Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:
І вось арка, і надпіс на ёй «Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам». Дзверы не зачыненыя… Але за дзвярыма — нічога цікавага. Доўгае памяшканне без вокнаў, падлога ідзе ўніз… Адзінае, што сведчыла пра таемную гісторыю — на крайняй сцяне высечаныя лічбы, рассыпаныя бязладна, як сляпы сеяў. Прафесар адразу пачаў абмацваць камяні кладкі.
— Што цяпер, сцяну ламаць? — нервова спытаў пан Гервасій. — Тут без пораху не справішся. Вунь якія глыбы…
Але Лёднік толькі рукой махнуў, маўляў, не перашкаджай. Вывучаў каменні, ледзь не носам па іх водзячы, вышукваючы аднаму яму вядомыя знакі.
— Спадзяюся,
І націснуў адразу на два камяні ўнізе… Яны варухнуліся, заглыбіліся. Потым яшчэ на адзін… Нешта заскрыгатала, і каменныя глыбы раптам пасунуліся па спецыяльна ўкладзеных у падлогу сталёвых палосах. З цёмнага прагалу пацягнула холадам і смерцю.
— Сведчу, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў узяты на сябе абавязак прывесці азначаных асобаў да пячоры, намаляванай лялькай па імені Пандора, — раптам урачыста прагаварыў Пранціш Вырвіч, настроены абараняць інтарэсы настаўніка, бо той толькі ў бойках ды дыспутах такі пагрозны і спрактыкаваны, а па жыцці — як баранчык, якога ўсе імкнуцца завалачы на разніцу. Пан Гервасій Агалінскі, не адводзячы прагнага пагляду ад прагалу, гэтак жа ўрачыста прамовіў:
— Пацверджваю, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў частку нашай дамовы, і я стрымаю слова пра лёс свайго пляменніка.
— Пацверджваю, што пан Баўтрамей Лёднік выканаў дадзенае майму брату абяцанне, і паспрыяю, каб яму вярнулі жонку, — прагаварыла і панна Паланэя Багінская.
— Вось чым вы доктара прыбралі да рук, — насмешна прамовіў пан Агалінскі. — Скрасці жанчыну! Вельмі годна! Пан Богуш казаў, што Багінскія ні перад чым не спыняцца.
— Можна падумаць, ягамосці Радзівілы моцна пераймаюцца маральнай асновай сваіх учынкаў! — рэзка адказала Паланэя. — Вы ўвогуле доктара лёсам маленькага хлопчыка трымаеце! Няма чаго казаць, высокая маральнасць!
— Доктар сам добрая цаца! — ноздры Амерыканца пачалі гнеўна раздзімацца. — Ды ён перад маім родам увесь у даўгу!
— І ў шнарах, — раззлаваўся Пранціш Вырвіч. — Можа, калі паны не супраць, яны ўсё-ткі разбяруцца цяпер са сваймі скарбамі самі?
— Яны разбяруцца! — Паланэя прымружыла блакітныя вочы. — Толькі рукамі наймітаў! Як на сойме ў Слоніме, калі паслугач пана Радзівіла Валовіч нападаў на майго брата! Пасмеў прыніжаць яго! У той час, як ягоны гаспадар заліваў вочы віном! А потым мой брат змушаны быў бараніць Воўчын, радавую сядзібу Панятоўскіх, ад радзівілаўскіх банд! Гэткі агідны і банальны наезд!
— А не агідна гэта, што ваш брат, жанаты, між іншым, мужчына, паехаў у Пецярбург, прапаноўвацца ў каханкі новай імператрыцы? — раз’юшыўся пан Агалінскі. — Жыў там, як самадайка, прабачце, на агледзінах! Ножкай па паркеце шваркаў перад немкай-царыцай, якая свайго мужа на той свет справадзіла! Радзівілы, прынамсі, ні пад каго не кладуцца!
— А ці не ваш Пане Каханку слаў ліст расейскай імператрыцы, як толькі
тая аўдавела, пратэкцыі прасіў, у вернасці кляўся? — насмешна кінула Паланэйка. — Афронт атрымаў — вось і шалее! Вось і ўся ягоная незалежнасць!— Няпраўда! — пачырванеў пан Гервасій. — Гэтага не можа быць! Не пісаў ягоная мосць Радзівіл такога ліста…
— Яшчэ як пісаў! — з’едліва прагаварыла Багінская. — І самымі куртуазнымі словамі! Карону выпрошваў! Магу сведкаў даць…
— Ды пан Караль — і без кароны кароль! — адчайна крыкнуў Агалінскі.
— Калі ён кароль, дык дзе хоць якая разумная справа, якую ён зрабіў для краіны? — Багінская гатовая была вочы вынуць «жаніху». — Медзвядзямі заміж лёкаяў гасцей палохаць? Мой пан брат мануфактуры ладзіць, дарогі пачыніў, тэатр ягоны найлепшы ў Еўропе!
— У Радзівілаў таксама мануфактуры і тэатры маюцца! — пан Гервасій ажно руку на дзяржальна шаблі паклаў, нібыта на сойме падчас гарачай дыскусіі.— Галоўнае — ён незалежнасць княства бароніць! Бо ў Статуце сказана — чалавеку пачціваму нічога не можа быць даражэй за вольнасць, бо яна — скарб, які ніводнаю сумаю пераплачаны быці не можа.
— Ён абароніць вольнасць! — узвысіла голас Паланэйка. — Патопіць краіну ў п’янстве ды звадах! У дзяржаве павінна быць моцная рука — і ўладар павінен быць чалавекам разважлівым і адукаваным, як мой пан брат!
— Панове, можа быць, працягнем пошук? — прапанаваў Пранціш Вырвіч, сумна думаючы, што насамрэч усе яны сюды патрапілі з-за інтрыгаў расейскага шпіёна, і трон ужо прадназначаны не Багінскім і не Радзівілам, а Цялку-Панятоўскаму.
У вузкі праход, які адкрыўся пад аркай, Амерыканец і Паланэйка ўмудрыліся са злосці праціснуцца разам. Амерыканец у адной руцэ трымаў ліхтар, у другой — шаблю. Паланэя — Пранціш мог прысягнуць — пад плашчом сціскала сімпатычны востранькі кінжальчык, Вырвіч неаднойчы заўважаў, як яна яго перахоўвае.
Лёднік прываліўся спіной да сцяны збоку ад уваходу і стамлёна прымружыў вочы. Падобна, цікавасць да спадчыны доктара Дзі ў яго за доўгі шлях канчаткова выветрылася.
Расчараваныя крыкі змусілі студыёзуса і прафесара рушыць за спадарожнікамі. Нічога не знайшоўшы ў маленькім памяшканні, больш падобным да калідора, тыя вывучалі яшчэ адну сцяну, за якой гіпатэтычна мог хавацца праход. Гэта была пліта, адрозная ад іншых сценаў. Мяккі вапняк, прыкрашаны барэльефам, што нагадваў дрэва, заміж лістоў на ім раслі лічбы і літары. Лёднік цяжка ўздыхнуў. Ягоная місія не скончылася.
— Та-ак, перад намі arbor raritatis, дрэва рэдкасці, — прафесар вадзіў доўгімі пальцамі па абрысах барэльефа. — Гэтак доктар Дзі выяўляў чалавечае жыццё. На кожным ярусе дрэва чалавек праводзіць сем год, а пасля робіць выбар, куды рухацца далей… Бачыце, разгалінаванні ў форме літары іпсілон? Сем — сума мужчынскай лічбы тры і жаночай чатыры. Таму задачу на кожным этапе чалавек павінен выканаць дваістую. Завершанасць — гэта восем ступеняў… Ва ўзросце чатыры на сем, гэта значыць, у дваццаць восем гадоў, галоўны выбар — або мы робімся эгацэнтрыкамі і тыранамі, выбіраючы матэрыяльны свет, ці пнеўматыкамі — праз элементы паветра і вады падымаемся да духа агня, становімся філосафамі… І апошняя ступень перад пасвячэннем — пяцьдзесят шэсць гадоў… Літара І… Просты шлях уверх.