Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Авантуры студыёзуса Вырвіча
Шрифт:

Дасканалыя рысы Пандоры выказалі лёгкую пагарду.

— Учынак гэтага паганага доктара пазбавіў наш род надзеі на трон. З тэстаменту доктара Дзі стала зразумела, што клейноды, засведчаныя каралевай Лізаветай, дзесьці перахаваныя. Гаварылі, што доктар даверыў ключ да сваіх скарбаў васковай ляльцы. Але прадзед жыў у Нямеччыне, змушаны хавацца ад ворагаў, якія баяліся, што ён уступіць у змаганне за ўладу. Калі ён змог вярнуцца ў Англію, каб адшукаць васковую ляльку — якая, дарэчы, была зробленая ў выглядзе самога доктара — той ужо не існавала. Пры каралі Джэймсе мніхі яе спалілі, як д’ябальскую рэч, і па-свойму мелі рацыю. А далей — выпадак… — Пандора коратка ўздыхнула, расправіла складачку на спадніцы, як быццам не было нічога важней за тое, каб гэтая складачка была раўнюткай, кранула капялюш — прыслуга адразу ж паднесла пані круглае люстэрка ў залатой

аправе, якому Пандора ласкава ўсміхнулася, і працягнула гаварыць, любуючыся сабой. — Я, ведаеце, мала жыла ў Англіі. У нас замкі ў Нямеччыне, Швейцарыі… Калі ў Швейцарыі пайшла мода на васковых лялек, бацька захацеў замовіць такую ў вядомага майстра, Вакансона. У выглядзе мяне — усе з маленства захапляліся маёй прыгажосцю. — Лэдзі сказала гэта без усялякага какецтва, проста як факт, ласкава ўсміхнулася люстэрку і нарэшце адвяла ад яго вочы. — Гэта было забаўна… З мяне здымалі маскі, абмяралі. Майстар і распавёў, што да яго звярнуліся ад ліцвінскага князя… як яго… Эрдзівіла… Папрасілі пабудаваць аўтамат на аснове старажытнага механізма. Як толькі прагучэла імя доктара Дзі, мой бацька адразу зразумеў, што гэта шанец! Прапанаваў Вакансону выкарыстаць для лялькі з механізмам доктара Дзі маё аблічча… Майстар працаваў тры гады, пакуль я, васковая, пачала маляваць свой малюнак.

— Тады ваш бацька заплаціў, каб майстар прыбраў з механізму важную дэтальку, і малюнак больш ні для каго не з’яўляўся. Каб аўтамат пры наладжванні мог крэсліць толькі нешта няпэўнае, — працягнуў Лёднік.

— А навошта было дзяліцца таямніцай? — пасміхнулася Пандора. — Бацька гатовы быў і сам аўтамат выкупіць — толькі Вакансон страшэнна ўпарты і дзёрзкі. Ах, слова гонару, рэпутацыя майстра, павінен выканаць заказ кліента — нават пад страхам смерці. Бацька задаволіўся тым, што малюнак быў у нас, а аўтамат сапсаваны. Дзе знаходзіцца скарб, здагадацца было няцяжка: дом, празваны «Агонь і жалеза», пабудаваны над сутарэннямі, дзе калісьці дзейнічала таемная лабараторыя доктара Дзі і адбываліся зборышчы адэптаў-чарнакніжнікаў. Бацька адразу выкупіў гэты будынак. Паверце, абшукалі яго грунтоўна. Але ніякіх сховішчаў адкрыць не ўдалося. Бацька падумваў разабраць усё па каменьчыку… Але пачаліся чарговыя палітычныя мітрэнгі, мы з’ехалі. Бацька памёр… І я вярнулася сюды толькі нядаўна. У таемнае сховішча ў гэтым доме, прызнацца, я больш не верыла. Каб яно было, даўно адшукалі б. Хто ж ведаў, што ў далёкай краіне знойдзецца доктар, які пачыніць аўтамат, расшыфруе малюнак… І з’явіцца сам, каб залезці па скарб.

Лэдзі Кларэнс кінула паблажлівы позірк на Лёдніка і зноў звярнулася да Багінскай.

— Я аддала дом квакерам, бо ён карыстаўся такой дрэннай славай, што маглі падпаліць. А так — святыя людзі, моляцца ўдзень і ўначы. Але і яны пачалі вярзці лухту пра нейкіх прывідаў, доктара Дзі, Урыеля. І я вырашыла халупу гэтую прадаць.

— А чаму вы шукалі тут клейноды? Ягоная мосць пан Геранім Радзівіл марыў пра вогненны меч… Ды і наш доктар прыйшоў да той жа высновы, — папыталася панна Багінская. Пандора іранічна хмыкнула.

— Для нас тут не было загадкі. Агонь — сімвал нашага радавога герба. Жалеза — прысутнічае ў гербе нашых палітычных праціўнікаў у выглядзе мяча. Перамога агню над жалезам — гэта пацверджанне нашай каралеўскай крыві!

— Чакайце, — вылез Пранціш, — але вогненны меч існаваў! Разрэзаныя латы!

— А пра гэта давайце доктара спытаем…

Лёднік змрочна пакланіўся слухачам і загаварыў павучальна, як на лекцыі.

— Мяркуючы па тым, што мне ўдалося зараз прачытаць у сшытку доктара Дзі, тут прысутнічаюць ажно два вогненныя мячы. Альбо прылады, якія пераламляюць і ўзмацняюць светлавы промень. Канструкцыя, якая так спадабалася пану Агалінскаму — макет прыбора, у якім сонечны промень праходзіць праз сістэму люстэрак і можа падпаліць, ну, скажам, ветразь карабля. У добрае сонечнае надвор’е. Архімед у свой час такое ладзіў. Праўда, рабіць гэтую прыладу трэба футаў сем вышынёй, але жалеза рэзаць усё адно не зможа. Затое ў сшытку намаляваная схема, як, выкарыстоўваючы люстраныя шчыты і скрытыя камеры, падмяняць у гэтым прыборы на вачах уражанай публікі цэлыя прадметы загадзя рассечанымі. Псіхалагічнае ўздзеянне можа быць вялікім.

— А чэрап? — ускрыкнула расчараваная панна Багінская.

— А чэрап, вашамосць, правобраз гэтай машыны. Думаю, доктору Дзі прывезлі яго з Амерыкі, — пан Гервасій адразу кінуў на чэрап зацікаўлены позірк. — Доктар Дзі вывучыў яго ўласцівасці і захацеў скарыстаць прынцып. Пакладзіце

яго на роўную паверхню…

Паланэйка паставіла ўпадабаны рарытэт на скрынку для фокусаў. Лёднік зазірнуў у сшытак, зверыўся з намаляванай там схемай і акуратна паднёс запалены ліхтар да крышталёвага «твару»: зараз жа вочы чэрапа зырка запалалі адлюстраваным агнём, як бы з іх вырваліся два промні. Гэта было так страшна, што Паланэйка войкнула, і нават лэдзі Кларэнс уздрыгнула, а тады ляніва папляскала ў ладкі.

— Брава, прафесар, доктар Дзі мае вартага спадчынніка. Можаце забіраць усе гэтыя рэчы. Вы ж купілі іх разам з домам, — пасміхнулася. — Мне, дарэчы, вельмі цікава было назіраць, як вы здабываеце грошы. Гэта ваш, доктар, сябар з каралеўскага навуковага таварыства, да якога мае людзі наведаліся пасля вашага візіту, распавёў пра шарлатана і блюзнера прафесара Лёдніка вельмі шмат цікавага. А назаўтра я сама паназірала за вашым выступленнем у маім улюбёным байцоўскім клубе. Мне паведамілі, што вы паслалі заяўку на ўдзел. Я была ў ложы, у белым капелюшы, пад маскай. Я атрымала задавальненне, — лэдзі Кавендзіш прылашчыла сабачку, якога ёй зноў паднеслі па ейным знаку, і агледзела Лёдніка неяк вельмі нядобра, ацэньваюча, як быццам збіралася набываць новы прадмет мэблі і прыкідвае, у які пакой яго лепей паставіць. — Дарэчы, я папрасіла свайго сябра, лорда Кавендзіша, праводзіць вас дамоў. Іначай, баюся, мы б сёння не размаўлялі.

Паланэйка ветліва пакланілася.

— Дзякуем, вашамосць. Але ягоная мосць лорд Кавендзіш неяк дзіўна сябе паводзіў: як толькі я спыталася пра вашую персону, высадзіў нас з карэты.

Пандора адкінула галаву і засмяялася, як з гары едучы.

— О, а я думаю, чаму ён сёння не адказаў на цыдулку! — няўважна скінула з калень сабачку, які пакрыўджана віскнуў. — Лорд мілы, але трохі надакучлівы. Чамусьці прыдумаў сабе, што ён у мяне закаханы. Мой муж з-за гэтага над ім увесь час жартуе. Мне давялося запэўніць сэра Джона Кавендзіша, што я з чатырма чужаземцамі асабіста не знаёмая… Што справа чыста палітычная… А тут высвятляецца, што вы мною цікавіцеся. Што ж, давядзецца пакараць ягоную светласць за такую смешную рэўнасць.

Пранціш глядзеў, як варушацца дасканала акрэсленыя вусны Пандоры, як яна манерна расцягвае словы, і яму здавалася, што гэта гаворыць аўтамат. Цяпер была бачна падобнасць — не знешняя, а ўнутраная — лэдзі Кларэнс і лорда Кавендзіша. Гэткая абыякавасць да жыцця і смерці — і чужых, і ўласных, упэўненасць, што кожны капрыз павінен задавальняцца… Жорсткасць дзіцяці, якое надзімае праз саломінку жабу і абрывае крылцы мухам, і проста не ў змозе асэнсаваць чужы боль.

— Ну, час ісці. Ах, гэтая палітычная барацьба аднімае так шмат сілаў! — лэдзі з дапамогай прыслугі ўстала, зноў паправіла капялюш. — Я хачу прыдумаць асаблівы гальштук для вігаў. Элегантны і трошкі з выклікам.

Панна Багінская адвесіла развітальны паклон з некаторай няёмкасцю — каб была ў сукенцы, прысела б у рэверансе. Пан Гервасій таксама пачуваўся пакрыўджаным, бо лэдзі таксама вызначыла кожнаму сваё месца. На гэты раз княжна Багінская — дзесьці блізка па статусе, пан Агалінскі — ніжэй на прыступку, і размоў не варты, Пранціш Вырвіш — яшчэ ніжэй… Паж, які трымае шлейф. А Лёднік — так, блазан, забаўка.

А з забаўкамі можна не цырымоніцца. Лэдзі наставіла на прафесара палец, абцягнуты танюткай скурай пальчаткі.

— Паедзеце са мной.

Прафесар нават разгубіўся ад нечаканасці.

— Навошта, вашамосць?

— Лячыць мяне будзеце, — лэдзі насмешна глядзела на доктара, і было ў яе паглядзе штось драпежнае. — Як вы фехтуеце, я бачыла. Цяпер пакажаце свой медыцынскі талент.

Лёднік ледзь стрымліваў злосць.

— Я не ўзяў інструментаў і лекаў.

— У маім палацы знойдуцца, — здавалася, Пандора падцягвае да сябе на павадку няшчаснага шчанючка, які ўпіраецца ўсімі чатырма лапамі, вішчыць, але ўсё роўна апынецца ў дасяжнасці гаспадарскага бізуна. — Нічога кепскага з вамі не здарыцца.

— У такім разе, ваша светласць, я вазьму з сабой асістэнта, — Лёднік паказаў на Пранціша, але лэдзі холадна сказала:

— Не. Вы справіцеся адзін. Спадзяюся.

У апошнім слове прагучэла пагроза. Вусны Лёдніка падціснуліся, вочы загарэліся, ён гатовы быў узарвацца, але Паланэйка кальнула яго сваім кінжальчыкам у бок і, прыўзняўшыся на дыбачкі, прашаптала на вуха, захоўваючы мілы выраз тварыку.

— Калі вы, доктар, зараз працягнеце ламацца, як дзяўчынка-цнатліўка, далібог, сама вас зарэжу, не чакаючы, пакуль слугі лэдзі гэта зробяць. Ну, усміхайцеся і наперад!

Поделиться с друзьями: