Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Таццяна Чыжова: Сітуацыя спрыяе наступнаму пытанню: што вы возьмеце з сабою, калі пойдзеце туды? Ці наадварот, каб прарвацца ў Няма, трэба скінуць з сябе апошняе?

— Калі б я быў нудыстам, дык пайшоў бы галяком. Але паколькі я выхаваны ў цнатлівых традыцыях заходнебеларускага мястэчка, дык мне давядзецца ісці туды апранутым. За гэтым жартаўлівым адказам утоеная надзвычай сур’ёзная праблема. Бо сапраўды, перш чым рушыць у той бок, трэба паскідаць з сябе апранахі сімулякраў, што чалавецтва напрацоўвала тысячагоддзямі. Мяне досыць часта папракаюць, што я сваімі тэкстамі разбураю рэлігію, традыцыю, літаратуру, ідэалы… А я не ведаю, як патлумачыць іншым, што гэта я толькі скідваю апранахі сімулякраў, каб прайсці другую палову дарогі, што кожны мой «нігілістычны» тэкст — гэта толькі фрагмент шляху да Няма, дзе я спадзяюся знайсці тое, што мы ўсе разам згубілі тут.

Таццяна Слінка: Магчыма, нігілізм — не проста адмаўленне, магчыма, гэта і ёсць спроба ўсё з сябе скінуць?

Аднак не проста ўсё з сябе скінуць, а каб лягчэй было рушыць далей. Рэч у тым, што нігілізм традыцыйна разглядаўся ў ракурсе мэты (ці сам — як мэта, ці — з якой мэтай). У той час, як нігілізм — гэта сродак (спосаб, магчымасць), якім мы карыстаемся, каб расчысціць праходы праз завалы сімулякраў. Але зразумеўшы нігілізм толькі як эфектную прыладу ў справе карчавання пабітых шашалем часу універсалісцкіх сімулякраў, мы нічога не зразумеем у нігілізме, як у адчайным памкненні волі да мыслення перасягнуць мяжу сваіх магчымасцяў. Паўсюднае панаванне ў ХХ стагоддзі нігілізму — гэта пакуль яшчэ нікім не ўсвядомленае вялікае рушэнне мэтафізічнага мыслення ў апошнім спадзеве прарваць аблогу Ёсць, каб паспрабаваць нарэшце наўпрост судакрануцца з вусцішным Няма.

«nihil»: Ваша iмя трывала з’вязваецца з радыкальнай нiгiлiстычнай канстатацыяй: «мяне няма». Гэтыя два словы сталiся амаль сімвалам сучаснасці. Няма i nihil, як судачыняюцца гэтыя паняткi? Цi маглi б вы перакласцi nihil як няма?

— Няма i nihil — словы аднаго дыскурса, але яны не тоесныя адно аднаму, у кожнага з iх свая генеза, свая семантыка, свой наратар. Слова «няма» прамаўляе анталогiя (быццё), слова «nihil» прамаўляе экзістэнцыя (бытнае). Разам з тым, здараецца дастаткова сітуацыяў, дзе яны выступаюць (цi могуць выступаць) у ролi сінонiмаў. (Вось вам прыклад:»мяне няма». Тут анталагiчнае «няма» як бы бярэ на сябе ролю «nihil», бо спрабуе вытлумачыць экзістэнцыйнае «мяне», i хаця з гэтага атрымлiваецца шмат блытанiны, але праз такую нелiнейную злучву мы адразу патрапляем у сярэдзiну анталагiчна-экзістэнцыйнага скрыжавання). Аднак нават тады, калi «няма» i «nihil» апынаюцца ў радыкальнай апазіцыi, iх апазіцыя не болей чым супрацiлежнасць паўднёвай i паўночнай скранi той самай зямной кулi. Хаця, каб па-добраму, дык перад тым, як разводзiць цi лучыць паняткi з «патойбочнага» дыскурса (няма, нiшто, nihil, адсутнасць, нежытво, дэканструкцыя, нябыт, негатыў, той свет, невараць, i г. д. i да т. п.), трэба было б прарабiць вялiкую працу па легiтымізацыi статусу кожнай з падобных i блiзкiх да iх лексемаў i дэмаркацыi iхніх межаў. Гэта значыць скласцi слоўнiк нiгiлiзму, а пазней — грунтоўную энціклапедыю. Бо пакуль тут спрэс анархiя ды партызаншчына, i таму, напэўна, нiхто нiколi не ведае ( я ў тым лiку), на якой прасторы дзе чыя ўлада.

«nihil»: Можа, ёсць некалькі «няма». «Няма», як дзеянне, учынак, традыцыйна нiгiлiстычны разбуральны акт, і «няма» як нядзеянне, нябыт. Яны могуць быць зусiм рознымі, i таму патрабаваць розных словаў i распадабнення?

— Гэта вельмi iстотнае запытанне, на якое ў мяне пакуль i блiзу няма хоць якога пэўнага адказу, бо той адказ, што ляжаць на паверхнi бiнарнай апазіцыi (унiверсальнае «няма» — сінгулярнае «няма», цi нават сума гэтай бiнарнасцi) падрыхтаваны мне структурай мовы, сфармаванай у дыскурсе Ёсць. А, магчыма, кожная аналiтыка «няма» патрабуе нейкай iншай, «негатыўнай» логiкi, мовы, тэкстуальнасцi?.. А, магчыма, i не патрабуе… Вось чаму я кажу пра неабходнасць nihil-слоўнiкаў, nihil- энцыклапедыяў, каб пакрысе пачаць разбiрацца, што там у глыбокiм ценю наўсцяж разлеглага Ёсць?..

«nihil»: Акрамя згаданых слоўнiка і энцыклапедыi, сярод вашых задумаў ёсць анталогiя нiгiлiзму. Якiя постацi i тэксты вы мяркуеце ў яе ўлучыць?

— Яе абрысы яшчэ не зусiм выразныя, аднак у агульнай канфiгурацыi яна ўжо склалася. Я нават ведаю той тэкст, якiм будзе распачынацца энцыклапедыя нiгiлiзму. Як гэта нi дзiўна, але яе запачаткуе радыкальна антынiгiлiстычны тэкст — паэма Парменiда «Пра прыроду», дзе сцвярджаецца, што ёсць толькi тое, што ёсць, а нiякага няма — няма. Уласна, анталогiя нiгiлiзму найперш i патрэбная дзеля таго, каб перасягнуць праклён Парменiда. Бо гэта толькi здаецца, што ён ужо даўно перасягнуты Кiркегарам цi Гайдэгерам.

«nihil»: Вашая анталогiя будзе складацца з герояў i тэкстаў толькi заходняй фiласофскай традыцыi?

— Так, i гэта пакуль прынцыпова. Бо нават калi б мысленьне Усходу мела тэксты, якiя б вырашалi для еўрапейскай ментальнасцi праблему Нiшто, дык я б не ўлучыў iх у гэты збор.

«nihil»: Чаму? Магчыма, ўсходняя традыцыя ўжо мае адказ на вашае запытанне пра Няма. Цi не ўхiляецеся вы ад волi да праўды, ад волi не быць падманутым, адмаўляючыся ўспрымаць веды Усходу?

— Ну, па-першае, гэта толькi нашае правакацыйна-гiпатэтычнае меркаванне, быццам недзе ў спратах Усходу прыхаваны для нас суперкаштоўны фiласофскі камень. Якраз наадварот. Нiчога каштоўнага для сябе ў гэтым сэнсе мы хутчэй за ўсё там не знойдзем, бо хаця мысленне Усходу i мае сваiх філосафаў адсутнасці, але ў ментальнай парадыгме «жоўтага чалавека» праблема Няма ад пачатку была здэактуалiзаваная шэрагам канцэптуальных збочванняў ад цэнтра гэтай праблемы, сярод якiх i любiмая намi iдэя рэiнкарнацыi. Ну скажыце, як можна ўсур’ёз быць заклапочаным наяўнасцю Нiшто, калi цябе наперадзе чакае столькi жыццяў у самых розных формах i станах? Не, калi па вялiкім рахунку, дык гэта толькi наша праблема, у

пэўным сэнсе сінанімічная выключна еўрапейскаму феномену пошуку Iсцiны… А па-другое, у кожным разе мы самi мусiм прайсцi свой шлях да Няма без узгляду на здабытую ўжо кiмсьцi веду, прайсцi калi не ў якасцi месii, дык хаця б у якасцi паломнiкаў.

«nihil»: Вынікае, што для вас рух у бок прасторы Няма, да сутнасцi нiгiлiзму, — усяго толькi пэўная форма турызму.

— Зусiм верагодна, што гэта насамрэч так. Месiя iдзе на гару Сінай, каб адтуль аб’явiць свету пра здабытую Iсцiну, а турыст падымаецца тым самым шляхам, каб толькi сказаць самому сабе: я тут быў. Тое самае i з Няма. Магчыма, маё захапленне гэтым феноменам i не мае нiчога iншага на мэце, акрамя таго, што аднойчы мне хацелася б сказаць сабе: я там быў! Пэўна ж не выпадкова я чвэрць стагодздзя займаўся спартовым турызмам, у якiм найвялiкай звабай было прайсцi па тых мясцiнах (перавалах, вяршынах, пустках), па якiх да цябе не ступала нага чалавека.

«nihil»: Якiя постацi з традыцыi беларускага мыслення маглi б знайсцi месца ў гэтай анталогii? Найбліжэйшым да вашага мыслення падаецца атэiстычны філасофскі тэракт Казiмiра Лышчынскага, аднаго з першых вялiкiх нiгiлiстаў Еўропы. Трактат «Пра неiснаванне Бога» ўжо сваёй назвай сугучны вашым «Дыялогам з Богам». Цi з’яўляецца Казiмiр Лышчынскі заснавальнiкам традыцыi беларускага нiгiлiзму?

— Анталогiя нiгiлiзму бачыцца мне своеасаблiвым тунелем пад акiянам Ёсць, спраектаваным пракласцi (цi хаця б прамаркiраваць) праход ад выспы экзістэнцыйнага «мяне няма» да мацерыка анталагiчнага Няма. I таму, як пакуль уяўляецца, вектар гэтага праекта не будзе скiраваны на ўласна «нiгiлiстычныя» тэксты, на тэксты адмаўлення, як прэзумпцыi. Але нiгiлiстычнаму трактату Казiмiра Лышчынскага месца ў анталогii абавязкова знойдзецца, бо гэта падзея не прафаннага, а сакральнага нiгiлiзму, якi адсоўвае ў бок Бацьку ўсiх сімулякраў (Бога), каб Той не засціў вiдарыс Няма…

На вялiкi жаль, ад гераiчнага трактата Казiмiра Лышчынскага ацалелi адно ўрыўкi i таму мне цяжка меркаваць пра падабенствы ягонага супрацiву «хiмеры» (К. Л.) Бога i майго кулачнага бою з ценем Слова. Дый увогуле, я тут хацеў бы пазбегнуць усялякiх параўнанняў, бо лiчу атэiстычны iмператыў Казiмiра Лышчынскага адной з самых буйных iнтэлектуальных (i этычных) iнiцыятываў еўрапейскага нiгiлiзму, якая заўважна вылучалася з шматлiкiх гарэзіяў i атэiстычных авантураў як папярэднiх, гэтак i наступных эпохаў — да з’яўлення Нiцшэ. Пра надзвычайную nihil-актуальнасць гэтага тэксту сведчыць i лёс ягонага аўтара, якому ў 1689 годзе на Старым рынку Варшавы спачатку адсеклi галаву, а затым цела спалiлi на вогнiшчы.

Дарэчы, падвалiны нiгiлiзму закладвалiся якраз у дыскурсе атэiзму (Казімiр Лышчынскi быў пакараны менавiта за атэiзм), i гэта зусiм натуральна, бо сутва нiгiлiзму палягае ў пераадоленнi ўсяго, што канстатуе Ёсць, а гэта значыць i Бога (i найперш Бога), як вялiкага каланiзатара адначасна дзвюх прасторавых татальнасцяў: iманэнтнай i трансцэндэнтнай. У пэўным сэнсе Бог — гэта тое самае татальнае «ёсць» Парменiда, толькi ў манiстычна тэалагiзаваным варыянце…

Але вернемся да Казiмiра Лышчынскага, з фiгурай якога мы гатовыя звязаць запачаткаванне еўрапейскага нiгiлiзму. Пэўна, кожны, хто не палянуецца, зможа ў гэтым месцы папiкнуць нас за квазiпатрыятычны валюнтарызм. Тае бяды. Давайце на некi момант унiкнем i знаку «навуковай карэктнасцi», каб заманiфеставаць прастору Беларусi як сакральны топас глабальных нiгiлiстычных падзеяў ды рушэнняў i адначасна як бацькаўшчыну Вялiкiх Нiгiлiстаў, сярод якiх я далей найперш згадаю папярэднiка Лышчынскага — Мiкалая Капернiка (iснуе версiя, што ягоныя продкi паходзiлi з нашых земляў). Гэта сёння Мiкалай Капернiк уяўляецца толькi стваральнiкам гелiацэнтрычнай сістэмы свету, насамрэч ён перадусiм быў «паўночным ветрам для спелых пладоў» (Нiцшэ), бо змог разбурыць i перайначыць тагачасную ментальную парадыгму ўсяго еўрапейскага чалавецтва. Вышэй я зусiм невыпадкова працытаваў Нiцшэ, якi па мацi паходзiў з «польскага» (як ён сам сцвярджаў) рода Нiцкi. Але няхай «польскi род» Нiцшэ нас лiшне не бянтэжыць, бо ў тую пару кожны, хто нейкiм чынам быў завязаны на Рэч Паспалiтую, лiчыў сябе палякам i таму паэт Алег Мiнкiн, узяўшы псеўданiм Хфедара Нiцкі, магчыма i не шмат памылiўся, стварыўшы алюзiю паходжання Нiцшэ з беларускiх прастораў. Беларускасць Фёдара Дастаеўскага, здаецца, няма патрэбы даводзiць, як i яго прыналежнасць да вялiкiх нiгiлiстаў — за гэта найлепей сведчыць створа-ны iм цэлы шэраг метанiгiлiстычных канцэптуальных пэрсанажаў (Стаўрогiн, Iван Карамазаў, Кiрылаў, Нячаеў, Смердзякоў…) А ёсць жа яшчэ Казiмiр Малевiч з яго дамiнантным для мастацтва ўсяго XX стагоддзя «Чорным квадратам», Iгнат Абдзiраловiч (Канчэўскi) з «лiючайся формай» i канцавым слоганам «творачы зруйнуем», дамок 1-га зьезда РСДРП, скуль разгарнулася на ўсю зямную кулю Вялiкая Рэвалюцыя, Чарнобыль, катэдж у Вiскулях, дзе быў пастаўлены крыж на апошняй у свеце Iмперыi… Урэшце, усяго нiколi не пералiчыш, але каб не выглядаць залiшне сцiплымi, не прамiнем «мяне няма» В. Акудовiча i часопiс «nihil»… Дык цi не з’яўляецца ўся гiсторыя прасторы Беларусi перманентным адмаўленнем усялякага Ёсць, своеасаблiвай лабараторыяй i адначасна палiгонам еўрапейскага нiгiлiзму i цi не варта было б нам перагледзець сваю гiсторыю ў мiнусавым злiчэннi, у злiчэннi стратаў, паразаў, нiгiлiстычных рушэнняў i канвенцыяў? Можа, калi-небудзь мы напiшам такую гiсторыю, каб прасачыць генезу нашага шляху да явы Няма, i тады ўвачавiдкi пераканаемся, якi гэта быў вялiкi i плённы шлях i ў якiм адметным топасе ён адбываўся (пра што трапна выславiўся Iгар Бабкоў: «Беларусь — гэта прастора анталагiчнага непакою»).

Поделиться с друзьями: