Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Кідай, — уздыхала маці.

Тады і Домна таксама ўздыхала — з палёгкай, з непрыхаванай радасцю.

— Не кідай, донечка! Прападзе ён без цябе! А ў яго душа добрая, чыстая… Хоць і без цара ў галаве…

— Я ведаю.

Ведаў і малы Петрык — бачыў, як маці ажывае, харашэе, дабрэе пасля бацькавых наездаў.

І ён пачынаў здагадвацца, што справа тут, відаць, не ў мяху з грашыма, а ў тым, што мужчына, які не саромеецца плакаць перад жанчынай, станавіцца на калені і цалаваць ёй рукі, хутчэй за ўсё сапраўды валодае нейкім, можа быць, яшчэ большым за грошы, багаццем.

5

Не

паспяваў знікнуць Марк, як з «Ікаруса» на прыпынку каля дома ўжо выходзіў Стахвей, ці, скарочана, Стах.

Звычайна калі дзядзька Стах прыязджаў, дык першыя яго словы былі не «добры дзень», не «як жывеце», а — «хто памёр?» — у сэнсе, з жыхароў Чэшскай Слабодкі. Калі размова заходзіла пра чужога чалавека, першай справаю цікавіўся:

— Колькі ён зарабляе?

Пра сябе з гонарам паведамляў, што працуе браніроўшчыкам.

— Адзін метр пагонны — рубель! Памнож — і пабачыш!

У Петруся слова «браніроўшчык» асацыіравалася з бранёй танкаў, слова «пагонны» — з пагонамі на плячах, а ўсё разам — з ваенным сакрэтным заводам, на якім, мабыць, дзядзька Стах выплаўляе для танкаў браню. Праўда, на ваеннага ён быў зусім непадобны. Нізкага росту. Увесь у вяснушках, у рабацінні. Лысінка з кучаравым вяночкам валасоў, адліваючых меддзю. І за гэта меў некалькі мянушак: Руды, Рыжы, Рабы, а самая распаўсюджаная — Медны.

Дзядзька Стах Медны заходзіў у дом, пачынаў шукаць вачыма, куды павесіць капялюш. Маці хапала капяляюш у яго з рук, увогуле пачынала мітусіцца. Петруся дзівіла гэта — нібыта завітаў дарагі госць. Затое баба Домна накідвалася на сына.

— Табе далёка было пад’ехаць? Цяжка было брата абняць? Чаму вы не мірыцеся?

— Ах, ха, ха, — адказваў на гэта Стах. Прысаджваўся за стол. — Я ж вас паміру! Ах ты, мая Ціша!

Петрык, калі быў малы, думаў, што дзядзька Стах, як і бацька, летуценнік (а яго падсвядома цягнула да паэтычных натур), і пад словам «ціша» мае на ўвазе навакольную цішыню, ёю захапляецца пасля гарадскога тлуму, калі ўскліквае: «Ах, ты, мая ціша!»

Але цяпер ён ведаў, што Ціша — гэта сучачка дэкаратыўнай пароды, той-тэр’ерчык, дзядзька Стах з жонкай цёткай Таняю надта любяць яе, выгульваюць, мыюць у ванне шампунем, яна нават мае ўласную канапку, хоць і спіць з імі у адным ложку.

— Ты чуеш, што я пытаю, ці ты не чуеш? — не ўнімалася баба Домна, пакуль маці ладзіла закуску.

Стах зноў не адказаў, а пагладзіў пляменніка, як сабачку, па галаве. Петрык даверліва падыйшоў блізка, прыціснуўся да дзядзькавага калена.

— Бач, вялікі вырас. Калі ў школу?

— На той год, — адказала за Петрыка маці.

— Пойдзеш у школу — не бойся. Я памагу. У мяне сусед настаўнік. Лёня завуць. Лену маю вучыў, і цябе будзе вучыць.

— Памажы, Стахвейка, — паддобрывалася маці. — Хто ж яму паможа, сіраце пры жывым бацьку?

— То яшчэ бацька… Пустазвон, перакаці-поле. Пустазелле. Колькі ён зарабляе? На білет хоць былі грошы? Ці ў вас прасіў?

— Былі…

— А кулак не аб’яўляўся? — спытаў Стах, маючы на ўвазе брата Стэфана.

— Які ён табе кулак?! — не вытрымлівала Домна. — Ён табе родная кроў, а не кулак!

— А хто ж ён? Кулак. Адгарадзіўся ад усяго свету, знялюдзеў ужо, здзічэў — нават палітыкай не цікавіцца… Каб мог, дык неба закрыў бы купалам.

— Схадзі, прашу цябе,

да Стэфана, — усё яшчэ не губляла надзеі Домна. — Схадзі!

Стах задумаўся.

— Гэта што там на падаконніку? — памаўчаўшы, спытаў у маці. — Памідор? Можна мне памідор? Яны, цяплічныя, смачней чым з грады. Колькі ты там на сваіх парніках зарабляеш?

Выпіў, закусіў памідорам, пасаліўшы яго перад тым, паведаміў, што «гурок на 80 працэнтаў складаецца з вады, затое ў памідоры калорыяў — як у мясе!» З кожнай чаркай язык яго развязваўся. Ён дэманстратыўна звяртаўся толькі да маленькага пляменніка, называючы яго то Петрыкам, то Цішаю.

— Ты ведаеш, як я жыву? Які я багаты? У мяне ў кватэры ў футбол гуляць можна! Ах, ты, мая Ціша! А грошай на браніроўцы зарабляю столькі, што мог бы засыпаць цябе з галавою, як лістамі з клёна ўвосень!

І Петрыку зноў бачылася ў гэтым параўнанні — грошай з кляновымі лістамі — паэзія.

Маці з Домнай і гаварыць са Стэфанам перасталі, бо ўсё адно без толку, на пытанні ён не адказваў — або рабіў выгляд, што не чуе, або бесцырымонна мяняў тэму і казаў:

— Ах-ха-ха. Дзе ж ты, мая Ціша! А той усё плавае… Я ж табе паплаваю!

Баба Домна скрушна глядзела на яго.

— Як ты такі дамоў заедзеш? Што Таня скажа?

Выводзілі Стаха да прыпынку маці пад адну руку, баба Домна пад другую. Пятрок ззаду нёс капялюш. Дзядзька Стах не хацеў ехаць, парываўся абняць Домну. Ад перапаўняючых яго пачуццяў, ад хмельнага захаплення жыццём ён раскідваў рукі (гальштук матляўся):

— Ты ляці ад Волгі да Ур-ра-а-а-а… — расцягваў, разгортваў грудзі і лёгкія, і так доўга цягнуў на «а», нібы заклініла яму, і хацелася закончыць за яго, выгукнуць гэтае заключнае «ла!» Нарэшце ўсаджваўся ў аўтобус і з песняю адбываў.

Ледзь паспявалі перавесці дых, як у двары чуўся тупат. Цяжкай хадою праходзіў па сцежцы і ўзнікаў на парозе дзядзька Стэфан. Моўчкі здымаў кепку, азіраўся. Маці брала кепку і чапляла на той самы цвік, дзе нядаўна вісеў капялюш.

— Гэта ж трэба! Як цікуюць адзін за адным! — усплясквала рукамі баба Домна. — Не каб разам сабрацца!

Дзядзька Стэфан пазіраў у падлогу. Так і чакалася, што зараз чалавек пачне каяцца, прасіць прабачэння, выкручвацца. Але ён не каяўся, а казаў толькі:

— Во-о-сь, — і апускаўся на табурэтку.

Стэфан працаваў вартаўніком на аэрапорце, куды ездзіў веласіпедам. Калі яго брат Стах смакаваў слова «браніроўшчык», дык Стэфан, падкрэсліваючы выгоднасць свайго вартаўніцтва, з няменшай важнасцю зазначаў, што ў яго праца:

— Суткі праз двое!

Жыў вельмі замкнута, аднаасобна, вёў амаль натуральную гаспадарку. Але імкнуўся да яшчэ большай незалежнасці, поўнай.

— Ты не мог раней прыйсці? — ужо на яго перакідвалася Домна. — Далёка табе?

На што Стэфан зноў цягнуў глыбокадумна:

— Во-о-сь.

У яго быў выгляд суддзі, ці пракурора, які нарэшце заявіўся, каб сказаць сваё апошняе важкае слова і абвесціць прысуд. На Домну ён не звяртаў увагі, а ў братавай строга спытаў:

— Дык кім ён там у цябе робіць?

— Яго зразумееш? Ці то сплаўшчыкам, ці лоцманам, ці боцманам… Як гэта правільна: лоцман ці боцман?

— Не ведаю і ведаць не хачу, — адрэзваў Стэфан. — Брэша ўсё жыццё. Абодва слова праўды не сказалі ніколі: што твой, што Медны…

Поделиться с друзьями: