Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

— У дзяцінстве і маладосці катэгарычна не падабалася. Нешта было ў ім чужыннае маёй сутве, нешта залішне інтэлігенцкае, рафінаванае. Таму я больш любіў свае мянушкі: «Віч», «Вал». Асабліва апошнюю — была ў ёй нейкая моц, дынаміз, энергетыка, якімі я і насамрэч поўніўся тады, хаця і не думаў пра гэта. Але з гадамі я наблізіўся да свайго імя (ці наадварот). Магчыма яно было дадзена мне навыраст.

Максім Жбанкоў: Дзень святога Валянціна параўнаўча новае для нас свята. Як вы ставіцеся да яго?

— Я ў захапленні ад яго. Мяркую, што менавіта такога свята нам заўсёды не хапала. Рэч у тым, што ўсе святы савецкай эпохі (дарэчы, як

і рэлігійныя святы) — былі агульнымі і, калі заўгодна, абавязковымі для ўсіх. Амаль немагчыма было ўхіліцца ад святкавання, скажам, дня Касатрычніцкай рэвалюцыі, 8 Сакавіка, 1 і 9 Мая… А дзень усіх заканых максімальна персаналізаваны, у агульным дыскурсе свята ты святкуеш яго толькі з тым, каго любіш…

Дарэчы, заўважым, літаральна за некалькі год раней нікому невядомае свята зрабілася адным з самых масавых. І гэта пры тым, што дзяржава яго не падтрымлівае, паколькі яно не тоесніцца з паноўнай ідэалогіяй. Больш за тое, яно актыўна ганьбуецца савецка-праваслаўнай часткай грамадства, як экспансія Захаду! Што з іхняга боку выглядае цалкам натуральна, паколькі дзень святога Валянціна гамуе саборнасць ды калектывізм і сакралізуе індывідуальнага чалавека ў ягонай персанальнай радасці.

І яшчэ. Для мяне масавае захапленне гэтым святам беларусаў больш пераканаўча за хоць якія сацыялагічныя апытанні сведчыць аб нашай, глыбока ўтоенай, еўрапейскасці.

Вольга Караткевіч: Ці адрозніваецца асабіста для вас дзень святога Валянціна ад іншых дзён?

— Апошнія гады кожны дзень святога Валянціна пачынаецца для мяне аднолькава: з далёкага мястэчка Свіслач тэлефануе маці і віншуе мяне з днём закаханых. Ёй ужо за восемдзесят, але калі яна мяне віншуе, дык голас яе маладзее, робіцца проста такі дзявочым — мне гэта так прыемна. Яна цешыцца з таго, што калісьці гэтак удала выбрала мне імя, а я цешуся з яе радасці. Дарэчы, вось што цікава: мая маці праваслаўная верніца і не абы-якая, а зацятая, але яе цалкам абыходзіць, што гэтае свята мае каталіцкае паходжанне і прыйшло да нас зусім не з таго боку, куды яна хіліцца і куды кладзе свае паклоны.

Максім Жбанкоў: Ёсць даволі абгрунтаванае меркаванне, што каханне — гэта зусім не радасць, а хутчэй эмацыйная катастрофа.

— Каханне — заўсёды трагедыя, бо з яго няма выйсця ў аптымістычную перспектыву. Аднак нідзе болей чалавек не адчувае такой паўнаты быцця, як у каханні. І таму нават той, хто наперад уяўляе ўвесь цяжар быцця, што абрынецца на яго праз каханне, чакае яго.

Вольга Караткевіч: Ці цяжка вам было прызнавацца ў каханні? І што трэба рабіць, каб утрымаць каханую жанчыну?

— Цяжка — не тое слова. У пару свайго першага захаплення дзяўчынай я зрабіў прызнанне адно праз пяць год пасля таго, як шал жарсці апанаваў мною. Значна пазней я неяк задумаўся: чаму нам так цяжка прызнавацца ў гэтым, лепшым з чалавечых пачуццяў? Мяркую, рэч тут вось у чым: хоць кахаем мы сэрцам, але спадыспаду ў каханні заўсёды актыўна ўдзельнічае наш «ніз». Таму сказаць жанчыне: «Я цябе кахаю» — гэта адначасна сказаць другім сэнсам: «Я цябе хачу». І вось цераз прысутнасць гэтага другога сэнсу нам так складана вымавіць першы…

А як утрымаць жанчыну? Якія б ні былі моцныя рукі ў мужчыны, яны ніколі не ўтрымаюць жанчыну, прынамсі — доўга. Каб звяз двух трымаўся ўсё жыццё, і быў прыдуманы інстытут сям’і.

Не каханнем, а толькі сям’ёй мужчына трымае жанчыну каля сябе, зрэшты — і наадварот таксама.

Алесь Козік: Чаму вы так і не сталі сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў? Гэта байкот творчай

арганізацыі ці ў саюз вас не запрашаюць?

— Адзіны рэальны сэнс існавання гэтай арганізацыі ў тым, што яе сяброў хаваюць за дзяржаўны кошт. Але паколькі «мяне няма» і з гэтага хаваць няма каго, дык што мне там рабіць?

«Дзеяслоў»: Чым бачыцца вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго вы лічыце сваім літаратурным «хросным бацькам»?

— Літаратурная творчасць для мяне — гэта патрэба. Натуральная патрэба. Якая, калі заўгодна, мала чым розніцца ад фізіялагічнай патрэбы. Гэта тое ж самае вывяржэнне шлакаў — толькі вярбальных, якія назапашваюцца ў арганізме ад спажывання жыцця.

Але непасрэдна да «пісьменніцкай дзейнасці» мяне падштурхнула не гэтая «фізіялагічная патрэба», а кнігі. Добра памятаю, што як толькі навучыўся чытаць, дык адразу захацелася пісаць кнігі самому. Дзеля гэтага я скраў у старэйшага сябра «аўтаручку», бо малечай не мог сабе нават уявіць, што кнігі можна пісаць школьнай асадкай, раз-пораз макаючы пёрка ў атрамант.

Мой «творчы дэбют» адбыўся ў шматтыражнай газеце «Трактар». Гэта быў шэраг вандроўных нарысаў, дзе я распавядаў пра спартовую вандроўку вышэйшай катэгорыі складанасці па Саянскім хрыбце, якую мы зладзілі нашай заводскай турысцкай групай (тады я працаваў токарам на Мінскім маторным заводзе). Вельмі ганарыўся (употайкі), што ўсе мае нарысы кожны раз аб’яўляліся лепшым матэрыялам чарговага нумара газеты.

Што да літаратурнага «хроснага бацькі» — дык яго ў мяне не было. Разам з тым, будзе цалкам справядліва, калі я вылучу на гэтую ролю Міхася Стральцова, з якім мяне пазнаёміў Леанід Дранько-Майсюк. Уласна, мой літаратурны лёс тут на Беларусі быў запачаткаваны ўвагай Міхася Стральцова да маёй пісаніны. На вялізны жаль, нашае «сяброўства» было жахліва кароткім. І калі Стральцоў памёр, я адразу зразумеў, што ён быў мне блізкі і патрэбны, як бацька, і не хросны, а як родны бацька.

«Дзеяслоў»: У чым адметнасць вашага творчага працэсу? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх «тэхнічных прыладаў» вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон? Ці выкарыстоўваеце вы «творчыя стымулятары»: кава, цыгарэты, віно, музыка? Што для вас натхненне і ці чакаеце вы яго, каб пачаць пісаць?

— У маладосці я працаваў «з паперай» толькі ноччу. Гэтак атрымалася само сабой. Але пазней я шукаў і вынаходзіў розныя тлумачэнні на карысць «савінага» ладу жыцця. Да прыкладу, я лічыў, што ноччу чалавек больш завершаны сабой, чым раніцай, бо тады ў ім сабраная напоўніцу ўся энергія і падзейнасць прамінулага дня. Да таго ж ноч адсланяе чалавека ад усяго астатняга свету і пакідае яго сам-насам. А творчасць — гэта перадусім адзінота…

Цяпер, і ўжо досыць даўно, я працую (творча) толькі у першай палове дня. Можа таму, што ў сталым узросце пражыты дзень не столькі дадае энергіі, колькі адымае яе і да ночы чалавек падыходзіць добра спустошаным.

Пішу я толькі «самапіскай» і выключна чорным атрамантам.

Кожны дзень у мяне пачынаецца з цыгарэтаў і кавы незалежна ад таго, займаюся я творчай працай ці не. Таму кава і цыгарэты для мяне хутчэй норма, чым «стымулятар». Разам з тым яны бясспрэчна выконваюць і пэўную стымуляцыйную функцыю.

Дарэчы, я ніколі не пішу, узяўшы чарку. Калісьці спрабаваў занатоўваць свае алкагольныя трызненні, але досыць хутка зразумеў: нічога з тых маіх як бы «знаходак» ніякім чынам не тарнуецца з тым, што я раблю на ясны розум.

Поделиться с друзьями: