Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:

— Давай, ведаеш што, лепш перастанем. Знайшоў чым хвалiцца. Скажаш яшчэ, што табе дзеўкi праходу нi даюць.

— А можа й нi даюць…

Седзячы й разважаючы, Янук прыгадаў, што гутарка такiм чынам зайшла ў тупiк. I як-бы не рацыяналiзаваў свае паступкi, як-бы не апраўдываў iх, а факт быў фактам, што ягоны сябра Лявон недзе пэўне трымае цяпер у вабдымках прыгожую Янiну Рандуўну, насалоджваецца ейнымi вусенкамi, а вялiкi цнотка Янук Бахмач сам на бальконе, чытае ад дзяўчыны лiст i трывожыцца, каб да яе не дабраўся Аблiзаная Авечка. Для Дунi захоўвае сваю чысьцiню, баiцца саграшыць, з прычыны нацыянальнасьцi адкiнуў Янiну. «Iж, якi ты, браце, гэрой! — пачаў Янук у думках прамаўляць да сябе самога. — Глянь, вунь усе маладыя гуляюць, насалоджваюцца жыцьцём. Хто зь iх цяперака, вайной, глядзiць на якую мараль цi баiцца якога граху? Яны выкарыстоўваюць час, бо, ведаеш, вайна. А гады-ж лятуць. Ну добра, добра! Можа ты й задаволены сваей

чысьцiнёй, бо ты-ж разам зь Лявонам у бардак не хадзiў. Але падумай, хлопча, — я табе раю: запраўды добра падумай, — што, калi твая цацанька-васiлёчак Дуня ў вабдымках Вайцяхоўскага? Га? Што, калi яна яму аддасца? Ты-ж яе пакiнуў, а яна-ж — дзяўчына крывi гарачай, ведаеш зь якой сям'i. I што, калi Вайцяхоўскi задумае яе сiлай узяць?»

Гэткая апошняя праўдападобнасьць поўнiла хлопца жахам. Дуня ня пiсала, цi яна сама настаўнiчае, цi зь кiм iншым. А можа ў тайнiцы трымае? Ну й калi, прыкладна, Аблiзаная Авечка сiлай захоча яе ўзяць, то тады што? Можа? Але. Зусiм лёгка. Дзе-ж Дуня ад яго абаронiцца? Праўда, некалi ад Лявона Шпунта ў лесе абаранiлася, ну але той проста напаў на яе. А гэты прыкiнецца хiтранькiм i лiсьлiвым, як лiсiца, подступам спрабуе. Тады як?

Як не намагаўся ўспакоiць сябе Янук, у галаву паўзьлi самыя найбрыдчэйшыя думкi. Пачаў уяўляць савю даражэнькую Дуню, свой мiлы васiлёк у вабдымках Аблiзанай Авечкi. Як на загад, малаточкi прысьпяшылi тэмпа ў скронях, млявасьць распаўзлася па целе, бездапаможна сьцiснулiся кулакi. Можа лепш плюнуць на гэту ўсю гiмназiю, сесьцi на цягнiк i назад, да Дунi… Што мне з тае навукi, калi магу яе нейкай брыдзе страцiць? Я во тутака пiльнуюся, дзевак ад сябе навет з думак адганяю, а яна там, хто ведае…

Iншы голас падказаў,што ня рушыць яму зь месца, бо пасьля не дараваў-бы сабе за такi паступак. А што сказаў-бы аграном Падгайскi, цi Антось Дзяркач, цi навет бацька й брат? Ён-жа ўсiм абяцаў, што вытрывае й вытрымае. Дык як-жа трусом паказацца? Цi хто зь iх ведаў пра ягоныя пачуцьцi да Дунi Макатунiшкi? Дудкi, як казаў той Лявон Загорны…

Ужо зусiм на зьмярканьнi той прыклыпаў дахаты. Зiрнуўшы на сябраў твар распраменены й задаволены, Янук добра ўцямiў, што магло стацца. I баяўся. Зараз адчынiцца Дон Жуанаў рот i пачне ён расказваць пра тое, што было й чаго ня было. Знаючы Лявонаву шырокую фантазiю, нахiл да перабольшаньня дый вузкаваты запас словаў, Янук мог i за Лявона расаказаць-бы. Ён хацеў выйсьцi на вулiцу, але ўночы хадзiць цывiльным было забаронена.

— Ну й што, пагуляў? — спытаў Лявона й адразу прыкусiў язык.

— Эх, брацец, каб ты ведаў, што за дзяўчына!

— Ну ладна, ашчадзi мяне. Уяўляю.

26

Добра спалася пад цёплай пярынай. Нiна некалi ў пасаг Паўлюку Бураку яе прынесла. Антось мяркаваў, што стары скнэра, пэўне-ж, многа з жонкай пад пярынай не ахарошваўся, бо яму не да любошчаў было, маладую жанчыну цяглавай сiлай лiчыў. Нiна пра Бурака неахвотна згадвала, але то там то гэтта ў гутарцы слоўца прыкiнецца, сказ выскачыць, быццам вясной вада спад лёду праб'ецца. Памалу зьбiраючы факты й падсумоўваючы пачутае, Антось вобраз жыцьцё Нiны з Бураком стварыў. Выглядала, што жыцьцё iз старым скнэрам было абсалютна нязноснае, пра нейкае каханьне ўжо не гаворачы.

Кагадзе Антось зь Нiнай шлюб узяў. Збоку, роўна дыхаючы, спала жонка. Солад сну пасьля буйнага вычарпаньня. Ведаў ў сваiм жыцьцi Антось цi адну жанчыну. Галярэя характараў, нораваў, фiзычных прывабнасьцёў. дзевак навокал хапала. Чужнiкi пазабiралi дзяцюкоў у войска, а бедныя дзяўчаты гарэлi й тлелi нязбытымi марамi. У гушчы дзявочага лесу, якi Антось пазнаў, на першым месцы паставiў-бы Нiну. Цi ня страчанае надрабiцць намагалася… У пасьцелi гэта была зусiм ня тая жанчына, якую ведаю ўдзень. Аддавалася поўнасьцю, бязь нiякае рэзэрвы. Гэта надзвычайна прыгожая, сьцiплая, чароўная жанчына ўночы замянялася ў нешта iншае, непамяркоўнае, дзе забывацца трэба было пра ўсялякiя межы й рацыянальнасьць. Як мага старалася дагадзiць Антосю, камбiнавала час спалучэньня плоцi так, каб асягнуць максiмум эротычнае экстазы.

— Нiначка, дарагая, ты цi нi занадта! — шаптаў Антось мiж цалункаў.

— Антоська, саколiк мой, любiш мяне?

Голас пяшчотны, задыханы.

— Чаму-ж не… Можа й люблю…

Нiнiны зубы ўпiлiся ў шыю. Гуляючы, кусаюць.

— Гэй, ты ня кусайся!

У цемры гучны плясь. Растрывожаны, з адценьнем прагi, Нiнiн голас:

— Ну ня бiся ты, мой саколiк. Як гэта ты ня хочаш прызнацца, што любiш мяне? Прызнаваўся, ато ўкушу!

— Ня люблю.

— Што-о-о? Я-ж цябе! За такi абман буду караць аж да ранiцы. Ты ведаеш як?

— Ну як?

— Замянюся ў тую грэцкую цi якую там багiню, — ты чуў пра яе? — якая iз сваiх любоўнiкаў жывыя сокi выцягвала. Так i зь цябе я ўсё выцягну.

— Ай-я-я, ай-я-я! Нiначка, навошта гэта? У нас-жа цэлае жыцьцё наперадзе. Я-ж ужо з табой кажную

ноч, бо таго басяка на Гараватцы ня пiльную. Знаiш…

— Усёроўна, Антоська, усёроўна. Я цябе люблю сягоньня, буду любiць i заўтра. Але-ж сягоньня — гэта цяперака, гэта ўжо ёсьцiка, а заўтра — хто ведаiць… Кумекаеш?

— Кумекаю. Любi мяне.

— А ты мяне?

— I я цябе…

Салодкiя ночы, каб iм канца ня было. Яна ўмела поўнасьцю авалодаць табою. Ты чуеш, што п'е твае сокi самыя жывучыя — жыцьця нэктар. Абшукае цябе, знойдзе дрымотнае i, здавалася-б, неактыўнае, ды змабiлiзуе i заангажуе. А пад дотыкам рук тваiх пружынiцца ейнае, як у тыгрыцы, цела й пульсуе ў iм кожная клетка. Перазь берагi поўнiцца, плешча, вылiваецца кiпень. I здаецца, што нiчога не трацiцца. Кажны спакусны ўсплёск знаходзiць водклiк. Поўная й плённая гармонiя. Бушуе спозьненая, у свой час дасьпелая й ледзь не перасьпелая, да гэтага часу нiкiм на паядынак ня выклiканая маладосьць. Рагнеда наадварот. Тая, каторую не паланiлi й не насiлавалi, а каторая цярплiва, утаймоўваючы наплыў энэргii, чакала абяцанага дня. Прылiў, што на спакойным беразе водклiк, спачуваньне й поўнiцу знайшоў. Апагэй зьлiцьця. I яшчэ неўтаймаваная, галодная й ненасытная прагавiтасьць, сквапнасьць кажнае неспатоленае клеткi цела, што iмкнецца да суцэльнасьцi даўно жаданага сымбiёзу. I часта трывала так аж да раньнiх, на зарнiцах, салаўёў, што звонам галасоў у кустарнiках весьцiлi новы дзень. Ап'янелы хмель. А пасьля млоснае вычарпаньне, нявыразнасьць абрысаў iстотнага з уяўленым. I збоку, пад пярынай, спакойнае рытмiчнае дыханьне. У паўзмроку рыса прывабнага мiлага твару, хваля пышных, мяккiх валасоў на шыбiне вакна перад золакам. Напоўненая чарка, да адказу выпiтая. Фiзычны спакой, падзяка заплодненае краскi. Пчолка, нэктарам абцяжаная.

Гэта былi ночы, пра якiя Антось, чалавек наскрозь практычны i, як пра яго казалi, вельмi зубасты, ня мог раўнадушна думаць. Яны, гэныя ночы, нанiзаныя на пацеркi памяцi, маячылi дзесь у буйных хвалях вялiкага, паглынутага каханьнем прылiву. Iх нельга былiо згадваць бяз дрыготнай млоснасьцi ў сэрцы. I няспынна йшлi наступныя. Такiя самыя, зь вялiкiм абяцаным спаўненьнем, поўнае камплетнасьцi. Два арганiзмаы як мага каардынавалiся, адзiн дапаўняў другi, адзiн угадваў iншы, бег яму насустрач. Час апазнаньня, абмацваньня, разьведкi, абнюхваньня мiнуў. На дарозе стаялi вехi. I па iх, ужо поўнасьцю сьведама йшлося далей. I адчуваў Антось, што «тыгрыца» ягоная ўзводзiла яго на нейкiя й нязьведаныя яшчэ вышынi, бо, выглядала, далекавата было ей яшчэ да спатоленьня сваей прагнасьцi. I прыходзiлi ў Антосеву галаву дваякiя думкi. Першая: сьцьверджаньне вялiкага шчасьця. I задавальненьне з таго, што сталася ўсё амаль прыпадкова. Хто ведае, як павяло-б, у якi бок пайшло-б жыцьцё, калi-б не ваенныя падзеi. Нiне Бурачысе прыглядаўся ён i раней, навет сьвiстаў на яе, сустракаючы. Але ня будзь тэй Гальготы, трывала-б у цярпеньнi й марнавалася-б Нiна пры старым скнэры, што гледзячы на ейныя рукi, думаў пра серп, а спасьцярогшы ейны стан, думаў пра мяхi бульбы на яе плячох.

I другая думка: сядзеў ён, Антось, колькi на Гараватцы, таго злодзея падпiльноўваючы, або валачыўся па нача, разьнюхваючы як да Бронхэра падпаўсьцi. А ў гэты час ягоная дарагая Нiна сама ў пасьцелi. Нарэшце выкапаў нару, забясьпечыўся. Цяпер ён кажную ноч зь ёю. Нiна сталася для яго найлепшай, найбольше шчодрай узнагародаю. На яе грудзях забываўся пра вайну, пра мiнулыя й цяперашнiя нягоды, успыхаў поўным i плённым гарэньнем. I дальбог, часамi здавалася навет чалавеку, што гэта ўсё крышку занадта добра, навет мо нейкi трык лёсу, штосьцi нярэальнае. Але хапiла адно прыгарнуцца да яе й зьнiкалi найменшыя сумлевы. Так. Гэта ўсё праўдзiвае. I яно адбываецца ня ў нейкiх апавяданьнях цi раманах, яно вось тут i яно цяпер. Адно часамi дакараў сябе Антось, што спакуса, выклiкаючая яго кажную ноч на паядынак, замiнала думаць пра тое галоўнае, што абавязкова мае прыйсьцi.

Ведаючы Лявона Шпунта, Антось зусiм ня сумляваўся, што стары лiс i валацуга недзе плянуе па начах, камбiнуе як да яго, Антося, падпаўзьцi. I шкада, што нi солтыс Паўлоўскi, нi хто iншы не злавiў яго ў бацькоў. Былi-ж ночы, калi радасна сустракаў некага Шпунтоў сабака. Каго-ж, апроч Лявона? I чакаў Антось нямiнучае сустрэчы, тае, што была наканавана. I разважаў пра пазыцыi Лявонаву й сваю. Iнiцыятыва належала да Шпунта. I выбар часу, i сiла ўдзельнiкаў, - усё было ў Шпунтовых руках. Адно было ведама, — месца паядынку. I цяпер, пасьля чароднага вычарпаньня, — было ўжо позна, дзесьцi паьля поўначы, — прыгадаў Антось, змагаючыся з дрымотай, пра сваю зброю. Апусьцiў руку й гэтта-ж ля ложка на падлозе намацаў кужэльную торбу. А ў ёй быў нож i наган. Нож, — кавалак адточанага мёртвага зялеза. Без Антося ён няпрыдатны. Адно як схопiць яго Антосева рука ды кiне спрактыкаваным рухам, тады нож становiцца сьмерцяноснай зброяй. Даўно нож бачыў кроў. Цi давядзецца яму ўпiцца ў Лявонаву мякаць? Гэтым разам не паўторыцца тое, што лясьнiчоўцы. Забавы мiнулi.

Поделиться с друзьями: