Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
«nihil»: Вы згадалi прозвiшча Абдзiраловiча, з якiм сёння часта звязваюць вытокi сучаснага беларускага мыслення. Цi з’яўляецца Ігнат Абдзiраловiч для вас папярэднiкам, кропкай адлiку ўласнага руху?
— Iгнат Абдзiраловiч — скраень рэтраспэктывы сучаснага нацыянальнага мыслення. Далей углыб мы можам казаць ужо толькi пра беларускае мысленне цi проста мысленне, якое адбывалася ў прасторы, што пазней атрымала назву беларускай прасторы. Дык вось, у модусе нацыянальна заангажаванага, беларускамоўнага мыслення Iгнату Абдзiраловiчу з яго блiскучым лiрыка-фiласофскім эсэ «Адвечным шляхам» наканавана для ўсiх ягоных наступнiкаў заставацца «кропкай адлiку», хаця мой уласны мэтафiзічны светагляд складваўся без удзелу гэтага знакавага для беларусаў тэксту, прынамсi, без яго непасрэднага ўдзелу. Але з цягам гадоў я ўсё болей пачынаю цанiць ягоны генiяльны аксюмаран — «лiючаяся форма». У iм такi магутны патэнцыял, столькi разнастайных магчымасцяў (у самых супярэчлiвых ракурсах) для нiгiлiстычнага беларускага мыслення! Дарэчы, калi б я быў уладаром краiны Няма, дык за герб узяў бы «Чорны квадрат»
«nihil»: Што такое форма?
— Не ведаю. Але калi свет сапраўды быў створаны з Нiшто i калi яго сапраўды Нехта стварыў, дык уся сапраўдная велiч стваральнiка выявiлася ў той момант, калi ён прыдумаў iдэю формы. У сітуацыi нiшто-нiдзе-ніколі даўмецца да iдэi формы… Гэта неверагодна! Менавiта праз iдэю формы ўвачавіднелася Ёсць, якое аднаму чалавеку з Беларусі сёння карцiць дэканструяваць (хаця б у схеме), каб перакрочыць у адваротным накiрунку той лапiк Ёсць, што быў адсечаны iдэяй формы ад цела Вялiкага Няма.
«nihil»: Мова — таксама форма?
— Ужо ж, напэўна, мова плён той самай iдэi. Болей за тое, па адной, добра вядомай нам версii, якраз мова (Слова) i выгукнула форму гэтага свету, а выгукнуўшы — сталася ягоным Богам… Паводле другой версii, таксама нам добра вядомай, усё адбывалася не так хутка, але прыкладна з тым жа самым канцавым вынiкам. Ад першых асэнсаваных гукаў прачалавека да асобных словаў, сказаў, расповедаў, мiфаў i, тым болей, тэкстаў — прамiнула даволi часу, i ў гэтым доўгiм тэмпаральным прамежку ўзаемадачыненнi i стасункi чалавека з мовай некалькi разоў радыкальна мянялiся. На пачатку мова была ўсяго толькi прыладай чалавека, у пэўным сэнсе гэткай самай як каменная сякера цi касцяная голка — прымiтыўным лакальна-функцыянальным начыннем. Затым мова пакрысе зрабiлася партнёрам чалавека ў яго засваеннi прасторы бытнага (праз гэтае партнёрства чалавек як бы падвоiў сам сябе цi, хутчэй, нават памножыў у колькi разоў, што мела магутны як сацыяльны, так i экзістэнцыйны эфект). Наступны перыяд перамены стасункаў чалавека i мовы пачынаецца з рэвалюцыi Гутэнберга, калi неўпрыкмет мова паменялася з чалавекам месцамi i цяпер чалавек зрабiўся партнёрам мовы… ХХІ стагоддзе мы распачынаем у сітуацыi завяршэння кругабегу праблемы чалавек/мова — чалавек ператварыўся ў лакальна-функцыянальную прыладу мовы…
«nihil»: Што такое мова?
— Пра гэта можна толькi пытацца, але не адказваць… Праўда, не аднойчы я спрабаваў фармуляваць сутву мовы, вось да прыкладу: «Чалавек — ахвяра мовы, ён з немаўляцтва ўблытваецца ў мову, як у павуту. Вялiзны чорны павук мовы, якi ў адной старой кнiзе названы Словам, усё жыццё ссе з чалавека жыццядайную энергiю, пакуль той, ссохлы ўшчэнт, не струпянее». Калі хоць трохі пагуляцца ў гулі з гэтай метафарай, дык тады мы атрымаем адказ на запытанне, якое пасёння застаецца не раз’ясненым: навошта Богу (які ёсць Словам) патрэбны чалавек? (Няўжо адно дзеля таго, каб яго нехта любіў?!) Паводле прапанаванага паэтычнага тропу ўсё выглядае відавочна ды гранічна проста (пасміхнемся — залішне проста). Паколькі вялізны чорны Слова-павук верагодна сілкуецца толькі словамі, а ніхто, акрамя чалавека, болей не здольны іх прамаўляць, дык ён і разводзіць нас як пчолаў, каб мы збіралі яму наедак, бясконца прадукуючы маўленнем боскі нектар…
«nihil»: Калi разгледзець усе канцэпцыi мовы анталагiчна, iх атрымаецца няшмат. Быццёва мова можа цалкам супадаць з быццём, супадаць з iм часткова, цалкам супадаць з нябытам, i супадаць з iм часткова. Пры частковым супадзеннi, мова можа быць перад быццём — традыцыйны, рэлiгiйны, мiфалагічны варыянт (спачатку было слова) — i пасля яго — свецкi, пазітывiсцкi, сучасны варыянт (спачатку ёсць рэчы). Якая з гэтых крайнасцяў вам блiжэй, або ёсць яшчэ адна, менавiта вашая пазіцыя?
— У гэтым плане вельмi цiкавая i паказальная iнтэлектуальная эвалюцыя Людвiка Вiтгенштайна. Калi на пачатку свайго творчага шляху ён таясамiў мову i быццё («Логiка-фiласофскі трактат»), дык у сталым досведзе радыкальна рассунуў iх памiж сабой («Фiласофскія доследы»). У другiм вiтгенштайнавым выпадку мова, як тая котка, гуляе сама па сабе i сама з сабой у свае «моўныя гульнi». Мне гэты варыянт блiжэй, я бы тут толькi дадаў, што ў свае гульнi яна гуляе намi цi праз нас (паводле версii постструктуралiзму, мова гаворыць намi). Але неза-лежна ад таго, як мы сфармулюем праблему (гуляе цi гаворыць мова намi), адбылося тое, што адбылося — мова ўжо iснуе як Нешта вялiкае самастойнае i, калi заўгодна, анталагiчнае i iснуе не з падставаў дзеi экзістэнцыйнага бытнага, як тое было ў пару яе станаўлення ў якасцi прылады, а затым партнёра чалавека… Цяпер мова адбываецца незалежна ад маўлення, гэта значыць незалежна ад таго, прамаўляе яна намi цi намi маўчыць. Нават калi б усяму чалавецтву раптам на колькi там год заняло мову, мова засталася б прысутнiчаць у падзеi быцця не з меншай iнтэнсіўнасцю… Хаця апошнiм часам мяне ў феномене мовы цiкавiць не сам гэты феномен i роля чалавека ў iм, а праблема пераадолення мовы, як прэзэнтанта амаль выключна дыскурса Ёсць. Вось вы кагадзе казалi, што мова можа «цалкам супадаць з нябытам, i супадаць з iм часткова». Як з майго гледзiшча, дык праблемнасць (немагчымасць) спасцiжэння Нiшто якраз у тым i палягае, што мы не маем мовы нябыта, што тая мова, якую мы маем, цалкам знаходзiць сябе ў дыскурсе Ёсць i,
больш за тое, займеўшы анталагiчны статус, яна з прэзентанта гэтага дыскурса, сама сталася iм, гэта значыць цалкам падмянiла сабой (у быцiйным сэнсе) быццё.«nihil»: Такім чынам, усялякi нiгiлiстычны акт адбываецца праз прыладу мовы, функцыянальна да гэтага не прыдатную?
— Амаль што так, i ўся сутнасьць праблемы менавiта ў гэтым, бо: а) тая мова, якую мы маем, умее называць адно тое, што ёсць i не ўмее называць тое, чаго няма; b) падмянiўшы сабой быццё, мова кожным актам менавання нябыту ператварае яго ў бытнае, — адсюль кожнае вымаўленае «няма» ператвараецца ў «ёсць» i тым самым вялiчыць дыскурс быцця ды ўсё надалей адсланяе нас ад небыцця.
«nihil»: Быццё — яно актыўнае цi пасіўнае?
— Адразу напрошваецца адказ: пасіўнае. Але не станем спяшацца, будзем памятаць, што тая логiка, якой трымаецца канструкт мыслiўнага акту, сфармаваная мовай быцця, а не нябыту. I таму тут магчымыя дзве гранiчна розныя пазіцыi. Для таго, хто належыць да партыi Парменiда, партыi канстытуявання быцця ў форме татальнага Ёсць, быццё напэўна выяўляе сябе як заўсёды пасіўная, a priori статычная падзея. А вось для тых, хто належыць да партыi акудовiча, быццё ёсць актыўным феноменам, бо яно паўставала з Нiшто праз пераадоленне сваёй адсутнасцi i да гэтага трымаецца адно праз актыўны супрацiў сваёй папярэдняй сітуацыi. Бадай, мы (але адно ў якасцi гульнёвай версii) можам тут фармуляваць i больш экстрэмальную тэзу: быццё — гэта актыўная форма статычнага (пасіўнага) нябыту. Але разгортваць тут гэтую тэзу я б не наважыўся, бо дзеля яе хай сабе эксперыментальнага ўнаяўлення спачатку патрэбна было б змайстраваць досыць складаныя ў сваёй канфiгурацыi рыштаваннi, да таго ж угрунтаваныя ў моўныя нэгатыў-канцэпты, якiя самi яшчэ патрабуюць сабе апiрышчаў вонкi.
«nihil»: Цi не з’яўляецца мова вынаходствам і ўласнасцю постацяў, прыналежных да сакральнага і магічнага ладу — жрацоў, святароў, валхаўцоў, шаманаў? Усе рэальныя сведчанні пра старавечча мовы, археалагічныя звесткі або старажытныя тэксты, так ці інакш звязаныя або з традыцыйнымі сакральнымі падзеямi або з культавымi рытуаламi.
— Як на мой розум, дык валхаўцы (i да iх падобныя) прыдумалi не мову, а тэкст, што зусiм не адно i тое самае. Адбылося гэта ў той перыяд, калi мова з функцыянальнай прылады пачала ператварацца ў партнёра чалавека, гэта значыць, сацыяльна-экзістэнцыйнага множыцеля дыскурса бытавання, якi раней вялiчыўся выключна праз фiзіялагiчна-рэпрадукцыйную здольнасць чалавека. У тую пару каста валхаўцоў, як iнтэлектуальна найбольш «прасунутая», зразумела ўжо гатовы разгарнуцца напоўнiцу патэнцыял мовы i даўмелася манапалiзаваць слова праз яго сакралiзацыю, а каб развесцi слова з прафанным словам-функцыяй, былi вынайдзеныя розныя тэхналогii ўцялеснiвання сакральнай сутвы мовы ў фармат рэчаiснасцi, самай перспектыўнай з якiх пакрысе выявiўся тэкст. Такiм чынам, праз манапалiзацыю сакралiзаванай i тэкстуалiзаванай мовы, каста валхаўцоў ладна-такi адсунула касту патрыярхаў племянных радоў ад улады, пакiнуўшы iм у карыстанне адно мову-функцыю… Пэўна, тэза пра мову, як сродак барацьбы за ўладу, можа падацца залiшне засацыялагiзаванай, але ў той сваёй частцы, дзе валхаўцы выступаюць стваральнiкамi Эры тэксту, яна падтрымлiваецца ўсiм архiвам гiсторыi культуры.
«nihil»: Цi магчыма прыблiзна пазначыць межы гэтай эры?
— Наўрад цi, бо хто ведае якiя яшчэ «кумранскiя» тэксты дзе хаваюцца. Ды i навошта? А вось сама Эра тэкста патрабуе ўнутранага падзелу на дзве (нi ў якiм параметры не роўныя) часткi — на эру пiсанага (летапiснага) i эру друкаванага тэксту, якiя радыкальна адрозна выявiлiся ў ролi стваральнiкаў цывiлiзацыйных модусаў. Напэўна, мне мала хто дасьць веры (i хай сабе), калi я скажу, што ад таго, пiсалiся словы рукой на скрутку папiруса цi друкавалiся варштатам на аркушы паперы, залежыла, перарушваў чалавек прастору i час на возе (альбо канi) цi на цягнiку (альбо самалёце), гэта значыць, не форма тэхнiкi i тэхналогii вытворчасцi тэксту залежала ад iнтэнсіфiкацыi цывiлiзацыйных разгортак, а зусiм наадварот…
Цывiлiзацыя летапiсных эпохаў не мела ў планiроўцы сваiх гарадоў, у мiжпрасторавых i сацыяльных камунiкацыях, у ментальных рэальнасцях i перспектывах косак, працяжнiкаў, дужак, двукоссяў, пытальнiкаў, клiчнiкаў, цэзураў, абзацаў (усяго, што сістэматызуе, фармалiзуе, а з гэтага i актуалiзуе ў канвенцыйна зададзеным вектары хаатычна разбэрсаныя акты быцця) — адно геральдычна размаляваныя вялiкiя лiтары ўлады ў аднамернай роўнядзi памнажэння бытнага.
Канструктыўная аснова цывiлiзацыі Новага часу паўстала на матрыцы друкаванага Тэксту, логiка супольнага бытавання новых элементаў якога вызначыла ўжо iншыя прынцыпы функцыянавання сацыяльных мэханiзмаў, а жорстка ўнармаваная i адначасна шматстайная стылiстыка закадавала рацыянальна дынамiчную фiгуру мыслення новаеўрапейскага чалавека, з чаго мы i атрымалi тое, што маем… Але мяне ўва ўсiх гэтых цывiлiзацыйных трансфармацыях, завязаных на трансфармацыях мовы, гэтым разам цiкавiць не праблема цывiлiзацыi, а праблема мовы. Тэкст, паклаўшыся ў аснову «друкаванай» структуры перадусім еўрапейскай цывiлiзацыi, вiдаць, ужо выканаў сваю ролю, i цяпер сама цывiлiзацыя выступае ў ролi бясконцага гiпертэксту, якi мы безупынна чытаем, толькi ўжо не вачыма, а ўсiм iнтэлігiбельным аб’ёмам свайго жыццяцела. Не менш заблытаная сітуацыя i з мовай як з маўленнем — мы па-ранейшаму шмат гаворым, хаця ўжо даўно нiчога не кажам адзiн аднаму. Склалася досыць цiкавая сiтуацыя: па сутнасцi сёння мы маем дзве самадастатковыя цывiлiзацыi — сакральную цывiлiзацыю мовы i функцыянальную цывiлiзацыю чалавека, вiдавочна разасобленыя памiж сабой. I ў сваёй цывiлiзацыi мова абыходзiцца, лiчы, без чалавека, а чалавек у сваёй — лiчы, без мовы. Зрэшты, магчыма якраз у памiжжы гэтай разасобленасцi неўзабаве i выблiсне акрайчык Няма?