Ціша
Шрифт:
— А скажы мне! — хныкаў Тамаш, цярэбячы Гальку за выпэцканыя калготкі. — Я таксама хачу пачуць!
Галька і яму прашаптала на вуха. І яны ўжо абое захіхікалі, брат з сястрою.
У Петрыка яшчэ больш сцялася ўсё ў сярэдзіне. Вочы ў яго пачалі налівацца слязамі. Ён хацеў крыкнуць, але замест гэтага толькі прашаптаў:
— Дык і што з таго?
— А тое, што ў армію цябе не возьмуць! — заявіла бязлітасная Галька. — і ў школу не прымуць, і дзеўкі ў цябе ніколі не будзе!
Яна яшчэ і языком пацвяліла.
Пятрусь нічога лепшага не прыдумаў, як падцягнуць штонікі на гумцы — і наўцёк!
А ўслед яму неслася:
— І бацька ў цябе!.. І дзед твой не герой!.. І дзядзькі твае!..
Петрык бег з усіх ног, спатыкаючыся.
Дзверы ў веранду былі насцеж.
Маці смажыла на пліце мойву. На стале стаяла міска з мукою і пляшка алею. Шквырчала патэльня, пырскалася гарачым алеем, тоўстыя доўгія рыбкі, абваленыя ў муцэ, з аднаго боку ўжо былі падрумяненыя, карычневыя, у некаторых з жыватоў выпірала жоўценькая ікра, падсмажвалася — самае смакоцце!.. Петрык заўсёды любіў вылушчаваць гэтыя прадаўгаватыя долькі, што так прыемна лопаюцца на зубах, калі іх жуеш. Іншым разам ён так парадаваўся б такому святу!
Але цяпер ён уляцеў у веранду з выглядам чалавека, у якога здарылася вялікае гора.
— Мама! — крыкнуў адчайна. — Мама, я… Я…
— Што?
Тут Пятрок прыкусіў язык. Ён чамусьці таксама пабаяўся сказаць тое слова ўголас, а зрабіў усё па-Гальчынаму. Спачатку азірнуўся, потым пачырванеў, і толькі тады прашаптаў маці на вуха:
— Галька сказала, што я…
— Усё?
— Усё.
— Дык што ж тут такога? — сказала маці. Яна была занятая, да таго ж яўна не ў гуморы. — Хоць бы і так. Ты і праўда падобны. Вунь які чарнявенькі, лупаценькі, вушаценькі… Рыхтык бацька.
Пырснуў алей на руку, і маці войкнула.
— Не стой пад рукою!
— Гэтак ты за мяне заступаешся?! — ужо з непадробным адчаем, не ведаючы, што ж гэта ў свеце робіцца, усклікнуў Пятрок. — Ну, калі той бацька яшчэ раз прыедзе! Я яму, калі вырасту… Я…
— А пры чым бацька? Яго ж твая любімая баба Домна нарадзіла. Дык ідзі спытай, ад каго ён. Мо ад Якава?
Маці знарок казала гучна, каб бабуля магла чуць, бо яе пакойчык быў блізка ад веранды. Бабуля Домна не выходзіла. Якраз учора ў яе была пенсія, трохі пагулялі, паспявалі, і цяпер яна, як заўсёды ў такіх выпадках, адчувала сябе вінаватай, старалася лішні раз не трапляцца на вочы і на язык нявестцы.
— Яна нікому не кажа, а ты спытай — табе мо скажа.
— Я да яе ніколі ў жыцці не пайду! — і зараз жа пабег да бабы Домны.
7
Пятрусь піхнуў дзверы, уваліўся ў пакой.
Грозны! — штонікі на гумцы, сандалікі, шапачка круглая, надзетая брылём назад і ад таго падобная на ярмолачку.
І з месца ў кар’ер:
— Ад каго мой бацька?!
А баба Домна стаіць перад ім, маўчыць, і ўсміхаецца светла. Паддаценькая, добрая. Шчочкі румяныя, зубкі цэлыя, вочы лагодныя.
— Я твой дом спалю, і цябе разам!
— На, палі.
Дастала з прыпечка карабок сернікаў, пашамала, а ў рукі не дала, хітрая.
Ахайны пакойчык. На тумбачцы тэлевізар, закрыты вышытай сурвэткай. Графінчык «абрыкосаўкі» на адкідной крышцы серванта, вакол графінчыка — рассыпаныя цукеркі. На стале букет у слоіку. Букеты яна ставіла круглы год — зімою
проста галінкі смародзіны або маліны, яны хутка распускаліся, зялёнымі лісткамі маладзілі пакой, і моцна пахлі вясною. Цяпер стаялі стаўбункі ледзь-ледзь распукнутага сіняга лубіну. Пятрусь заўсёды збіваў палкаю яго галоўкі, лічыў пустазеллем, і нават не здагадваўся, што звычайны лубін, пастаўлены ў слоік, можа быць такім прыгожым.— Ад каго мой бацька? — ужо не так агрэсіўна спытаў унук.
— Ад дзеда Андрэя — ад каго ж. На, сам паглядзі…
І зняла са сцяны рамку, дзе пад шклом — пажоўклае фота з зубчыкамі па краях. Малады, вельмі сур’ёзны твар, засмучаны прадчуваннем хуткай смерці. На ўсіх без выключэння даваенных здымках такія твары — нават у тых, каму наканавана выжыць.
— Бачыш, які падобны? Усе ад Андрэя — і бацька твой, і дзядзькі. Усё ён паспеў. І сыноў нарадзіць, і дом гэты зрабіў, і печ склаў, і грубку… Тут усё яго рук. І вішні на двары пасадзіў, і абрыкос…
— Абрыкос? Дзед Андрэй?
Аргумент з абрыкосам падзейнічаў. Прамільгнула думка, што цяпер і яму, Петрыку, будзе чым хваліцца; Галя Капора скажа: мой тата, мой тата, а ён ёй — а вось мой дзед Андрэй!.. І зараз жа ўспомнілася, што расказваць больш няма каму, цяпер яны з Галькай ворагі.
— Ну, бачыш, ад каго твой бацька? Ад найбольшага героя!
— А чаму ён не ў брацкай магіле каля аэрапорта, як усе?
— Бо ён такія подзвігі рабіў, што яго асобна пахавалі. Хто ў брацкай магіле, той меншы герой, а хто ў асобнай — той большы.
Пятрусь слухаў з недаверам, але бабуля казала так упэўнена, пераканаўча, што ён быў зусім супакоіўся. Але тут зноў крыўда нахлынула.
— А яны дражняцца! Кажуць, што я… — і зноў не адважыўся вымавіць уголас, азірнуўся, як і з маці, і пачырванеў, і паманіў бабу, каб нахілілася. Прашаптаў ёй на вуха.
Бабуля выпрасталася, стала строгай, урачыстай.
— Ніколі больш такога не кажы! І не паўтарай! Ні ў голас, ні сам сабе не кажы, бо гэта самае брыдкае, самае страшнае слова, якое толькі можа вымавіць чалавечы язык!
— Горш за мацернае? — прашаптаў Петрык, у якога аж мурашкі па спіне папаўзлі ад яе біблейскага тону.
— Горш! І таго, хто гэта кажа, у турму пасадзяць, і Бог на небе пакарае так, што язык адсохне, і рукі-ногі паадсыхаюць!
— А Галька сказала, — заміраючы ад страху, прашаптаў Петрык. — Не пабаялася… І што ёй за гэта будзе?
— Бог пакарае.
— Калі?
— Ну, не адразу… Трошачкі пасля таго, як сказала. — Тут бабуля прыслухалася, прыпала да вакна: — Нехта ідзе да нас…
Але дзверы ўжо стукнулі. Петрыку і соладка было, і страшна, і так шкада Гальку! А раптам у яе язык адсохне? Ці рукі адымуцца? Яна такая прыгожая… Жывая, жвавая… Пругкая, як ікрынкі мойвы. І Петрыку было заўсёды прыемна, калі яна мерылася ростам і прыціскала яго да грудзей. Ах, што ж яна сама сабе нарабіла, дурніца! Цяпер ён і рады быў бы памагчы, ды ўжо, відаць, ніяк.
— А яны яшчэ дражнілі мяне разумным, — ні з таго ні з сяго ўспомніў ён.
— А ты не паказвай крыўду. Бо яны толькі таго і чакаюць. І калі ты злуешся, дык яшчэ больш будуць дзяўбаць. Яны табе — разумны, а ты адказвай — яшчэ і які разумны, разумнейшы, скажы, за вас! Я, скажы, такі разумны, як Брэжнеў.