Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чужанiца (на белорусском языке)
Шрифт:

Калi ён заўважыў мяне, ён адразу прыўзняўся i сунуў руку ў кiшэню. Я, натуральна, таксама адразу намацаў Раймонаў рэвальвер, якi ляжаў у мяне ў куртцы. Тады ён зноў адкiнуўся на спiну, але рукi з кiшэнi не выняў. Я быў ад яго даволi далёка, метраў, мусiць, за дзесяць. Часам я адчуваў, як ён пазiрае на мяне праз паўзаплюшчаныя павекi. Але часцей абрысы ягонага цела пачыналi скакаць прад маiмi вачыма ў гарачым паветры. Хвалi плёскалiся яшчэ марудней, яшчэ з большай лянотаю, як апоўднi. Вакол былi ўсё тое ж сонца, усё той жа распалены блiскучы пясок. Вось ужо дзве гадзiны, як дзень застыў, не маючы сiлы зрушыць далей, дзве гадзiны, як ён кiнуў якар у неабсяжным акiяне расплаўленага металу. На даляглядзе прайшоў параход, i краем вока я ледзь заўважыў яго чорную плямку, бо ўвесь час неадрыўна глядзеў на араба.

Я падумаў, што варта мне толькi павярнуцца i пайсцi, i ўсё на тым скончыцца.

Але ўвесь спякотны пляж стоўпiўся за мною, дрыжаў на сонцы i не пускаў назад. Я ступiў некалькi крокаў да крынiцы. Араб не варухнуўся. Да яго было яшчэ досыць далёка. Мабыць, ад таго, што на твар яму падаў цень, здавалася, быццам ён усмiхаецца. Я счакаў. Сонца палiла шчокi, я адчуваў, як пот буйнымi кроплямi сцякае на бровы. Спёка была такая ж, як у той дзень, калi я хаваў маму, як i тады, моцна балела галава, усе вены пад скурай набрынялi i шалёна пульсавалi. Я не мог болей вытрымаць гэтае спёкi i зрабiў рух наперад. Я ведаў, што гэта бязглузда, што я не пазбаўлюся сонца, калi зраблю адзiн крок. Але я зрабiў гэты крок, адзiн толькi крок наперад. I тады араб, не падымаючыся, выцягнуў нож i выставiў яго перада мной на сонцы. Прамень блiснуў па сталi i ўеўся мне ў лоб доўгiм iскрыстым лязом. У тое ж iмгненне пот рынуў з броваў, залiў павекi, захiнуў iх цёплай вiльготнай смугой. Вочы аслеплi пад салёным покрывам слёз. Я нiчога не адчуваў, адно сонца ў галаве бiла ў свой раз'юшаны бубен, ды недзе наперадзе са стальнога ляза вылятаў востры вогненны меч. Гэты джгучы клiнок рассякаў мае вейкi, працiнаў спакутаваныя вочы. I тады раптам усё скаланулася. Мора вынесла на хвалях цяжкi, гарачы ўздых. I мне падалося, што неба расчынiлася на ўсю шырыню i на зямлю хлынуў вогненны дождж. Усё напялося ўва мне, рука сцiснула рэвальвер. Дзяржанне аказалася лукатае, гладкае, спускавы кручок падаўся, нешта шчоўкнула, пачуўся сухi аглушальны ўдар, i ўсё пачалося. Я скiнуў з сябе сонца i пот. I зразумеў, што парушыў раўнавагу дня, надзвычайную цiшу пясочнага пляжа, дзе я быў нядаўна шчаслiвы. Тады я стрэлiў яшчэ чатыры разы ў нерухомае цела, i кулi ўваходзiлi ў яго, не пакiдаючы слядоў. I гэта былi нiбы чатыры кароткiя ўдары, якiмi я пастукаўся ў дзверы бяды.

Частка другая

I

Адразу пасля арышту мяне некалькi разоў дапытвалi. Але допыты тычылiся выяўлення маёй асобы i цягнулiся нядоўга. Першы раз, у камiсарыяце, мая справа, здаецца, нiкога не захапiла. Але ўжо праз тыдзень следчы глядзеў на мяне з цiкаўнасцю. Спачатку ён запытаўся, як мяне завуць, дзе я жыву, чым займаюся, дзе i калi нарадзiўся. Пасля захацеў даведацца, цi выбраў я сабе адваката. Я прызнаўся, што не, i папытаўся - няўжо яго трэба мець заўсёды.

– Чаму вы гэтак пытаецеся?
– сказаў ён.

Я адказаў, што, па-мойму, справа мая вельмi простая. Тады ён усмiхнуўся i сказаў:

– Можа, яно i так. Але ёсць закон. Калi вы не выбераце сабе адваката самi, яго вам прызначым мы.

Мне здалося вельмi зручным, што суд сам клапоцiцца такiмi дробязямi, i я гэта сказаў следчаму. Ён пагадзiўся са мной i заўважыў, што закон увогуле зроблены найвыдатнейшым чынам.

Спачатку я не прымаў яго ўсур'ёз. Наша размова праходзiла ў змрочным пакойчыку, з усiх бакоў абвешаным шторамi, з адзiнаю лямпай, якая стаяла на стале i асвятляла фатэль. На гэты фатэль ён мяне i пасадзiў, а сам застаўся ў змроку. Я ўжо чытаў падобныя апiсаннi ў кнiжках, i ўсё гэта мне здалося гульнёй. Аднак пасля размовы я прыгледзеўся да яго ўважлiвей - гэта быў высокi мужчына, з тонкiмi рысамi твару i глыбокiмi блакiтнымi вачыма, у яго былi доўгiя сiвыя вусы i пышная, амаль белая шавялюра. Мне здалося, што ён чалавек разважлiвы i ўвогуле - нават прыязны, хоць i мае нейкi нервовы цiк, ад якога ў яго час ад часу пацепваюцца вусны. Выходзячы, я нават ледзь не працягнуў яму рукi, але своечасова прыгадаў, што я забiў чалавека.

Назаўтра да мяне ў турму прыйшоў адвакат. Ён быў маленькi, кругленькi, даволi малады, з дбайна прылiзанымi валасамi. Нягледзячы на спёку (я сядзеў у адной кашулi), на iм быў цёмны гарнiтур, крухмальны каўнер i нейкi дзiўны гальштук у шырокую чорна-белую палоску. Ён паклаў на мой ложак партфель, якi прынёс пад пахай, назваў сваё iмя i сказаў, што пазнаёмiўся ўжо з маёй справай. Выпадак даволi далiканты, але ён не сумняваецца ў поспеху, калi, вядома, я буду яму давяраць. Я падзякаваў, i ён сказаў:

– А цяпер пяройдзем непасрэдна да справы.

Ён сеў на ложак i паведамiў, што ўжо маюцца пэўныя звесткi пра маё прыватнае жыццё. Высветлiлася, напрыклад, што нядаўна ў прытулку памерла мая мацi. У Марэнга паслалi запытанне. I адтуль следчаму паведамiлi, што ў дзень пахавання "я выявiў нячуласць".

– Самi

разумееце, - сказаў адвакат, - мне няёмка ў вас дапытвацца. Але гэта вельмi важна. I для абвiнавачвання гэта будзе важкi аргумент, калi я не сумею нiчога адказаць.

Ён хацеў, каб я дапамог яму, i запытаўся, цi было мне цяжка ў той дзень. Гэта пытанне мяне вельмi здзiвiла, i я падумаў, што мне было б вельмi няёмка, калi б я мусiў сам спытаць у каго-небудзь такое. Я адказаў, аднак, што ўжо крыху адвыкся займацца самакапаннем i што мне цяжка адказаць яму што-небудзь дакладна. Вядома, я любiў маму, але гэта яшчэ нi пра што не гаворыць. Усе здаровыя людзi рана цi позна жадаюць смерцi тым, каго яны любяць. Тут адвакат перапынiў мяне i быў, здаецца, нечым вельмi ўсхваляваны. Ён прымусiў мяне паабяцаць, што я не скажу гэтага нi на судовым паседжаннi, нi ў следчага. Аднак я вырашыў растлумачыць: ад натуры я створаны так, што мае фiзiчныя патрэбы часта ўплываюць на мае пачуццi. А ў той дзень, калi я хаваў маму, я быў вельмi стомлены i хацеў спаць. I таму я не мог ясна ўсвядомiць, што адбываецца. Адзiнае, што я магу сказаць пэўна, дык гэта тое, што я палiчыў бы за лепшае, каб мама не памiрала. Адвакат, вiдаць, застаўся незадаволены. Ён сказаў:

– Гэтага недастаткова.

Ён задумаўся. I потым спытаў у мяне, цi можна яму будзе сказаць на судзе, што ў той дзень я намагаўся стрымаць свае сапраўдныя пачуццi. Я сказаў:

– Не, бо гэта няпраўда.

Ён зiрнуў на мяне неяк здзiўлена, нiбы я выклiкаў у яго агiду. I амаль са злосцю сказаў, што, ва ўсякiм выпадку, дырэктар i службоўцы з прытулку будуць выклiканы на працэс як сведкi, а "гэта можа зрабiць мне вельмi благую паслугу". Я заўважыў, што гэта гiсторыя не мае нiякага дачынення да маёй справы. Але ён адказаў, што я нiколi не сутыкаўся з правасуддзем i гэта вiдаць адразу.

Ён пайшоў раззлаваны. Я хацеў быў яго затрымаць, растлумачыць яму, што хачу ад яго спагады - не дзеля таго, каб ён абараняў мяне лепш, а проста так, як звычайна хочуць спагады ад кожнага чалавека. Тым больш што я бачыў, як ён хвалюецца праз мяне. Бачыў, што ён не можа мяне зразумець i толькi злуецца. Я хацеў давесцi яму, што я такi самы, як i ўсе, абсалютна такi самы. Але я паленаваўся, бо падумаў, што, па сутнасцi, гэта не так ужо важна.

Праз некалькi дзён мяне зноў вадзiлi на допыт. Была другая гадзiна дня, i кабiнет гэтым разам быў залiты святлом, якое прабiвалася скрозь празрыстыя фiранкi. Было дужа горача. Следчы прапанаваў сесцi i вельмi абыходлiва паведамiў, што "ў сувязi з адной непрадугледжанай акалiчнасцю" мой адвакат прыйсцi сёння не можа. Але я маю права не адказваць на пытаннi i чакаць адваката. Я сказаў, што магу адказваць i адзiн. Тады следчы нацiснуў пальцам на кнопку на стале, i ў пакой увайшоў малады пiсар. Ён сеў у мяне амаль за самаю спiнай.

Мы ямчэй умасцiлiся ў фатэлях, i допыт пачаўся. Спачатку следчы сказаў, што ўсе, у каго ён нi пытаўся, апiсваюць мяне, як чалавека змрочнага i замкнёнага. Ён хацеў ведаць, што я сам думаю на гэты конт. Я адказаў:

– У мяне проста няма нiчога цiкавага расказаць. I таму я звычайна маўчу.

Як i на першым допыце, ён усмiхнуўся i пагадзiўся, што гэта сама лепшая прычына. I потым дадаў:

– Зрэшты, гэта абсалютна няважна.

Ён змоўк i зiрнуў на мяне, але раптам даволi рэзка выпрастаўся i скорагаворкай сказаў:

– Мяне цiкавiце вы, вы самi.

Я не вельмi зразумеў, што ён мае гэтым на ўвазе, i таму не адказаў.

– Сёе-тое ў вашых учынках мне застаецца яшчэ няясным, - дадаў ён.
– Але я ўпэўнены, што вы дапаможаце мне зразумець гэта.

Я адказаў, што ўсё вельмi проста. Ён папрасiў мяне яшчэ раз з усiмi падрабязнасцямi апiсаць той дзень. I я зноў пералiчыў усё, што ўжо казаў яму мiнулы раз: Раймон, пляж, купанне, свара, зноў пляж, крынiчка, сонца i пяць стрэлаў з рэвальвера. Пасля кожнай фразы ён казаў: "Так, так". I калi я дайшоў да нерухомага цела на пяску, ён, нiбы ўхваляючы, сказаў: "Добра". Ужо каторы раз мне даводзiлася вось так паўтараць адну i тую ж гiсторыю, i, бадай, нiколi яшчэ я гэтак доўга не гаварыў.

Пасля некаторага маўчання ён падняўся i сказаў, што хоча мне дапамагчы - я яго зацiкавiў, i з Боскаю дапамогай ён што-небудзь зробiць дзеля мяне. Але раней ён хоча задаць мне некалькi пытанняў. I без усялякага пераходу ён раптам спытаў, цi любiў я маму. Я сказаў: "Але, як i ўсе". Пiсар, якi дагэтуль роўна стукаў на машынцы, чамусьцi зблытаўся - вiдаць, нацiснуў не на тую лiтару, i апошнiя словы яму давялося перадрукаваць. Зноў без усялякай вiдавочнай сувязi следчы запытаўся, цi страляў я з рэвальвера ўсе пяць разоў запар. Я трошкi падумаў i сказаў, што спачатку стрэлiў толькi адзiн раз, а праз некалькi секунд - яшчэ чатыры разы.

Поделиться с друзьями: