Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:
Дзесьці адрывіста гаўкнуў сабака, гэткі сабачы цівун, падаючы знак, што за ўсім сочыць, і дзяўчына ўздрыгнула.
— Вырашыла не адкладаць размову — мала што… Пан Вырвіч, калі прыедзем у Лебу, вас паклічуць за развітальны стол. Нічога не ешце і не піце.
— Чаму? — Пранціш прыабняў Міхалішыўну — таненькая, але моцная, як лаза, мокрая шаўковая тканіна слізгала пад рукой, нібыта абымаўся з русалкай.
— Вас з доктарам хочуць апаіць і завалачы на карабель, звезці ў Італію.
Пранціш схаладнеў. А ён паверыў, што ўсё так проста скончыцца.
— Навошта?
— Не ведаю… — Міхалішыўна сутаргава ўздыхнула. — Магчыма, проста баяцца, што вы зашмат ведаеце.
— А
— У крышталёвым шары пабачыла, — ціха засмяялася дзяўчына. — Ну вядома ж, падслухала. Будзьце асцярожныя, пан Вырвіч. Усё, мне час.
Раіна нечакана кранула вуснамі вусны Пранціша — лёгенька, як пялёстак кветкі — выслізнула з абдоймаў драгуна і зноў знікла ў дажджы і цемры.
Пранціш высунуў галаву ў вакно — амаль нічога не было відаць, угадвалася толькі, як перасоўваецца ўздоўж сцяны светлы цень.
Вырвіч зачыніў вакно, яго пачынала калаціць — ад гневу і незразумелай тугі. Магчыма, шчаслівае сямейнае жыццё шляхціца Вырвіча можа не адбыцца… Цяпер трэба старацца пазбегнуць атруты, падлітай у каву альбо падсыпанай у бігас.
Ды яшчэ хоць бы адчайная Міхалішыўна не папалася свайму гаспадару. Бач, якая… Ні агню не баіцца, ні вады, ні вышыні. Хаця панна Паланэя Багінская таксама спрытная была, як хлапчук. І на кані скакаць, і цераз сцяну пералезці, і з кінжальчыкам управіцца…
Вырвіч уздыхнуў. Але ўспамін пра блакітнавокую княжну ўжо не так кроіў сэрца, вастрыё страты затупілася, як аловак, якім занадта шмат пісалі адно і тое ж, падлічваючы згубленае. Пранціш крануў пальцам вусны, там, дзе яго пацалавала Міхалішыўна, бо ўсё яшчэ адчуваў дотык — хоць сама ўся вымакла пад халодным дажджом, а вусны цёплыя. Урэшце, гэта першы выпадак, калі ў вакно да Вырвіча, рызыкуючы, залезла дзяўчына — раней ён сам неаднаразова здзяйсняў такія подзвігі. Калі яна даведаецца пра ягонае жаніхоўства — наколькі гэта яе закране? Вось Ганулька ўсё б даравала. Усё сцярпела… Найлепшая ліцвінская жонка для воя. Як у казцы: прыйшоў муж, памяняўшы карову на мех з гнілымі яблыкамі, а яна толькі радуецца.
Хаця, можа, карысней усё-ткі было б паганяць нягеглага сужонца чапялой.
Заснуў драгун, толькі на ўсялякі выпадак падсунуўшы да дзвярэй цяжкі куфар. Хто аглядаецца, той не каецца. Заўтра з самай раніцы трэба перагаварыць з Лёднікам, «сватам» сваім. Хто б мог падумаць, што куплены за шэлег халоп будзе калісьці пасажоным бацькам на вяселлі свайго гаспадара!
А нікога іншага на гэтым месцы Пранціш Вырвіч уявіць не мог і не хацеў.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
ВАНДРОЎНЫЯ ВЫДМЫ І ДВУБОЙ ЛЁДНІКА
Горы белага пяску высіліся паўсюль, куды сягала вока, толькі на поўначы замест іх спявала сваю адвечную песню мора. Шэрае, у дробных зморшчынках, там-сям пазначаных белымі мазкамі. Вецер дзьмуў так, што часам займала дыханне, быццам ад хуткага бегу, і пакідаў у роце, у валасах калючыя пясчынкі. На тле белага пяску чорныя мёртвыя дрэвы, пахіленыя ўсе ў адзін бок і нібыта абгарэлыя, глядзеліся, як пакараныя грэшнікі у пекле.
— Тут яшчэ не так даўно быў лес… — прамовіў пан Караль Рысь, які сустрэў вандроўнікаў у Лебе, забяспечыў жытлом і вось — пацягнуў глядзець мясцовыя дзівосы. — Яны рухаюцца… Гэтыя выдмы… І ўсё на сваім шляху знішчаюць, як бы лава падчас вывяржэння вулкана.
Пан Рысь, гадоў трыццаці, высокі, плячысты і гожы, быў адным з альбанчыкаў, гаварылі, што ён зухаваты і дужы не менш, чым Міхал Валадковіч, расстраляны ў Менскай ратушы, і гэтаксама карыстаўся прыхільнасцю Караля Радзівіла. Чорныя вусы пана тырчэлі на адной лініі паралельна зямлі, і на бледным ад прыроды твары здаваліся прыклеенымі.
Нават тут пан быў ва ўлюбёным мундзіры Віленскага ваяводства: цёмна-сіні кунтуш, жупан з чырвонымі адваротамі, белая шапка з каракулем, бурка, жоўтыя боты.— Дык што, гэтыя пяскі і горад замятуць? — здзівіўся Пранціш.
— Ужо замялі, — патлумачыў альбанчык. — Горад быў раней тут, дамы стаялі… Потым людзі перабраліся далей. Бо не могуць чалавечыя высілкі стрымаць гнеў Божы…
Пан паказаў на роўныя шэрагі драўляных сваяў, акаваных жалезам, што былі ўбітыя ў пясок.
— Вось так і нас нішчаць і змінаюць, і ператвараюць у вартыя жалю руіны! — з пафасам, як на сойме, прамовіў альбанчык. — Падумайце толькі — палякі не захацелі падтрымаць пана Караля Радзівіла, бо ён болей любіць ліцвінаў, у Варшаве нудзіцца па Нясвіжы. Маўляў, што за кароль, які адну палову каралеўства любіць больш за другую. І мы атрымалі на сваю шыю Цялка! Таму хутка з усёй дзяржавай будзе, як тут — паглядзіце, стагоддзе таму там стаяў касцёл!
Праз пясок чырванелі цагляныя абрысы падмурка, быццам засохлая кроў. Здавалася, гэтым руінам не менш за тысячу гадоў. Пранціш глядзеў вакол і намагаўся запомніць радкі, што складаліся ў галаве — запісваць на вачах ва ўсіх не было як, гэта Удальрык Радзівіл мог спыніцца пасярод залы з радавітымі гасцямі і крэмзаць у раптуляр прадыктаванае натхненнем, не зважаючы на насмешкі і пытанні. Але ж на тое ён і магнат, які можа быць хоць жорсткім тыранам, хоць дзіваком, замовіць партрэт неіснуючай ідэальнай дамы і суткамі распяваць карціне мадрыгалы. А Вырвіч — бедны шляхцюк і нікому не вядомы паэт, да якога проста прыходзяць вершы.
…Выдмы ідуць. Паглынаюць дамы і касцёлы. Чорныя мёртвыя дрэвы — як помнікі ім. Хвалі марскія ўсё прагнуць прасторы і волі, І наступае ўсё далей імперыя выдм. Белы пясок, а за ім — цёмна-шэрыя хвалі, Што ні імперыя — межы свае праміне. Ну і навошта мы храмы свае будавалі, Раз апынуцца пад выдмамі, потым — на дне? Мовай пяску загавораць лясы і паляны, І балаты ператворацца ў белы пясок. І застанецца над выдмамі крыжам драўляным Мачта майго карабля, што нікуды не ўцёк.— Выдатныя дэкарацыі! — прамовіў граф Батыста. Вецер раздзімаў ягоны чорны плашч так, што здавалася, маг зараз ператворыцца ў кажана і ўзляціць у шэрае неба. — Ты згодна, міа кара?
Тужліва закрычалі чаіцы. Міхалішыўна, якая ў пунсовым плашчы нагадвала дзівосную кветку сярод мёртвага саду, з насалодай удыхнула халоднае марское паветра.
— Так, менавіта ў падобных месцах павінны разыгрывацца самыя вялікія трагедыі!
— Ну што ж, — прамовіў Батыста, адварочваючыся ад парываў ветру, — падары нам незвычайнае ўражанне. Думаю, арыя Дыдоны, пакінутай Энеем, тут прагучыць дарэчы… Стань вунь там, на адхоне, ля дрэва!
Міхалішыўна пакорліва схіліла галаву і, правальваючыся па шчыкалаць у пясок, узбегла на адхон дзюны — Пранціш нават не паспеў прапанаваць ёй руку.
— Асцярожней, тут месцамі можна ўваліцца, як у дрыгву! — папярэдзіў Рысь, але Міхалішыўна ўжо застыла на месцы.
— Ёй будзе цяжка спяваць, пан Батыста! — змрочна прамовіў Лёднік. — Моцны вецер, да таго ж з пяском… Яна можа пашкодзіць звязкі!
— Серафіна мацней, чым вы думаеце, — насмешна адказаў маг. — Яна ўладарыць над стыхіямі…