Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

— Як толькі чалавек вырашае, што над чымсьці ўладарыць, Гасподзь адразу ж даказвае яму адваротнае, — адрэзаў доктар.

— З такімі поглядамі васпану найлепей было б у кляштары, — не хаваючы раздражнення, адказаў Батыста. А Пранціш і пан Рысь глядзелі на актрысу: яна нейкі час пастаяла каля чорнага пахіленага дрэва, паклаўшы на яго руку і пра нешта думаючы… А потым, калі ўскінула галаву, з якой зняла шапку, і чорныя валасы яе ляцелі па ветры, і лунаў чырвоны плашч — драгуна як па сэрцы разанула… Бо гэта была ўжо не прыгонная актрыса і не асістэнтка шалбера-фокусніка, а царыца Карфагену Дыдона. Бровы трагічна выгіналіся над глыбокімі гораснымі вачыма, белыя тонкія рукі сціскаліся ў адчаі.

— Калі на горад, грэшны і распусны, Багі
абрушваюць свой гнеў — зямлю ўзразаюць
Расколіны, у студнях — соль і жоўць, І гора тым, хто толькі нарадзіўся… Мая душа — нібы пракляты горад… З расколінаў надзеі льецца кроў, І здрады жоўць пячэ, і вочы слепнуць Ад солі слёз… Каханне, ты — праклён!

Словы, магчыма, былі не надта зграбныя, але пра гэта не думалася. Таму што пачуццё, укладзенае ў іх, было сапраўдным. Пранціш успомніў, як Міхалішыўна іграла ў Слуцкім тэатры — і тады яе майстэрства зачароўвала, а ад тых часоў яшчэ ўзрасло. Яе голас быў глыбокі і гучны, без дрыготкі, якая часта псуе самы лепшы тон. Батыста паглядаў на Пранціша і пана Рыся з выглядам князя Радзівіла, які дэманструе гасцям сваю скарбніцу, набітую па самую столь, упэўнены, што тыя не ўразіцца проста не могуць, і больш за ўсё на свеце жадаюць займець хоць частку ўбачанага…

Міхалішыўна скончыла спяваць, грацыёзна раскланялася… Яе чырвоны плашч лунаў, як ветразь.

— Ну як, панове? Чароўнае відовішча? — задаволена папытаўся італьянец, чый парык на фоне шэрага неба і белага пяску здаваўся брудна-шэрым, як быццам ім выціралі пыл.

Пан Рысь падкруціў вусы, ад чаго іх кончыкі ваяўніча прыўзняліся.

— Цалую пані ручкі і ножкі… Вам пашанцавала, пан Батыста, валодаць такой прыгажуняй… У мяне ажно слёзы на вочы навярнуліся. Хаця мая мілая жоначка ў мяне слёзы яшчэ вярней здабывае.

Альбанчык весела і мройна засмяяўся сваім успамінам.

— А што, пані Рысь таксама прыгожа спявае? — хаваючы раздражненне, спытаў італьянец, які, пэўна, разлічваў, што егіпецкая прынцэса разам з драгунам счаруе і альбанчыка, раз уздзейнічаць на зацятага Лёдніка — гэта разумелася ад пачатку — было бескарысна.

Пан Рысь ганарыста ўсміхнуўся.

— О, мая Магдуля ўмее ўсё! Яна, панове, амазонка, Дыяна, каралеўна мая! Я ж яе адбіў у аднаго пястуна мамчынага, смятанніка… Я на сотні двубоях біўся, і на ўсіх перамог! А той без цёплага каптанчыка і ўлетку не выйдзе. А Магда ў бякаса на скаку трапляе! Мы з ёю — дабраная пара… Дык вось, упадабаў я адну забаву — страляць па абцасах жончыных туфлікаў… Ну так міла атрымліваецца… А паслухаць жоначку пасля ды кухталя атрымаць, і пацалункамі выбачацца — мілата! — твар пана Рыся расплыўся ва ўсмешцы. — А яна зараз цяжарная, дык забараніла мне гэтую гульню… А на днях не вытрымаў я… Былі мы ў спачывальні, а Магдуліны чаравічкі так спакусна стаяць ля дзвярэй… Прыцэліўся… А жоначка хапае са стаўбурка другі пісталет: «Як васпан мой абцас адстрэліць, дык я яму такім жа чынам пас развяжу!». Стрэліў… А тады й яна… Я бокам да яе сядзеў, а куля мне і развязала пас!

Пан шчасліва засмяяўся, а Пранціш мімаволі зірнуў пану на жывот, нібыта там хацеў убачыць дзірку. Батыста крыва пасміхнуўся, усвядоміўшы, што альбанчык шчыра закаханы ў жонку, і пакіраваць ім праз егіпецкую прынцэсу не ўдасца.

Лёднік падыйшоў да Міхалішыўны, усмешка той стала змушанай. Падобна, доктара актрыса баялася не менш, чым мужа.

— Я б не раіў пані ў бліжэйшы час спяваць на холадзе. Я заўважаю прыкметы застуды. Перадам вам лекі, а то запаленне пяройдзе глыбей, да бронхаў. І пасядзець бы вам у цяпле колькі дзён…

— Я сам здольны вылечыць сваю жонку, — тут жа азваўся Батыста, ягоныя шэрыя, шырока расстаўленыя вочы былі калючымі, як студзеньскія ледзяшы. Чайкі закружлялі над шэрымі хвалямі і закрычалі асабліва жаласна, як людзі, што вярнуліся ў роднае паселішча ды пабачылі адны папялішчы. Лёднік не стаў спрачацца з італьянцам, паціснуў плячыма і адыйшоўся. Ён выдатна ведаў, што калі заступаешся за нявольніка перад ягоным уладаром, той спагоніць гнеў на тым, за каго ты заступаўся.

А Міхалішыўна раптам загледзелася на чаек, распрастала рукі, як крылы, засмяялася і затанцавала, пераймаючы парывістыя рухі крылатых гараватак — чырвона-чорная

птушка, абрынутая на белы пясок… Артыстка, што з яе ўзяць! Але была ў гэтым такая юная дзёрзкасць і прыгажосць, што нават Лёднік усміхнуўся. In arte libertas!

Батыста, праўда, скрывіўся і злосна бліснуў вачыма — мусіць, перападзе зноў дачцы крычаўскага збройніка за тое, што забылася на годнасць егіпецкай прынцэсы.

А белыя горы павольна працягвалі свой рух, і што ім было да казюрак, якія варушацца на іх спінах, думаючы, як падмануць адна адну.

Дом, які яны займалі, знаходзіўся ля самага мора, наводшыбе. Аднапавярховы, але даўжэзны, як каралеўскія стайні, з высокім дыхтоўным плотам, ён не здаваўся асабліва багатым. Але ўнутры было дзіўна: быццам нехта вываліў воз магнацкіх рэчаў у хату шарачка, каб прыкрасіць непрывычна для сябе бедны побыт. Драўляная, неахайна выструганая лава — а побач столік вытанчанай разьбы з чырвонага дрэва. Сцяна з голых бярвенняў — а на ёй раптам італьянскі пейзаж у залачонай рамцы.

Пан Шрэдэр, з якім сустрэліся за вячэрай, з заўсёднай ласкавай усмешкай абвесціў, што карабель прыпазняецца з-за неспрыяльнага надвор’я, але будзем маліцца, і справа атрымае годнае завяршэнне.

Значыць, пакуль можна смела вячэраць: атруту падсыпаць рана.

Сцены залы былі завешаныя габеленамі з выявамі сцэн Хоцінскай баталіі, калі войска кароннага гетмана Яна Сабескага разбіла войска Гусейн-пашы — яшчэ адна праява недарэчнай у сціплым будынку палацавай раскошы. У бойцы пад Хоцінам загінуў прадзед Вырвіча, але шаблю ягоную, Гіпацэнтаўра, напоенага варожай крывёй, баявыя таварышы перадалі сям’і загінулага, і была яна цяпер у Пранціша, апошняга з роду. На габелене гусары Ябланоўскага несліся ў атаку, за іхнімі спінамі біліся і гулі крылы на драцяных каркасах, коні пакрытыя лемпардавымі скурамі… Эх, слаўная была бітва! Не брат на брата ішоў…

Пан Рысь, асушыўшы трэці келіх віна, стукнуў рукой па стале.

— І карона, бласлаўлёная папам, знойдзе, нарэшце, годную галаву! Qui desiderat pacem, praeparet bellum! [13] Я прывёз сюды сто тысячаў дукатаў — сабраў з усіх сваіх маёнткаў і з маёнткаў братоў маіх альбанцаў, каб перадаць пану свайму Каралю Радзівілу, і калі трэба будзе апошні срэбны кубак закласці — закладу. Гэта ж выдатная задума — адкрыць у Рыме кадэцкі корпус! Станіслаў Ляшчынскі зладзіў жа такі ў Францыі, у Люнэвілі… Няхай хоць далёка ад радзімы гадуюцца сапраўдныя патрыёты!

13

Хочаш міру — рыхтуйся да вайны. (лац).

Строгія погляды Шрэдэра на пана Рыся ўплыву не мелі. Ён, асабліва падагрэты мальвазіяй, лічыў, што знаходзіцца ў кампаніі адзінадумцаў, і не збіраўся нічога ўтойваць.

— А хто больш годны? Князь Міхал Багінскі, які пра тую карону марыў, з Цялком сябруе, і кажуць, завёў сабе каханку-мужычку, за сэрца якой яны з Панятоўскім зараз змагаюцца. О то ж высакародныя асобы! Аляксандр Сапега прыняў булаву вялікага гетмана — і радуецца, як дзіця цацку атрымала. Толькі пан Караль — сапраўдны шляхціц, захавальнік сармацкіх традыцый! Памятаю, як у юнацтве апынуліся мы з ім за адным сталом. Я — сын слуцкага арганісты, ён — сын князя. І пан Караль сказаў, што мне пасуе не шляхецкая шапка, а дактарантка, якія арганісты носяць. А я выклікаў яго на двубой, бо і я шляхціц такі ж, як ён! Пабіліся добра… І мне пашана толькі ад пана Караля была — за смеласць. А пасля, калі памёр ягоны дзядзька, пан Геранім Радзівіл, які мной апекаваўся, пан Караль узяў мяне да сябе, і прыняў у альбанскую банду. І міласцямі сваймі адорваў…

Тры чалавекі за сталом пачуліся не лепшым чынам. Значыць, пан Рысь бываў у Слуцкім замку пры Гераніме Радзівіле і мог бачыць там Пранціша і Баўтрамея, якія ледзь той замак на кавалачкі не разнеслі, вызваляючы Саламею Рэніч. І актрысу Міхалішыўну мог пазнаць… Але калі б такі відны пан тады ў замку прысутнічаў, Пранціш абавязкова б яго запомніў! Мусіць, размінуліся яны з ім, слава святому Франтасію…

— А вось чараўнікоў пан Геранім не любіў! — як па намове, заявіў пан Рысь, падымаючы чацвёрты келіх і кідаючы хуткі позірк на Батысту. — Чараўнікоў у нас на ланцуг у сутарэнні садзілі. Яны брата пана Гераніма, князя Марціна, з розуму звялі!

Поделиться с друзьями: