Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чужанiца (на белорусском языке)
Шрифт:

– Ды як жа вы не разумееце, яго ж заб'юць. Хай бы яшчэ падабраў нехта. Ды дзе ўжо там - каму ён са сваiмi шолудзямi патрэбен, усе гiдзiцца будуць. Сцапаюць гiцлi - вось i ўсё.

Тады я сказаў, што яму варта схадзiць на скуралупню - заплацiць там штраф за паслугi, i сабаку яму аддадуць. Стары папытаўся - цi вялiкi трэба плацiць штраф? Я не ведаў. Тады ён усхадзiўся:

– Даваць грошы за гэтую падлу! Ага! Ды хай сабе спруцянее!

Ён зноў пачаў лаяцца. Раймон засмяяўся i пайшоў у дом. Я рушыў следам, i на лесвiчнай пляцоўцы мы развiталiся. Праз хвiлiну пачулiся крокi старога. Ён падышоў да маiх дзвярэй i пастукаўся. Я адчынiў. Стары крыху памуляўся каля парога i сказаў:

– Прабачце... прабачце, калi ласка...

Я запрасiў яго зайсцi, але ён не захацеў. Ён стаяў у дзвярах i глядзеў на наскi сваiх чаравiкаў, яго шалудзiвыя рукi дрыжалi. Не падымаючы галавы, ён спытаў:

Скажыце, пане Мёрсо, яны ж не забяруць яго ў мяне? Яны ж яго аддадуць? Бо як жа я, што ж мне без яго?

Я сказаў, што на скуралупнi сабак трымаюць тры днi - на выпадак, калi знойдзецца гаспадар, а тады ўжо робяць з iмi ўсё, што захочуць. Ён моўчкi паглядзеў на мяне. I потым сказаў:

– Дабранач.

Стары пайшоў да сябе, i я пачуў, як ён ходзiць сюды-туды па кватэры. Потым рыпнуў ложак. I па дзiўных, прыглушаных гуках, якiя данеслiся з-за сцяны, я зразумеў, што стары плача. Не ведаю чаму, я падумаў пра маму. Але заўтра трэба было рана ўставаць. Есцi не хацелася, i я лёг спаць без вячэры.

V

У кантору да мяне затэлефанаваў Раймон. Ён сказаў, што гутарыў пра мяне з адным сваiм прыяцелем i той запрашае нас на нядзелю паехаць за горад - у яго там свая хатка. Я адказаў, што ўвогуле не пярэчу, але паабяцаў ужо гэты дзень адной сяброўцы. Раймон адразу заявiў, што сяброўку таксама можна ўзяць з сабой. Прыяцелева жонка толькi парадуецца, што будзе ў мужчынскай кампанii не адна.

Я ўжо хацеў павесiць слухаўку, бо ведаю, як патрон не любiць, калi нам тэлефануюць з горада. Але Раймон папрасiў не спяшацца, запрашэнне ён мог бы перадаць i ўвечары i звонiць цяпер таму, што хоча папрасiць у мяне нешта яшчэ. Увесь дзень за iм ходзяць некалькi арабаў, i сярод iх - брат той яго былой каханкi.

– Калi будзеш вяртацца з працы i ўбачыш яго каля дома, папярэдзь мяне.

Я сказаў: "Добра, дамовiлiся".

Неўзабаве мяне паклiкаў патрон, i на душы ў мяне зрабiлася неяк нудна - я падумаў, што зараз ён пачне гаварыць, каб я меней размаўляў па тэлефоне i лепей працаваў. Але аказалася - зусiм не. Патрон сказаў, што паклiкаў мяне, каб пагутарыць наконт адной справы. Яна, праўда, вырашана яшчэ не канчаткова, але ён хоча ведаць маю думку. Справа вось якая - маецца намер адкрыць у Парыжы фiлiял канторы, якi, непасрэдна на месцы, будзе кантактаваць з усiмi тамтэйшымi буйнымi фiрмамi. Дык вось - цi згодзен я туды паехаць? Жыць я буду ў Парыжы i, акрамя таго, - даволi часта змагу вандраваць.

– Вы малады, i вам, па-мойму, такое жыццё павiнна спадабацца.

Я сказаў - так яно так, але, па сутнасцi, мне ўсё роўна. Тады ён спытаўся - няўжо мне не цiкава змянiць жыццё? I я адказаў, што адно жыццё на другое не зменiш, дый, урэшце, усе яны аднолькавыя, а мне i з маiм тут зусiм няблага. Выгляд у патрона быў незадаволены, ён сказаў, што я заўжды ўхiляюся ад адказу i што ў мяне няма нiякага iмкнення да кар'еры, а гэта вельмi дрэнна, калi займаешся справай. Тады я вярнуўся ў кабiнет i зноў сеў за працу. Вядома, я не хацеў злаваць патрона, але мяняць жыццё ў мяне нiякай прычыны не было. Калi падумаць, я быў зусiм не няшчасны. Праўда, у студэнцкiя гады ў мяне былi розныя такiя iмкненнi. Але калi давялося кiнуць вучобу, я вельмi хутка зразумеў, што, па сутнасцi, ва ўсiм гэтым няма нiякага значэння.

Увечары прыйшла Мары i спытала, цi хачу я з ёй ажанiцца. Я сказаў, што мне гэта ўсё роўна i што, калi яна так хоча, мы можам пажанiцца. Тады яна пацiкавiлася, цi кахаю я яе. Я адказаў, як ужо гаварыў аднойчы, што гэта не мае нiякага значэння, але, вядома, я яе не кахаю.

– Навошта тады ты збiраешся са мной ажанiцца?
– спытала яна.

Я растлумачыў, што гэта не iграе нiякай ролi i, калi яна так хоча, мы можам пажанiцца. Дарэчы, яна сама мяне пра гэта просiць, а я толькi згаджаюся. Тады яна заўважыла, што шлюб - сур'ёзная справа. Я адказаў: "Не". Яна сцiхла i нейкую хвiлiну моўчкi глядзела на мяне. Потым загаварыла зноў. Ёй проста было цiкава, цi згадзiўся б я ажанiцца, каб мне тое самае прапанавала другая жанчына, з якой бы ў мяне былi такiя ж адносiны, як i з ёй. Я сказаў: "Натуральна". Тады яна заявiла, што i сама не ўцямiць - кахае яна мяне цi не, але гэтага я ўжо наогул ведаць не мог. Яна зноў змоўкла i потым прамовiла цiхiм голасам, што я нейкi дзiўны i за гэта яна мяне, безумоўна, вельмi кахае - але, мабыць, некалi менавiта праз гэта я ёй i абрыдну. Я маўчаў, бо дадаць не было чаго, а яна, усмiхаючыся, абняла мяне i заявiла, што хоча выйсцi за мяне замуж. Я адказаў, што мы зробiм гэта, як толькi яна захоча. I расказаў ёй пра прапанову патрона. Мары сказала, што ёй бы вельмi хацелася ўбачыць Парыж, i я паведамiў, што ўжо некалi жыў там. Яна спыталася, як ён выглядае. Я адказаў:

– Там брудна. Галубы паўсюль, двары змрочныя. I людзi нейкiя

бледныя.

Потым мы пайшлi гуляць у цэнтр i прайшлi праз увесь горад. Было шмат прыгожых жанчын, i я папытаўся ў Мары, цi бачыць яна гэта. Яна сказала, што бачыць i разумее мяне. Потым мы пэўны час iшлi моўчкi. Але мне хацелася, каб Мары засталася са мной яшчэ, i я сказаў, што мы можам паабедаць у Селеста. Увогуле, яна не адмаўлялася, але, на жаль, мела нейкiя справы. Мы былi ўжо каля майго дома, i я развiтаўся. Яна паглядзела на мяне:

– Няўжо табе не цiкава, якiя ў мяне справы?

Мне, вядома, было цiкава, але запытацца я чамусьцi не падумаў, i менавiта таму яна зiрнула на мяне нiбы з папрокам. Вiдаць, я крыху збянтэжыўся, бо яна раптам засмяялася, прыгарнулася да мяне ўсiм целам i падсунула вусны.

Я пайшоў абедаць да Селеста. I пачынаў ужо есцi, калi ў шынок увайшла нейкая дзiвотная маленькая жанчына. Падбегла да майго столiка i папыталася, цi можна сесцi. Сесцi, натуральна, было можна. Нейкая дзiўная, сапраўды: рухi парывiстыя, аблiчча маленькае i круглае, нiбы яблык, вочы блiшчаць. Скiнула камiзэльку, села i пачала лiхаманкава праглядаць меню. Потым паклiкала Селеста i скорагаворкай, але вельмi выразна, заказала адразу ўсё, што выбрала. Пакуль неслi закуску, яна адчынiла сумку, выняла аркушык паперы i аловак, усё загадзя палiчыла, потым дастала кашалёк, адлiчыла дакладную суму, дадала гасцiнца i паклала грошы на стол. Якраз прынеслi закуску. Яна праглынула яе ў адзiн мiг i, чакаючы наступнай стравы, зноў дастала сiнi аловак, часопiс з праграмай радыёперадач на тыдзень i вельмi акуратна адну за адной пачала пазначаць крыжыкамi амаль усе перадачы. Часопiс быў вялiкi, старонак на дванаццаць, i яна руплiва працавала ўвесь абед. Я даўно паеў, а яна ўсё ставiла крыжыкi з ранейшым дбаннем. Потым устала, дакладным рухам, як аўтамат, накiнула камiзэльку i пайшла. Рабiць мне не было чаго, я таксама выйшаў i нейкi час iшоў за ёй. Яна стала на броўку ходнiкаў i надзiва хутка i ўпэўнена пайшла дакладна па прамой, прычым нi разу не азiрнулася. Нарэшце я згубiў яе з вачэй i павярнуў назад. Дзiўная нейкая, падумаў я, але хутка забыўся на яе.

На парозе каля маёй кватэры стаяў стары Саламано. Я запрасiў яго зайсцi, i ён сказаў, што яго сабака згубiўся, бо на скуралупнi яго няма. Тамтэйшыя службоўцы сказалi, што ён, вiдаць, трапiў пад машыну. Стары запытаўся, цi можна пра гэта даведацца ў камiсарыяце, але яму адказалi, што такiя звесткi не захоўваюцца, бо рэч гэта звычайная i здараецца кожны дзень. Я сказаў старому Саламано, што ён мог бы ўзяць сабе iншага сабаку, але ён адказаў, што прывык ужо да гэтага, i, вядома, меў рацыю.

Я залез з нагамi на ложак, а Саламано сеў на крэсла каля стала, акурат насупраць мяне, i паклаў рукi на каленi. Свой стары капялюш ён зняў. Ён гаварыў, глытаючы канцы фраз, якiя вязлi ў яго пажоўклых вусах. З iм было трошкi нудна, але рабiць усё роўна не было чаго i спаць не хацелася. Каб нешта сказаць, я пачаў распытваць яго пра сабаку. Ён сказаў, што набыў яго пасля жончынай смерцi. Жанiўся ён даволi позна. А ў маладосцi марыў працаваць у тэатры: калi служыў у войску, прымаў удзел у вадэвiлях, што ставiлiся ў iх палку. Але нарэшце - пайшоў на чыгунку i не шкадуе, бо цяпер у яго ёсць невялiкая пенсiя. З жонкай ён шчаслiвы не быў, але ўрэшце вельмi прывык да яе. I калi яна памерла, адчуў сябе зусiм самотным. Тады ён i папрасiў аднаго прыяцеля па працы прынесцi яму сабаку. Той прынёс зусiм малое шчаня, яго трэба было кармiць з соскi. Але сабакi жывуць меней за чалавека, i яны састарэлi разам.

– Характар быў у яго кепскi, - сказаў Саламано.
– Гыркалiся мы з iм часам. Але ўсё роўна, сабака ён быў добры.

Я сказаў, што парода ў яго была выдатная, i старому, вiдаць, гэта спадабалася.

– Вы яшчэ не бачылi яго да хваробы, - падхапiў ён.
– Якая ў яго была поўсць - любата!

Калi на сабаку найшла скурная хвароба, Саламано кожныя вечар i ранiцу нацiраў яго спецыяльнаю масцю. Але на яго думку, сапраўднаю хваробай была старасць, а старасць не вылечыш.

Тут я пазяхнуў, i стары аб'явiў, што зараз пойдзе. Я сказаў, што ён можа застацца яшчэ - мне проста сумна ад таго, што здарылася з яго сабакам. Ён падзякаваў i сказаў, што мама вельмi любiла гэтага спанiэля. Калi ён гаварыў пра маму, ён называў яе "ваша бедная матуля". Ён сказаў, што я, напэўна, адчуваю сябе дужа няшчасным пасля мамiнай смерцi, але я нiчога не адказаў. Тады ён неяк замуляўся i скорагаворкай прамармытаў, што яму вядома, як дрэнна пра мяне гавораць у квартале пасля таго, як я аддаў маму ў прытулак, але ён добра мяне ведае i знае, што маму я вельмi любiў. Я, сам не ведаю чаму, адказаў, што дагэтуль нават не чуў, каб пра мяне з гэтай нагоды гаварылi дрэнна, - калi я аддаваў маму ў прытулак, мне здавалася, што гэта натуральна, бо ў мяне не было грошай, каб наняць ёй сядзелку.

Поделиться с друзьями: