Ашчэпкі (1998-2000)
Шрифт:
— Кіруйся сваім сэрцам. Яно — твой правадыр.
І я паверыў паэту. Узяў напрамак на ўказку. А што ў гэты час рабіў розум? Куды дзеліся вочы? Розум змоўк, а вочы пачалі фокуснічаць: бачылі то руж, то чэрнь — іншыя колеры зніклі. Пачаў я не пазнаваць і рэальнасць, у якой жыў, і абставін, з якімі зжыўся, і людзей, якіх, здавалася, ведаў. Свет мо стаў і цікавейшым, але як бы зышоў з наканаваных віткоў. Тут і падаспеў хітрамудры Ідальга. Не адну зламалі піку. Ветракоў хапала.
Неразважны Германюк падгаварыў Шаховіча, здавалася
Мігам сабралі сход, выступілі з палымяным словам — і за справу. Знялі польскую (дзяржаўную) шыльду, замацавалі беларускую (сваю) і змыліся. А вясковы унтэр Прышыбееў — бах! — рапарт у нядрэмную службу: дыверсія!
Нарад нядрэмных, абследаваўшы месца злачынства, высветліў: Германюк з Шаховічам перасунулі ў Нехрысць Польшчы дзяржаўную мяжу. І да мяне: „Пакараць Шаховіча!” Я да Шаховіча:
— Якога чорта перасоўваў мяжу?
— Не перасоўваў! — адпіраецца.
— Не вінаваты Шаховіч, — кажу нядрэмным.
— Вінаваты, — кажуць яны. І тыц мне пад нос рапарт унтэра.
— Дык дайце гэты дакумент. Не магу караць без удакументаванага доказу.
— Не дамо.
— Тады зробім канфрантацыю.
Прытураю з суседняга пакоя дыверсанта. Той выкручваецца вужом і перад нядрэмнымі. Такім чынам выбівае з маіх рук падставу ўляпіць страгача. А рукі свярбелі.
Яшчэ няраз добрасуседства адгукнецца Доўгім Бродам. „Беларусы перасоўвалі граніцу! Далучаліся!” Колькі іх было? Няважна колькі. Хай нават „перасунуў” мяжу Прышыбееў. Знайшлі матэрыяльны доказ? Знайшлі. Намер праваліўся? Ну і што! Былі? Былі. Выступалі? Выступалі. А што наляпалі? Перайменавалі „Dlugi Br'od” на „Доўгі Брод”. А такія знакі дзе? На Беларусі. А Германюк хто — германец? А Шаховіч — персідскі шах? Беларусы перасоўвалі мяжу.
Вам дзіўна? Мне таксама. Хоць здзіўляцца няма падстаў. Нядрэмныя глядзяць на нас праз лагічны кантаслуп. Бо іх вучаць логіцы. У Прышыбеевых гэты прыбор прыродны, у шэрым рэчыве. Таму не выпучвайце вачэй, калі сусед мусоліць вас вітальнай брамай 1939 года. У яго зрашэчаная памяць — забыў, што ён таксама браму ставіў, шанаваў спрадвечны звычай. Каталіцкі Кракаў вітаў напаўпаганскага Ягайлу, Радзівіл — шведаў, цымбаліст Янкель — Напалеона, Алесь Гарун — Пілсудскага. У гэтай традыцыі і драбніца добрасуседскіх пачуццяў. Відаць, за пагром у Старым Беразове новаберазоўцы ўшанавалі Dziadka помнікам. Магчыма, у мройных снах суседзі расстраляных вазакоў Прыбелавежжа здабываюць бронзу для „Бурага”. Ужо ў Пушчы ўганараваны жалезным крыжам нямецкія вешальнікі. Такая логіка нашага жыцця.
Сідар кажа: — Ва ўсёй гэтай мітусні вінаваты вялікі ліцвін. Заклікаў жа:
— Miej serce і patrzaj w serce!
Вось і нашы хлопцы глянулі ў цудоўны твор прыроды. І ўбачылі сябе вялікімі сынамі. Пяройдзем у вякі! Наша справа пачаць, а там — як неўзабаве адгукнецца галосны сэрцагляд Перабудовы — працэс пойдзе. А дзе вочы? Дзе розум? Спіць.
Неактыўны дружбак. Актыўная воля! Яна асновай усяго. З зачаткавых нетраў сярэднявечча вызірнуў блажэнны Аўгустын, вучоны муж, іерарх сэрцаглядства. Во якія глыбокія карані. З іх і вырас Міцкевіч — з перавагі ірацыянальных сіл душы над розумам. Калі сціснуць квяцісты тэзіс Аўгустына, выйдзе, што і ў Міцкевіча: „Глядзі ў сэрца і слухай сэрца!”Трэба меркаваць, старажытны мысляр не пазычыў фразу ў нашага земляка. Хто ж тады падвёў мяне і нашых хлопцаў?
Дарунак восьмага неба
Міжбугаодэрцы вераць у сваю гасціннасць, як у Каралеву Чанстахоўскую.
— Няма шчадрэйшых людзей у свеце! — ціснуць на пляменную псіхіку родавыя магі.
Дзеля чаго? Унушэння выключнай ролі? Комплексу пакрыўджанасці — свет нас не разумее?
І нашы палітыкі — белыя, чырвоныя і мутанты — пратрубілі Клінтану вушы:
— Мы спадчыннікі готаў, у нас з вамі агульная мэта. Мы най-най... І „най” — белы папа наш... Да Папы! Да Папы! У Нью-Йропу!
Толькі зялёныя, карычневыя і чорныя насуплена ашчэраны. І гэтым насцярожваюць еўратузоў:
— Прымаем жа вас! — тлумачаць няўседлівым занудам. — Міжбугаодэрлянд першы ў чарзе. Langsam! Пашырым суполку. Падзелімся спадчынай. Толькі не ідзіце да нас, спадчыннікі, з песняй: „Ne bendze Nemec plul nam w twaz...” Verstehen? Langsam, aber gut! Або, як кажуць у вас: Pomalu, no koroso!
— Толькі без злога джына! — узмаліліся нашы дзяржаўныя еўрыкі. — Да млоснасці абрыдлі слінявыя зяпы і ўчэпістыя абдымкі касалапага Мішкі. Баімося каварных азіятаў!
А баяцца няма чаго. Жывуць там сапраўдныя хлебасолы. Рускі з голаду памрэ, а суседа накорміць. Сам замерзне, а цябе абагрэе „Ямалам”. Грузін ні за якія скарбы не выдасць ворагу госця. А што казаць пра сярэдніх азіятаў! Распавядае Барыс Руско, колішні ракетчык: Палкоўнік, маёр і я (тады капітан) прызямліліся на палігоне NN пад блакітным казахскім небам. Выпусцілі ў бок вераломных кітайцаў рэактыўнае свінчо і пайшлі ў суседні калгас знаёміцца з тубыльцамі і іх звычаямі.
Сустрэў нас старшыня калгаса Сара Сарабаеў, прыняў як родных братоў. Паказаў сваю вотчыну, зарэзаў тлустага барана, завёў у спадчынную юрту, пасадзіў на ганаровыя зэдлікі, узяў у рукі дамбру, — ён і акын, па-нашаму бард, — ударыў костачкамі пальцаў у дзве струны (больш струн інструмент не меў) і ўрачыстым тэмбрам праспяваў вітальную песню. Пачыналася яна прыблізна так: Вітаем, вітаем Вас, Госці дарагія! Жадаем, жадаем Вам, Вечна з намі жыць!
Песня доўжылася, таму запамятаў я толькі пачатак. Услаўляла польскіх ракетчыкаў — „непахісных стражнікаў непарушнай Варшаўскай дамовы”.
Рамантычны настрой падтрымлівала жонка Сарабаева, яшчэ даволі рухавая і не надта каб старая. Яна завіхалася каля стала: расстаўляла ёмістыя бутлі градуснага кумысу, абкладала іх „мікіткамі” (кукурузнымі праснакамі) і дарамі Іртыша: асятрынай, нельмай, муксунам, чэбакамі. Напітак і ежу падносілі дочкі — старэйшая, ужо ў гадах, і васемнаццацігадовая — лебядзіны цуд восьмага неба.
Калі гаспадынькі вычаравалі абрус-самабранку, лірыка ўкрапілася ў эпіку. Уважлівы гаспадар стала прапанаваў першы тост выпіць за „доблеснае Войска Польскае і вечную дружбу”. Выпілі і закусілі асятрынай.