Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
Суддзя ўсім выглядам паказаў асцярожны недавер.
— Не магу сумнявацца ў словах вашай мосці… Але, паўтару, доктар чалавек важны, заняты…
— А я кажу, што ён са мной паедзе!
Юдыцкі паважліва пакланіўся.
— Ваша мосць народжаны для вялікіх справаў. У такім разе вы не адмовіцеся прыняць грошы наперад? Магчыма, і за доктара таксама? А па выкананні высакароднай справы вас будуць чакаць і іншыя ўзнагароды…
Суддзя падаў камусьці знак і зноў засяродзіўся на пачастунку.
Гнеў схлынуў з драгуна, як халодная вада. І ў душы заварушыўся агідны вусень раскайвання — а так бывала амаль заўсёды пасля такіх вось гнеўных прыпадкаў, ад якіх Лёднік Пранціша ўвесь час засцерагаў. Цяпер Вырвіч адгадваў
— Вельмішаноўны пан суддзя так і не назваў імя хворага… — нагадаў Пранціш. Юдыцкі выплюнуў на срэбны паднос яшчэ адзін перажаваны кавалачак. Лёкай адыйшоўся, з цікаўнасцю паглядаючы на чарговую дзівосную страву, да якой пацягнуўся відэлец пана. Ясная рэч, усё, што на стале застанецца — а застанецца шмат — даядаць будзе прыслуга.
— Гэта адна з умоў нашага кантракту, дарагі пан Вырвіч, — у голасе суддзі трошкі дадалося металу. — Ніякіх імёнаў, ніякіх роспытаў. Не варта назаляць цікавасцю і без таго абяздоленай персоне, і не варта распаўсюджваць звесткі, што ў паважанай сям’і ёсць такі… прэцэдэнт.
Між тым іншы слуга прынёс і паклаў на стол два цяжкія мяшэчкі, у якіх спакусна бразнулі манеты. Вырвіча раздзірала на часткі, як гаспадара прабітага пасярэдзіне ракі чоўна, які і мех з золатам кінуць не хоча, і разумее, што з гэтай ношкай да берага не даплыве. Не, мусіць, трэба ўсё ж з доктарам параіцца…
— Няхай вашамосць дасць мне час абдумаць гэтую пачэсную прапанову.
Юдыцкі не пакрыўдзіўся і не засмуціўся.
— Мы не развітваемся, пан Вырвіч. Вашу долю вазьміце, а доктараву забярэце пасля. Шчырыя прывітанні ад мяне пану Лёдніку! Перадайце, што я строга выконваю ягоныя рэкамендацыі, чаму вы былі сведкам.
Толькі на вуліцы Вырвіч зразумеў, як увесь гэты час яго не пакідала напруга. Так што зараз нібыта ўпалі нябачныя ланцугі. Але што за хітраван гэты суддзя — угаварыў Пранціша на сваё даручэнне, хаця той ад пачатку ні дробачкі даверу не меў.
Трыста талераў… Пранціш узважыў у руцэ цяжкі мяшэчак. Прыкупіць зямлі ў радавым Падняводдзі, якое калісь усё належала продкам… Вярнуць славу роду… Арабскага жарэбчыка набыць, як у пана палкоўніка… Маністы для адной гожанькай кабеты з вуліцы Шкельнай… Толькі курыца ад сябе грабе. Вось толькі што Лёднік скажа? Слова сваё назад не забярэ, але…
Па дарозе Пранціш зноў завітаў у знаёмую карчомку, дзе падавалі піва, моцнае, як шляхецкае слова, і з куфлямі бегала гожанькая шынкароўна Рыўка, з вуснаў якой у цёмным закутку драгун сарваў не адзін салодкі пацалунак. Шынкароўна госцю ўзрадвалася, піва было на славу…
«Па вуліцы, ля студніцы мне з табою не хадзіці, Чарнявае, бялявае за ручаньку не вадзіці!», —выводзіў нястройны хор п’яных галасоў, і жыццё на некалькі туманістых хвіляў набыло сэнс.
Так што калі Вырвіч вярнуўся ў дом з зялёнымі аканіцамі, мяшэчак з манетамі быў трохі лягчэйшы, а вусны самі сабой напявалі песеньку пра сівога каня, які ўсё бяжыць-бяжыць, пакуль дзяўчыначка да шлюбу не з тым малойцам ідзе…
А ў доме быў госць.
Вырвіч нават рот па-дзіцячы раззявіў, утаропіўшыся ў прыхадня, як гусь на бліскавіцу. Маленькі шчуплы старэча з жоўтым зморшчаным тварам, з вузкімі, як прарэзанымі нажом, вачыма быў апрануты ў сіні халат і смешную шапачку з пампонам, бародка і вусы рэдкія, так, некалькі сівых валасінак. Але, калі ўгледзецца, ад усяго аблічча сыходзіў ціхі спакой, на дне якога драмала нешта небяспечнае, як у сухім калодзежы кубло гадзюкаў. Кітаец, ці што? Адкуль Лёднік яго выпараў?
Не тое, каб Пранціш ніколі раней не бачыў людзей з далёкіх краінаў — пры
магнацкіх дварах былі і мурыны, і эскімосы, і індыяны. Падумаеш! Кожны князь альбо манарх імкнуўся пазбіраць у палац яшчэ і розных пачвараў, — не робячы розніцы паміж карлікамі, гарбунамі і двухгаловымі цялятамі. Многія свята верылі ў існаванне цыклопаў, латафагаў ды іншых неверагодных народаў. Як пісаў мніх з Корбі Ратрамн прасвітэру Рымберту ў пасланні пра кінакефалаў, «Падобна таму, як у кожным народзе сустракаюцца людзі, якія, здаецца, нарадзіліся на свет насуперак законам натуры, напрыклад, двухгаловыя, трохрукія, карлікі, гермафрадыты ці андрагіны і шматлікія іншыя, якія жывуць насамрэч не насуперак законам прыроды, але выконваюць сваю прызначэнне, бо законы прыроды ўсталяваныя Госпадам, гэтак жа сярод рода чалавечага натуральным чынам існуюць тыя, якія лічацца звыродлівымі стварэннямі, — напрыклад, пігмеі, антыкаўды, — у адных памер цела дасягае локця, у другіх ступакі вывернутыя назад, а на нагах па восем пальцаў. Гіподы — людзі, што спалучаюць чалавечае аблічча з конскімі нагамі. Макробіі, якія амаль удвая вышэй за людзей, а ў Індыі ёсць племя жанчын, якія зацяжарваюць у пяць гадоў і жывуць не долей васьмі, а таксама шмат іншых, у існаванне якіх з цяжкасцю верыцца».Чым жа можа здзівіць дзядок-кітаец?
Але вось так пабачыць яго ў хаце Лёдніка, да таго ж, падобна, ён тут госць звыклы… Ды і займаліся госць і гаспадар, якія сядзелі па розныя бакі доўгага абедзенага стала, нечым дзіўным. Паміж імі — на адлегласці сажня ад абодвух — стаяла свечка, яе агеньчык свяціўся спалоханым памаранчава-блакітным вокам. Лёднік і кітаец узіраліся ў гэтае вока, нібыта ў марскую далеч, не зважаючы на зухаватага драгуна, які застыў у дзвярах. Раптам Лёднік маланкавым рухам выкінуў у бок свечкі сціснуты кулак — нават агеньчык трохі здрыгануўся. Што за фокусы? Твар прафесара зрабіўся кіслы, як бы агрэст разжаваў.
— Вы недастаткова канцэнтруеце сваю энергію, пан доктар, — смешна перакрыўляючы словы, прамовіў тонкім галаском дзядок. — Мы з вамі пра гэта ўжо гаварылі… Я нават не адчуў вашай сілы — хаця яна ў вас ёсць.
Кітаец таксама выкінуў наперад і прыбраў кулак — прычым рух ягоны быў яшчэ больш імклівы, чым у Лёдніка, хоць уявіць такое цяжка, і здарылася дзіўнае: агеньчык свечкі зараз жа згас, як бы хтось прыціснуў кнот. Доктар пры гэтым відовішчы ўпарта нахмурыўся, ноздры ягонага дзюбападобнага носу пагрозна раздзімаліся, рука паднялася…
За вокнамі пачуўся звонкі крык:
— А ну, давай! Наперад! Давай, Піфагор! Што ж ты!
Паніч Алесь Лёднік муштраваў на двары дабрэннага сабаку. Піфагор радасна гаўкнуў — падобна, не разумеючы карысці баявой навукі. А ў пакоі з партрэтам Арыстоцеля прафесар Віленскай акадэміі зноў паспрабаваў забіць свечку, хаця яна яму дакладна нічога кепскага не зрабіла.
— Пайшлі, не перашкаджай ім… — прашаптала за спінай Пранціша Саламея. — Яны яшчэ з гадзіну будуць мэнчыцца.
У другім пакоі, дзе на каміне стаяў сіні галандскі гадзіннік-ваза і вісеў партрэт сэра Ньютана, Пранціш нарэшце змог задаволіць цікаўнасць.
— Кітайца завуць Чунь Лі, кухарам працуе ў графа Разанцава, — патлумачыла пані Лёднік. — Той яго ажно з Сібіры прывёз. Модна зараз мець па некалькі кухараў-іншаземцаў. А гэты так прыгатуе, што не зразумееш ні па выглядзе, ні па смаку, што ясі — рыбу, мяса, гародніну ці ўвогуле якуюсь жамяру. Час ад часу прысылае нам ад графскага стала пакаштаваць сваіх вырабаў. Праўда… — Саламея замялася, — неяк яно не надта нам смакуе, не кажы толькі нікому. Дзядок няпросты, і медыцынай займаецца, і ўсялякімі баявымі штукарствамі. Бутрым неяк падгледзеў, як ён забіў добрага такога бычка, адкормленага дзеля панскай кухні… Няўзброенай рукой. З аднаго ўдару. А ты ж ведаеш, наш Фаўст ніколі не адмовіцца ад новых ведаў. Ну і паразумеліся… Бутрым яшчэ і кітайскую мову засвойвае.