Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
«У мiнулую нядзелю заяжджаўся да мяне франьцiк Вайцяхоўскi. Прыпхнуўся на сваiм неадлучным ровары. Ня люблю гэтай рыцыны-нахаба, ледзь адвязалася».
Такой весткай Янук не на жарты затрывожыўся. Радкi пра Вайцяхоўскага ў лiсьце даволi скупыя. А што там запраўды сталася? На настаўнiцкiх курсах называлi яго аблiзанай авечкай таму, што часаў свае блёнд валосы так, быццам яго авечка цэлую ноч лiзала. Паходзiў недзе iз старой засьценкавай шляхты, заўсёды франьцiўся, голасна рэклямаваў свой беларускi патрыятызм i заўсёды хвалiўся вялiкiмi посьпехамi ў дзяўчат. Паважнейшыя дзяўчаты адганялi яго, як назойлiвага авадня, але гэта нiяк шляхцюка не ўтаймоўвала. На кпiны хлопцаў, зусiм не пакрыўдзiўшыся,
— Якiя вы, хлопцы, малакасосы! Дз дзяўчат трэба проста дабiрацца. На тое-ж яны й дзяўчаты.
I звычайна Вайцяхоўскi адыходзiў ад «малакасосаў», паiдыёцку распраменьваўся ягоны твар, калi засьценкавы Дон Жуан пачынаў загаварваць зубы наступнай сустрэчнай дзяўчыне.
Трывогай поўнiлася Янукова сэрца. На колькi быў ён пэўны сваей Дунi? Вайцяхоўскi, бяз сумлеву, iз сваiм «неадлучным роварам» разьведаў ужо ўсё навакольле. I напэўна не паехаў да аднэй цi другой звычайнай i неадукаванай вясковай дзяўчыны, цi, як ён называў, паненкi, а насамперш аб'езьдзiў усiх настаўнiц у ваколiцы.
Прыгадваў Янук як засьценкавы шляхцiц да жаночага полу падыходзiў: стаiць Аблiзаная Авечка амаль упрытык да дзяўчыны, упорыста зазiрае ў ейныя вочы, празь ледзь адкрыты рот цэдзiць перабольшаныя лiсьлiвыя камплiмэнты. Дзяўчынiн твар пакрываецца чырваньню, а заварожаная галава ня ведае цi гэты нахабнiк усур'ёз языком меле, цi адно для пацехi забаўляецца. I вось у такi момант Аблiзаная Авечка, бязь нiякага папярэджаньня, цапне дзеўку за грудзi. Часта тады чуваць ёмкi плясь. Але дзяцюк, анiчуць не зьбянтэжыўшыся, без малейшага сораму прадаўжае далей расхвальваць дзяўчыну.
Прыгадалася Януку казка пра лiсiцу й варону з сырам у дзюбе. Цi Дуня можа даць такому чалавеку належны адпор ды ня станецца казачнай варонай? Ня дай, Божа! Янук пачаў дрыжэць, прачытаўшы далей:
«I што за чалавек! Ты на яго с…, а ён кажа, што дождж iдзець. Ты яму па мордзе, а ён, бязь нiякага сораму, падзякуе й далей да цябе дабiраецца. Хацелася-б калi, Янучок, закiнуць яму на галаву спаднiцу ды накамшыць, накамшыць…»
Так, Дуня магла-б такое зрабiць. Бяда, што Аблiзанай Авечцы вельмi паспрыяла-б закiнутая на галаву спаднiца… «Чорт лазаты, — думаў Янук, — ён тамака да маей мiлай дабiраецца, а я тутака сам сяджу. Што рабiць?» Зайздрасьць i злосьць. Злосьць на свой, можа ня зусiм прадуманы, крок, аграмадня злосьць на Аблiзаную Авечку. I чаму пакiнуў Дуню? А што будзе, калi Авечка дабярэцца? Бываюць-жа ў дзяўчат часiны слабасьцi…
Нечакана думкi зьвiхнулiся ў зусiм iншы бок. Пазаўчора ягоны сябра Лявон Загорны, немалы гуляка, што апынуўся ў шостай клясе гiмназii, адважыўся пайсьцi ў ведамы дом на вулiцы Субач. Намаўляў i Бахмача, але хлапец адмовiўся. Адзiны сын багатага гаспадара, Лявон меў на гэта грошы. Дадому вярнуўся распраменены, зьзяў задавальненьнем.
— Ну i як, разгавеўся? — падняў Янук з-над кнiжкi галаву.
Загорны зiрнуў на Янука зь нейкай, здавалася, недасягальнай адлегласьцi, адтуль, дзе Бахмачу нiколi не давялося яшчэ бываць.
— Золатца, а нi баба! Трохi старэйшая за мяне, але якая пекная i фiгурная! А як яна ўмеiць, — каб яе халера! — як паддасьць, як падкiнiць, ай-яй-яй!
Янук адно нарыхтаваўся сквапна лавiць кажнае слова пра тое, чаго сам нiколi ня зьведаў, як Лявон спынiўся, дзесьцi ў уяўленьнi бачачы тое «золатца».
— Ну i?
— I шэпчыць мне, знаiш, — я так цешуся, бо так даўно Паляка ўжо ня мела…
— Як гэта Паляка? Дык хто-ж туды прыходзiць?
— Найболi Немцы.
Янук задумаўся.
— Дык калi тамака Немцы, то як цябе пусьцiлi?
Лявон распрамянiўся шырокай, задаволенай усьмешкай. Глядзi, маўляў, якi зь мяне хiтрун.
— Дудкi, браце! Папершае я там нiводнага Немца ня вiдзiў. Байзальмама хацела мяне за дзьверы, дык
я ей паперку ў руку, некалькi марак значыцца… Грошы-ж нi сьмярдзяць, знаеш. Дык яна мне ня толькi дзьверы шырака адчынiла, але й гэту самую лепшую бабу…Лявон змоўк, зноў, вiдаць, заварожаны згадкамi пра салодыч побыту ў доме на Субач.
— Казаў-жа табе, — хадзi разам. От i паспрабаваў-бы…
Янук зачырванеўся, маўчаў. Гэта здарылася пазаўчора, а цяпер ягоны сябра Лявон дзесьцi з Рандуўнай у Вэрках. Хто ведае, можа зноў у вабдымках.
Бальшыня вучняў вiленскай Беларускай гiмназii выводзiлася зь мясцовага польскага насельнiцтва. Беларускую мову адно ўжывалi на лекцыях, калечылi яе на ўсе лады. У школы зь лятувiскай мовай навучаньня ня йшлi, пабеларуску iм лягчэй было. Гэтта-ж усё-ж пятае перазь дзесятае нешта зразумееш. Янук адносiўся да iх холадна, гаварыў выключна й дэманстрацыйна навет пабеларуску, каб iншыя вучнi зь сялянаў, якiх было можа з чвэрць усяго лiку, чулi й насьледвалi яго.
Выключэньнем мо была цёмнавалосая, грацыёзная ў рухах, прыгожая Рандуўна Янiна. Заўсёды вельмi акуратная, з смакам апранутая, прыгожа прычэсаная, яна адразу зьвярнула Янукову ўвагу. Мяркаваў, што ў такую мог-бы надта лёгка закахацца, бачыў, што iншыя хлопцы дарылi яе асаблiвай увагай. I цi раз падчас лекцыi, — сядзела ў трэцiм радзе зьлева ад яго, у тым-жа шэрагу, — забыўшыся пра выкладчыка, сквапна пазiраў на яе сiлуэт, роўны носiк, кругленькую шчочку, поўныя вусны, ледзь завойстраны падбародак, буйныя мяккiя валосы й добра аформленыя, поўныя грудзi. Падпёршы левай рукой шчаку, Янiна, здаецца, уважна слухае, жыве тэмай творчасьцi Казiмiра Сваяка. Але, быццам рэагуючы на Янукову ўвагу, яна лёгка паварочвае свой прыгожы падоўжаны тварык у Янукоў бок. На iм спакусьлiвая ўсьмешка.
— Ага, злавiла я цябе, такога зуха! — гавораць яе вочы. У карых, вымоўных, крыху прыплюснутых, пад дугамi доўгiх расьнiц, вачох гнезьдзяцца нейкiя, выклiкаючыя на паядынак, жыўчыкi.
Паядынак адбыўся зусiм неспадзявана. З прычыны, што дзяўчына была даволi, як студэнты гаварылi, папулярнай, ды з прычыны для Янука куды важнейшай, — што пабеларуску слаба гаварыла, а пасьля лекцыяў карысталася выключна польскай мовай, — Янук любаваўся ёй адно здалёку й намагаўся iгнараваць, хоць i нялёгка было.
Аднойчы, пасьля скончаных заняткаў, Янук замарудзiў у клясе. Выбег на калiдор, каб дагнаць Лявона, зь якiм мелi зайсьцi падарозе дахаты ў рэстаран, дзе часта, пахлёбаўшы нейкае таннае стравы, запiвалi яе мясцовым горкiм пiвам. Янук прысьпешыў крок i тут-жа на павароце, не спасьцярогшы, стукнуўся носам у нос зь дзяўчынай.
— Ох, якi ты неасьцярожны! — крыўдным голасам усклiкнула Янiна. Яна стаяла задыханая, румяная, прыгожая. Таксама, вiдаць, бегла.
— Прабач, я ненаўмысна, — зачырванеўся Янук. У напаўзмрочным калiдоры, — вайной не хапала электрычных лямпачак, — ён разглядаў зусiм зблiзку, проста ўпрытык стоячы, дзяўчыну, якой так даўно любаваўся з адлегласьцi. Румяны тварык, ледзь прыадчыненыя ружовыя вусны, сiняя, з воўны вязаная, шапачка на галаве, шэры, добрай якасьцi цёплы свэтар, а карыя вочы зь нейкiм капрызам разглядалi юнака. Дзяўчына цёрла нос.
— Прабач. Я моцна стукнуў цябе? — нясьмела спытаў Янук. — Я ненанўмысна.
— Нiчога, — сказала Янiна i ўсьмiхнулася. — Я бегла ў клясу, нечага забылася.
Янук гаварыў пабеларуску, а Рандуўна папольску. Ён ужо меў пакiнуць яе, калi тая раптам спытала:
— Скажы ты мне, хлопча, чаго ты так часта свае вялiкiя сiнiя вочы ўтаропiш у мяне так, што, здаецца, гэтымi вачмi хацеў-бы мяне зьесьцi?
Паблажлiвы тон, капрызна скрыўленыя вусны. Янук уськiпеў.
— А што-ж, на цябе паглядзець нельга, цаца такая?! Усе хлопцы на дзяўчат глядзяць, — адказаў шорстка.