Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Байкі

Крапіва Кандрат

Шрифт:

1929

Саманадзейны Конь

Вялікаму каню — вялікі хамут.

Народная прыказка
Меў нейкі Селянін мізэрнага Каня — З сабаку, можа, так, мо, з добрае шчаня. Малому веліччу быць хочацца заўсёды,— У мацеры-прыроды Такі спрадвеку ўжо закон. Так вось і гэты Конь… Яно не ганьба хоць — сабе дабра жадаць, Але ў Каня ўжо, як відаць, Жаданне ў манію вялічча перайшло. I стаў ён скардзіцца на ўсё сяло: I «і-га-га!» і «і-го-го!» — Хамут нібы не да яго. — Я сам, — іржэ, — такі каніска, А вось хамут дык жарабячы блізка — Не засупоніўшы і то ён нават цесны: Ні ўлезці мне ў яго, ні вылезці — хоць трэсні! У горад Селянін прыехаў на кірмаш. I вось убачыў тут асілак наш, Што грузныя ламавікі Пудоў па сто вязуць мукі. — Ну вось цяпер ці бачыш ты,— Пытае ён Гаспадара,— Якія ў коней хамуты? Табе б купіць даўно пара Хоць трошкі большы для мяне, I я б за іх цягнуў тады ўдвайне: Не сто пудоў, а цэлых дзвесце. Тут, каб Каню свайму давесці, Што гэта глупства і мана, Каб выгнаць, зноў жа, наравы З дурной канёвай галавы, Той гаспадар і просіць фурмана, Каб ён у воз вялікі свой запрог яго каняку. Фурман гатоў за пэўную падзяку,— Асілак наш ужо ў вялікім хамуце. Ахвоты той хамут хоць шмат яму паддаў, Але тут здарыўся скандал: Пралезлі праз хамут канёвы персі й ногі, I затрымаўся ён аж ледзь на жываце. А тут яшчэ пракляты воз I з месца не скрануць — як да зямлі прырос. I
просіць у бядзе наш дурань дапамогі.
З тае пары другога хамута Не патрабуе Конь ніколі: Свайго яму якраз даволі, Хамут стаў — проста любата.
Мне часта крыкуны мільгаюць у вачах — Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах.

1927

Старшыня

На ферме на адной савецкай Былі каровы ды авечкі, Свіней паўнюсенькі свінюх I рознай хатняй птушкі мноства. Ну, словам, там жывёлаводства Паставілі на вышыню. Жывёлаводчы меў саўгас характар. Варочаў глебу працавіты трактар, А на падмогу коні ды валы У гаспадарцы той былі (Ці шмат, — таго я не скажу). Яшчэ там быў сабака Жук. З валом Рабым любіў ён падражніцца — Нібыта сябравалі ўдвух. Але… Рабога клікаў плуг, А Жука вабіла разніца: Натуры быў ён сапсаванай I за крадзеж не раз балюча луплен,— Як кажуць, элемент дэкласаваны, Ну, адным словам — люмпен: Віляў, бадзяўся, валачыўся Альбо драмаў, ляжаў у хаце, Аднак нядрэнна ўмеў брахаць ён, Падчас прамоўцаю лічыўся. Загадчык раз жывёлы сход Для перавыбараў назначыў. Вось і пусціў наш Жук у ход Тут талент свой сабачы. — Пра вас, — крычыць, — адно скажу я, Што ўсе вы — дробныя буржуі: Нягледзячы, што й батракі, Да абрастання — сквапы. Не падыму за вас рукі. Свае мазольнай лапы. — Чаму? — пытаў Падласенькі. — Бо ўсе вы — дробнаўласнікі. Вунь у каня ёсць свой хамут, Вол мае ўласнае ярмо. Ну, ды яму Яшчэ дармо, Але ў казы (глядзі, брыда!) Свая ёсць нават барада. Нарэшце маеце ўсе вы Яшчэ і ўласныя хлявы. Але ж цяпер скажыце мне — Вось ці была ў сабакі хата? — Ну, не! Вядома, не,— Жывёлы кажуць вінавата. — Дык вось давайце кандыдатаў… Баран тут першы кажа: — Бе! Цябе, браток, цябе! За ім і коні: — Гі-го-го! Яго! Няўжо ж каго! Яго! Пасля валы й каровы: — Му! Яму начальствам быць, яму! I вось з таго, браточкі, дня Наш Жук — «таварыш старшыня». Ён справіў зараз галіфэ, Пад лапу тоўсты ўзяў партфель, На шыі гальштук ззяе ў срэбры, I не тарчаць у Жука рэбры. Задраўшы нос і хвост кручком, Так важна ходзіць ён маўчком; Калі ж вітаецца з ім хто,— Дык толькі ледзь кіўне хвастом, I толькі той для Жука блізкі сябар, Хто дасць у лапу хабар. Не будку мае Жук — палацы (Хоць не свае, вядома, працы). Ён забурэў, ён растаўсцеў. Але нашто ж кантроля вока? Сабаку далі па хвасце, I гонар вылез яму бокам. Калі часамі вам, браткі, Такія стрэнуцца «жукі», Дык вы, напэўна, ім дасце Таксама добра па хвасце.

1925

Сука ў збане

Сцяпан і брат яго Васіль Шнурок надоечы касілі. А пацягаць касу да полудня ад ранку — Не то што выпіць кавы шклянку Ды павадзіць пяром па гэтай вось паперы,— Змарыліся касцы без меры, Аднак жа не даюць спакою косам — Пракос праходзяць за пракосам. А Фінця-сука ў халадку Ляжыць, як пані, на баку Пад вербалозавым кустом, Памахвае сабе хвастом: То пазяхне, то дрэмле зноў, То ловіць мух, то скакуноў. Ужо спаўдня, і ўжо касцу Аж гоніць з голаду асцу. Паклаўшы косы пад пракос I ўцёршы лоб і потны нос, Касцы падселі к кусту, Дасталі з торбы хлеба лусту, Збан малака ды кожны сваю лыжку I пачалі сярбаць пакрышку. А Фінця ім глядзела ў рот (I ёй падцягвала жывот) Ды прагавітымі вачыма За лыжкаю сачыла, Хвастом віляла і прасіла, Але як не касіла, То не пазвалі й да збана — Апаражнілі ўдвух да дна. Скурыўшы дзве «сабачых ножкі», Васіль прылёг на трошкі; Сцяпана зноў жа сон змарыў (Хоць ён, здаецца, не курыў), А Фіцця гэтым часам Даўно ў збане ўжо з мордай ласай, Ды толькі ёй лізаць няміла, Бо галаву ўшчаміла. Яна й сюды, яна й туды,— Ніяк не збыць ліхой бяды, Хоць адракайся галавы,— I стала выць. Пакуль касцы праз сон пачулі тыя гукі, Пакуль дасталі з гладыша, Дык чуць не вылезла душа У беднай сукі. I, як агню, з тых дат яна Баіцца кожнага збана. Цераз мяжу і фабрыкант, і пан Так сквапна шчэрацца на наш савецкі збан: Гатовы праглынуць, не толькі палізаць,— Так точаць іх пражэрства мукі, Не ўпэўнены адно драпежніцкія сукі, Ці з галавою вернуцца назад.

1925

Тата-Заяц

Пасуцца па начах заўсёды коні нашы З вясны да восені — даволі-такі часу. Вось раз у досвітак на пашы З кабылай аднаго калгаса Сустрэўся Заяц каля куста, I вельмі ўжо яму да густу Прыйшлася гнедая кабыла. Ну і яна яго нібыта палюбіла. Не ведаю, за што ёй заяц люб, Але ж ён хваліцца: — Фактычны, — кажа, — шлюб. — Пачне смяяцца хто, дык Заяц пратэстуе, — Быў шлюб нібыта не ўпустую: Не болей як праз год Ад шлюбу ёсць ужо прыплод — Жарэбчык-сысунок буланы, Такі рухавы, спрытны, слаўны Вядома, Тата-заяц рад — Бяжыць туды, сюды, назад I пад сабою ног не чуе; Сяброў, знаёмых і радню Абабяжыць ён дзесяць раз на дню: — Вам, — кажа, — сына паказаць хачу я. Сабраў кумоў, братоў, сватоў I паказаў ім з-за кустоў: — Ну, гляньце, — кажа, — чым не я? I хвост такі кароценькі, куртаты, I шэрсць, і вушы, як у таты, I спрыт жа мой, і выпраўка мая! А кпіны слухаць там і розную брыду — Ды ну іх, — кажа, — к ліху! Я ім яшчэ не тое давяду: Вазьму і палюблю сланіху. — I давядзі! — зайцы крычаць. — Даўно пара! Качаць разбойніка! Качаць! Няхай жыве! Ура! Такі ж удалы маладзец! Палюбіць ён, каго захоча. Але калгасны жарабец Тут раптам калі зарагоча… I тата той, і сваякі Разбегліся ва ўсе бакі. Такія сярод нас — зусім не навіна. Вы толькі заўважайце: Прэтэнзій у яго — хапіла б на слана, Заслуг жа — як у зайца.

1935

Угоднiкі-маўчальнiкi

Хоць я на іх не маю вока I знацца з імі не хачу, Аднак жа байку прысвячу Угоднікам і абібокам. Вы байку гэту чулі, можа, А можа, й не. Калісьці ў нашай старане Ды жыў Угоднік божы. Каб на зямлі не награшыць I бліжай быць да бога, Угоднік так павінен быў рашыць: Нічога не рабіць, не гаварыць нічога, Не думаць нават, толькі спаць. I вось гадоў мо сорак пяць Так на адным праспаў ён месцы. Як прынясуць, бывала, есці, Дык пабярэцца моўчыкам ды зноў на бок. Калі ж памёр вялікі абібок, Святы Угоднік Лотра,— Рай адчыніў яму сам Пётра. Яшчэ б тут можна байкаю пацешыць, Ды не хачу трывожыць «праведнікаў» сноў я. Не буду — спіце на здароўе! «Хто спіць, дык той не грэшыць». Заслуга ў нас, аднак, не ў тым, Каб быць маўчальнікам святым I гнісці ў абывацельскім «раю», Іначай кажучы, ў балоце, А ў тым, каб з лепшымі ісці ў страю, Гарэць-змагацца на рабоце.

1926

Чорт

Кажух ляжыць, а дурань дрыжыць.

Народная прыказка
На
свеце жыў Янук-сынок
У нейкіх Мамы й Таты; Гадкоў яму было мо пяць. Вось раз, калі куткі ахутаў змрок, Бацькі уклалі хлопца спаць, А самі выйшлі з хаты: Каровы Матка падаіць, А Бацька коні напаіць. Але малому Януку Вачэй ніяк не зводзіць сон, Бо нешта чорнае ў кутку На лаве ля красён Убачыў раптам ён: Касматае, з зялёнымі вачыма, Дым чорны ў страха верне з ляпы I з кіпцюрамі лапы. Шавеліцца і крэкча страх, нібы падняцца цяжка. Абмёр пад коўдраю хлапчына, Пабеглі па плячах мурашкі, I сталі валасы дубка У небаракі Янука, Аж зуб на зуб не пападзе. Чуць не памёр наш блазан у бядзе, Пакуль не ўчуў, што Бацька йдзе. Тады з пасцелі — скок ды сам бягом адтуль. — А татачка, вунь чорт! А міленькі, ратуй! — Дзе чорт? Вось гэта? Ха-ха-ха! Ну й дурань жа ты, Янка! Свайго спужаўся кажуха. А Янку трэсла ліхаманка.
Чытач чакае звыклае маралі? Дык я ж пра тых — «у футарале», Што ў промнях сонца яснага Баяцца ценю ўласнага.

1927

Шчыры Поп

Вось не забыцца мне ніколі, Як раз угодніку Міколе Служыў малебен Поп адзін, Як шчыра ён кадзіў. Святы угоднік Мікалай Лічыўся «шэфам» аднаго сяла, Дык фэст дзевятага спраўлялі мая (Бязглузды забабон там-сям яшчэ трывае). Зважаючы на добрую пагоду, Нямала там сабралася народу: Адзін сапраўды йшоў маліцца, Той замуж трэ было, а гэтаму жаніцца. Там як бы ні было, а на папова шчасце Ў царкве і яблыку няма дзе ўпасці. Ён з радасцю пачаў малебен правіць Ды, каб Міколу добра ўславіць, Калі пачаў хадзіць, Калі пачаў кадзіць! У фанатычным тым уздыме Угодніка схаваў у дыме, Дзяка, і клірас, і алтар, I сам гаворыць, як з-за хмар. На ўсю царкву не пах ужо — смурод, I чхае, й кашляе народ; Таго ўжо тузае і рве, А там паехалі аж разам дзве. Трывалі доўга людзі так, а потым — ходу, I Поп з угоднікам застаўся без народу. Здараюцца ж на свеце людзі: Ёсць пара крытыкаў, вядомых нам, Якія кураць фіміям,— Ад іх таксама нудзіць.

1926

Рак

Паважны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі. Чаго — сказаць я не бяруся: Ці то яго цікавіў Мінск, ці то Мазыр і Прыпяць, А толькі ён зайшоў бутэльку піва выпіць. — Што ў вас да піва ёсць? — пытае ён Слугу. — Што загадаеце, падаць я вам магу,— Адказвае Слуга. — Ёсць тараны, ёсць ракі. — А гэта што такія за прысмакі? Іх не чуваць у нашай старане. Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць на спробу. Падаў Слуга. Паважная Асоба, Абцерабіўшы раку шыю й клешні (Не хоча з драбязой займацца ён, канечне), Давай упісваць рэшту. Ды вось не есца толькі нешта: Расце, здаецца, ў роце рак. Аж вочы плюшчыць дзядзька-небарак, Але, запіўшы півам, лыкнуў. «Давай яшчэ папробую, а мо й прывыкну Да гэтых, — думае, — прысмакаў». Але й з другім не лепей ракам: Назад, здаецца, з рота ён паўзе. — Паслухайце, — Асоба кажа тут Слузе,— Што гэта ў вас за людзі? I што ў людзей за густ? Вось я ніяк прывыкнуць не магу I ракам рот дарэмна запаскудзіў. Слуга ў адказ: — Які вы, дзядзька, смешны! Не дзіва мне, што не знайшлі вы смаку У нашым раку: У нас ядуць тут шыю і клешні, А вы — жывот ды бруд усякі. Калі трапляецца ў жыцці вам рак, То, каб не каяцца нарэшце, Уведайце наперад, дзе ў ім смак, Тады ўжо толькі ешце. Іначай знойдзеце ў лупіне, Што кожны, плюнуўшы, адкіне.

1926

Сава, Асёл ды Сонца

Сава лятала паначы, З сабою птушкам смерць насіла, Хаўтурны спеў ім пеючы,— Сама там драла іх, сама ж і галасіла, Ды так не ўбачыла, як нахапіўся дзень, I Сонца яркага прамень Да рэшты асляпіў ёй вочы. Сава ўцячы тут хоча, Ды толькі вось ляцець не можа, А поблізу няма дупла нідзе. Заплакала Сава ў бядзе — Ну, хто ж Саве паможа? На шчасце ёй тут лёс паслаў Знаёмага Асла. I кажа ён: — Не плач, сястрыца, Ды надта не бядуй,— З бяды мы вырабімся самі, I Сонцу нам не прыйдзецца скарыцца: Я вушы доўгія на Сонца навяду I засланю яго вушамі. Як цемра ўсю пакрые галу, Як згіне прыкрае святло, Дык ты й ляці сабе ў дупло Тады памалу. I наш Асёл за працу ўзяўся шчыра: Як можна вушы свае шырай Ён растапырыў, распрастаў I проці Сонца стаў. Калі ж налева глянуў коса — Святла там яркая палоса. Ён — гоп у левы бок. Пасля глядзіць — святло і справа; Тады назад ён — скок. Нарэшцо бачыць — дрэнна справа: Скакаў, скакаў і ўжо насілу ходзіць, А Сонцу ўсё ніяк не шкодзіць,— Ні каплі не памог Саве, А вочы пасляпіў сабе. I вось Аслу нарэшцо ясна стала: Каб Сонца засланіць — вушэй асліных мала. Вось гэту праўду едкіх слоў Нясу, абураны, я на фашысцкіх соў I іх заступнікаў-аслоў.

1927

Сваяўство

Для сябра ці для сваяка I на вярбе растуць, часамі, бэры, I па вядру казёл дае, бывае, малака. Хто гэтаму не даў бы веры, Дык факты тут яго пераканаюць скора. Нядаўна нек, учора ці заўчора, Я чуў — Свіння Казла хваліла, Уславіла падрад разоў са сто. Хваліла, ды не ў гэтым сіла, А справа ў тым — за што? Яна Цялят сабрала чараду I пачала: — Вы знаеце, — пытаецца, — Казла — Такую бараду З развілінамі рог? Ах, што за працаўнік! Ах, што за маладзец! Ох, ох! Рох, рох! Працуе ён не то што за Вала — За трох! Спытайцеся сабе ў авец… Ці верыце яшчэ вы, мілыя мае? Ен нават малака дае. Цяляты тут Свінні ў адказ: — А не дуры ты, цёця, нас! Казлова малако сама еш на здароўе, А нам ляпей кароўе. А што ён працаўнік, і гэтакі й такі, Дык ясна тут, як двойчы два: Вы з ім, здаецца ж, сваякі — Жывёлы з аднаго хлява.

1927

Стары i Малады

Не так даўно ў гаспадара Жарэбчык быў і Конь Стары. Яны задраліся нек раз, I вось з тае пары Пайшлі між коней нелады. Аднойчы ў плузе на раллі Жывёлы спрэчку завялі. Гарачы, порсткі Малады Тут не на жарт Напаў на сталага Каня: — Куды ты, падла, варт! Калі паўзеш, дык парахня Вунь пасыпае сцежку ўслед, I толькі ты паскудзіш свет, Глядзіць у землю морда кісла I губа ніжняя адвісла. На чорта ўжо цябе й трымаць! Даўно пара да каналупа, Бо сорам весці на кірмаш… Ад слоў такіх Стары стаў слупам: — Ах ты, шчаня! Так бэсціць сталага Каня! Ты не глядзі, што я стары, Што быццам сыплецца з мяне На капыты, Але ж да гэтай вось пары Ні разу ў баране Не стаў, як ты. Разумны ты ды малайчына Да той пары, пакуль ляйчына Не пападзе табе пад хвост, Ну, а тады — панёс Ці з плугам будзеш ты, ці з возам,— I дзе твой дзенецца ўвесь розум! Няхай, па-твойму, я слабы, А хто ж цябе вось прыдабыў? Хто дастаўляў табе авёс I сена, на якім ты рос? Ты здольны толькі да яды, А ў працы гэтых маладых Я так прыцісну, што аж сок… — Пакуль з нас сок, дык з вас пясок… Вось так за словам слова, Нарэшце мала ім і звадкі — Ужо намерваюць азадкі. I… выйшла б дзела ў іх канёва, Каб не Араты йшоў за плугам. — Но-но! А то вось я зраблю падлік заслугам.— Пачаў ён іх мірыць.— Сябры па працы вы, а проста як звяры. Той ганарыцца, што стары, А той — што малады. Ды хіба ж для працоўных розніца — гады? Паверце, што найбольшая з заслуг — Цягнуць цяпер у згодзе гэты плуг.
Поделиться с друзьями: