Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

— Ты што гэта, сучы сын, сабе дазваляеш? Я цябе, хамуйла, навучу, як са шляхціцам паводзіцца!

— Дык то са шляхціцам… — раптам з крыўдай прагаварыў Хвелька. — А мне Карп распавёў, што пан Лёднік — зусім і не пан, а чарнакніжнік, і ў вас, вашамосць, слугою быў, а брат пана Гервасія дык увогуле яго за халопа трымаў.

Пранціш для важкасці адвесіў Хвельку пару кухталёў.

— Запомні, хамуйла: нават кароль можа ў палон патрапіць і на ланцугу сядзець. Калі пана Лёдніка сам вялікі гетман паважаў, за стол з сабою садзіў, дык не табе ставіць пад сумнеў ягоную годнасць. Ясна? Доктар жыццё табе выратаваў, з таго свету выцягнуў, а ты важыш, ці дастаткова твой пан для цябе радавіты!

Хвелька, вядома,

запэўніў, што ўсё з’ясаваў, і перапрашаўся, і каяўся… Але водгулле атрымалася ад такога дробнага здарэння непрыемнае… Пранціш памятаў сябе, шкаляра, якому дастаўся ў рабства раскаяны алхімік. І як ён ставіў алхіміка на месца… І, выходзіць, Лёдніка, сына гарбара, да канца жыцця так і будуць ставіць на месца — нават слугі… Для Пранціша, які аднойчы прызнаў доктара роўным сабе, гэта атрымлівалася асабістай абразай… Але ж і сам пан Вырвіч, уладальнік герба Гіпацэнтаўр, у глыбіні душы лічыў Лёдніка няхай і выбітным чалавекам, але — інакшым ад патомнай шляхты, бо ў ягоных жылах усё роўна цякла простая, брудная кроў… І бацька Пранціша, пан Даніла Вырвіч з Падняводдзя, загонны шляхцюк, які сам вывозіў на поле гной, уторкнуўшы ў воз шляхецкую шаблю, быў па сармацкіх законах бясконца вышэй за бязроднага прафесара з двума дыпломамі, у парыку і модным камзоле.

А потым давялося ісці ў вёсачку з красамоўнай назвай Карытнікі, счакаўшы свята, каб людзі былі дома. Перад выправай прафесар з валізай у руках спыніўся ля тапчана, на якім, задраўшы ногі ў жоўтых саф’янавых ботах на падваконне, ляжаў пан Гервасій:

— Ваша мосць не хоча паглядзець, як жывуць ягоныя падданыя?

Доза жоўці ў голасе прафесара была дастаткова заўважнай. Амерыканец сеў і варожа ўтаропіўся ў прафесара.

— Што я, мужыкоў не бачыў?

Лёднік скрывіў вусны.

— Вы, вашамосць, так жадаеце даведацца, як жывуць бедныя індыянцы… Ці не варта мець, з чым параўноўваць? Запэўніваю — экзотыкі і дзікунства ў глухіх беларускіх вёсачках ніяк не менш, чым у пасяленнях ацтэкаў і майя.

Амерыканец падумаў, і зрабіў літасць зацікавіцца. Усё роўна ад нуды пачаў мух расстрэльваць гарохам з трубачкі, а астралябію, хітрамудрую і бескарысную з-за тае хітрамудрасці закінуў так, што забыўся, куды.

Пашкадаваў пан Гервасій аб сваёй цікаўнасці ўжо калі пад’язджалі конна да Карытнікаў па такой гразкай дарозе, што не заслугоўвала наймення дарогі — так, недаробленая сцежка па гліністай гразі. Конь пана Агалінскага ледзь не паваліўся ў адным асабліва слізкім і гразкім месцы, камякі гліны ляцелі на вершнікаў, асядалі на вопратцы ардэнамі восеньскіх вандраванняў.

А калі даехалі, ды спешыліся, ды пайшлі па хатах… Хатамі гэтыя буданчыкі, напаўзарытыя ў зямлю, маглі называцца не больш, чым сцежка да Карытнікаў дарогай. Людзі выпаўзалі вонкі, учарнелыя ад недаядання і куродыму. Расчасаныя лішаі на тварах крывавілі. Пан Агалінскі хацеў быў загадаць, каб усіх сагналі ў адно месца, ды спраўдзіць раздачу мазі і лекцыю прафесара наконт гігіены за адным разам, але Лёднік толькі рукой махнуў: усё роўна давядзецца прайсці па дамах, каб агледзець хворых, што пахаваліся, як прусакі.

А ў хатах дыхаць не было чым, быдла ўтрымлівалася разам з людзямі. Асабліва ўражвала, што замест сталоў у падлозе быў пракапаны глыбокі роўчык квадратнай формы. На яго край садзіліся, спусціўшы ногі, а цэнтр выкарыстоўвалі як стол.

З Амерыканца было досыць аднаго наведвання. Ён з грэблівай фізіяноміяй азіраў, седзячы на кані, уладанні свайго нядаўна памерлага брата. Хвелька, якога ўзялі з сабою везці лекі, паглядаў навокал яшчэ больш грэбліва і фанабэрыста, і відавочна ўважаў гэтых брудных людзей у лахманах бясконца ніжэйшымі за сябе, самавітага лёкая ў дыхтоўнай ваўнянай свіце. Пранціш, які гадаваўся не ў палацы, і той не мог змусіць сябе да візітаў і заставаўся на панадворку. А доктар заходзіў і заходзіў

у хаціны, раздаваў слоікі з маззю, вучыў, як ёю карыстацца, а яшчэ крыкам крычаў на месцічаў, як на самых нядбайных студэнтаў — каб хадзілі ў лазню, каб мылі посуд, каб не спраўлялі патрэбу ў хаце… А яшчэ — Пранціш гэта бачыў — пакідаў у кожным доме па некалькі манет.

А потым Лёднік падыйшоў да пана Агалінскага і працягнуў яму на далані кавалак нечага чорнага, падобнага да торфу.

— Як вашамосць думае, што гэта такое?

Твар Лёдніка быў суровы, як зімовы вецер. Амерыканец узяў кавалак, пакруціў, грэбліва кінуў.

— Гразь сваю яны гэтым адціраюць, ці што?

— Гэта іх хлеб, ясны пане, — глыбокім нізкім голасам сказаў Лёднік. — Тоўчаная кара, мякіна, сушаная лебяда… А зерне, якое мелецца на млыне Яўхіма, якое яны вырасцілі, сёлета ўсё адвезенае ў панскія клеці — быў недарод, а падушнае не зменшылі.

Пан Агалінскі з прыкрасцю тузануў сябе за руды вус.

— Яны проста лянівыя. Быдла…

— Хіба тыя людзі, што прыйшлі да млына пазаўчора ўночы, падобныя да быдла? — ціха папытаўся Лёднік. — Калі нічога тут не зменіцца — падобных ім стане яшчэ больш, і згарыць не адзін панскі маёнтак.

— Ды што тут за гаспода такая? — не вытрымаў Пранціш. — У нас у Падняводдзі такой галечы ніколі не бачылі! Каб у хаце ніводнай жалезнай лыжкі і ніводнага жалезнага цвіка… Нават у голад — у грамады меўся агульны запас зерня. Калі яно заканчвалася — мукі сялянам пазычаў, а то і дарыў, і мой пан-бацька, і наш сусед, ягоная мосць пан Крывіцкі. Кары ў нас ніколі не елі!

Вырвіч са здзіўленнем заўважыў, што пан Агалінскі пачырванеў.

— Тут відавочна аканом шалбер і злодзей. Я разбяруся… Калі вернемся.

Пранціш Вырвіч выразна хмыкнуў, і пан Агалінскі паправіўся.

— Прыедзем у Полацак — дам усе распараджэнні… Напішу…

Са сляпых вакенцаў, якія таксама не заслугоўвалі наймення вокнаў, глядзелі нябачныя ненавісныя вочы.

Яны выправіліся не зусім праз тыдзень, прайшло дзесяць дзён ад таго вечара, калі дыхтоўны дармез без гербаў падкаціў да вадзянога млына. Саклета больш не хавала свой твар, хаця шнар праз усю шчаку быў яшчэ вельмі заўважны, але ж ён не палохаў, як колішні агідны нараст, і, як запэўніваў Лёднік, з часам зробіцца зусім непрыкметным. Пошасць таксама адступала, дзякуючы прафесарскім лекам. І людзі з лесу паведамілі, што млынара і ягоную дачку чапаць не стануць. Але ясна, выйсці замуж беднай дзеўцы ў гэтых краях будзе цяжка.

На развітанне Саклета, што на Лёдніка літаральна малілася, усунула доктару, які ўжо сядзеў у карэце, нейкі куфэрачак з чырвонага дрэва:

— Вашамосць, прыміце, не адмаўляйце, Хрыстом Богам малю… Каб хоць гэта напамяць… Даражэй нічога не маю. Гэта мне ад маці маёй, Альдоны, засталося… Яна ж была не адсюль, слугавала ў маёнтку ў Глінішчах, адукаваная, чытаць мяне навучыла, ад яе і кніжкі мае. Я ўсё роўна гэтаму рады не дам, а пану, можа, дзесь прыдасца…

Калі Лёднік адчыніў куфэрак, млын застаўся ўжо далёка за лесам. У куфэрку ляжала дасканала адшліфаваная лінза ў срэбнай аправе з тонкай гравіроўкай, на важкім срэбным ланцугу. Лёднік са здзіўленнем паглядзеў праз шкло на свет.

— Нешта падобнае да акуляраў… Галандскай працы.

— Дай сюды! — пан Гервасій раптам пацягнуўся за лінзай, пакруціў яе, памацаў.

— Гэта належала майму пану бацьку! Вось тут наш герб выгравіраваны… Я нават памятаю, як гэтая штука вісела ў бацькі на шыі! Ён на вочы быў слабы — гэта ў нас спадчыннае, і з дапамогай шкла чытаў. Адкуль яно ў млынароўны? Матка, відаць, злодзейка была!

Пранціш забраў у пана Гервасія дзіўны прадмет, уважліва ўгледзеўся, перавярнуў… На зваротным баку срэбны аклад быў абцягнуты тонкай светлай скурай, а на ёй красаваўся надпіс сінім атрамантам, які студыёзус з задавальненнем зачытаў услых.

Поделиться с друзьями: