Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

— Таму што грэх іначай! — паважна заявіў гандляр паветранымі пачварамі, на спіне кожнай таксама быў прымаляваны меч з дзяржальнам у выглядзе геральдычнай лілеі. — Біскуп тлумачыць: мы не цмока шануем, а непазбежную перамогу над ім! — і перайшоў на ўрачысты гучны расповед, адрасаваны ўсім патэнцыйным пакупнікам. — Памятаце ўсе, наш няшчасны горад пакутуе пад уладай лютай пачвары, пасланай нам за нашыя грахі, і мы мусім цярпліва чакаць збавення, калі абранец па літасці Божай заб’е стварэнне цемры! А каб гэта хутчэй адбылося, і на памяць пра слаўны Дракошчын купіце, шаноўныя, паветранага змія! Усяго дзесяць грошай!

Брукаванка блішчэла, як вымытая мылам. На кожным куце лютністы ды катрыншчыкі распявалі гераічныя песні пра бітвы з удзелам

цмока, у якіх фігураваў непераможны рыцар з месяцам на ілбе, а таксама страшныя балады пра цмокавы злачынствы. Гэтыя ж жахалкі можна было пачытаць на вялікіх каляровых плакатах, развешаных па сценах: пачвара патрабуе ў ахвяру самую прыгожую дзяўчыну мястэчка, падграбае пад сябе кучы золата і ўпрыгожванняў, перакусвае зубамі мост, глынае карэту разам з людзямі, якія бездапаможна высоўваюцца ў вокны і благаюць аб дапамозе… У адным месцы, каля пякарні, пад шыльдай у выглядзе вялізнага крэндзеля, пачуліся знаёмыя словы: беларускі лірнік, як мае быць, сляпы, у кажусе, з доўгімі сівымі валасамі ды барадой, выводзіў тонкім моцным голасам:

— Даўным-даўно тое было: Кругом зямлі мора лягло. А ў моры тым тай жыў люты Цмок, Штодня збіраў з людзей аброк.

Пан Агалінскі сыпануў лірніку-земляку ў шапку, што ляжала на бруку, грошай… І спявак неяк занадта спрытна для сляпога падцягнуў да сябе шапку нагой, не перарываючы спевы.

Вырвіч заўважыў, што побач з выявамі цмока ўвесь час сустракаецца выява прыгожага юнака з залатымі валасамі, які ганарыста ўздымае меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі, а на лобе ваяра намаляваны чамусьці перакулены маладзік, рогамі ўгору, як човен. Пранціш вырашыў, што гэта мясцовая трактоўка святога Міхаіла альбо іншага драконаборцы, святога Юрыя.

Між тым стракаты натоўп па запружаных вулках рушыў у цэнтр горада, туды, дзе ўзвышаўся шпіль самага высокага храма.

— Зараз голас падасць! Кармёжка ў яго! — крычалі людзі, штурхаючыся, лезучы ледзь не пад капыты коней. Вырвіч і ягоныя спадарожнікі ўсё-ткі выехалі на пляц з велізарным гатычным касцёлам з чырвонай цэглы і белакаменнай ратушай.

— Ці-ха! — загарлаў нехта, і натоўп замоўк, як поле перад навальніцай. Пранціш стаіўся, чакаючы нейкага шалберства, але ў глыбіні душы так хацелася сапраўднага цуда! І раптам…

Не, гэта было не шалберства. Аднекуль з-пад зямлі пачуўся рык жывой істоты, голас пракаветнай жуды, нечалавечай самоты і прагі… Завішчэла кабета, заплакаў дзіцёнак, зафыркалі коні… Вочы людзей загарэліся самай прыемнай сумессю страху і цікаўнасці.

— Я павінен паглядзець на гэтае страшыдла! — аж стагнаў Амерыканец. Роспыты абнадзеілі: хаця паглядзець на цмока каштуе немалых грошай, але гэта магчыма. Толькі трэба заняць чаргу ў магістраце… І праз пару дзён… Праўда, цмока паказваюць толькі праз спецыяльныя вакенцы ў дзвярах сутарэння, але гісторый пра яго вартаўнікі распавядуць!

Затое ніякія грошы не дапамагалі зняць прыстойныя пакоі хоць у якім гасцявым доме. Толькі неверагодная сума ў дваццаць талераў і напорыстасць пана Агалінскага забяспечылі вандроўнікам адзін пакойчык на ўсіх пад самым дахам гатэлю «Пад залатой курыцай». Вядома, дзеля гэтага з пакою ў нейкі катух адсялілі менш грашавітых гасцей.

Гатэль быў ажно ў чатыры паверхі, прычым заўважалася, што два верхнія дабудаваныя зусім нядаўна, спехам, ясна, з-за наплыву цікаўнікаў. Увогуле, па ўсім горадзе ішло будаўніцтва, то там, то тут бачыліся рыштаванні, дамы ззялі навюткімі фарбамі.

Ці трэба ўдакладняць, што выявы цмока, мяча з дзяржальнам у выглядзе лілеі і юнака з месяцам у лобе прыкрашалі ўсе пакоі гатэля «Пад залатой курыцай», і нават начныя вазы…

Са страўні на першым паверсе папаўзлі спакусныя пахі. Пан Агалінскі расштурхаў стракатую публіку, працярэбліваючыся да стала, які вызваліў таксама вельмі проста, выкінуўшы з-за яго двух дробных мяшчукоў,

па вопратцы — ці пісцоў, ці судовых канцылярыстаў.

— Верашчакі і піва!

Верашчака — гэта была самая модная страва, прыдуманая кухарам Аўгуста Саса па прозвішчы Верашчака. Тут яе ўмелі гатаваць, падобна, някепска, мяркуючы па замовах наведнікаў.

Музыкі — лютніст, скрыпач ды ўладальнік басэтлі — выводзілі мелодыю балады, адгадайце, пра каго? — пра цмока і святога Міхаіла… Дым і гуд стаялі у карчомцы не менш, чым у прыдарожнай беларускай, хіба што пілі не гарэліцу, а медавуху, і на месцічах красаваліся не шапкі-магеркі, а капелюшы з пёркамі, і гаварылі не па-беларуску, а на польскай, нямецкай, зрэдзь — галандскай і французскай.

Не паспела таўсманная шынкарка ў белым каптуры памерам з невялікі стог прынесці замоўленыя збаны з півам ды верашчаку ў гліняных місах, наведнікі зараўлі, паўздымаліся з месцаў, выглядаючы кагосьці. Пранціш закруціў галавой і таксама прыўзняўся…

І пабачыў хлапца з паўмесяцам у лобе.

Дакладна такога, як на малюнках. Гожы, бы каралевіч, залатыя валасы да плеч акуратна падвітыя, пунсовы камзол з золатам, дылея з гарнастаевай аздобай… За юнаком рушыла світа, таксама прыгожа прыбраныя шляхціцы, а ўжо як дзяўчаты пазіралі на гэтага ганарыстага прыгажунчыка! А той стаў пасярэдзіне карчмы, падняў уладна руку — белыя карункі манжэта ажно сляпілі, і прамовіў у раптоўнай паважлівай цішыні:

— Вельмішаноўнае панства, землякі мае ды госці нашага слаўнага горада! Заўтра апоўдні запрашаю ўсіх у ратушу, на чарговае выпрабаванне лілейнага мяча! Мы вызначым, ці настаў час мае смяротнай бойкі з паганай пачварай, якая захапіла наш няшчасны горад. Прыходзьце, каб малітвамі шчырымі святому арханёлу Міхаілу, драконаборцу, падтрымаць мяне ў памкненні вызваліць родны горад!

Прысутныя зараўлі, загулі… Нехта крыкнуў: «Віват пану Дамініку Ранглінскаму, абранцу!». Вокліч падхапілі… Пранціш перастрэў позірк Паланэі, якім яна праводзіла фанабэрыстага прыгажуна, і сэрца ў яго здрыганулася…

Ды што за халера такая ў гэтым мястэчку робіцца?

Пан у барвовым палінялым жупане і з носам таго ж колеру, па вымаўленні — з Валыні, ахвотна растлумачыў усё недасведчаным прыезджым. Цмока проста так забіць няможна, бо ён жа пасланы гораду ў пакаранне за грахі! Але Гасподзь калі і папускае пакуты, дае і сродак выбаўлення. Таму было прароцтва, што народзіцца хлопчык з месяцам у лобе, які ў прызначаны час цмока заб’е, і неадменна мячом з дзяржальнам у выглядзе лілеі, які захоўваецца ў ратушы ў спецыяльнай зашклёнай шафе. А здарыцца гэтая смяротная бойка толькі тады, калі ў дзень святога Міхаіла меч у руках абранца заззяе анёльскім агнём!

І тут вогненны анёльскі меч…

Лёднік фыркнуў, дэманструючы свае скептычныя адносіны да рамантычнай гісторыі. Пан Агалінскі ажно падскокваў ад радасці, што, магчыма, пабачыць жывога цмока… А Пранціш змрочна думаў — вось жа, камусьці шанцуе па жыцці, прызналі таго Дамініка абраным, носяцца з ім, як з залатым яйкам, дзеўкі гатовыя са спадніцаў выскачыць ад захаплення… А наперадзе таго чакае сапраўдны подзьвіг, пра які будуць спяваць лірнікі і пісаць паэты!

Спаць Вырвічу і Лёдніку давялося на падлозе, кінуўшы на яе сяннік, бо ў пакоі змяшчалася толькі два ложкі. Пан Агалінскі, простая душа, пачаў быў бурчэць, што спешчаных юнакоў, кшталту пана Палонія Бжастоўскага, якраз і трэба ўкладаць на падлогу, дый на ложку цалкам можа двое легчы, і Пранціш доўга пацяшаўся, уяўляючы, што было б, каб Паланэю ўклалі ў ложак да пана Гервасія, і той «эмпірычным спосабам» даведаўся, што з імі падарожнічае дзеўка ў мужчынскім касцюме. Не тое, каб гэта было нечуванай справай… У неспакойную эпоху спрытныя дамы, адпраўляючыся ў падарожжы, часцяком пераапраналіся ў мужчынскае — так куды бяспечней. Але сам Вырвіч быў упэўнены, што ён бы так не падмануўся… Даўно б выкрыў авантурную даму! Нават па тым, што, каб патрэбу справіць, ілжэ-хлопец адбягаецца ад спадарожнікаў, як ад медзвядзёў, ды сарамліва хаваецца за кусты…

Поделиться с друзьями: