Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

Панна трохі збляднела, але Пранціш не стаў чакаць яе адказу і выбег услед за сваім прафесарам.

Сонца шчодра залаціла нават шэрыя камяні брукаванкі… Людзі валілі да ратушы. У адным месцы, дзе вуліцу перакрывала вялізная калюжына, у якой плюхаўся пазаўчорашні дождж, увішныя мясцовыя хлапцы зладзілі добры бізнэс, пераносячы на ўласных карках праз брудныя хвалі ўрачыстых паняў у неабдымных спадніцах ды паноў у белых панчохах. Пан Палоній Бжастоўскі, вядома, скарыстаўся з тае прапановы.

А за ўваход у ратушу і гонар прысутнічаць пры выпрабаванні анёльскага мяча, аказалася, трэба выкласці ажно пяць цэхінаў! Лёднік прасычэў, што прадпрымальны Дракошчын выдаіць нават магнацкія кішэні, але пан Агалінскі нават не задумаўся. А чаго —

радзівілаўскім золатам кашалёк набіты шчыльна, як калядная каўбаса.

Ратушу прыкрашалі два вышываныя золатам штандары. На адным, правільна, прабіты мячом цмок, на другім — арханёл Міхаіл на кані. Першы паверх ратушы ўяўляў з сябе вялізную залу з калонамі, у якой было так зручна сабрацца важным гасцям. Дамы са сваймі фіжмамі праплывалі, як заваленыя кветкамі ладдзі, ахутаныя амаль відочнымі аблокамі парфумы, некаторыя з паноў дэманстратыўна падымалі да вачэй апошняе сведчанне прагрэсу, толькі што з Парыжу — круглыя шкельцы на ручках, гэтакая ўдасканаленая лінза бацькі Гервасія Агалінскага, якую той падарыў сімпатычнай пакаёўцы. І пан Дамінік са шнарам у лобе быў тут жа — ззяў, як начышчаны чырвонец. Панна Багінская так і прыліпла да яго позіркам. Ясна, каб была не ў мужчынскім адзенні, выпрабавала б на прыгажунчыку свае чары.

Затрубілі фанфары. Пан Дамінік урачыста падыйшоў да пастамента ў канцы залы, на якім пад шклом ляжаў меч з дзяржальнам у выглядзе лілеі. Двое кавалераў адкрылі шкляныя створкі…

Вядома, меч у руцэ абранага не заззяў, не расцвіў і не пусціў сноп іскраў.

Пра што з належным сумам было абвешчана.

Бойка з цмокам адкладалася на год. Затое зараз чакалася чарговае кармленне цмока. Выбар ахвяры для яго (самай прыгожай дзяўчыны). Тэатральнае прадстаўленне. Турніры лучнікаў і бардаў, танцы, кірмаш…

А як жа горкі лёс аддадзенай на з’ядзенне дзяўчыны? Усведамленне, што пачвара непераможаная? Нікчымныя баязліўцы!

Раптам пачулася гучнае рыканне. Дамы, як належыць, завішчэлі… Некалькі слугаў у чырвоных вопратках урачыста правялі праз залу белую цялушку, упрыгожаную чырвонымі стужкамі.

— Ён заглыне яе цалкам! — абвесціў важны пан, таксама ў чырвоным каптане.

Мясцовы цмок відавочна не харчаваўся яешняй.

Пранціш ажно шалеў. Пан Дамінік усё гэтак жа самаўпэўнена прахаджваўся ў суправаджэнне світы і адказваў на дурныя пытанні, кшталту як ён не баіцца адпраўляцца на бітву з пачварай.

Зноў загула труба, у залу запоўз вялізны, але лялечны, цмок, якога ігралі акцёры, накрытыя зялёным сукном, і гледачы памкнулі ў той канец залы… Пачыналася прадстаўленне. Пан Гервасій і Паланэйка рушылі за ўсімі. Баўтрамей Лёднік знайшоў кампанію — худога, як штыкеціна, пана ў чорнай мантыі з залатым ланцугом на шыі, сведчаннем доктарскага звання, і абодва мужы вучоныя, аб нечым паважна перагаворваючыся, зашыліся за спіны натоўпу.

Абражаны, расчараваны Пранціш застаўся адзін ля сцяны, дзе на пастаменце ляжаў нікому не патрэбны меч. Вырвіч асцярожна адчыніў шкляную дзверку… Пагладзіў сталь… Азірнуўся… Нават варта адправілася паназіраць за блазнамі. А там, у сутарэннях, пыхкаў агнём яшчэ жывы цмок, які захапіў няшчасны горад!

Рука сама ўзялася за дзяржальна ў выглядзе лілеі… Абраны! Якога ражна той Дамінік — абраны, калі ён і меч правільна трымаць не ўмее? Рыцар не разважае, рыцар ідзе ў бойку!

Дзверы, у якіх знікла белая цялушка, расчыніліся, слугі, што вярнуліся ад цмока, бегма кінуліся далучыцца да гледачоў…

Пранціш дастаў з вітрыны меч… А потым шляхціц Вырвіч, як сэр Ланцэлот, як Трышчан, як гетман Кастусь Астрожскі, цвёрдым і хуткім крокам адправіўся на смяротны бой, здзяйсняць рыцарскі подзвіг.

Уваход у сутарэнні, які знаходзіўся за ратушай, у абнесеным высокім мурам круглым дворыку, выглядаў вельмі празаічна: драўляныя дзверы, умацаваныя жалезнымі палосамі, нібыта ў вялікі пограб. І нават не замкнутыя! Вось неасцярожна… Што, калі пачвара вырвецца, усіх паесць?

Пранціш

спусціўся па шырокіх прыступках у пячору. У нос ударыў страшэнны смурод. Але нейкі… зусім не легендарны. А як бы ўвайшоў у вялізны кароўнік. Вочы паступова прывыклі да паўцемры… Якая там пячора! Пакой з каменнымі сценамі, з вокнамі, забранымі кратамі… А на сценах — жахлівае: вяночкі з белымі вэлюмамі. Вядома, тых дзяўчатаў, што сталіся ахвярамі. І некалькі іхніх партрэтаў тут вісела — прыгажуні сумна паглядалі на Пранцыся, нібыта малілі: адпомсці за нас, адважны рыцар! Абарані іншых бязвінных дзяўчатаў ад страшнай смерці! Рука Пранціша з усяе моцы сціснула дзяржальна лілейнага мяча…

Наперадзе чакалі яшчэ адны велізарныя дзверы з вакенцамі, закрытымі прыгожа размаляванымі ваканіцамі… Пранціш здагадаўся, што менавіта праз гэтыя вакенцы і паказваюць за грошы пачвару. А што яна там, дакладна! Студыёзус чуў ейнае дыханне, глухі рык, скрогат… Ганебны пот хвалявання заліваў вочы…

Але загінулыя дзяўчаты!.. А яшчэ ўцерці нос абранніку-Дамініку…

І Пранціш ірвануў на сябе цяжкія дзверы.

Так, ён быў там! Самы сапраўдны жывы цмок… Святло скупа прасявалася на яго скрозь маленькія вокны ў столі. Які ён быў велізарны! І нейкі… Нібыта пакрыты плесняй. Бляклыя вочы, як сляпыя — а дзе ж у іх агонь? Дый з пашчы агню не паказвалася… Затое пашча здаровая! Палова Пранціша ў яе дакладна б змясцілася. Галава цмока была падобная адначасова і на змяіную, і на вялізную конскую. А што найбольш дзіўна, не было і крылляў! Можа, яны проста складзеныя, як у кажана? Лускі таксама, наколькі Вырвіч разгледзеў, не мелася — зморшчаная блякла-брунатная скура. Паміж велізарных лап з бруднымі пазногцямі велічынёй з кавун ляжалі парэшткі белай цялушкі.

Пачвара дыхала хрыпла, як сапсаваныя мяхі. І раптам зараўла — але зблізу ў гэтым рэве чулася не пагроза, а хутчэй нешта жаласнае.

Падманвае! Цяпер належала, напэўна, выклікаць цмока на двубой… Дзеля будучых баладаў… Але словы блыталіся, і замест гераічнай прамовы атрымалася нешта няўцямнае і грубае, як бы задзірлівыя словы ў бойцы бурсакоў.

Раптам пачвара ўдарыла лапай проста перад Пранцішам, кіпцюры агідна праскрыгаталі па камені…

Калісьці, падчас навучання ў езуіцкім калегіюме, Вырвіч са сваім сябруком, гарбатым, але дужа разумным шкаляром па мянушцы Вараня разважалі, як можна забіць цмока. Бо, вядома, Пранціш ужо тады марыў пра падобныя паядынкі, вартыя рыцара. Хлопцы доўга абмяркоўвалі, куды варта нанесці ўдар — луску драконаву не праб’еш, адзінае — адразу пацэліць у вока!

Пранціш забегаў туды-сюды перад пачварай, каб збіць яе з толку. Цмок малаціў лапамі, не дастаючы да ворага, роў, матляў галавой… Але Вырвіч прайшоў яшчэ і фехтавальную школу бязлітаснага Лёдніка! І злаўчыўся, кінуўся на бестыю, і — раз! — меч ажно па дзяржальна ўвайшоў у блякла-жоўтае вока! Калі ў пачвары меліся мазгі, іх павінна было прабіць наскрозь.

Як зараўло ўвасабленне цемры! Цмок кідаўся ўбакі, на шчасце, зноў не наперад, не да дзвярэй, да якіх адскочыў Пранціш… Шкроб кіпцюрамі камень… І ўрэшце ўпаў, застагнаў, амаль як разумная істота, і ў сутарэннях стала ціха-ціха… Аж увушшу зазвінела, і далёкая музыка свята падалася нетутэйшым рэхам. Подзвіг здзейснены, горад вызвалены, прыгажуні ў бяспецы…

Цяпер, паводле рыцарскіх раманаў, належала ў доказ свайго подзвігу адсячы пераможанаму цмоку галаву… Трэба ж нешта кідаць пад ногі Чароўнай Даме!

Пранціш асцярожна падыйшоў да пачвары (смярдзела ад яе, аж у вачах шчыпала), патыкаў ботам лапу… Потым узяўся за дзяржальна мяча, ледзь выцягнуў лязо з мёртвага вока… Ды нават калі ўдасца за пару гадзінаў адсячы гэткую галаву, хіба чалавек можа яе падняць? І наўрад хоць якая панна ўзрадуецца такому падаруначку… А калі Пранціш усё-ткі паспрабаваў абмацаць шыю монстра, яго чакала жахлівае адкрыццё: жалезны ашыйнік! Цмок сядзеў на ланцугу! Здаравучым, у руку таўсцінёй… Дзіва што, ён не мог дастаць да спрытнага студыёзуса!

Поделиться с друзьями: