Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
Лорд гаварыў разняволена і трохі млява, як чалавек, які звык да ўлады. Пан Гервасій запэўніў суразмоўцу, што яны патрапілі ў гэты прытон толькі таму, што, прыехаўшы, былі абакрадзеныя. Лорд паціснуў плячыма.
— Вы маглі б прадаць сваю дзяўчынку. Я з задавальненнем яе куплю. Ліцвінак у мяне яшчэ не было.
Паланэя збялела.
— Гэта мая нявеста! — гнеўна сказаў пан Гервасій. Лорд млява падняў рукі.
— У такім разе прашу прабачыць мяне, вашамосць. Але ваш маскарад не можа падмануць спрактыкаванае вока. Я чуў, сярод таго зброду той-сёй змаўляўся вашу нявесту скрасці. Ведаеце, жанчыны — дарагі тавар. Асабліва адукаваныя,
На лорда з ягоным абыякава-вясёлым цынізмам немагчыма было злавацца. Ён быў з той пароды людзей, што, каб прабавіць час да ланчу, могуць здзейсніць подзвіг, выстраліць сабе ў рот альбо забіць выпадковага мінака з аднолькавай верагоднасцю і аднолькавым выразам твару. У пане Агалінскім лорд Кавендзіш прызнаў такога ж арыстакрата, што і падкрэсліваў, звяртачыся выключна да яго. На Лёдніка ж пазіраў са стрыманай паблажлівай цікавасцю:
— А вы, містэр Айсман, напэўна, былі жаўнерам?
Лёднік фанабэрыста варухнуў брывом.
— Я доктар, вашамосць.
Лорд зрабіў ласку недаверліва ўсміхнуцца.
— На вас сляды куль і ляза, гэта можа здарыцца паўсюль. Але столькі кіяў ды бізуноў, што прайшліся па вашай спіне, магчыма зарабіць толькі ў арміі, на флоце альбо на катарзе.
Пан Агалінскі перхануў і апусціў вочы. Ён выдатна ведаў, адкуль у Лёдніка шнары ад удараў — пастараўся старэйшы Агалінскі. Прафесар набыў яшчэ больш фанабэрысты выгляд.
— Скажам так, ваша мосць, я нейкі час знаходзіўся ў палоне.
Лорд Кавендзіш матнуў галавой, паказваючы адначасова і лёгкае спачуванне, і сваю абыякавасць да перыпетый Лёднікава жыцця. І зноў утаропіўся ў пана Агалінскага.
— Прапаную васпану яшчэ адно экзатычнае ўражанне: я ведаю адну прыемную кавярню з выбранай публікай, дзе можна пакурыць вельмі цікавы тытунь, прывезены з вастравоў… Да раніцы вы будзе падарожнічаць у самых смелых сваіх мроях…Складзеце кампанію, васпан?
На твары лорда прабягалі цені прыдарожных дрэваў, нібыта цёмныя анёлы. Пан Агалінскі, якога Лёднік на ўсялякі выпадак непрыкметна штурхануў локцем, уздыхнуў і адмовіўся.
— Тады, вашамосць, прадайце мне свайго целаахоўніка-доктара. Гэта надзвычай цікавае спалучэнне — дасканалы забойца і лекар у адной асобе…
Млявы голас лорда Кавендзіша гучэў так, што незразумела было, ці ён жартуе, ці гаворыць наўсур’ёз. Зразумела было адно: не дай Гасподзь яго раззлаваць.
Пасля ветлівых тлумачэнняў Лёдніка, што ён больш не прадаецца, лорд утаропіў светлыя невыразныя вочы ў фехтавальшчыка:
— Справа толькі ў цане. Вы ж сёння прадавалі сваё жыццё. І я прадаваў — за келіх рызыкі. Ты ствараеш кола — альбо ідзеш у кола. Я люблю паспрабаваць і тое, і тое. Год таму мы прыдумалі адну цікавую забаву… Чулі пра магаўкаў?
— Не, ваша мосць.
Твар лорда стаўся, як у цівуна над гультаяватымі жнейкамі.
— Мы так называемся ў гонар індзейцаў. Чырванаскурыя таксама не абцяжарваюць сябе развагамі пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Уявіце сабе: ідзе па вуліцы, апаганьваючы яе сваёй прысутнасцю, які-небудзь смярдзючы абшарпанец… Альбо пузаты мяшчук, які марыць хутчэй апынуцца ў ложку побач са сваёй таўсманнай жонкай…І раптам апынаецца ў коле ўзброеных шпагамі джэнтльменаў у чорных плашчах і масках. Ён пачынае пацець ад страху і намацвае кашалёк… І тут адчувае укол у паясніцу. Паварочваецца… І зноў яго колюць ззаду. Ён зноў паварочваецца… І яго зноў колюць у спіну. Задача ў тым, каб надаць рухам ахвяры дынамічнасць, каб ён круціўся як найхутчэй,
і гэта нагадвала танец. Чым непаваротлівей і звыродлівей ахвяра, тым больш смешна атрымліваецца. Асабліва цікава з кабетамі… Яны вішчаць, падскокваюць, выгінаюцца…— Вы і кабетаў перапыняеце? — абурыўся Пранціш.
— А што?
Вырвіча ажно трэсла ад гневу.
— Такія заняткі нявартыя шляхціца, ваша мосць!
— Альбо ты ўтвараеш кола, альбо стаіш пасярэдзіне яго, — абыякава прамовіў лорд. — Хочаце ў круг — вашая воля. Асабліва было б забаўна паназіраць за панам доктарам. Гэта быў бы адмысловы танец!
— Ды Баўтрамей парэзаў бы вашых «магаўкаў», як жаб на лабараторным стале!
Лорд не паспеў адказаць, улезла хуценька Паланэя:
— Сэр Кавендзіш, а ці ведае ваша мосць вельмішаноўную лэдзі Кларэнс? Магчыма, пан зробіць ласку нешта распавесці чужаземцам пра гэтую высакародную асобу?
Багінская зрабіла ўсё правільна: прадухіліла магчымы гнеў лорда, адцягнуўшы ягоную ўвагу бязвінным пытаннем, і пытанне было важнае…
Вось толькі ці не было яно бязвінным, ці лорд канчаткова розумам паехаў, толькі вочы яго ашклянелі, ангелец некалькі разоў ляснуў кулаком у сценку карэты, і фурман спыніў коней.
— Перапрашаю вашамосцяў, але далей везці вас не магу. Вельмі прыемна было пазнаёміцца, — пры апошніх словах шалёны лорд пакратаў апухлую сківіцу. — Арэвуар.
І, далібог, Вырвічу падалося, што ў абыякавых вачах лорда Кавендзіша паказалася сапраўдная нянавісць.
І нельга сказаць, каб усіх надта засмуціла неабходнасць пакінуць карэту — у таварыстве лорда пачувалася, як тым замежнікам, якіх у Нясвіжы, у гасцях у пана Караля Радзівіла, абслугоўвалі заміж лёкаяў смаргонскія мядзьведзі.
Пабіты пан Гервасій Агалінскі, парэзаны пан Баўтрамей Лёднік, напалоханая перспектывай выкрадання панна Паланэя Багінская і прыгнечаны тым, што не ўдалося здзейсніць подзвіг на вачах Чароўнай Дамы студыёзус Пранціш Вырвіч вярталіся ў гатэль «Дуб і Крумкач», да цяпла каміну. Пранціш пяшчотна прыціскаў рукою схаваны пад кашуляй стос заробленых ліцвінскай крывёй грошай.
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
СКРЫНКА ПАНДОРЫ
Як казаў старэйшы Даніла Вырвіч, вяртаючыся з карчомкі з пустымі кішэнямі, хутка прыйшлі, хутка пайшлі, што мядзяныя, што залатыя…
Папяровыя таксама доўга не пратрымаліся. Важны дварэцкі занёс тысячу фунтаў на срэбным блюдзе таемнай лэдзі Кларэнс, якая так і не з’явілася пакупнікам на вочы, тут жа выбег жвавы малады чалавек у сінім суконным камзоле, як высветлілася, натарыюс, дамова на куплю цаглянага памяшкання ў Кларкенуэле на імя містэра Баўтрамея Лёдніка была складзеная, падпісаная, засведчаная…
І вось яны стаяць перад змрочным будынкам, хутаючыся ў плашчы ад сцюдзёнага ветру, і дрэнныя прадчуванні мітусяцца вакол і джаляць, як дзікія восы.
— Віншую, доктар, цяпер у цябе ёсць уласны палац у Ангельшчыне! — зарагатаў пан Гервасій.
Квакеры пакінулі пустыя сцены, спартанскую мэблю і ўстойлівы пах ладану. Інтэр’еры былі новаму ўладальніку мала цікавыя, гасцей, як вупыроў і пацукоў, вабілі сутарэнні.
Вырвіч у дрыготкім святле свечак спускаўся па каменных вільготных прыступках і ўспамінаў, што гэтак жа давялося пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, і колькі там страшнага і ўражлівага перажыта… Застаецца спадзявацца, што ў лонданскіх сутарэннях усё будзе прасцей… І, вядома, што там увогуле нешта будзе.