Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чужанiца (на белорусском языке)
Шрифт:

Раймон расказаў, што аднойчы знайшоў у яе ў сумцы латарэйны бiлет, а яна так ладам i не здолела растлумачыць, за якiя такiя грошы яго купiла. Пасля зноў - знайшоў квiток з ламбарда, а там напiсана, што яна залажыла дзве бранзалеткi. Ён дык i ведаць не ведаў, што ў яе ёсць нейкiя бранзалеткi!

– Ну, тут ужо я адразу ўбачыў - круцiць. I кiнуў яе. Спачатку, праўда, адлупцаваў як след. I сказаў усё, што пра яе думаю. Табе, кажу, адно карцiць каб у ложку бавiцца з кiм папала, шлюха ты, вось i ўсё. Разумееце, пане Мёрсо, так ёй i сказаў: "Я табе ўсё даю, а ты не бачыш нiчога, не бачыш, як табе зайздросцяць усе, шчасцю твайму. А вось калi зразумееш, якое шчасце ў цябе было, дык позна будзе".

Ён збiў яе да крывi. А раней нiколi не бiў.

– Ну, лупцаваў, бывала, але так - любячы, як той казаў. Павiшчыць трошкi. А я аканiцы зачыню, i на тым, як звычайна, усё i скончыцца. Але таго разу сур'ёзна было. Па-мойму, я слаба яшчэ яе пакараў.

Ён сказаў, што менавiта таму i хоча са мною параiцца. Тут ён спынiўся i падкруцiў кнот - газнiца пачынала курэць. Я сядзеў, слухаў яго i пiў вiно.

Я выпiў ужо амаль цэлы лiтр. У скронях моцна пякло. Мае цыгарэты скончылiся, i я палiў Раймонавы. Па вулiцы праязджалi апошнiя трамваi, зносячы прыцiхлы шум вячэрняга прадмесця. Больш за ўсё ён сумаваў праз тое, што "нiяк не можа забыцца, як з ёй было прыемна ў ложку". Але ён павiнен яе правучыць. Спачатку ён думаў завесцi яе ў нейкi гатэль i выклiкаць палiцыю нораваў - хай бы пачаўся скандал i яе запiсалi, як прастытутку. Але потым вырашыў звязацца са сваiмi знаёмымi - у яго ў тых колах ёсць сябры. Яны, праўда, нiчога не выдумалi. "Цi ж варта наогул было пэцкацца з гэтым брудам", - заўважыў Раймон. Ён так iм i сказаў. I тады яны параiлi "размаляваць ёй пысу". Але гэта было зусiм не тое, што ён хацеў. Трэба было прыдумаць што-небудзь iншае. Вось ён i надумаў папрасiць мяне, - можа, я чым дапамагу. Але спачатку ён хацеў ведаць, што я думаю пра ўсю гэту гiсторыю. Я адказаў, што нiчога пра яе не думаю, але, па-мойму, гэта цiкава. Тады ён папытаўся, цi не бачу я тут якога ашуканства. На маю думку, ашуканства, вiдаць, сапраўды было. А як я думаю - слушна будзе яе правучыць? Вось што б я зрабiў на яго месцы? Я сказаў, што гэта цяжка сказаць - што б зрабiў я, але тое, што ён хоча яе правучыць, я разумею. Я выпiў яшчэ крыху вiна. Ён запалiў цыгарэту i расказаў, што хоча зрабiць. Ён думаў напiсаць ёй лiст, "каб задаць добрага дыхту, але каб там было i такое, што прымусiла б яе пашкадаваць". А пасля, калi яна вернецца, ён ляжа з ёй у ложак i "якраз у той самы момант" плюне ёй у твар i выганiць прэч. Я палiчыў, што так яна сапраўды будзе добра пакараная. Але Раймон сказаў, што сам, бадай, не здолее скласцi такога лiста, таму ён i падумаў - можа, я згаджуся напiсаць. Я нiчога не адказаў, i ён прапанаваў тады напiсаць гэты лiст цяпер. Вядома, калi мне не цяжка. Я сказаў, што мне гэта не цяжка. Тады ён выпiў шклянку вiна, устаў, адсунуў талеркi i рэшткi астылай крывянкi, якую мы не даелi, i старанна выцер цырату на стале. Потым дастаў з шуфляды ў начным столiку лiсток паперы ў клетачку, жоўты канверт, чырвоную драўняную ручку i кантовую бутэлечку з фiялетавым чарнiлам. Ён назваў прозвiшча жанчыны, i я зразумеў, што гэта арабка. Я пачаў пiсаць. Пiсаў я трошкi наўздагад, але стараўся, каб Раймону спадабалася - у мяне ж не было нiякай прычыны пiсаць так, каб яму не спадабалася. Потым прачытаў напiсанае ўголас. Ён уважлiва слухаў, палiў i кiваў галавой, потым папрасiў прачытаць яшчэ раз. Лiст яму вельмi спадабаўся, i ён сказаў:

– Я заўсёды ведаў, што ты чалавек спрактыкаваны.

Я спачатку не заўважыў, што ён перайшоў са мной на "ты". I толькi калi ён заявiў: "Цяпер я бачу, што ты сапраўдны сябар", - мяне гэта ўразiла. Ён яшчэ раз паўтарыў гэтую фразу, i я адказаў: "Ага". Мне было ўсё роўна, сябар я яму цi не, але яму, вiдаць, вельмi гэтага хацелася. Ён запячатаў канверт, i мы дапiлi вiно. Потым яшчэ доўга сядзелi i палiлi. На дварэ было цiха, пачуўся шолах аўтамабiля, якi праехаў пад вокнамi. I я сказаў: "Позна". Раймон пагадзiўся. Ён адзначыў, што час бяжыць хутка, i, у пэўным сэнсе, меў рацыю. Мне хацелася спаць, але падняцца з крэсла было цяжка. Выгляд у мяне быў, вiдаць, змораны, бо Раймон сказаў, што не варта гэтак даваць волi нервам. Спачатку я не зразумеў. I тады ён растлумачыў, што ведае пра смерць мамы, але ўсё роўна - днём раней цi пазней - гэта павiнна было здарыцца. I я таксама так думаў.

Я ўстаў, Раймон моцна пацiснуў мне руку i сказаў, што мужчына мужчыну заўсёды разумее. Выходзячы ад яго, я зачынiў дзверы i пэўны час стаяў на лесвiцы ў поўнай цемры. У доме было цiха, з глыбiнi лесвiчнай клеткi павяваў змрочны, вiльготны ветрык. Я адчуваў, як у вушах у мяне тахкае кроў. Я стаяў нерухома. Але ў кватэры ў старога Саламано раптам глуха заскавытаў сабака.

IV

Увесь тыдзень шчыраваў у канторы. Прыходзiў Раймон, сказаў, што лiст ён ужо адаслаў. Два разы хадзiлi з Эманюэлем у кiно. Ён не заўсёды добра разумее, што адбываецца на экране. Тады прыходзiцца яму тлумачыць. Учора была субота, i да мяне, як мы i дамаўлялiся, прыходзiла Мары. Я адразу вельмi захацеў яе, бо на ёй была прыгожая сукенка ў чырвоную i белую палоску i скураныя сандалi. Пад сукенкай угадвалiся пругкiя грудзi, i ад сонечнага загару твар быў прыгожы, як кветка. Мы селi ў аўтобус i паехалi за некалькi кiламетраў ад Алжыра на маленькi пляж, зацiснуты памiж скал i з усiх бакоў зарослы чаротам. А чацвёртай гадзiне сонца пякло ўжо не так моцна, але вада была цёплая i плёскалася на бераг доўгiмi ленаватымi хвалькамi. Мары навучыла мяне адной гульнi. Калi плывеш, трэба з самага грэбеня хвалi ўхапiць глыток i набраць поўны рот шуму, а пасля - легчы на спiну i выпусцiць яго ў неба. Тады ён разлятаецца пенiстым веерам у паветры i знiкае цi спадае цёплай iмжой на твар. Але хутка ў роце ў мяне пачало пячы i на языку зрабiлася горка ад марской солi. Мары падплыла, прыгарнулася да мяне ўсiм целам i пацалавала ў вусны. Яе язык прыемна асвяжаў мне рот. Мы яшчэ крыху паплёскалiся на хвалях.

Потым выйшлi на пляж i апранулiся. Мары глядзела на мяне блiскучымi вачыма. Я абняў i пацалаваў яе. Пасля мы больш не размаўлялi. Я прыцiснуў яе да сябе, i мы заспяшалiся на аўтобус, каб хутчэй вярнуцца ў горад, прыйсцi да мяне i кiнуцца ў ложак. Я пакiнуў акно адчыненае, i было прыемна адчуваць, як летняя ноч абцякае нашы апаленыя сонцам

целы.

Ранкам Мары засталася ў мяне, i я сказаў, што зараз мы будзем снедаць. Я схадзiў у лаўку па мяса i, вяртаючыся, пачуў у Раймонавай кватэры жаночы голас. Потым да нас данеслася бурчанне старога Саламано, якi бэсцiў сабаку, i мы пачулi, як па драўняных прыступках на лесвiцы прагрукаталi яго абцасы i сабачыя пазуры. Знiзу зноў данеслася: "Свалата, падла", - i яны выйшлi на вулiцу. Я расказаў Мары пра старога, i яна пасмяялася. Яна сядзела ў маёй пiжаме з падкасанымi рукавамi. I калi яна засмяялася, мне захацелася яе зноў. Потым яна спытала, цi кахаю я яе. Я адказаў, што гэта, па-мойму, не мае нiякага значэння, але, здаецца, не кахаю. Твар у яе пасумнеў. Але потым, калi я рабiў сняданак, яна зноў смяялася - проста так, без усялякай прычыны, i гэта было так прыгожа, што я зноў пацалаваў яе. У гэтую хвiлiну ў Раймонавым пакоi ўзняўся гвалт.

Спачатку мы пачулi пранiзлiвы жаночы крык i потым голас Раймона:

– Ты мяне зняважыла, ты зняважыла мяне! Я цябе навучу, як мяне зневажаць!

Пачулiся глухiя ўдары, i жанчына зараўла, ды так жахлiва, што лесвiчная пляцоўка адразу напоўнiлася людам. Мы з Мары выйшлi таксама. Жанчына ўсё галасiла, а Раймон па-ранейшаму бiў яе. Мары сказала, што гэта жахлiва, але я нiчога не адказаў. Яна папрасiла мяне схадзiць па палiцыянта, але я адказаў, што палiцэйскiх не люблю. Аднак урэшце адзiн усё ж прыйшоў. Яго прывёў водаправоднiк з трэцяга паверха. Палiцэйскi пастукаў у дзверы, але яму нiхто не адказаў. Тады ён пастукаў мацней, i праз некаторы час жанчына заплакала i Раймон адчынiў. У роце ён трымаў цыгарэту, i выгляд у яго быў вельмi лагодны. Дзяўчына кiнулася да дзвярэй i заявiла палiцэйскаму, што Раймон яе набiў.

– Прозвiшча?
– запытаўся палiцэйскi.

Раймон адказаў.

– Вымi цыгарэту з рота, калi са мной размаўляеш, - сказаў палiцэйскi.

Раймон завагаўся, зiрнуў на мяне i зрабiў зацяжку. Тут палiцэйскi з усяго размаху ўляпiў яму звонкую i важкую поўху. Цыгарэта адляцела на некалькi метраў убок. Раймон перамянiўся ў твары, але нiчога не адказаў i толькi пасля сцiплым голасам запытаўся, цi можна яму падняць недакурак. Палiцэйскi адказаў, што можна, i дадаў:

– Другi раз будзеш ведаць, што палiцэйскi не лялька, з якой сабе можна дазваляць невядома што.

Дзяўчына ўвесь гэты час плакала i паўтарала:

– Ён мяне набiў. Ён сутэнёр.

– Пане палiцэйскi, - папытаўся тады Раймон, - цi ж гэта дазваляецца законам вось гэтак называць сумленнага мужчыну сутэнёрам?

Палiцэйскi загадаў яму "заткнуць зяпу". Тады Раймон павярнуўся да дзяўчыны i сказаў:

– Ну, чакай, дзiцятка, мы яшчэ стрэнемся.

Палiцэйскi зноў паўтарыў, каб ён заткнуўся, i сказаў, што дзяўчына можа iсцi, а Раймон мусiць заставацца ў пакоi i чакаць, пакуль яго паклiчуць у камiсарыят. Потым ён дадаў, што Раймону павiнна быць сорамна - да таго напiўся, што аж дрыжыць увесь. Але Раймон растлумачыў:

– Я не п'яны, пане палiцэйскi. Гэта проста перад вамi, ад нерваў, тут хочаш - не хочаш, задрыжыш.

Ён зачынiў дзверы, i ўсе разышлiся. Мы з Мары кончылi гатаваць сняданак. Але яна есцi не хацела, i я амаль усё з'еў адзiн. А першай гадзiне яна пайшла, i я крыху паспаў.

Гадзiне а трэцяй у дзверы да мяне нехта пастукаўся. Увайшоў Раймон. Я яшчэ ляжаў, i ён падышоў i сеў на край ложка. Нейкi час ён сядзеў моўчкi, i я папытаўся, як у яго прайшло. Ён расказаў, што зрабiў усё так, як задумаў, але пад канец яна дала яму поўху, i ён за гэта яе пабiў. Рэшту ж усё я бачыў сам. Я сказаў, што цяпер, па-мойму, яна пакараная i ён можа быць спакойны. Раймон пагадзiўся. Ён заўважыў, што палiцэйскi цяпер дарма стараецца - дыхту яна дастала, i нiчога ён ужо не зменiць. I дадаў, што палiцэйскiх ён добра вывучыў i ведае, як сябе з iмi паводзiць. Потым ён запытаўся - мабыць, я чакаў, што ён адкажа палiцэйскаму на поўху. Я адказаў, што нiчога такога не чакаў i наогул палiцэйскiх не люблю. Раймон, вiдаць, быў гэтым вельмi задаволены. Ён прапанаваў куды-небудзь схадзiць. Я падняўся i пачаў прычэсвацца. Ён сказаў, што трэба, каб я быў яму сведкам. Мне было ўсё роўна, але я не ведаў, што павiнен буду сказаць. На думку Раймона, досыць было пацвердзiць, што дзяўчына яго ашукала. Тады я згадзiўся.

Мы выйшлi, у кавярнi Раймон пачаставаў мяне чаркай гарэлкi. Потым яму захацелася згуляць партыю ў бiльярд, але я пудлаваў увесь час i прайграў. Пасля ён прапанаваў пайсцi ў бардэль, але я адмовiўся, бо не люблю такiх рэчаў. Мы пацiху пайшлi назад, i ён увесь час расказваў, якi ён задаволены, што правучыў сваю кралю. Па-мойму, ён ставiўся да мяне вельмi прыязна, i я падумаў, што мы някепска прабавiлi час.

Яшчэ здалёк я заўважыў, што на парозе нашага дома стаiць стары Саламано i выгляд у яго нейкi ўзрушаны. Калi мы падышлi блiжэй, я ўбачыў, што ён без сабакi. Ён азiраўся вакол, круцiўся на месцы, намагаўся нешта разгледзець у цемры пад'езда, мармытаў бязладныя словы i зноў пачынаў шнарыць па вулiцы пачырванелымi вочкамi. Раймон запытаўся, што здарылася, але стары нiчога не адказаў. I я толькi цьмяна пачуў, як ён шапнуў: "Свалата, падла", - i зноў пачаў круцiцца ва ўсе бакi. Я папытаўся, дзе яго сабака. Ён раздражнёна адказаў:

– Уцёк!
– i раптам скорагаворкай забалбатаў: - Павёў я яго на Манёўравы пляц, як звычайна. А там народу, кiрмаш, балаганы з артыстамi прыехалi. Ну, спынiўся я - паглядзець "Караля-ўцекача". А як сабраўся пайсцi, глянь, а яго ўжо i след прастыў. Праўда, даўно ўжо трэба было яму аброжак вужэйшы купiць. Ды каб жа я ведаў, што гэтая падла вось так возьме дый уцячэ.

Раймон пачаў яму тлумачыць, што сабака, мабыць, проста заблудзiўся i яшчэ вернецца. Ён расказаў некалькi выпадкаў, калi сабакi прабягалi дзясяткi кiламетраў, каб вярнуцца да свайго гаспадара. Але стары яшчэ больш занепакоiўся:

Поделиться с друзьями: