Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

І ўсё з-за драбязы (лічыла маці), ад гонару, звычайнага капрызу. Начальства ўсяго толькі хацела перанесці прах Андрэя з слабадскіх могілак ў брацкую магілу каля аэрадрома, а Домна не давала дазволу. Прычым у такой рэзкай форме, што начальству хоць вушы затыкай.

— Адступіцеся! Я не ведаю, каго вы там у вашай братняй магіле пазбіралі ды пазакопвалі!

— Не ў нашай, — цярпліва папраўлялі яе. — Не наша яна, а агульная. Гэта народны сімвал.

— Хай сімвал, а я дазволу не даю!

— Ды зразумей ты: мы ж не для сябе — для цябе стараемся, табе дабра хочам, і твайму Андрэю…

— Ён мне не кажа, што яму там кепска!

— Ну падумай сама — школьнікаў куды вадзіць на 9 мая? На могілкі? Дзяцей у піянеры прымаць — перад дубовым крыжам?

— Вадзіце куды хочаце.

— …А брацкая магіла — гэта ж прыгожа, велічна, культурна… Здалёк відаць. Чыста прыбрана, літары золатам напісаныя…

— Хай золатам,

хай серабром, а я дазволу не даю. Вам трэба, дык выкопвайце — я рыдлёўку пазычу.

— Глядзі, дажартуешся! — намякалі ёй. — Табе трэба ўвогуле маўчаць, бо, калі на тое пайшло, з гэтай гісторыяй трэба яшчэ разабрацца…

Гісторыя і праўда была няпростая; усяго ў ёй было намешана: супадзенне, неверагоднасць, збег абставін і нават крыху містыкі. Ад першага дня вайны радавы Андрэй, як і ўсе, ваяваў — у сэнсе, адступаў, быў у акружэнні пад Смаленскам, удзельнічаў у абароне Масквы, а ў 43-м, калі вызвалялі Беларусь, так супала, што акурат іхняй дывізіі выпаў гонар ачышчаць ад немцаў родны горад і сваю Чэшскую Слабаду… Як угледзеў салдат знаёмыя краявіды, як забілася сэрца, — так і пабег, не хаваючыся ад куль, што свісталі над галавою, па сваёй вуліцы, ускочыў у двор, прытуліўся да абрыкосавага дрэва… І асеў… Сэрца не вытрымала! Так і памёр на месцы. Аднапалчане, сцягнуўшы пілоткі, пастаялі крыху, паслухалі, як галосіць над нядаўнім іхнім жывым таварышам, а цяпер нябожчыкам, маладзіца-ўдава… Вайна ёсць вайна, яшчэ не такое здараецца, не рэдкасцю было, калі чалавек сярод франтавой віхуры паміраў сваёй смерцю… Але каб вось так, на ганку роднага дома!.. Крышку пастаялі — і далей, трэба было працягваць наступленне, не даваць немцам апамятацца; вызвалены маленькі горад з ваколіцамі быў усяго толькі нязначным эпізодам у грандыёзнай аперацыі. А салдат застаўся ляжаць у роднай зямельцы на мясцовых могілках пад дубовым крыжам. Калі неўзабаве ўзнавіў працу ваенкамат, Домну адну з першых выклікалі туды. Вярнулася жанчына з цэлым багаццем: згушчонка, тушонка, хлеб, селядцы, павідла, а галоўнае, з новенькімі дакументамі, у якіх рашучая пячатка пацвярджала, што яе муж сапраўды «гераічна загінуў пры вызваленні Чэшскай Слабады», і цяпер яна афіцыйна з’яўляецца ўдавой франтавіка. Неўзабаве аформілі прадуктовыя карткі на дзяцей, потым пенсію, ільготы — усё як належыць, і нават пазней, у сувязі з 10-годдзем, 20-годдзем заканчэння вайны, ці проста на 9 мая яшчэ выклікалі ў гарсабес і ўручалі розныя каштоўныя падарункі або грашовую невялічкую дапамогу. Недзе ў 60-я, калі ўзнікла мода на манументы, брацкія магілы, абеліскі, пастаменты з бетонным салдатам у касцы і з партызанам з гранатай, у Слабадзе таксама заварушыліся, выбралі месца — каля аэрадрома, на высокім пагорку, каб здалёк было відаць, і вырашылі перазахаваць астанкі партызан і падпольшчыкаў у агульную магілу, а над ёй узвесці стандартны мамумент. Вось тут Домна нечакана праявіла ўпартасць: «Не даю дазволу! Ён ляжыць і есці не просіць».

Начальства ўсіх калібраў: слабадское, гарадское, ваенкаматаўскае, з аддзела культуы і ідэалогіі, з райсабеса — спачатку нават разгубілася. Гэтая Домна проста збіла іх з панталыку, пераблытала планы, паставіла ў няёмкае становішча. Ды яшчэ і ўзнік нейкі ледзь не палітычны аспект, двухсэнсоўнасць, рэлігія — карацей, чорт ведае што.

Спачатку Домну ўпрошвалі. Потым пачалі злавацца, папярэджваць, пагражаць.

— Глядзі! Бо калі на тое пайшло, мы ўміг дакажам, што ён ніякі не герой, а проста памёр сваёй смерцю, без удзелу ў баявых дзеяннях. Каб ён хоць прапаў без вестак, ці хоць сваёй смерцю памёр, але дзесь далёка, не на вачах, і каб пахаваны быў таксама далёка — тады б яшчэ мог лічыцца героем. А так? Па сутнасці? Калі разабрацца? Ні тое, ні сёе, нейкая несуразная смерць… Ужо дакладна — не подзвіг.

А Домна заладзіла сваё:

— Адступіцеся! Па дакументах ён франтавік-герой. Вы мне самі дакументы выправілі!

— Як выправілі, так і ануліруем. Дакументы і ануліраваць можна.

— Ануліруйце! Як у вас совесці няма…

Любому цярпенню, нават начальніцкаму, прыходзіць канец. Як ты з намі, так і мы з табою. Калі ў цябе прынцыпы, дык у нас тым больш. Сказана — зроблена. Узялі і сапраўды пазбавілі пенсіі, ільгот — словам, усяго.

— Ануліравана! Цяпер ты не ўдава героя вайны, — цынічна заявілі ёй. — Больш не будзе табе ні грошай, ні льгот, яшчэ і медалі забярэм.

— Забірайце! Сабе начапляйце ды насіце! Не трэба мне вашыя медалі і вашыя грошы — абы вы сябе не абдзялілі!

— І яшчэ прымусім вярнуць за ўсе гады, што ты несправядліва атрымлівала. І тушонку вернеш…

— Грошы я на дзяцей траціла, а тушонку куплю — ежце! Хай вашы дзеці так наядзяцца мяса, як мае! — дзёрзка адказвала ганарыстая, непакорная ўдава.

Тым больш, што дзеці ў яе да таго часу павырасталі, а Стах і Стэфан дык нават паспелі адслужыць і ажаніцца.

Але

ў душы, канечне ж, перажывала. Людзі бачылі несправядлівасць, спачувалі ёй, раілі:

— Напішы ў Маскву.

— Не буду я пісаць ні ў Маскву, ні ў Берлін! Хіба ён вінаваты, што загінуў не так, як ім хочацца?

Уся гэтая гісторыя пачалася даўно, калі Марк яшчэ не быў жанаты, а Петрыка нават на свеце не было, цягнулася вось ужо цэлых адзінаццаць гадоў і перыядычна не давала маці спакою.

— Адзінаццаць… ці то ўжо больш, на дванаццаць месяцаў, — пачынала множыць маці, збівалася. — Ды павышэнні кожны год… Кватэру, палац можна было б адбудаваць! Каб хаця палавіну тых грошай — і Марку не трэба было б у заробкі ездзіць, гібець у той Сібіры… Даўно б у мікрараёне жылі… Ці хаця б Петрыку вунь адкладвалі… А так — абы-што!

— Не ўбівайся, донечка… Гэта не тыя грошы, якіх шкадаваць трэба.

— Дык крыўдна ж вельмі, несправядліва! Можа, варта было б саступіць? Хай бы перазахавалі… Цела мёртвае, а грошы ж жывыя. Мо і цяпер не позна, калі б вы саступілі, дык і яны за ўсе гады разлічыліся б…

Бабуля Домна падціскала вусны і ўпарта маўчала. Ды і маці казала ўжо без энтузіязму. Яна як хутка загаралася, так і астывала, і ў канцы рабілася поўнай саюзніцай бабы Домны; ужо ёй самой было няёмка, што лішні раз развярэдзіла сямейную драму.

Выліўшы душу, выказаўшыся, яна зараз жа пачынала шкадаваць, апраўдваць свякруху, і вінаваціла ўжо не Домну, а «тых» — маўляў, хоць бы, бессоромнікі, ільготы пакінулі: зубы паставіць, за электрычнасць менш плаціць, у транспарце бясплатна ездзіць, у чарзе не стаяць, ну, мала што.

І канчалася ўсё аднолькава — скрушнымі жаночымі ўздыхамі і цвёрдым перакананнем:

— Няма справядлівасці на свеце!

3

Яшчэ баба Домна любіла ладзіць «вячоркі». Раз у два-тры месяцы ў яе збіраліся такія ж, як яна, пенсіянеры. Прыходзіла сямейная пара — Аўрам з Марыйкаю, Аўрам — у вышытай сарочцы, з баянам, жонка — у белым з чырвонымі пеўнямі фартуху. Адзінокая Марта, хворая на расшырэнне вен, сядзела ў Домны яшчэ з раніцы, чакала; пра яе расказвалі, што яна ўмудрылася за ўсё жыццё ніводнага дня не працаваць, ціхім ходам перажыла многіх здаровых, нават і тых, у каго не было расшырэння вен; зімой чытала кніжкі і глядзела тэлевізар, а ўлетку грэла на сонцы ногі з і праўда выпуклымі, чорнымі, як п’яўкі, венамі. З’яўляўся Зміцер, колішні пастух, мясцовы паэт і спявака, прыгожы статны дзед, з белым кліночкам барады; адзіны на ўсю Слабаду чалавек, які з самага маленства насіў акуляры з круглымі шкельцамі, з пазалочанымі дужкамі; жартавалі, што ён нарадзіўся ў малюсенькіх акулярчыках, якія потым раслі разам з ім, — гэты ніколі не быў жанаты, але, відаць, валодаў нейкай незвычайнай, магічнай сілаю — умеў перадаваць сваю знешнасць на адлегласці, і ў слабадскіх жанчын сяды-тады нараджаліся хлопчыкі, надта ж на яго падобныя. Дапаўняў кампанію яшчэ адзін бабыль, гарбаты Якаў. Гэты прыходзіў з пілой пад пахаю і з лукам, зробленым з сагнутай лазіны, самым звычайным, як дзеці робяць, толькі замест капронавай цецівы ў яго была нацягнута жалезная струна. Петрыка ён называў «унучкам» і любіў гайдаць на назе.

Петрык таксама прымаў пасільны ўдзел у падрыхтоўцы «вячорак». У яго абавязкі ўваходзіла калоць малатком абрыкосавыя кастачкі і выбіраць адтуль ядры. На іх настойвалася славутая Домніна «абрыкосаўка».

Рассаджваліся за круглым сталом, з любоўю Домнай сабраным. Усё было акуратна раскладзена па талерачках, прыгожа нарэзана: каўбаса, мяска, гуркі-памідорчыкі, салаты-цыбулькі, яйкі сырыя і вараныя… Урачыстая, радасная, памаладзелая Домна разлівала з графіна ў чаркі залаціста-жоўтую «абрыкосаўку». Выпівалі, закусвалі. Аўрам чапляў на плячо шлейку баяна. Домна брала бубен. Якаў згінаў пілу — звычайную, якой дровы рэжуць, з паліраванымі ручкамі, і пачынаў вадзіць па белым палатне сваім самаробным «смыкам». Гучала яшчэ прыгажэй, чым на скрыпцы! Піла то згіналася, то разгіналася, вібрыравала і выдавала такія жалобныя гукі, што заходзілася сэрца. Зміцер пачынаў спяваць, пабліскваючы акулярамі. Да яго далучаліся астатнія. З расчыненага вакна, у якім ветрык пухіром надзімаў фіранку, на ўсю вуліцу неслася зладжаным хорам:

Ой, не пакіну гарэлачку піці, Бо — салодная! Ой, не пакіну дзяўчынку любіці, Бо — лагодная!

Маці позна ўвечары, ці на другі дзень, памагаючы бабулі прыбіраць сляды банкета, бурчала:

— Галоўнае, дзе такія песні бяруць… Я колькі жыву, такіх не чула. Абы-што!

— Не злуйся, донечка, — цярпліва зносіла папрокі Домна. — І мне ж хочацца трохі радасці… Я ж такое цяжкае жыццё пражыла, адна удавою траіх сыноў выгадавала…

Маці апускала руку з венікам.

Поделиться с друзьями: