Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:

— А я твайго дазволу і не пытаюся! — ганарыста прамовіў Пранціш. — Ён за мяне адказвае! Забыўся, хто ты і хто я? Шляхціц сам вырашае, ісці ў бойку ці не!

Лёднік падціснуў вусны і панурыўся. Пучыні са здзіўленнем паглядзеў на абодвух, з уздыхам падсунуў да сябе аркуш, пацёр нос-бульбіну і працягнуў размову-змову, на гэты раз ледзь заўважна, але пачціва схіляючыся ў бок Пранціша, які прызнаўся ў сваім высакародным паходжанні:

— Пакуль што наш план утвараецца з некалькіх амаль невыканальных задач. Калі б мне прынеслі ставіць такую п’есу, я б адразу сказаў, што яна непраўдападобная, і сюжэт выратуе толькі «бог з машыны».

— Смеласць замяняе любую машыну! — фанабэрыста заявіў Пранцысь. — Мне здаецца, вы тут усё ўскладняеце. Схемы намалявалі…

Доктар нервова

сціснуў пальцы:

— Адна справа, калі зняволены можа дзейнічаць сам. А Саламею наўрад з ланцуга адпусцілі. Перадаць ёй напільнік, вяроўку, нават цыдулку ці словам перамовіцца — немагчыма, за кожным маім рухам у яе прысутнасці назіраюць, яе самую абшукваюць. Адзіная наша надзея — што ў тэатры ёсць адмысловыя прыстасаванні для палётаў Купідонаў. Бачыў?

Пранцысь кіўнуў галавой.

— Шнур сплецены са сталёвых валокнаў, ён зусім тонкі, але трывалы і гнуткі. Калі слотнай ноччу ён павісне на сцяне, ніхто не заўважыць.

— Раніцай заўважаць. Варты тут болей, чым простых слуг. Слуцак трэба пакідаць у тую ж ноч. Іначай — усё… Мыш не праслізне. І часу на другую спробу не будзе, — папярэдзіў Пучыні.— Карацей, трэба яшчэ раз усё вымераць, разважыць…

— Ну, добра, перамераеце вы сцены палаца… А як уцякаць з замка? — пацікавіўся Пранціш. — Валы, мост, на кожнай браме варта…

— Тут нам дапамогуць звонку, — няўважна сказаў Лёднік. — Пра гэта турбавацца будзем потым. Усё, сіньёр Пучыні. Мне яшчэ лекі рыхтаваць, да Пфальцмана трэба наведацца. Да таго ж мы і так выклікалі падазрэнне сваімі доўгімі размовамі за зачыненымі дзвярыма. Так што прывядзіце да мяне яшчэ некалькі артыстаў на агляд…

— Тым больш ім цяпер лячэнне спатрэбіцца, — з’едліва сказаў Пранціш.

Пучыні запытальна глянуў на юнака. Вырвіч пагардліва пакрывіў вусны.

— Я толькі што бачыў, як у вашым тэатры выхоўваюць таленты. З дапамогай палкі.

Дырэктар спахмурнеў.

— Гер Пільшчын… Ён старанна выконвае распараджэнні княскае мосці. Што зробіш — насамрэч я не маю ніякай тут улады… Тэатр, здавалася б, раскошны, а які таленавіты мясцовы люд… Прыгонная дзяўчына, вырасла ў курнай хаце, і раптам — таньчыць як антычная багіня, і перадае ўсе тонкасці перажыванняў царэўны Наўсікаі, і ўглядаецца ў чаканні Адысея ва ўяўную марскую далячынь так, што свецкая публіка плача, змываючы пудру. А тая дзяўчына і мора не бачыла! Як добра ўсё пачыналася, на якім энтузіязме… Але хіба гэта храм мастацтва? Калі гаспадар патрабуе толькі муштры… — дабрэнны твар італьянца перакрывіўся ад нянавісці.—Артыстаў вярбуем паўсюль — у Кёльне, Вене, Кракаве, Варшаве… Але ніхто сюды ехаць не хоча, бо начутыя пра норавы. Князь можа хворага артыста на сцэну выгнаць, калі схібіць — у карцэр пасадзіць. Закупілі партыю мурынаў — прывезлі іх проста ў жалезных клетках, як звяроў. Таксама іграць прымушаюць. Дзеці ў балетнай школцы паміраюць, як не лічаныя… Забіраюць іх ад бацькоў, сялян ды простых месьцічаў — гвалтам… На сцэну жаўнераў выводзяць! Ва ўзбраенні! Якому-небудзь ротмістру могуць галоўную ролю распісаць — бо добра маршыруе. Калі б я не меў надзею на помсту… даўно б адсюль…

Пучыні адвярнуўся, спрабуючы супакоіцца.

— А што, сіньёр Пучыні, вы трымаеце тут якое-небудзь адмысловае італьянскае віно? — роўным голасам папытаўся Лёднік.

Дырэктар неўразумела паглядзеў на яго.

— Вы хочаце выпіць? Але князь не дазваляе…

— Мы хочам выпіць, — падкрэслена прамовіў Лёднік. — Дакладней, менавіта гэтым мы з вамі і займаліся апошнюю гадзіну. Нават чаркі недапітыя не схавалі… Вось такое парушэнне дысцыпліны. Князь, вядома, раззлуецца, але ж не да сячэння галоў…

— Што ж, ваша праўда, лепей такое тлумачэнне для шпегаў, чым ніякага, — італьянец падыйшоў да сакратэру з чырвонага дрэва, павярнуў ключ. За дзверцай весела збліснула пузатая бутэлька.

— Тасканскае… Каштую ў самыя горкія моманты жыцця.

Паставіў на стол тры чаркі, наліў да паловы.

— Ну што ж, за поспех!

— За поспех! — адгукнуліся Лёднік і Вырвіч.

Апошні глыток віна італьянец не дапіў, выплюхнуў на паркет, прамармытаўшы:

— Табе, Лаўрэнсія… — і звярнуўся да Лёдніка.

— Дарэчы, гер Лотман, даўно хацеў

у вас папытацца, чым гэта вы так улагодзілі князя падчас першага агляду? Магія?

Лёднік усміхнуўся.

— Напаіў яго добрай супакаяльнай мікстурай. Ільвіная трава, півоня, валяр’яна… І трошачкі маку. Я з такімі кліентамі не раз сустракаўся. Уяўляеце, ён нават паказаў мне дыярыюш, які ўвесь час з сабою носіць і ў ім замалёўвае голкі, цвікі, аскалёпкі шкла, якія яму дадаюць у стравы.

Калі Пранцысь і Барталамей адсмяяліся, італьянец параіў:

— Паболей маку цяпер дабаўляйце ў князевы адвары, мой дружа.

— Пастараюся, — сур’ёзна прамовіў Лёднік.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

ПАЛЁТ СІЛЬФІДЫ

Як сцвярджаў Парацэльс, Сільфы і Сільфіды — элементалі паветра, па-сяброўску настроеныя да людзей, і нават былі выпадкі, калі яны запрашалі звычайнага чалавека пажыць на сваіх паветраных вастравах.

Але чалавек занадта цяжкі, каб жыць на паветраных вастравах. Яму патрэбна грувасціць камяні на камяні, змацоўваючы збудаванае чужой крывёю.

Лёднік, Пранцысь і малодшы брат сіньёра Пучыні Джавані, чарнавусы вясёлы спявак, любаваліся скрозь прыцемак Слуцкам, які ляжаў пад іхнімі нагамі — у прамым сэнсе гэтага слова. Бо названыя персоны стаялі на даху кутняй вежы, на тым яе схіле, які быў больш пляскаты. Вакол іх грувасціліся прыстасаванні, неабходныя для астранамічна-астралагічна-медычных рытуалаў, мелася нават невялікая падзорная труба, усталяваная на трох дрогкіх ножках, як пачварная жамярына. Санлівае восеньскае сонца амаль схавалася, і заходняе неба фарбавала дахі і муры ў барвовае адценне, нібыта памячала ілбы будучых ахвяраў крывёй. Брамнік Капыльскай брамы празваніў ужо першую чвэрць шарай гадзіны, і жыхары горада пачалі гасіць агонь у сваіх печках. Толькі там-сям свяціліся вокны — рамеснікам дазвалялася працягваць працу пры святле каганцоў і свечак. Замыкаліся нават корчмы. Калі ж які-небудзь наведнік, асабліва натхнёны сустрэчай са шкляным богам, не жадаў пакідаць прыветныя сцены карчомкі, рызыкаваў назаўтра апынуцца на вале і цягаць там зямлю разам з жабракамі, непачцівымі жанчынамі альбо дзёрзкімі падмайстрамі, якіх адправілі на вал у пакаранне за тое, што выпала ім шчасце жыць у слаўным беларускім горадзе Слуцку.

— А калісьці гэты замак належаў Алелькавічам, — задумліва прагаварыў Лёднік. — Вялікі палац пачынала будаваць княгіня Анастасія, удава, якая з мячом у руках стаяла на гэтых мурах… Потым тут пакутвала ціхая княжна Сафія, чакаючы з бясконцых паходаў свайго ганарлівага мужа, Януша Радзівіла. А сёння…

— Сёння тут пануе шалёны тыран! — злосна азваўся Джавані, які гаварыў па-беларуску практычна без акцэнту, і Лёднік спыніў на ім зацікаўлены позірк.

— А чаму вы ўвязаліся ў нашу небяспечную справу, Джавані? Вы былі так прывязаныя да жонкі вашага брата? Выбачайце, што пытаюся, але ж мы не на баль збіраемся…

Джаванні сціснуў сківіцы, яго твар раптам набыў жорсткія, вострыя абрысы, як у рымскага легіянера.

— Вы проста не разумееце, у якім жаху мы тут жывем. Паглядзіце на слупы з мерцвякамі… Гісторыя з Лаўрэнсіяй — гэта дробязь, князь усяго толькі хацеў пакараць яе мужа, які не выканаў ягоныя распараджэнні па спектаклю. Гэты вар’ят проста не ў стане ўявіць, што чужое жыццё чагосьці вартае… Думаеце, каб мы маглі з’ехаць, тут заставаліся б? — Джавані горка засмяяўся. — О, мадона, колькі разоў мы думалі збегчы! І не толькі мы. Некалькі год таму два курляндскія афіцэры самавольна пакінулі службу ў князя. Дык той не паленаваўся войска падняць. Небарак схапілі, інсцэнавалі смяротнае пакаранне, у апошнюю хвілю памілавалі, і больш пра іх ніхто не чуў… Да ўчарашняга дня. Знаёмы мушкецёр расказаў, што начальнік турмы атрымаў прашэнне: тыя два афіцэры прасілі замяніць ім вопратку і абутак, бо старое ўсё пагніло. Уяўляеце, дзе яны сядзяць, калі нават абутак гніе? — Джавані сплюнуў уніз. — Не хачу сказаць, што я такі смелы, што не баюся патрапіць у такія сутарэнні… Але адзіная надзея для нас — знайсці іншага апекуна. Сапегі абяцалі брату, што абароняць, дадуць працу, узнагародзяць. А калі давядзецца загінуць… Я — мужчына і неапалітанец. Галоўнае, каб хутка.

Поделиться с друзьями: