Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Байкі

Крапіва Кандрат

Шрифт:

1926

Сямейная спрэчка

Табе вось не якая трасца,— Сказаў Пярэсты раз Падласцы,— I больш не здольна ні на што ты, Як на цялячыя пяшчоты: Яшчэ мароз, мяцеліца, Яна тады ацеліцца, I сёмуха аж блізіцца — Яна ўсё з целем ліжацца. А калі ж цельная была, Хадзілі, проста як ля шкла. Вось толькі й клопату брыдзе, Што нацадзіць за цэлы дзень Якую кварту Ці то-бок літру малака,— I
харчаваць цябе не варта.
Зусім рэч іншая ў быка: Вось я штодзень, як той загарак, Іду то ў возе, то ў сасе,— Балюча ныюць косці ўсе, Ярмо ашмуляла мне карак, Бо я ж адзін на гэтым карку Нясу ўсю нашу гаспадарку. I каб не я, сышло б да рэшты. — Пакінь плявузгаць ты, Пярэсты, Сабою надта выхваляцца, Не страш ты бабу цяжкай працай,— Падласка кажа да быка.— I я магу ярмо цягаці, Радзі ж вось ты хоць паўцяляці Ці дай хоць кварту малака.

1925

У Папа ды быў сабака

У папа ды быў сабака, Поп яго любіў. Ён не краў у баці сала,— Поп яго не біў. Баця жыў ля школы блізка, Проста двор у двор, I наведваў часта Лыска Школьны калідор. Да пажывы Цюцька ласы Раз у школу йдзе, Ён абшнырыў усе класы, Ды няма нідзе. Хоць у думках невясёлы, Хоць і посціць пост, Але выйшаў Лыска з школы — Абаранкам хвост. Напаткаўся ён Мілорду, Які тут гуляў; Прывітаўся морда ў морду, «Добры дзень!» маўляў. (Мне пяром размову гэту Цяжка й перадаць.) — Дзядзька Лыска за асвету Ўзяўся, як відаць? — Ды прызнацца ўжо не сорам, Пхнёмся пакрысе: Сем тут класаў з калідорам… Я прайшоў усе. I пайшло ад сукі сучцы — Хто каго ні стрэў, Што той Лыска у навуцы Сам сабаку з'еў; Не капціў дарэмна свету, Жыў ды не драмаў; Што вышэйшую асвету Лыска атрымаў; Што ў становішчы сабачым Гэта ж — о-го-го! Што мы шмат яшчэ пабачым Цудаў ад яго. Вось і чын у Лыскі новы (А ранейшы знік): Навуковай установы Лыска працаўнік. У папа ды быў сабака, Поп яго любіў, Ды вучоным знакамітым Чорт яго зрабіў.

1928

Філосаф i рака

Блукаў Філосаф па зямлі. Чаго блукаў? Мо праўды ён шукаў I сцежак тых, што да яе вялі, Мо вывучаў складанасць тых падзей, Што выклікаюць у людзей То радасць, то трывогі. А толькі збіўся ён з дарогі, Пайшоў да вёскі нацянькі I апынуўся
ля ракі.
Вось вёска ўся на відавоку, Сям-там дымяцца каміны, I смачны пах даносіцца здалёку: Няйначай як пякуць бліны, А можа, нават і мачанку (Філосаф наш ад ранку Не каштаваў ніякай стравы). Ды вось бяда — Наперадзе вада I не відаць ніякай пераправы. «Не будзем смутку наддавацца, — Сказаў Філосаф наш, пачаўшы раздзявацца. — Мне толькі варта зняць штаны, I я паспею на бліны». Аднак, раздзеўшыся, пачаў ён сумнявацца: Ці то ў штанах, ці без штаноў — Філосаф ёсць філосаф: Паразважаць заўжды гатоў Аб чалавечых лёсах. «Які ж мяне самога лёс чакае? Хоць розум мой глыбінь шукае, Але ж вада тут чорная такая… Таму адзначым: гэты глыб Не для філосафаў — для рыб». I тут, у гэтыя хвіліны Сумненняў і разваг, Пачуўся раптам роў асліны: Асёл, прыспешыўшы хаду, Імчаўся з берага ў ваду (Відаць, усмаг). Напіўшыся, стаяў, крапіў хвастом бакі Аж на сярэдзіне ракі (Аслу было тут па калені). Філосаф зноў у задуменні: «Чаму ж мы дна ў рацэ не бачым? Даследуем і растлумачым: Таму мы ў ёй не бачым дна, Што ў вадаёме муць адна». Так іншы твор са зместам цьмяным Мы лічым ледзь не акіянам.

1963

Шляхі да ісціны

Жылі ў суседстве два Іваны. Адзіц — мудрэц — Шукаў ва ўсім пачатак і канец, Другі — прастак — Жыў проста так. Вось раз ідзе прастак з двара — Касцюмчык, гальштук, папяроска. — Куды? — пытае цёзка. — Ды мне пара… Вунь там у скверыку чакае Чарнявая такая. — Я бо гляджу — надраіў чуб. Жаніцца думаеш? — А хоць бы й так? — Дык ты ж не знаеш, што такое шлюб. — Я па-вучонаму адказваць не бяруся, Як ажанюся — разбяруся. — Прастак дык ён і ёсць прастак. А я хачу спачатку разабрацца. Цяжкая, праўда, праца, Вунь, бачыш, колькі кніг! Усё пра шлюб сабрана ў іх Ад самага Адама. Дык вось мая праграма: Пакуль да сутнасці не дабяруся — Не ажанюся. Ад першабытнае сям'і пачну. — Ну-ну! Жадаю поспеху. — Табе таксама. Пакуль мудрэц, сабраўшы кніжак стог, I дзень і ноч пад імі сох, Пакуль дабраўся да матрыярхату, Прастак прывёў чарняўку ў хату. Яшчэ прайшло мо год ці два, Штудзіруе разумнік том за томам, Трашчыць аж галава, А ўсё канца няма крыніцам невядомым. Раз, глянуўшы на свет, разумны аж здзівіўся: Сынок у «дурня» нарадзіўся. Ішлі гады сваёй хадою… Пад старасць наш мудрэц, Абросшы сівай барадою, Знайшоў-такі пачатак і канец, Але на сівізну кудзелі Нявесты не глядзелі.

1965

Поделиться с друзьями: