Чужанiца (на белорусском языке)
Шрифт:
– Зрэшты, - дадаў я, - ёй ужо даўно не было пра што са мной гаманiць, i яна проста сумавала.
– Ваша праўда, - сказаў Саламано.
– А ў прытулку, прынамсi, можна знайсцi сабе прыяцеляў.
Потым ён папрасiў прабачэння - яму хацелася спаць. Жыццё цяпер у яго перамянiлася, i ён нават не ведае, што рабiць далей. Упершыню за ўвесь той час, што я яго ведаў, ён нiбы ўпотай працягнуў мне руку, i я адчуў яго шурпатую скуру. Ён ледзь прыкметна ўсмiхнуўся i на развiтанне сказаў:
– Спадзяюся, што сёння ноччу сабакi брахаць не будуць. Бо мне ўвесь час здаецца, што гэта мой.
VI
У нядзелю я доўга не мог прачнуцца, i Мары давялося мяне тармасiць i крычаць у самае вуха. Есцi мы не сталi - хацелася як мага раней пакупацца ў моры. Усярэдзiне ў мяне было абсалютна
Мы выйшлi i пастукалiся да Раймона. Ён адказаў, што зараз выходзiць. На вулiцы - вiдаць, ад стомы i ад таго, што аканiцы ўсю ранiцу былi зачыненыя, зыркае сонечнае святло балюча ўдарыла мяне ў вочы. Мары скакала ад радасцi i ўвесь час хвалiла надвор'е. Я пачуў сябе лепей i адразу заўважыў, што хачу есцi. Я сказаў пра гэта Мары, але яна паказала мне сваю цыратовую торбу, у якой ляжалi толькi нашы купальныя гарнiтуры i ручнiк. Рабiць не было чаго, заставалася адно чакаць, i нарэшце мы пачулi, як Раймон зачыняе дзверы. Ён быў у сiнiх нагавiцах i белай кашулi з кароткiмi рукавамi. На галаве ў яго быў саламяны брыль, i гэта рассмяшыла Мары. Рукi ў Раймона да локцяў аказалiся надзiва белыя, з чорнымi валасамi. Калi я гэта ўбачыў, мне зрабiлася крыху брыдка. Спускаючыся па прыступках, ён свiстаў, i выгляд у яго быў задаволены. Ён павiтаўся: "Здароў, стары!" - i назваў Мары "паненкай".
Напярэдаднi мы хадзiлi ў камiсарыят, i я засведчыў, што тая дзяўчына "ашукала" Раймона. Ён абышоўся папярэджаннем. Мае паказаннi правяраць не сталi. Каля дзвярэй мы з Раймонам яшчэ крыху пагутарылi пра гэта i потым вырашылi пайсцi на аўтобус. "Пляж не далёка, але так будзе хутчэй". Раймон сказаў, што яго сябар вельмi парадуецца, калi мы прыедзем рана. Мы ўжо хацелi iсцi на прыпынак, калi Раймон зрабiў мне знак i паказаў на той бок вулiцы. Я ўбачыў гурток арабаў. Яны стаялi, абапершыся спiнай на вiтрыну тытунёвай лаўкi, i глядзелi на нас - але так, нiбы мы былi нi больш нi менш як звычайныя камянi цi драўляныя цурбалкi. Раймон сказаў, што другi злева - той самы тып. Выгляд у яго зрабiўся заклапочаны. "Зрэшты, - дадаў ён, - цяпер з гэтым ужо кончана". Мары не надта разумела, пра што iдзе гутарка, i спытала, чаму мы стаiм. Я растлумачыў, што тыя арабы маюць на Раймона зуб. Тады яна сказала, што адсюль трэба хутчэй iсцi. Раймон ганарлiва выпрастаўся, але потым засмяяўся i сказаў, што сапраўды трэба спяшацца.
Мы рушылi да аўтобуснага прыпынку, якi быў побач, i Раймон сказаў, што арабы за намi не пайшлi. Я зiрнуў цераз плячо. Арабы стаялi на ранейшым месцы i глядзелi туды, дзе толькi што стаялi мы. Мы селi ў аўтобус. Раймон, якому, вiдаць, адразу палегчала, пачаў жартаваць з Мары. Я адчуў, што яна яму падабаецца. Але на Раймонавы жарты яна не адказвала. Адно зрэдку пазiрала на яго ды пасмейвалася.
За горадам мы выйшлi. Пляж быў непадалёк ад прыпынку. Трэба было перайсцi невялiкi пагорак, якi ўзвышаўся над морам, i спусцiцца да берага. Увесь схiл быў усыпаны жоўтым каменнем i белымi асфадэлiямi. Колер кветак здаваўся вельмi яркiм на фоне густа-сiняга неба. Дзеля забавы Мары збiвала з iх пялёсткi, шырока махаючы цыратоваю торбай. Мы iшлi паўз маленькiя вiлы, агароджаныя белымi цi зялёнымi тынамi; у некаторых веранды патаналi ў кустах тамарыксу, другiя стаялi голыя сярод маўклiвых камянёў. Яшчэ не падыходзячы да краю пагорка, можна было ўбачыць нерухомае мора i крыху далей - вялiкую грамаду мыса, якi, здавалася, спаў у празрыстай вадзе. У цiхiм паветры чуўся слабы рокат матора. I недзе вельмi далёка мы заўважылi маленькую рыбацкую вiцiну, якая непрыкметна плыла па зiхатлiвым моры. Мiж камянямi Мары знайшла некалькi касачоў. З адхона, якi спускаўся да мора, мы заўважылi, што некалькi чалавек ужо купаюцца.
Раймонаў сябар жыў у маленькай хацiне на самым ускрайку пляжа. Тыльнай сцяной домiк тулiўся да скалы, а спераду - палi, на якiх ён стаяў, абмывалiся салёнай вадой. Раймон нас пазнаёмiў. Сябра звалi Масон. Гэта быў высокi здаравяк з магутным
торсам i шырокiмi плячыма. Яго маленькая, мiлая i пухленькая жонка гаварыла з парыжскiм акцэнтам. Масон адразу сказаў, каб мы размяшчалiся, як нам выгодней, - хутка будзе гатова смажаная рыба, якую ён сам налавiў гэтым ранкам. Я сказаў, што хатка, па-мойму, вельмi ўтульная. I Масон паведамiў, што праводзiць тут кожную суботу i нядзелю, i апроч таго - увесь адпачынак.– З жонкай, вядома, мы з ёю заўсёды ладзiм, - дадаў ён.
Яго жонка, сапраўды, ужо смяялася i балбатала пра нешта з Мары. I мабыць, першы раз я ясна ўсвядомiў, што хутка ажанюся.
Масон прапанаваў пакупацца, але яго жонцы i Раймону не захацелася. Мы пайшлi ўтраiх, i Мары адразу кiнулася ў ваду. Мы з Масонам трошкi пачакалi. Ён гаварыў марудна, i я заўважыў, што ў яго прывычка перад кожнай фразай паўтараць: "i я нават болей скажу", - нават тады, калi нiчога новага ён, па сутнасцi, не дадае. Пра Мары ён сказаў:
– Яна вельмi прывабная, i я нават болей скажу - проста чароўная.
Пасля я ўжо не зважаў на гэту дзiвотную прыказку i ўсю ўвагу засяродзiў на сонечных прамянях, якiя прыемна песцiлi маё цела. Пясок пад нагамi пачынаў пячы. Мне вельмi хацелася плёхнуцца ў ваду, але я яшчэ крыху счакаў i нарэшце сказаў Масону:
– Ну што, пайшлi?
Я даў нырца, а ён паволi зайшоў у ваду i паплыў толькi тады, калi ногi ўжо не даставалi да дна. Плыў ён брасам, даволi кепска, i таму я пакiнуў яго аднаго, а сам паплыў за Мары. Вада была халодная, i плыць было хораша. Мы з Мары далёка адарвалiся ад Масона, i нам было прыемна адчуваць суладнасць нашых пачуццяў i рухаў.
Далёка ў моры мы леглi на спiну, я глядзеў на неба, i сонца хутка сушыла апошнiя пырскi, якiя збягалi мне ў рот. Мы ўбачылi, што Масон вярнуўся на пляж i лёг на пяску пад сонцам. Здалёк ён здаваўся яшчэ больш вялiзным. Мары захацела паплаваць разам. Я прыладзiўся ззаду, узяў яе за талiю, i мы паплылi: яна рукамi рассоўвала хвалi, а я дапамагаў ёй нагамi. У ранiшнiм паветры вакол нас чуўся цiхi плёскат вады. Але я ўрэшце стамiўся, пакiнуў Мары i паплыў да берага. Я стараўся роўна махаць рукамi i дыхаць глыбока. На пляжы я лёг побач з Масонам на жывот i прыцiснуўся шчакой да пяску. "Хораша", - сказаў я, i ён пагадзiўся. Хутка на бераг выйшла Мары. Я павярнуўся i глядзеў, як яна наблiжаецца да нас. Яе цела блiшчала ад салёнай марской вады, валасы былi адкiнутыя назад. Яна легла побач са мной, i ад цеплынi яе цела i сонца я задрамаў.
Мары патрэсла мяне за плячо i сказала, што Масон ужо пайшоў i нам таксама трэба iсцi: пара снедаць. Я адразу ўстаў, бо быў вельмi галодны, але Мары сказала, што я зранку яшчэ нi разу яе не пацалаваў. Гэта была праўда, i, дарэчы, мне самому хацелася пацалаваць яе.
– Хадзi ў ваду, - сказала яна.
Мы пабеглi да берага i плёхнулiся ў першыя маленькiя хвалi. Потым адплылi крыху яшчэ, i Мары прытулiлася да мяне ўсiм целам. Я адчуў, як яна апляла мае ногi сваiмi, i ўва мне запалiлася жаданне.
Калi мы падыходзiлi да хаты, Масон ужо выйшаў нас клiкаць. Я сказаў, што вельмi хачу есцi, i ён адразу заявiў сваёй жонцы, што я яму падабаюся. Хлеб быў смачны, i я ўмомант праглынуў сваю порцыю рыбы. Потым прынеслi мяса са смажанай бульбай. Усе елi моўчкi. Масон раз-пораз адпiваў вiно i безупынку падлiваў мне. Калi прынеслi каву, галава ў мяне ўжо пацяжэла. Я многа палiў. Мы з Масонам i Раймонам дамовiлiся ўвесь жнiвень правесцi тут - будзем жыць разам, у складчыну. Мары раптам сказала:
– А вы ведаеце, якi час? Яшчэ толькi палова на дванаццатую.
Мы ўсе вельмi здзiвiлiся, але Масон сказаў, што нiчога дзiўнага тут няма снедаць трэба тады, калi хочацца есцi. Мары гэта чамусьцi рассмяшыла. Па-мойму, яна проста выпiла лiшку. Тады Масон запытаўся, цi не хачу я крыху прайсцiся па пляжы.
– Жонка ў мяне заўсёды любiць трошкi адпачыць пасля снедання. А я дык не магу - мне трэба хадзiць. Я заўжды кажу ёй, што гэта лепш для здароўя. Але ўрэшце - ёй самой вырашаць.
Мары сказала, што застанецца дапамагчы панi Масон памыць посуд. А вясёлая парыжанка заявiла, што дзеля гэтага перш за ўсё трэба выставiць мужчын прэч. I мы ўтрох пайшлi.