Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

Пані перажагналася, завёўшы вочы ўгору, нібыта са столі на яе паглядаў нябожчык-муж, пацверджваючы кожнае прачулае слова.

— З’явіўся ў магістраце саслужывец, распусны малады чалавек, нічога святога. І вось папрасіў ён майго будучага мужа і ягонага сябра, такога ж годнага і цнатлівага чалавека, памагчы беднай удаве з двума дочкамі, якія прыехалі ў Гародню, каб вырашыць складаную справу пра спадчыну. А калі муж з сябрам, поўныя дабрачынных намераў, прыйшлі да тых кабетаў, аказалася, гэта жанчыны непачцівыя, гасцей апаілі нейкай дрэнню… Прачнуўся мой бедны Нічыпор уранку без кашалька, у пустым доме на ўскрайку места, ды яшчэ з адчуваннем ганьбы… Той паскуднік, які іх заманіў у логвішча граху, бо зайздросціў

іхняй чысціні, знік разам з грэшніцамі, якім — мой муж абавязкова б дабіўся — адрэзалі бы паводле Статута вушы і насы на рынкавым пляцы. І вось прыйшоў Нічыпор з сябрам у магістрат… І такі жаль на іх напаў, так мучыла пакута, што давай яны плакаць ды маліцца, кленчачы… А тады сябар і кажа: «Мусім мы сплаціць за свой грэх. Давай, браце Нічыпор, вазьмі бізун і адмер мне пяцьдзесят удараў, не шкадуючы». Што мой муж і зрабіў, а потым і сам лёг, каб тое ж пакаранне атрымаць. Тады лягчэй абаім на душы сталася. Вось так даўней сармацкія звычаі захоўвалі!

Пані аж расчулілася ад аповеду, выцерла насоўкай слёзы. А Пранціш падчас ейнай павучальнай гісторыі ледзь стрымліваўся, каб не зарагатаць. Вось жа святошы тыя юрысты! З прыгожымі паненкамі ў адным пакоі пабылі, і потым ад жаху абрыдаліся, ды яшчэ адзін аднаго адсцябалі. А можа, нябожчык Нічыпор усё-ткі не ўсе падрабязнасці жоначцы расказаў, ці моцна прыкрасіў аповед? Але Вырвіч пастараўся надаць сабе самы прыстойны выраз — асабліва пад пагрозным паглядам Лёдніка, які выдатна памятаў сумніўныя подзьвігі Пранціша на куртуазным полі.

Каштоўнасці Багінскай вырашана было ўсё-ткі ахвяраваць на кляштар, толькі не той, дзе пакутвала камерыстка княжны… А пані Гартэнзія была гатовая заручыны аб’яўляць — бо Ганулька, па ўсім відно, не стала б пярэчыць, а гэта для яе прыёмнай маці ўсё вызначала, няхай жаніх не багаты. Мусіць, не раз расказвала шчырая і даверлівая дзяўчына пані пра сваё нешчаслівае каханне, дык чаму не завяршыць яго шчаслівым шлюбам?

Але Лёднік нагадаў, што ў іх з панам Пранцішам Вырвічам вельмі важная справа, вось вырашаць яе — і абавязкова вернуцца ў Ляшчыны, а пакуль маладыя няхай правераць пачуцці, адноўленыя пасля доўгага расстання.

Вырвіч быў вельмі рады такому павароту, бо за некалькі гадзінаў стаць заручоным чалавекам — гэта неяк занадта. Хаця ручку панне Макавецкай пацалаваў з усёй жарсцю драгунскай душы. І панна шапнула, што будзе чакаць.

Калі яны, пакінуўшы гасцінныя Ляшчыны, скакалі праз вечаровы прыцемак, наетыя, але не надта напітыя — віно на стале стаяла, але які ж разумны жаніх пакажа, што неслабы піток, Лёднік сказаў адно:

— Не будзь дурнем, Вырвіч, не ўпускай такі шанец. Дзяўчына прыгожая, сціплая, кахае цябе так, што нават не папракнула. І багатая настолькі, што кінеш ты спакойна вайсковую службу і будзеш пад бокам прыгожай жоначкі вершы пісаць і дзецям пра ўласныя авантуры распавядаць. Пані Гартэнзія больш за два гады, на жаль, не працягне. Станеш гаспадаром. І тое, што ты праваслаўны, а Ганулька ўніятка, не перашкода, бацькі ў дзяўчыны праваслаўныя былі, зацятасці ні ў цёткі, ні ў пляменніцы ніякай няма, з Божай дапамогай усё наладзіцца. Фартуна табе ўсміхнулася, пан Вырвіч!

Памаўчаў і дадаў:

— І беднай Раіне Міхалішыўне галаву не тлумі. Яна, як пабітае кацяня, да цябе прывяжацца, а ты з ёй толькі пагуляцца можаш. А ёй і так па жыцці дастаецца. Я ведаю, як гэта, бо сам быў рабом. Калі надзяваюць ашыйнік на чалавека, які ўмее мысліць і ствараць, і дакрануўся да мудрасці асветы, і адчувае, што такое годнасць — гэта часам горш за смерць. І яшчэ адна здрада можа стаць тым каменем, пасля якога і без таго перапоўнены човен апусціцца на дно безнадзейнасці назаўсёды. І не ўздумай пра сваё жаніхоўства нават рэкнуць. Ты ж павінен падавацца закаханым у графіню Батысту…

Пранціш разумеў, што Лёднік мае

рацыю. І нічога супраць Ганулькі Макавецкай не меў. Але чагось не хапала, каб п’янкое шчасце ўдарыла ў галаву, як шампанскае, каб не карцела паспрабаваць якіх іншых сцежак-дарожак. А на адной з тых дарожак свяціліся празрыста-зялёныя вочы Раіны Міхалішыўны, на другой — блакітныя гарэзныя вочы Паланэі Багінскай… Дый карчмарку Рыўку з Вільні не хацелася зусім занядбаць… А давядзецца. А можа, на якойсьці са сцежак на Пранціша Вырвіча прыхільна зірнуць вочы яшчэ не сустрэтай каралеўны?

— Рамантыка з дурной галавы не выветрылася, — паставіў дыягназ Лёднік. — Зразумей, век не будзеш у вокны паненак шастаць ды ў карчмарак на дурніцу піва выпрошваць. А паколькі двойчы з адной кветкі яблык не выспее, не дапусці, каб хто іншы яго сарваў. Бо пані Гадлеўская прызналася, што да наступных Пакроваў збіраецца Ганульку выдаць замуж, і слова ў яе ўзяла на гэта. Той сусед пан Ладыслаў не такі ўжо багатай нявесце брыдкі.

Вырвіч зноў атрымаў укол у сэрца — а гэта на пачуцці дзейнічае, як падзьмуць на чырвоныя вуглі, — і дэкляраваў урачыста, што ён не дурны, і шчасця не ўпусціць. Вернецца да Ганулькі Макавецкай, толькі вось адправяць Шрэдэра за мора.

У маёнтку, куды прывёз іх Шрэдэр, было цёмна і ціха, як на дне марскім — дзіва што, ноч на двары. Загасцяваліся драгун з былым алхімікам.

Таму Пранціш, як толькі зайшоў у адведзены яму пакой — на мансардзе, амаль што на гарышчы, паваліўся на ложак, лежачы, так-сяк сцягнуў з сябе боты… Добра, што ў Ляшчынах не начаставаліся віном, а то б зараз галава гула, як скінутая з дрэва борць.

За вакном буркатаў дождж, як прафесар на студэнтаў, якія не падрыхтаваліся да практычных заняткаў. Адзін раз ён грукнуў у шыбу асабліва гучна. Так што Пранціш, якога ахутала першая салодкая драма-паўява, з прыкрасцю прачнуўся. Цяпер грукнула так, як не мог бы зрабіць сваёй празрыстай лапай дождж. Спрасоння Вырвіч ажно пералякаўся: хто можа стукацца ў вакно пад самым дахам, ноччу, у залеву? Птушка? Альбо… прывід? Русалка? Начніца? Кікімара? Дамавік?

А за шыбай нешта варушылася і нібыта чуўся голас… Не птушка, не… Значыць, нячыстая сіла!

Але няўжо адважны драгун герба Гіпацэнтаўр спалохаецца здані?

Вырвіч перахрысціўся, схапіўся за шаблю і на дыбачках падыйшоў да вакна.

— Пан Вырвіч, адчыніце!

Голас Раіны Міхалішыўны? Альбо ейнай бесцялеснай сутнасці? А можа, яна — ламія, граф Батыста цалкам мог ператварыць прыгажуню ў начную пачвару, якая высмоктвае па начах кроў з даверлівых мужчын… А можа, Міхалішыўна, пакуль яны ездзілі, памерла, і ейны неспакойны дух захацеў наведаць маладога шляхціца?

Па шкле зноў забарабанілі тонкія пальцы:

— Ды ўпусціце ж мяне, дзеля Госпада нашага Ісуса Хрыста!

Пранцішу стала сорамна за свой страх — ён успомніў, як калісьці яго самога прымалі за прывіда. І аднакурснік па Менскім калегіюме езуітаў Міхаська Міцкевіч баяўся адчыняць вакно канвенту, пакуль Пранціш не назваў імя Гасподне.

Шыбы, на шчасце, не былі забітыя, але адчынялася толькі ніжняя частка, з двума шкельцамі. У такую адтуліну толькі птушка й пралезе… Ці танклявая акрабатка.

— Не запальвайце агонь!

У пакой праслізнула гнуткая постаць. Пранціш схапіў здань за руку: халодная, мокрая — але жывая! Графіня Батыста!

А тая ціха засмяялася.

— Ды не прывід я, пан Вырвіч, я на хвілінку, мне неабходна вас папярэдзіць…

Пранцысь узрадваўся, што ў цемры не бачна, як ён чырванее. Але ж, падобна, дзяўчына праслізнула ў ягоны пакой, апранутая толькі ў шаўковую кашульку. Вымакла ўся… А як яна прабралася ў вакно? Па сценцы караскалася?

— Там вузкі карніз ёсць, — прашаптала Міхалішыўна, як быццам умела чытаць думкі. — А я спрытная. Батыста мяне замкнуў, таму й давялося…

Поделиться с друзьями: