Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
Але што з рудога Амерыканца ўзяць… Вунь ужо храпе сабе.
Апошняе, што гэтым днём пабачыў Пранціш — як Лёднік, адчытаўшы малітвы, пры апошнім святле свечкі разглядае аркушык з няроўна накрэсленымі дзіцячай рукой літарамі…
Нараніцу Пранціш выскачыў з дому, каб не прапусціць чаго-небудзь цікавенькага. Урэшце, ён упершыню быў у такім далёкім замежжы, дзе нават у побытавых дробязях адрозненні ад звыклага — хаця б у манеры кабетаў павязваць хустку. А ўжо такі вялізны касцёл не абгледзець грэх! Яго пабудавалі яшчэ крыжакі, якія збіраліся тут гаспадарыць, пакуль не атрымалі выспятка пад Грунвальдам ад ліцвінаў, палякаў ды жмудзінаў. У Вырвіча
Пранціш з задавальненнем паблытаўся сярод месцічаў, прыкмеціў некалькі гожых дзяўчатак… Перамігнуўся…
А падымаючыся па лесвіцы ў гатэльны пакой, пачуў гнеўныя галасы Лёдніка і Агалінскага. Мудры студыёзус вырашыў напачатку паслухаць і разабрацца, што за каша там варыцца — неахвота пад гарачую руку панам трапляцца… Ой-ёй, схапіліся пра палітыку!
— З-за шляхецкае сваволі дзяржава гіне! — грымеў нізкі голас Лёдніка. — Няхай ваша мосць успомніць, калі апошні раз сойм прайшоў не сарваны? Пры Аўгусце — ніводнага! Адна назва — дэпутаты! Самы дурны апоек скарыстае «Ліберум вета», і разумны закон, які мог паспрыяць дабрабыту усяе дзяржавы, не прыняты! На выбарах хто больш напоіць ды хабару суне — той і перамог!
— Каб не шляхецкія вольнасці, дзяржавы і не было б! — крычаў пан Гервасій Агалінскі.—Хто яе абараніў ад маскоўцаў, шведаў, татараў? Мяшчукі? Мужыкі? Купцы? Шляхціц з маленства рыхтуецца аддаць жыццё, баронячы сваю зямлю ад ворагаў! Хто ты такі, каб пра дзяржаву разважаць? Хоць увесь патэнтамі набілітацыі абвешайся — ты нікчымны мяшчук!
— Я, можа, і мяшчук, але ў маёй вёсцы сяляне не галадаюць!
— Ну так, мужыка, вядома, хвалюе, што другі мужык на абед мае! — насмешнічаў пан Гервасій. — А ты ведаеш, што сяляне ў тваёй вёсцы сеюць, якая там глеба, ці хапае ўгнаення? Ці не варта прыкупіць які поплаў? Прыехаў, паглядзеў, капейку кінуў — і на лекцыі. Які з цябе гаспадар маёнтка?
— А вось цікава, калі б пан Лёднік мужыкоў у акадэмію пачаў прымаць… — гэта прамовіла лёгенька-бязвінна Паланэя… Вось жа паскудніца, спецыяльна пад’южвае.
— Вось, гэта і ёсць бязладдзе ў дзяржаве! — падхапіў Амерыканец. — Я б такіх самазваных шляхціцаў, як ты, клісцірнік, далей стайні не пускаў! Ты ж схізматык, спіш і марыш, як нашую зямлю маскалям аддаць! Думаеш, яны цябе адораць, дык станеш роўны з намі! Не быць таму — князь і ў Расіі князь, а халоп — і ў Рыме халоп! — Агалінскі крычаў, як варона на дождж.
— А невук і п’яніца — і на троне невук і п’яніца! — зусім разыйшоўся ў вальнадумстве сваім Лёднік. — Высакародныя! Што ж вы пад Алькенікамі не былі такімі высакароднымі, калі Багінскія ды Вішнявецкія Сапегаў разбілі, а потым, напіўшыся, у касцёл уварваліся ды палонных сваіх жа паноў-братоў засяклі? Я ў летапісе сам чытаў: «супроць Богу і сумленню забавязанае пад прысягай абяцанае зламаўшы і слова не стрымаўшы, будучы ад перапітку зграяй зухвалай і ў заядласці і гневе болей на звяроў дзікіх, чым на людзей падобнай, ніякае зверхнасці князёвай не рэспектуючы». Палоннага гетмана Міхася Сапегу ўдарам у спіну забілі. Гэта не я сваю зямлю прадаю, а тыя, хто права на трон гатовы з чыіх заўгодна рук прыняць!
— Ды я табе зараз язык твой халопскі адсяку!
У пакоі забразгала сталь, Пранціш ледзь устрымаўся ад таго, каб умяшацца. Але ўстрымаўся правільна: нешта бразнула аб падлогу, і Лёднік халодна прамовіў:
— Не раю васпану паўтараць свой экзэрсіс. У сумленным
двубоі ў вас няма супроць мяне шанцаў.Хто б сумняваўся, што доктар выб’е шаблю з рук задзірыстага пана Гервасія ў першую ж хвілю… Ну што, абыйшлося?
— Гэта я сапраўды памыліўся, — голас пана Агалінскага ажно віраваў ад нянавісці.—Скрыжаваў з табою, мярзотнік, сваю шляхецкую зброю! Забыўся, хто ты такі і на што здатны! Распуснік і здрайца! Усё, хопіць! Нос дзярэ, камандуе, павучае! — пан зноў сарваўся на крык. — Зараз жа расплочвайся, як прысягаў! Засцябаю, як сабаку!
— Як будзе заўгодна васпану! — Лёднік таксама заходзіўся ад гневу. — Бізун — тая зброя, якой вы дасканала валодаеце! Нічога іншага і краіне ад вас не дачакацца! Ды мне прыемней зараз здохнуць, чым надалей з вашае мосцю адным паветрам дыхаць!
Падобна, кнот дагарэў да апошняй нітачкі. Пранціш уварваўся ў пакой. Лёднік кінуў шаблю і зрываў з сябе камзол, ажно дробныя гузікі на падлогу ляцелі, Агалінскі, чырвоны і распалены, як заходняе сонейка, сціскаў у руцэ цяжкі бізун, Паланэя сядзела на падваконні, як намалёваная, і шчыра забаўлялася.
— Панства, зараз у ратушы цмока будуць забіваць! — звонка выкрыкнуў Пранціш, але абодва дыскусанты не надта на яго звярнулі ўвагу, паядаючы ненавіснымі позіркамі адно аднаго.
— Вашыя мосці з глузду зусім з’ехалі! — Пранціш стаў паміж ворагамі. — Мала таго, што з-за вашай няўчаснае гарачнасці не спраўдзіцца наша місія, але й мы ўсе загінем! На час фэсту ў горадзе пад пагрозай смяротнага пакарання забаронены ўсялякі гвалт. Вас, пан Гервасій, павесяць! А нас пасадзяць у вязьніцу! І карысці будзе, як ад гусі авёс купляць.
Пра забарону гвалту Пранціш хлусіў, але, цалкам магчыма, нейкі падобны звычай у Дракошчыне існаваў.
— А вы, пан Палоній, схадзілі б лепей паглядзелі, як прыгажунчык Дамінік з мячом красуецца, — з’едліва кінуў Вырвіч Багінскай. Тая лёгка саскочыла з падваконня.
— Ой, і праўда! Як жа прапусціць такое відовішча! Для майго шляхецкага выхавання гераічныя прыклады неабходныя! А пан Гервасій не баіцца блізка да цмока падыходзіць?
Князёўна, як заўсёды, спрытна расцвеліла патрэбныя пачуцці. Лёднік і Агалінскі, усё яшчэ цяжка дыхаючы, гатовыя загрызці адно аднаго, трохі ачомаліся. Пан Гервасій падняў сваю шаблю і звярнуўся да доктара:
— Толькі таму і дазваляю табе яшчэ пажыць, што знаю, ненадоўга.
І выскачыў з пакоя, ляснуўшы дзвярыма, ажно павукі па шчылінах разбегліся.
Лёднік моўчкі апрануў камзол, на якім не хапала пары гузікаў, падняў шаблю, стараючыся не глядзець на Пранціша.
— Калі васпан не даражыцца ўласным жыццём, — холадна прамовіў Пранціш, — дык падумаў бы пра лёс двух чалавек, якія наўпрост ад ягонага жыцця залежаць.
Прафесар усунуў шаблю ў похвы так злосна, быццам уторкваў у цела найгоршага ворага, і таксама ляснуў дзвярыма.
З такімі жыхарамі «Залатая курыца» доўга не прастаіць, па дошчачках-каменьчыках рассыплецца…
А Паланея з мілай усмешкай наблізілася да Вырвіча, уся такая ж цацачная, як Дракошчын, у акуратным парычку, блакітным камзольчыку са срэбнымі гузічкамі, белых панчошках…
— Пан Вырвіч, а што за прысягу даў пану Агалінскаму доктар?
Вырвіч толькі моўчкі працяў падступную паненку паглядам:
— А вы надалей, пан Бжастоўскі, добра падумайце, перш чым распальваць звадкі між сталымі мужчынамі, бо наступны раз іх, магчыма, не ўдасца спыніць, а калі Лёднік памрэ, вы застанецеся сам-насам з панам Агалінскім.