Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
— «Слічнай маёй Альдонцы — каб разгледзела сваё шчасце. З любоўю — пан Ладзіслаў». Ваш бацька зрабіў цікавы падарунак прыслузе. Мабыць, і ёй падабалася дзіўнае шкельца. А вось і дата…
Пранціш паднёс лінзу да самых вачэй.
— «Глінішчы, чэрвень 1743 году». Наколькі я разумею, дзесьці праз некалькі месяцаў нарадзілася наша агульная знаёмая Саклета.
Пан Агалінскі недаверліва зірнуў на надпіс, злосна сыкнуў нешта скрозь зубы і адвярнуўся да вакна. Толькі калі Лёднік схаваў шкельца ў куфэрак, Амерыканец суха вымавіў:
— Я быў бы вельмі ўдзячны пану Лёдніку, калі б ён прадаў мне гэта падарунак. За любыя грошы. Пяцьдзесят дукатаў, скажам. Альдону тую
— Вось цікава, а нашто пану Лёдніку грошы, калі вашамосць усё роўна яго заб’е? — не прамінуў паздзеквацца Пранціш. Доктар сярдзітым позіркам спыніў Вырвіча, які дужа ўзрадваўся магчымасці прышпіліць фанабэрыстага Агалінскага ганебнай таямніцай.
— Няхай вашамосць паабяцае, што дэкляраваныя грошы панна Саклета, незаконнанароджаная сястра пана, атрымае ў пасаг, і я зараз жа перадам вам куфэрак. Разам з нашым абяцаннем маўчаць.
Пан Агалінскі скрывіўся, як паўтара няшчасця, але прамовіў, апусціўшы вочы.
— Слова гонару. Пяцьдзесят дукатаў пашлю дзеўцы.
За вокнамі карэты зноў пачаў накрапваць паскудны восеньскі дождж, і індускі бог Яма адклікаў сваіх чатырохгаловых сабакаў, што беглі за дармезам без гербаў, у больш прыветнае, але не менш грэшнае, месца.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
ЯК ПРАНЦІШ З ПАНАМ ПАЛОНІЕМ ПАЗНАЁМІЎСЯ
Пераступіць цераз ганак — гэта вам не лыжку заціркі глынуць. Нездарма ў новы дом першым пускаюць котку альбо пеўня — каб прынялі на сябе тое, што пад ганкам хаваецца, гнеў нябачнага вартавога… Адкупіцца ж ад таго вартавога хто як спрабаваў. Закопвалі пад ганкам манеты, кропельку іртуці, змяіную скурку, кавалак жалеза, ваўчыную галаву альбо чорную курыцу, ці яшчэ страшней — хавалі памерлых няхрышчанымі немаўлятаў.
На парозе нельга есці, бо плёткі прыцягнеш, нельга праз ганак выплюхваць на двор брудную ваду — курыная слепата надарыцца. Калі штось будзеш на ганку сячы — напусціш у дом ведзьмаў і жабаў. Затое ад спалоху няма больш вернага сродка, чым калі шаптуха спырсне цябе праз расчыненыя дзверы нагаворанай вадой, ці «заб’е» перад імі спалох нажом альбо сякерай.
На гэтым ганку ляжаў раздушаны начны матыль, яго абсыпаныя шэрым бліскучым пылком крылцы бездапаможна прыліплі да мокрага каменю, і не верылася, што ў іх некалі жыло вольнае паветра.
Доктар Лёднік забабонаў не прызнаваў, таму цераз ганак дому Рэнічаў, мёртвага матыля і жывыя перасцярогі пераступіў, не вагаючыся… А вось Пранціш Вырвіч на ягоным месцы добра падумаў бы, чаму гэта на стук ніхто не адгукнуўся, а дзверы адчыненыя. Як казалі лаціняне, нават паміж кавалкам і ротам шмат што можа здарыцца. Частку дома, які калісь належаў бацьку пані Саламеі, кніжніку Івану Рэнічу, Лёднікі здавалі ў арэнду — там, дзе пераплётная майстэрня. І па ўсяму выходзіла, што арандатар ці хтось з ягонай чэлядзі павінны быць на месцы… Але майстэрня на замку. Пранціш дастаў шаблю і заўважыў, што доктар таксама паклаў руку на дзяржальна — значыць, усё-ткі не страціў да канца пільнасці, і жэстам загадаў Хвельку заставацца на двары.
— Гэй, ёсць хто ў хаце?
Цішыня… Але Вырвіч быў упэўнены, што яны ў будынку не адны.
Так і здарылася. У гасцёўні чакала чалавек дзесяць — узброеныя да зубоў ваякі, якім не ўпершыню пільнаваць у засоцы. Пасярэдзіне пакоя, у фатэлі, нерухома сядзела пані Саламея Лёднік, збялелая, напятая, у вялікіх сініх вачах адчай. А за яе спінай, прываліўшыся да падваконня, у вольнай позе застыў белавалосы волат са страшным, пакрытым шнарамі, ружовым тварам, з бяздоннымі вачыма, якія здаваліся то празрыста-светлымі, то барвовымі…
На вуснах волата лунала іранічная ўсмешка, нібыта ён прысутнічаў пры лёгкай застольнай размове.— Нарэшце мы вас дачакаліся, вашыя мосці! Забавіліся ж дарогай…
— Пан Герман Ватман…
Калі Лёднік паспеў агаліць шаблю — ніхто ўцяміць не паспеў. Але што тая шабля, калі на цябе скіраваныя пісталеты, а за спінай тваёй каханай стаіць спрактыкаваны забойца.
— І нашто было чапаць маю жонку? — холадна прагаварыў доктар.
— Ну, я ж ведаю, што ў прысутнасці красунек размова лягчэй ідзе, — лена-дабразычліва прамовіў Ватман, пацягнуўся, наблізіўся ўшчыльную да Саламеі. — Вядома, зараз усе аддаюць перавагу маладзюсенькім, трапятлівым, як стракозкі. Але ж мы з табой, доктар, мужчыны сталыя, жыццём бітыя, мы цэнім кабетаў з досведам…
Ватман абвёў пальцам, не датыкаючыся, абрыс твару Саламеі. Лёднік рыпнуў зубамі.
— Што табе ад мяне трэба?
— Ну што ты так спяшаешся, доктар, гэта ж не кроў пускаць. Няўжо не рады бачыць старога сябра?
Вырвіч зрабіў крок наперад.
— Выклікаю вас на двубой, пан Ватман! Пры сведках, зараз жа!
Найміт не зварухнуўся.
— А твой былы гаспадар не змяніўся, чарнакніжнік. Мог бы ўжо і павыхоўваць стрыгунка. А дзе ваш спадарожнік, такі руды, шалёны? Пагрэбаваў кампаніяй ягамосцяў? Ведаеце, — голас Ватмана зрабіўся даверліва-інтымным, — пан Міхал Багінскі вельмі незадаволены. Ён, можна сказаць, абражаны. Ён жа вас з усім гонарам прасіў з’ездзіць у невялічкую перэгрынацыю. А вы насы закапылілі. А варта было Радзівілам свайго блазна прыслаць — тут жа сарваліся з месца. Нядобра…
Доктар сустрэўся вачыма з Саламеяй, ягоная шабля трохі ўздрыгнула ў руцэ, як паверхня вады ад таполевай пушынкі.
— Якія ўмовы князя?
— Умовы? Гэта ўжо не ўмовы, — голас Ватмана заледзянеў. — Гэта загад. Калі будзеш ад’язджаць, паведаміш, і прыхопіце з сабой спадарожніка. Усе распараджэнні якога і будзеце выконваць. Яму і перадасцё, што здабудзеце. Вернецеся — атрымаеш назад сваю красуньку.
— А як жа пан Агалінскі? — выпхнуўся Вырвіч. — Ён не пацерпіць, каб з намі ехаў прадстаўнік Багінскіх!
— Разумна гаворыш, студэнт, — іранічна пагадзіўся Ватман. — Гэтую праблему мы вырашым! — і выразна чыркнуў пальцам па сваёй шыі. Лёднік спахмурнеў.
— Я не магу дапусціць, каб з панам Агалінскім нешта здарылася. Я звязаны з ім прысягай.
Пранціш вылупіўся на Лёдніка, ледзь стрымаўшыся ад рэплікі. Доктар што, жыць не хоча? Такая магчымасць пазбавіцца ад злыдня Агалінскага! Амерыканец, праўда, досыць забаўны, і не баязлівец, але ж доктара не пашкадуе! Праўда, Пранціш сам у свой час у Менску папярэдзіў аб закалоце найгоршага ворага — каб не дапусціць ганебнай расправы няхай і з паскуднікам, але сапраўдным шляхціцам. Яшчэ Вырвіч успомніў, што ад вяртання пана Агалінскага жывым і здаровым залежыць лёс малога Алесіка, а доктар рызыкаваць сынам не стане нізавошта.
Лёднік падціснуў вусны і свідраваў позіркам найміта. Ватман незадаволена скрывіўся.
— Калі табе такі дарагі Агалінскі, можаш цалаваць яго і надалей у дупу. Тады самі прыдумайце, як прадставіць рудому дурню нашага чалавека. Але вось калі з тым, нашым чалавекам, нешта здарыцца — усё, доктар, развітвайся з красунечкай. А я яшчэ і добра праверу, чаму ты навучыў яе за тры гады ў ложку. І не крыўдуй, думаю, мае лекцыі больш змястоўнымі акажуцца, чым твае.
Прысутныя ваякі зарагаталі, дадаючы смачных заўваг пра падрабязнасці эратычных лекцый ад Ватмана. Саламея адчайна прыкусіла вусны. Лёднік, не зводзячы з яе вачэй, прагаварыў-прасычэў: