Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

Нарэшце пан Агалінскі спыніў натомленых коней і таксама залез у карэту, шумна выдыхнуў.

— Я нават астралябію пакінуў! Пракляты гарадок…

— Цяпер Дракошчын давядзецца зноў пераймяноўваць у Зембліцу, — задумліва прагаварыў Лёднік, які паспеў ужо выказаць студыёзусу ўсё, што думаў наконт ягоных разумовых здольнасцяў і авантурнасці, збольшага задаволіўся шчырым раскайваннем і сам трохі супакоіўся.

— А што абранцу іхняму цяпер рабіць? — фыркнуў Агалінскі. — Адразу дзяўчаты адскочаць, як блохі з дохлага сабакі.

Паланея засмяялася, і Пранціш не ўтрымаўся ад усмешкі. Хаця на душы было так пагана,

так пагана… Аж нудзіла — як на першым курсе, калі яны з Недалужным патрапіліся рэктару за гульнёй у карты, ды яшчэ расклаліся на зручным каменным надмагіллі каля ўніверсітэцкага храму, і раз’юшаны рэктар па старым звычаі загадаў тую калоду карт пашаткаваць, прыправіць бігасам ды скарміць гульцам да апошняй лыжкі.

— Гэх, такую рэдкую жывёліну не пашкадаваў! — дакорліва прагаварыў Лёднік. — Яны калісьці насялялі зямлю, яшчэ да таго, як з’явіліся звыклыя нам звяры. Яшчар гэны, цмокам называны, апошні, можа, са свайго племені застаўся, а ты яго… Як свінню шылам…

Пранціш адвярнуўся, шчокі запалалі… Сапраўды. Забіў старую, хворую, пасаджаную на ланцуг жывёліну…

— Ого, свінню такую забіць! — запярэчыў пан Агалінскі. — Ягоная мосць пан Вырвіч не ведаў жа, наколькі тая пачвара бяспечная… Ён ішоў у смяротны бой, гатовы загінуць! Гэта рыцарская годнасць!

— Адзін французскі кароль, паміраючы, так гэтую годнасць азначыў, ваша мосць: пасля нас — хоць патоп! — раздражнёна прабурчэў Лёднік і з’едліва дадаў: — Але ж я, просты мяшчук, не маю права разважаць пра гэткія высокія матэрыі.

Памаўчаў, неахвотна прамовіў:

— Дарэчы, дзякую вам, пан Агалінскі — вы нас усіх выратавалі.

— Не мог жа я пазбавіцца магчымасці ўласнаручна цябе забіць! — выскаліўся пан Гервасій і ўздыхнуў.

— Гэх, а я так жывога цмока і не пабачыў!

А панна Багінская страшэнна спахмурнела, разглядаючы свае абламаныя пазногцікі, і Пранціш разумеў, чаму: успомніла пра куфры, пакінутыя ў гатэлі Дракошчына. А там жа і нажнічкі-прыціранні, і сукенкі-чаравічкі на выпадак, калі ўдасца вярнуць сабе жаночае аблічча… Так, гэтага паненка яму ніколі не даруе. Сталася яшчэ паганей на душы. Хоць ты вяртайся ў той Дракошчын, каб на кавалачкі заслужана разарвалі.

А Багінская раптам усміхнулася і прамовіла да Пранціша мілым галаском:

— А чаму пан Вырвіч не прынёс галавы цмока якой-небудзь чароўнай даме? Наступны раз не забудзьцеся менавіта так учыніць. Чароўная дама будзе вам удзячная!

РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ

ЛЁДНІК І АБДЫМКІ СВЯТОГА ТАМАША

Трасея трасе, Агнея распальвае, Лядзея выстуджвае, Каркуша корчыць, Гняцея на рэбры ды чэрава кладзецца, Грынуша на грудзі… Нявея — усіх пракляцее, і чалавек жыці ад яе не маець…

На пацямнелым ад вятроў і дажджоў прыдарожным крыжы матлялася тое, што калісьці было клапатліва вытканым рушніком, а зараз здавалася выцвілай да шэрасці туману анучай. А самае пагрознае — выбелены конскі чэрап, які нехта старанна прыбіў да верхняй перакладзіны крыжа, намаляваўшы на лобнай костцы пунсовы крыж. Праз чорныя прагалы вачніцаў глядзела «сястрыца-бясіца» Нявея са страшных аповедаў.

— Дапамажы, святы Віліброрд… Святы Себасціян… Святы Антоній… Святы Хрыстафор… — пан Гервасій Агалінскі перажагнаўся і замармытаў пацеры. Ад таго, што ён згадваў святых, якія лічыліся

абаронцамі ад чумы, Пранцішу стала зусім непамысна. Адна справа — калі перад табой ворагі з шаблямi ды стрэльбамі, няхай бы і цэлы натоўп, і іншая — калі вораг нябачны і неадольны…

— Пошасць, — сурова агучыў Лёднік тое, што круцілася ва ўсіх у галаве.

— Трэба было не збочваць з тракту… — паныла прамовіў Пранціш, хаця ясна, што збочыць давялося менавіта з-за ягоных прыгод у Дракошчыне, каб збіць магчымы пераслед.

Раптам Паланэя зусім па-дзявочы завішчэла, паказваючы некуды пальцам — ажно коні спужаліся. Вырвіч угледзеўся — наводдаль, у сівой траве, ляжаў чалавек… Побач яшчэ… Падобна было на тое, што зняможаныя людзі паўзлі да дарогі ў пошуках ратунку. Лёднік падняў руку:

— Стойце на месцы… — і няспешна паехаў у бок целаў.

— Вам, пан Палоній, трэба было дзяўчынай нарадзіцца, — пільна гледзячы ў спіну доктару, прагаварыў пан Гервасій сваю ўлюбёную за апошнія дні фразу. Багінская адказала ў звыклай манеры, але без ценю весялосці, таксама не адводзячы пагляду ад чорнай постаці на кані, што набліжалася да страшнай знаходкі:

— Гэта было б вашым найвялікшым няшчасцем, пан Гервасій. Бо вы б закахаліся ў мяне, і вашае сэрца было б разбітае маёй жорсткасцю.

Лёднік спыніў каня, праз нейкі час рэзка развярнуў яго і падскакаў да спадарожнікаў. Ягоны худы твар быў неяк занадта спакойны.

— Чума.

Паланэя зноў ускрыкнула, пан Гервасій зашаптаў пацеры…

— І… што рабіць? — як ні прыкра было прызнаваць гэта, але ў іхняй высакароднай кампаніі ў цяжкіх абставінах падобныя пытанні ўсе мімаволі найперш задавалі адзінаму невысакароднаму чальцу. Лёднік іранічна хмыкнуў.

— Ну што я магу вам прапанаваць, пан Вырвіч. Толькі тое, што стагоддзямі раілі мае калегі ў падобных сітуацыях: «Сito longe fugas et tarde redeas» — сыходзь хутка, далёка, і доўга не вяртайся.

І раптам прышпорыў свайго каня:

— Гайда!

Яны несліся па дарозе, далей ад крыжа з чэрапам, і здавалася, што за імі ляціць страшны цень з раскінутымі крыламі…

На наступным раздарожжы давялося прыпыніцца. Лёднік агледзеў пераляканыя твары.

— Пакуль баяцца няма чаго. Мяркуючы па паставах нябожчыкаў, пошасць у тым баку, адкуль яны рухаліся. А значыць, мы ад яе аддаляемся. Урэшце, з вамі доктар, і, паверце, я пабачыў не адну эпідэмію. Шкада, валіза з інструментамі ды лекамі страчаная…

Вырашана было, аднак, спыніцца на начлег, ад’ехаўшы як мага далей ад страшнага месца. На шчасце, сёння не дажджыла, і дарога нават трохі падсохла. Міналі вярста за вярстой… Лясы змяняліся палямі, цямнелі прыгорбленыя хаткі, нібыта зграі пачварных істотаў прыгнуліся да зямлі, рыхтуючыся да нападу… Пан Гервасій адзін балбатаў, распавядаючы байкі пра пошасць. Асабліва амерыканскія: як іспанскія кандацьеры знайшлі ў зарасцях залаты горад, але варта было ўзяць аднаму з іх у рукі злітак, ягоная скура пачала пакрывацца пазалотай, і небарака памёр на месцы, бо сэрца таксама зрабілася залатым. А другі атрад, на гэты раз ангельцаў, разбіў лагер на палянцы з прыгожымі ружовымі кветачкамі, а нараніцу выявілася, што гэтыя кветачкі, падобныя да ўюнка, прараслі проста скрозь целы спячых, і пакуль атрад выбраўся да людзей, усе памерлі пакутлівай смерцю, і былі спрэс пакрытыя кветкамі.

Поделиться с друзьями: