Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цыганскі кароль

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Лаючыся, расштурхаў натоўп нехта калматы і вялізны. Узнёс самаробную дзіду. Яшчэ! Яшчэ! Ударылі злёгку па галаве.

І раптам нешта адбылося. Яноўскі, што закрыў вочы, адчуў, як нешта цёплае прынікла да яго.

– Не дам яго! Чуеце, не дам! Забівайце разам!

Ён зірнуў. Прыціснуўшыся да яго спіною, распасцёршы рукі, стаяла і глядзела проста ў вочы натоўпу Аглая. Глядзела белымі ад ярасці вачыма.

– Вы што, здурэлі?! Тых, што мучылі вас, тых, што здзекаваліся, не чапаць толькі таму, што сёння яны ўцяклі. А гэтага, які нікога не чапаў, які сястру і мяне абараніў, - забіць толькі

таму, што смелы, што не спалохаўся адзін на ўсіх кінуцца? Вы баязліўцы, вы, вы, вы...

– Адыдзі, дзяўчына, - пагрозліва сказаў калматы.
– Гэты - наш...

І тут Аглая ляснула яго па шчацэ.

– Твой! Хто гэта твой? Ён, можа? Твае толькі блохі ў кажусе ды крадзеныя коні. Ах ты, халера, казалуп чорны, страшны, рыбак па чужых стайнях. Твой ён? Не! Мой ён, мой! Я тут кожнаму з вас за яго... за яго... за яго...

Цыган з апаскаю адступаў.

– Ён і не пан зусім. Пан не абараняе ад бізуноў прыгонную, пан не будзе біцца з другім панам за дзявочую цноту, не абароніць яе ад усіх, не ляжа на парозе, каб абараніць спакой прыгоннай.

– І ўсё ж я шляхціц, - з гонарам сказаў Яноўскі.
– Няма жыцця. Дзякуй табе, харошая, але сёння мне хочацца смерці.

– Сёння яму хочацца... Можа, заўтра табе яе зусім не захочацца, ды позна будзе. Цыганы, родненькія вы мае, не чапайце вы яго, гэтага дурня! Гэта не ён, гэта гонар дурны гаворыць.

І раптам яна, расплакаўшыся, села ля яго ног, абхапілі іх рукамі.

– Не дам... Разам са мною...

Яноўскі адчуў, як вяроўкі ўпалі з яго рук.

– Але, - разважліва сказаў нехта.
– Трошачкі маленькай памылкі не зрабілі. Бач ты, як яе разбірае.

– Ды бяры ты яго хоць да д'ябла, - буркнуў другі.

І раптам натоўп цыганоў і мужыкоў зарагатаў такім нутраным гучным здаровым смехам, што стала ясна: нікога пасля яго нельга забіваць. Рагаталі да слёз, рагаталі, узяўшыся за бокі, рагаталі да болю ў грудзях.

І Аглая, баючыся, як бы не перадумалі, цягнула саслабелага Міхала праз натоўп, усміхалася, выцірала слёзы:

– Дзякуй вам, дзякуй вам, родныя.

Пад рогат яна адвяла Міхала да брамы і пасадзіла на траву.

Толькі тут, відаць, нехта заўважыў ля гарматы цела суддзі.

– А гэты мёртвы ці жывы?
– спытаў нейкі мужык.

Стары цыган падышоў блізка, схіліўся:

– Нават пратухнуць паспеў.

Ян стаў над нерухомым целам, падміргнуў людзям:

– Мёртвы ён ці жывы, чорт яго ведае. Нума, хлопцы, сцягніце з яго жупан. Не можа гэтага быць, каб шляхціц, калі ён жывы і цвярозы, голым ляжаў. Калі жывы - суд, калі мёртвы - выкінем на бераг, хай ляжыць.

Гульню падхапілі.

– Ну вядома ж, не можа. Куды там!
– чуліся галасы.

Ян паглядзеў на голага суддзю:

 - Мёртвы-такі, напэўна. Ану, хлопцы, прынясіце з той пушчы чаго-небудзь.

Прынеслі некалькі вязак вялізнай старой крапівы.

– Не можа ж, людзі, шляхціц згадзіцца, каб яго без посцілкі, на голай зямлі, лупцавалі. Як вы думаеце?

– Не можа. Не можа, - разважліва загулі галасы.

Пачалі шмагаць. Мёртвае цела пачало ад шыі да пятак узнімацца белымі пухірамі.

Яноўскі закрыў вочы. Яго пачало трэсці. Спуджаныя Аглая пацягнула яго за браму. Але Міхал

раптам выпрастаўся. Белы як смерць, ён расштурхаў людзей, ненатуральна прама падышоў да суддзі і плюнуў у яго бок:

– Здраднік ты. Праклён на цябе.

І таксама цвёрда пакрочыў да частаколу.

– Мёртвы, напэўна, - збянтэжана сказаў Ян.
– Выцягніце яго, хлопцы, на бераг. Не варта аб яго рукі пэцкаць. Стой... Яшчэ слова. Калі ты, падла, паспрабуеш яшчэ хоць пальцам дзевак зачапіць, як ты гэта сёння паспрабаваў, - з пекла дастанем. Цягніце.

Міхал не чуў усяго гэтага. Ледзь дыхаючы, ён дацягнуўся да рэчкі і там, за хмызамі, упаў на гарачы пясок. Аглая села ля яго.

Не бачыць. Не чуць. Памерці тут і не бачыць, як зламалася ўсё жыццё, вера, смеласць, шчасце.

– Свінні! Ах, якія паршывыя свінні!
– стагнаў ён, упіваючыся кіпцямі ў далоні.

А Аглая сядзела поруч і гладзіла яго па галаве, як малога:

– Ну не трэба, не трэба. Гаротны ты мой, няшчасны.

– Цяжка мне, цяжка мне, Аглаечка. Што мне рабіць? З кім жыць зараз?

– З людзьмі, - сказала яна.

– Нашто ты ратавала мяне?

Яна змаўчала, і тут Міхал усхапіўся на калені.

– А сапраўды, чаму?
– спытаў ён.
– Я ж пан, я вораг ваш...

І ўбачыў яе вочы. Сум трапятаў у іх, радасць, яшчэ нешта незразумелае, але, галоўнае, - гонар. Такі сціплы, але цвёрды гонар, якога яму яшчэ яму не даводзілася бачыць. Зломлены, з раздаўленай душою, ён не мог больш.

 Ён здаўся. Ён пацягнуўся да яе, упаў перад ёю, абхапіў рукамі стан, прыпаў галавою да ўлоння:

– Ратуй мяне, родная. Ратуй мяне ад мяне самога, ад іх. Яны страшныя, яны агідныя.

Яна схілілася над ім, прыціснула буяную галаву бліжэй да ўлоння.

– Суцешся, суцешся. Засні. Засні. 

VII

Ён прачнуўся, калі месяц пачаў спускацца ў рачныя воды. Сітнягі ледзь шапацелі пад напорам плыні, крычаў вадзяны бугай.

Ад палаца слаба даляталі спевы, не парушаючыя цішыні. Ён прачнуўся, адчуў, што галава яго ўсё яшчэ ляжыць на каленях дзяўчыны, якія слаба пагойдваюцца, бы ў такт нячутнай калыханцы. Значыць, яна так і не зварухнулася ўвесь гэты час. І ён ляжаў, выпрастаўшыся, жадаючы, каб гэта цягнулася яшчэ і яшчэ. Месяц заліваў люстра ракі. Блакіт.

Дзе ён? Што з ім? Дзіўныя сілы ў душы. Быццам зніклі разам са сном цені дзён былых. Усё проста на зямлі, усё ясна.

Месяц - гэта так, зямля - гэта так, людзі, каханне. А што такое ўсё, што было, усе прывілеі, усе подзвігі, вайна, шляхта? Крык п'янага Якуба? Або, можа, зад кароннага суддзі?

Дзе яны, куды яны зніклі? Чаму ён такі вольны і спакойны? Кахаць - гэта так. Жыць, толькі жыць. Вось яна, сіла зямлі, улілася ў яго праз гэтую, якую ён не ведаў яшчэ некалькі дзён назад. Зноў ад яе? Зноў піць, біцца на шаблях, зноў... Ах, толькі не гэта!

Ён прыўзняў твар, глянуў на яе. Распусціла косы, прыкрыла твар ягоны ад сонца яшчэ ўдзень. Так і сядзіць. Твар блакітны, у вачніцах сінія цені. Глядзіць на яго так, быццам сама нарадзіла.

Прамаці Ева. Толькі яны ўдваіх існуюць на гэтай грэшнай, самай лепшай зямлі.

Поделиться с друзьями: