Архіпелаг Беларусь
Шрифт:
Я ўжо даўно перакананы сам і даўно пераконваю іншых, што «нешта ў гэтым, напэўна, ёсць». Толькі хто б мне самому сказаў — што?
Таццяна Палякова: У якой ступені гісторыя Беларусі ёсць прычынай нашага сённяшняга становішча? Яна надае вам упэўненасці ў барацьбе за лепшую будучыню альбо, наадварот, спараджае страх, паняверку, жаданне мімікрыраваць, боязь рызыкі?
— У беларускай гісторыі былі розныя перыяды: і славутыя, і ганебныя, таму кожны вольны сам выбіраць сабе альбо яе гонар, альбо яе ганьбу. Той, хто выбірае гонар, скажа вам, да прыкладу, што ў XVI—XVII стст. мы былі цывілізацыйным лідэрам ва ўсім кірылічным свеце. Бо ў тую пару асноўныя мадэрновыя працэсы разгортваліся на подзе кнігадрукавання, а «беларуская кірылічная друкаваная
Валянціна Аксак: Сакавіцкія падзеі 2006 года, калі моладзь паставіла на Кастрычніцкай плошчы намёты і трымала ў ёй аблогу колькі дзён, выклікалі шырокі рэзанас і ў краіне, і ў свеце. Я ведаю, што ў гэтыя дні вы таксама не аднойчы былі на Плошчы. Распавядзіце пра свой досвед.
— У нядзелю 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ўвечары было сапраўднае свята свабоды. Сюды, пераадолеўшы страх забароны, прыйшлі дзесяткі тысяч людей, каб пасля выбараў падтрымаць дэмакратычнага кандыдыта на пасаду кіраўніка краіны. Раптам усчалася шалёная завея, аднак яна нікога не напалохала, бо тут згуртаваліся сапраўды адважныя людзі… Толькі нядзеляй свята і скончылася, у панядзелак ужо пачыналася палітыка. Таму ў панядзелак я не збіраўся туды ісці. Але позна ўвечары адзін за адным пачалі тэлефанаваць сямейнікі, каб паведаміць, што на плошчы ставяць намёты, і яны маюць намер заставацца там да ранку. Хоцькі-няхоцькі давялося цягнуцца на плошчу. Бо як такое можа быць, каб мужык грэўся пад пярынай, калі яго дзеці і жонка ўсю ноч мерзнуць на снезе. Праўда, потым так склалася, што недзе пасля гадзіны ночы я з дачкой і жонкай пакінуў Плошчу і вярнуўся да хаты… А сын вярнуўся толькі назаўтра днём.
Вечарам на занятках па філасофіі ў Беларускім калегіуме студэнтаў было значна меней, чым звычайна. Што не здзівіла. Бываюць дні, калі філасофія безнадзейна саступае жывому жыццю…
Адно павітаўся, як мяне адразу запыталіся пра мінскі «майдан». Я толькі што прыехаў адтуль, але мне найменей хацела гаварыць з імі на гэтую тэму. І вось чаму… Я быў захоплены мужнасцю маладых людзей, што цяпер бадзёрыліся каля намётаў альбо адпачывалі ў іх. Аднак разам з тым я разумеў, што Плошча трымаецца не іх мужнасцю, а нейкай мудрагелістай прыдумкай улады, якой чамусьці пакуль патрэбна, каб ля ганка Дома прафсаюзаў нейкі час пастаялі і намёты, і людзі. А як толькі ўладзе гэты гармідар станецца лішнім, праз паўгадзіны на пляцы будзе гуляць толькі вецер, ганяючы папяровае шмаццё.
Мне не хацелася казаць пра ўсё гэта маладым людзям, якія ў той момант былі апантаныя гераічным шалам, але я сказаў. Бо як патрэбная духоўная адвага, каб да ранку лічыць зоры над Плошчай, гэтаксама патрэбная інтэлектуальная адвага, каб не хаваючыся праўды ясна ўсведамляць, табе дазваляе праяўляць тут сваю мужнасць…
А 24 сакавіка, калі я яшчэ спаў, патэлефанаваў брат і коратка запытаўся:
— Ты дзе?
Брат працаваў побач з Кастрычніцкай плошчай, і я адразу ўсё зразумеў — Плошча ўжо пустая. Паўз маю волю меня ахапіла ціхая радасць, паколькі так склалася, што гэтай ноччу з маёй сям’і на Плошчы нікога не было. Але амаль адразу мне зрабілася сорамна за маё ціхае эгаістычнае шчасце. Бо ў тых, хто гэтай ноччу заставаўся на Плошчы, таксама былі бацькі, браты, сёстры… І ўсім ім цяпер балюча і страшна, паколькі пад ранак намётавы лагер пабурылі, а ўсіх ягоных насельнікаў перасялілі за краты.
Глеб Лабадзенка: Спачатку працытую колькі вашых радкоў: «Чалавек глядзіць на малпу, а бачыць эвалюцыю, глядзіць на крыж, а бачыць Хрыста, глядзіць на серп і молат — а бачыць пралетарскую рэвалюцыю, глядзіць на Пазняка — а бачыць апостала нацыі (ці фашыстоўскага калабаранта)». А самі вы што бачыце, калі глядзіце на Беларусь?
— Перадусім я спрабую максімальна абстрагавацца ад кніжнай веды пра Беларусь. Я вымагаюся глядзець на яе як бы з цемнаты, з няведання таго, якой бачылі Беларусь да мяне. З гэткага спосабу бачання ў мяне і сфармавалася разуменне, што я мушу учыніць «вялікую здраду» той нацыяналістычнай Беларусі,
якую прыдумалі мае нацыянальна заангажаваныя папярэднікі…У працэсе нацыяўтварэння патэнцыйна склалася некалькі розных мадэляў паўставання Беларусі. Я тут згадаю ў апазіцыі толькі дзве з іх: Беларусь Францішка Багушэвіча і Беларусь Адама Міцкевіча. Беларусь Багушэвіча — гэта гнілая хатка, лапці, каўтун у валасах і дурны, як варона, мужык, які нэндзіцца сваёй доляй. Зусім іншы варыянт мы бачым у Міцкевіча. Тут Беларусь — краіна прыгожых жанчын і адважных мужчын, вялікіх паэтаў і апантаных містыкаў, непахісных змагароў і высакародных рамантыкаў… Так атрымалася (чаму? — не да месца гаворка), што наробкам Міцкевіча скарысталіся палякі, як высокім правобразам той краіны, у якой ім хацелася б жыць. Нам жа засталася нізавая Беларусь Багушэвіча, якую адраджэнская ідэалогія не можа выдаліць з сябе да гэтай пары. Адсюль і «мая здрада» гэтай Беларусі, заганнай у рэтраспектыве і, выбачаюся за таўталогію, бесперспектыўнай ў перспектыве.
Інеса Паўлінковіч-Пацукова: Вы працавалі і слесарам, і намеснікам дырэктара школы турызму, і рэдактарам часопіса «Крыніца», і кладаўшчыком на складзе турысцкага начыння, і куратарам філасофскага аддзялення ў элітарным Беларускім калегіўме… Дык хто вы на самай справе?
— Некалі я напісаў вялікае эсэ, якое называлася «Хто я? альбо Мяне няма, не было, не будзе». У тым эсэ мне якраз і хацелася зразумець, хто ж я на самай справе? Як вынікае з працытаванай назвы, мае высновы былі не лішне аптымістычныя…
А што да маёй біяграфіі, дык ў ёй было яшчэ шмат чаго, што вы не пералічылі, але для мяне надзвычай істотнага. Да прыкладу згадаю хаця б вучобу ў маскоўскім Літаратурным інстытуце і чвэрць стагоддзя вандровак па гарах (у 1980 г. я стаў майстрам спорту СССР па спартовым турызме). Бадай менавіта горы і кнігі найбольш паўплывалі на маё жыццё, бо горы навучылі мяне любіць свабоду, а кнігі — вольнае мысленне.
Дзмітрый Асташка: Мне распавядалі, што вы з ранку да ночы адзiн сядзiце ў нейкiм склепе. У вас што, комплекс Дыягена?
— Я скептычна стаўлюся да псiхааналiзу i таму нiколi не спрабаваў аналiзаваць уласныя комплексы. Хаця, магчыма, нешта падобнае ў мяне ёсць, бо некалькi разоў у жыццi я абiраў месцам свайго прытулку «бочку». Так пасля заканчэння Лiтаратурнага iнcтытyтa недзе гадоў пяць вартаваў розныя «аб’екты», а значна пазней кінуў рэдактарскую працу ў дзяржаўным часопісе і сапраўды схаваўся ў «склепе» на пасадзе кладаўшчыка ў турысцкай фiрме. Разам з тым паралель з Дыягенам у мaiм выпадку можна скарыстаць xiбa толькi як прыгожую метафару. Проста я вельмi лёгка i асаблiва не камплексуючы мяняю верх сацыяльнай iepapxii на самы яе нiз (і наадварот). Мне не iстотна, кiм я працую, нaмecнiкaм галоўнага рэдактара штотыднёвіка цi кладаўшчыком, галоўнае, каб мне было ўтульна на маім месцы. А ў гэтым склепе мне пакуль утульна, як было мала дзе яшчэ. Да таго ж тут, калi няма клiентаў, я магу чытаць, пiсаць, рэдагаваць тэксты, сумоўнiчаць з лiтаратарамi, фiлосафамi, мacтaкaмi…
Інеса Паўлінковіч-Пацукова: Цікава было б даведацца пра ваш быт: што ў вас на сняданак, якая кватэра, дзе набываеце сабе адзенне?
— Нягледзячы на маю «метафізічную адсутнасць», у рэальным жыцці я нічым не адрозніваюся ад іншых людзей (прынамсі, мне так падаецца). Мой лад жыцця найбольш дакладна акрэсліваецца маімі любовямі (тут вельмі істотная іх паслядоўнасць): сябры, кнігі, вандроўкі, алкаголь, жанчына… Гэтая шкала каштоўнасцяў сфармавалася яшчэ ў маладыя гады. Цяпер я сюды дадаў бы яшчэ дзве катэгорыі: Беларусь і Свабода.
А што да ўласна побыту, дык недзе да трыццаці трох год я на яго практычна не зважаў, бо жыў адзін па інтэрнатах. А прыгатаванне ежы не было для мяне пабытовай праблемай. Наадварот. Няма больш філасофскага занятку, чым мыццё посуду і абіранне бульбы… І толькі потым, калі з’явілася сям’я, я зразумеў, што такое побыт. Гэта быў сумны досвед, бо сямейны побыт — гэта перадусім грошы, грошы і яшчэ раз грошы. А я іх не ўмею зарабляць. І ўжо ніколі не навучуся — позна…
Максім Жбанкоў: Вам падабаецца ваша імя?