Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Апроч адрэзанае галавы, у далейшых зваротках загнязьдзiлася колькi друкарскiх памылак. Не ўяўляў аўтар, што верш можна аж так сапсаваць у друку. Другой звароткай ён выказаў захапленьне старой лiтоўскай сталiцай:
Ты разьлёг перада мноюУ васеньнiм тумане,Быццам кветкай маладоюНа зялёным дыване.Янук прыгадваў першы вiд гораду, дакладней — тае зеленi, што ўсьмiхнулася яму ў iмглiстую ранiцу. Такiм дэбютам у газэце, што друкавалася лацiнкай, якое Янук ня любiў ужываць у беларускай мове, скончылася ягонае супрацоўнiцтва зь «Беларускiм голасам». Пасьля
Вершы, вершы-лятуценьнi…
Дзесь далекавата налева, на Антокалi бялелi вежы высокай сьвятынi i гэтта-ж амаль перад носам, з-над дахаў пазiралi вежы iншых касьцёлаў. Адсюль, як на далонi, красавалiся й калёны фасаду вiленскае катэдры. Янук яшчэ раз прыгадаў сабе, што трэба пацiкавiцца, цi запраўды ў склепе ейным ёсьць магiлы вялiкiх лiтоўскiх князёў.
Пляны, намеры… Колькi iх было.
Сябра Загорны намовiў гiмназiстку Рандуўну паехаць па абедзе ў Вэркi, куды, казаў, хадзiў рачны параплаў. А Янук, расьсеўшыся ў гэну нядзелю на бальконе, прыслухоўваўся як воддаль, на Кальварыйскай вулiцы цiкалi конскiя падковы. Прыграваны васеньнiм сонцам, зноў думкамi вярнуўся да пачаткаў свайго вiленскага жыцьця.
Хто ведае, цi ўдалося-б Януку дастацца ў беларускую гiмназiю, калi-б не ягоныя паэтычныя спробы. У шэрым, з паападаўшай са сьценаў тынкоўкай, двухпавярховым будынку на Вострабрамскай вулiцы, гэтта-ж непадалёк станцыi, паспрыяла яму адразу пабачыцца з дырэктарам Францiшкам Грышкевiчам. Чалавек сярэднiх гадоў, бляндын, з прыязным адкрытым тварам, даверлiвымi вачмi, ён адразу разьвязаў юнаку язык. Бахмач прыйшоў у канцылярыю дырэктара з большай упэўненасьцю, чымся калiсьцi да Раманоўскага ў школу ў Гацях. Меў-жа за сабою не абы-якi школьны багаж. Пасьля году ў беларускай школе ў Гацях, скончыў шасьцiмесячныя настаўнiцкiя курсы для настаўнiкаў пачатковых школаў у Глыбокiм. Усё-ж адрыў ад дому ў часе вайны, якая ўсё разгаралася, ды паўгалоднае студэнцкае жыцьцё ў далёкiм горадзе прадстаўлялi немалую рызыку. Колькi ваганьняў i роздумаў, пакуль адважыўся на гэты вялiкi крок, а пасьля яшчэ пацягнуў за сабой сябру Лявона Загорнага. Можа й не асьмелiўся-бы, калi-б ня пераконлiвае слова агранома Падгайскага:
— Едзь, Янук, i цягнi майго пляменьнiка. Нi траць нагоды. Нiхай тутака ў пачатковых школах iншыя вучаць. Нi забывайся, што нам патрэбная свая, вельмi добра адукаваная, iнтэлiгэнцыя. Вiленская гiмназiя гэта сапраўдная кузьня беларускасьцi. Навука — найбольшы капiтал у жыцьцi й твой будучы хлеб. Ты вельмi таленавiты юнак i добры патрыёт. Маючы навуку, зможаш шмат зрабiць для свайго народу. Паглядзi, колькi нашых найлепшых людзей Палякi, бальшавiкi й Немцы вымардавалi, каб iх зiмля нi насiла! Араць i касiць у нас будзiць каму, а хто народам кiраваць будзiць? Нам-жа трэба сваю дзяржаву будаваць.
— Ня ведаю, — адказаў Янук. — Як-жа вучыцца, калi ў бацькi бяда? Што надзену, што буду есьцi?
Падгайскi задумаўся.
— Слухай, я табе што-небудзь з вопраткi дам дый памагу грашмi. Яшчэ дам пару адрасоў сваiх сяброў у Вiльнi. Ты да iх зайдзiся. Нехта зь iх будзiць кватэру мець. Гэта я табе ўсё раскажу й дам пiсьмы да iх. Ды не забывайся, што ў Вiльнi ёсьць наш бiларускi камiтэт, якi, мне здаецца, таксама можа памагчы студэнту ў выпадку патрэбы. Адным словам, з голаду й холаду нi памрэш. Мне здаецца, што ўдома ў вас нiнадта пiразь бiрагi пiралiваецца капусты ды крупы. Дык i ў Вiльнi нейкая там капуста будзiць.
Дырэктар Грышкевiч запрапанаваў сесьцi й распытваўся адкуль Янук з дому. Ён ужо ведаў ягоную школьную кар'еру з тых дакумантаў, якiя Янук учора пакiнуў у канцылярыi разам з заявай, а цяпер у руках сшытак зь сiняй вокладкай, першыя плёны Януковай паэзii. Ня прыпадкова Янук учора пакiнуў разам з заявай i гэны сшытак.
— Пясьняр, значыцца? — сказаў дырэктар бацькоўскiм тонам. — Прачытаў пару вершаў. Добрыя.
Хочаш вучыцца? Вайной ды аж за дзьвесьце кiлямэтраў ад дому? Гэта — адвага! Я пастараюся даць магчымасьць. Адносна ўступных iспытаў…Гэтта дырэктар паясьнiў, што вымагалася. Пытаньнем была лацiнская мова, якой Янук нiколi ня вучыўся. У працягу наступных пару дзён ён спасьцярог, што iспыты гэныя былi нецяжкiя, хоць, праўда, ягоная ранейшая падкаванасьць ува ўсiх прадметах добра памагла. I такiм чынам неўзабаве зьявiўся ён мiж вучняў сёмае, значыцца перадапошняе клясы гiмназii.
Усё пачынаецца ад жывата. Даведаўшыся, што ў цiхай i прыгожай Вiльнi харчы прадаюцца адно на карткi, параiлi сябры Януку й Лявону пайсьцi ў адну «вальдзiс», значыцца мясцовы лятувiскi гаспадарчы ўрад, дзе выдаюць харчовыя карткi. Кантору тую знайшлi хлопцы тут-жа побач вулiцы Мiцкевiча, недалёка Зялёнага мосту. У канцылярыi было пару ўраднiкаў i ўсяго адна наведвальнiца. Яна хутка выйшла й хлопцы падыйшлi да старэйшай, тоўстай, з выгляду надта занятай жанчыны. Зьвярнулiся да яе панямецку:
— Мы хацелi-б харчавыя карткi атрымаць.
Жанчына падняла галаву з-над лiста паперы, уважна зiрнула на студэнтаў i нешта адказала палятувiску.
— Мы палятувiску не разумеем. Але-ж вы, пэўне, панямецку мусiце гаварыць. Дык мы просiм вас выдаць нам харчовыя карткi.
Гэтым разам на жанчынiным твары мiльгануў выразны цень незадавальненьня, язык ейны больш разьвязаўся, але ў тэй самай мове.
— Што гэта такое? Ня можа быць, каб яна панямецку ня ведала. Чакай, а можа пабеларуску?
Янук зьвярнуўся да ўраднiцы пабеларуску.
Iз трэцяй спробы нiчога не атрымалася. Жанчына ня скрывала сваей няпрыязьнi. Яна навет адвярнулася ад хлопцаў. За другiм сталом шлёпала на машынцы маладая дзяўчына, а за дзьвярмi чуваць былi мужчынскiя галасы.
— Што будзем рабiць? Гэта яна хiба-ж наўмысна? — сказаў Янук.
— А можа панямецку ня ведае? — сказаў Лявон.
— Кiнь ты. Дык чаго тады яна тут сядзiць? Цьфу, што за народ.
З гэткiмi словамi хлопцы выйшлi. Давялося йсьцi ў Беларускi Нацыянальны Камiтэт, што быў тут-жа недалёка, i прасiць помачы. Пару дзён пасьля, карыстаючыся перакладчыкам, ды прадставiўшы дакуманты, што яны ёсьць студэнтамi, хлопцы атрымалi харчавыя карткi. Гэткiм чынам першы кантакт з Жамойцамi, якiя пад крылом акупанта загнязьдзiлiся ў старой лiтоўскай сталiцы, паказаў юнаком твар яшчэ аднаго ворага. Калi-ж выпадак з нашымi студэнтамi сьветчыў пра адносiны Жамойцаў да бальшынi жыхароў гораду, якiя лятувiскае мовы ня ведалi, то Жамойцы мусiлi нажыць сабе шмат ворагаў.
З кватэрай студэнтам пашанцавала. Сябра Кастуся Падгайскага, аграном Казьляк меў двухпавярховы дом з абшырным нiзам i трыма пакоямi на другiм паверсе. Два пакоi далi студэнтам. На пытаньне пра плату, аграном Казьляк, мужчына скорагаворкi й энэргiчны, махнуўшы рукой, сказаў:
— Разьлiчымся. Пажывеце, вучыцеся. Далей будзем бачыць. Сам я вунь некалi вучыўся ня ўлегцы, дык ведаю, як вам нялёгка, асаблiва вайной.
Жонка Марыля аказалася надта ветлiвай i добрай гаспадыняй. Замуж яна выйшла, як пасьля хлопцы даведалiся, позна i ў сям'i быў адзiн дзесяцiгадовы сын Янка. Так пасьля й злажылася, што аграном памагаў навет харчмi, бо сам працаваў у нейкiм сельскагаспадарчым «штэле», калiшнiм бальшавiцкiм саўгасе, адкуль нярэдка валок дадому гароднiну, садовiну й навет мяса.
У гэнае нядзельнае паабедзьдзе ўся Казьлякова сям'я пайшла да некага ў адведзiны, а Янук сядзеў на бальконе й згадваў нядаўную прошласьць. Яшчэ раз пабег у пакой i выцягнуў з шупляды Дунiн лiст. Атрымаў яго мiнулага тыдня й ня мог iм яшчэ ўволю нацешыцца.
«Янучок», — пачынала Дуня. Не напiсала «дарагi» цi якi, а проста «Янучок».
«Дзякую за тваё пiсьмо, якое прачытала зь вялiкай цiкавасьцю. Усё, што ты пiшаш пра Вiльню, надта захапляе мяне. Каб я калi магла пабачыць гэты слаўны горад!