі момант у хлопцавым сумленні варухнуўся дакор. Але ён тут жа суровасцю прыдушыў яго, сігануўшы пад сасонкі, незнарок кінуў погляд угору, дзе высіліся шэрыя снегавыя вяршыні, і азірнуўся. Аўстрыяк завязваў рэчмяшок, пальцы яго чамусьці не маглі саўладаць з прошвай-маланкай. Тады Іван шпурнуў Джуліі хлеб, а сам зноў падскочыў да чалавека.
22
Ежа? (ням.)
23
О, так, так. Хлеб. (ням.)
— Знімай!
Ён забыўся, як па-нямецку назваць скуранку. Аўстрыяк не зразумеў яго, і хлопец выразна тузануў яго за рукаў. Толькі аўстрыяк не спяшаўся аддаць адзежыну — на старэчым твары слізганула збянтэжанасць.
Іван крыкнуў:
— Шнэллер! — і тузануў настойлівей.
— Шнэллер! Шнэллер, руссо! — сцішана, але дужа настойліва гукала з сасонніку Джулія, і аўстрыяк з самотаю, якая раптам напоўніла ўсю яго расслабленую істоту, зняў з сябе скуранку.
Іван амаль вырваў яе з рук чалавека і ў апошні раз зірнуў яму ў вочы. Хлопец зразумеў — гэта была чорная няўдзячнасць, рабаўніцтва, гэтым ён у выпадку няўдачы ставіў пад шыбеніцу і яго, але інакш было нельга.
Ён пабег у сасоннік, дзе мільганула паласатая постаць Джуліі, і, ужо адбегшы, азірнуўся — аўстрыяк усё стаяў на ранейшым месцы, у падцяжках зверху шэрае світкі, і, апусціўшы рукі, глядзеў ім услед.
8
Паспець
далёка адбегчы, аднак, было ўжо не так лёгка.Ужо цераз якую чвэрць гадзіны абое яны дыхавічна раскрылі раты, змакрэлі ад поту, крокі іх сталі кароценькія і зусім знямоглыя. Сасоннік тым часам скончыўся. Яны выбеглі на травяністы пахілы ўзгорак; тут, пэўна, праходзіла верхняя мяжа лясоў, і далей высіліся адны рудавата-запляснелыя скалы, глыбы камення, ды ўдалечыні, у самым небе, млеў шэры, як крыло курапаткі, прысыпаны снегам хрыбет. Пад’ём стаў яшчэ болей круты, наперадзе ж паўстала голая скальная сцяна, падбягаючы да якой Іван зразумеў, што ўзлезці наверх тут не ўдасца. Тады ён збочыў і пабег па-над гэтай гіганцкай загародкай, шукаючы якой здатнай для сховы мясціны. Ён дужа сумняваўся наконт аўстрыяка, ад якога цяпер можна было чакаць рознага. «Толькі б не сабакі, толькі б не сабакі…» — думаў хлопец, выразней за ўсё на свеце разумеючы, што калі немцы пойдуць па іхнім следзе з сабакамі, то ім ужо не ўцячы.
Бегучы так па адхоне, ён усё пазіраў уніз — там як на далоні відаць стаў увесь гэты лясісты адхон: змрочная цясніна, дзе яны прабылі ноч, сасоннік, збоч якога тулілася, пэўна, леснікова сядзіба — дом з высокім каменным франтонам і галерэямі ўздоўж сцен. Ён усё чакаў убачыць там матацыкл і немцаў, але, відаць, тыя спазняліся, і ля сядзібы было глуха і пуста. Не відаць было і лесніка. Пэўна, змораны і збянтэжаны, ён яшчэ не падняўся знізу. У гэтыя некалькі кароценькіх і напружаных хвілін хлопец страшным унутраным праклёнам памянуў тых, праз каго ён мусіў рабіць такое. Ці ён які рабаўнік, ці злыдзень, навошта б спыняць яму гэтага мірнага таўстуна, настаўляць на яго пісталет, тым болей рабаваць, калі б не фашызм, не вайна, не палон з тысячамі пакут і зняваг, якія прычынілі нацысты. Яны вымусілі яго і на гэты рабунак, і таму ён яшчэ болей ненавідзеў іх.
Тым часам, мінаючы вялізныя камяні на травяністым доле, яны ўзбеглі на ўзлобак і ўбачылі непадалёк у сцяне вузкую, як шчыліна, расселіну, якая вяла некуды ў нетры гэтай камяністай грамады. Іван аж узрадаваўся, падумаўшы, што там, магчыма, будзе ручаіна, якая дасць заблытаць ад сабак сляды. Ды і самім, адчуваў ён, трэба куды-небудзь хавацца, бо з кожнай секундаю ззаду маглі з’явіцца немцы. Хлопец з апошніх аслабелых сіл прыпусціў па траве, за ім пакутна, але цярпліва трываючы стому і страх, бегла Джулія.
Абадраўшы ў калючых зарасніках рададэндрану ногі, яны неўзабаве прадраліся ў расселіну, але ручая, на жаль, у ёй не аказалася. Тут панаваў сыры, душны змрок. З крутых камяністых сцен тапырыўся калючы кустарнік, у шчылінах і між камянёў раслі хамлакі жорсткай травы, валяліся старыя косці; спалоханая людзьмі, з фыркатам кінулася ў глыб шчыліны нейкая начная птаха. Вельмі няўтульнай здалася ім гэтая расселіна, але тое, што яны ўсё ж паспелі дабегчы да яе і схавацца, крышачку супакоіла Івана. Хлопец прыпыніў бег, узлез на пахілую абамшэлую каменную пліту і прычакаў Джулію. Для раўнавагі перабіраючы ў паветры адною рукой, дзяўчына па камянях ішла да яго. Кароткія яе чорныя валасы зблыталіся, твар гарэў ад стомы і ажыўлення, але ў вачах, калі яна зірнула на Івана, замест звычайнае яе гуллівасці цяпер свіціліся збянтэжанасць, стома і ўнутраны боль.
— Парка візерэ! [24] Мі ўходіль, да? — пыталася Джулія.
Ён нецярпліва кінуў:
— Каб жа ўцяклі! Давай хутчэй!
— Что ест хютчей? — не зразумела дзяўчына.
Іван не адказаў. Цяжка дыхаючы, Джулія далезла да яго, і яны разам рушылі па камянях далей.
— Многа карашо фатэр! Комуністо фатэр, — радасна сказала яна.
— Які там камуніст! — з прыкрасцю кінуў Іван. — Чалавек проста.
— Сі, сі, человек. Бэне [25] человек, — згадзілася дзяўчына, лезучы трохі вышэй ад яго.
24
Тут у сэнсе: «Чорт вазьмі!» (іт.)
25
Добры. (іт.)
Ён услухоўваўся ў гукі, што скупа даляталі знізу, але позірк яго міжвольна не мог адарвацца ад заціснутай у яе пад пахай буханачкі. Джулія неяк інстынктыўна адчула гэты яго позірк і азірнулася.
— Эссэн! Хляб, да?
Яна хуценька адламала ад буханачкі краёк скарынкі і падала яму. Хлопец, не вагаючыся, узяў і з прагнасцю праглынуў. Трэба было бегчы, уцякаць, ззаду вось-вось маглі з’явіцца немцы, але ён ужо не мог адарваць свае ўвагі ад хлеба. I Джулія зразумела ягоную маўклівую нерухомасць, прыпынілася, прысела, прыціснуўшы буханку да грудзей, хуткімі пальцамі адламала болыпы кавалак і ўслужліва сунула ў яго вялікія парэпаныя далоні. Крошкі, што нацерушыліся на палу курткі, яна ашчадна зграбла ў жменю і высыпала сабе ў рот.