Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Цыганскі кароль

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Роме, небу нельга бачыць каралеўскай крыві. Таму мы сёння адсцябаем арыштаванага так, каб ганьбы і крыві не бачыў ніхто.

На Знамяроўскага кінуліся і скруцілі яму рукі і ногі. Паставілі. Ён быў бляклы і жоўты, але позірк па-ранейшаму гарэў гардыняй.

– Скручаны кароль - усё ж кароль.

І калі нехта штурхнуў яго, загрымеў:

– Што, над пешым арлом і варона з калом? На калені, хлопы.

Ён думаў, што яму збіраюцца сячы галаву. І толькі калі пабачыў прынесеныя пугі і доўгі вузкі мех, зразумеў, стаў адбівацца галавой і плячыма:

– А, падлы, а цыганскае адроддзе! Ну чакайце...

Яго

схапілі, засуналі нагамі ў мех, выцягнуўшы рукі над галавою. Пасля ў тую самую торбу палезла нагамі старая цыганка, вельмі падобная на ведзьму: сівыя пасмы, глыбока праваленыя вочы, кручкаваты нос. Яна лягла на Знамяроўскага, і ледзь пачалі завязваць мех...

– Ав-вой! А як жа ён, нячысцік, кусаецца!

Пачалі сцягваць з галавы мех і краем алавянай талеркі расціскаць зубы Знамяроўскага, якімі ён ухапіў цыганку за жывот. Трымаўся ён моцна, як бульдог. Ледзь расціснулі, падвязалі яму сківіцы хусткай, каб не мог кусацца, цыганку прапхнулі глыбей. Пасля завязалі рукі ў вусці меха, прапуцілі вяроўку і падцягнулі яе пад столь на вялізны гачок.

Кароль павіснуў у паветры. Пад ногі яму падсунулі лаву, каб ён толькі-толькі стаяў на ёй вялікімі пальцамі ног і не мог пручацца.

– Нацягвай!
– крыкнуў кат, які стаяў ужо поруч з вялікай пугай у руцэ.

Размаўляў ён назнарок басам, каб пасля не пазналі. Стаяў моцны, каржакаваты, густа аброслы смалянымі кучарамі. Толькі зубы блішчалі на засмаглым твары.

Цыганка нацягнула мех - рэльефна выступіла з-пад яго спіна і два гладкія паўшар'і.

– Ваша вялікасць, вялікі, літасцівы, мудры кароль, - звярнуўся да іх аднавокі.
– Вось твой народ, даведзены да адчаю паборамі, рашыўся на такое. Найніжэйша, пакорліва, усепаддана просіць ён не злавацца на гэта, явіць сваю літасць няшчасным. Мы зрабілі ўсё, каб ганьба не дакранулася да твайго чала, каб ні неба, ні людзі не бачылі святых членаў цела твайго, каб ніводны ўдар не трапіў нікуды, акрамя таго месца, якім ты сам пагарджаеш.

Малады цыган прыклаў вялізную мядзяную патэльню да спіны Знамяроўскага; на волі засталося толькі тое, што ніжэй.

– Даруй нам за ўсё. Мы будзем вернымі табе, мы зрабілі гэта толькі таму, каб ты не забыў: нельга занадта крыўдзіць рабоў сваіх. Запомні гэта. Не адбірай нашых коней, акрамя дзесятага, не крыўдзі дзевак, не бі мужыкоў, не трымай вакол сябе людзей прагных. І даруй нам, вялікі.

– Пачынай!

Глуха, як з бочкі, забубнеў голас Якуба:

– Ну я ж вас... Я ж вас... Пачакайце толькі, пачакайце.

Свіснула ў паветры пуга і абвіла ўсё, што ніжэй патэльні. Мех захістаўся ў паветры. 

Адлічылі ні многа ні мала сто бізуноў. Лічыла цыганка, што сядзела ў мяху. Пасля няшчаснага пакутніка, вытурыўшы з залы амаль усіх, выцягнулі на волю і паклалі на ложак. Ён адразу скасціўся на падлогу і пачаў качацца па ёй, імкнучыся вызваліцца.

– Хай гэта будзе ўрокам тыранам!

Знамяроўскі лаяўся, пырскаў слінаю, роў так, што звінелі шыбы.

Але варта і тры радцы сядзелі так спакойна, не звяртаючы на яго ўвагі, што ён перастаў вырывацца. Праз дзве гадзіны ён проста ляжаў на жываце і сыпаў вытанчанымі праклёнамі:

– Храпы вы цыганскія, фараоны вы егіпецкія, нячысцікі! Каб вы хадзіць ціха не маглі, каб вас на першым крадзяжы спаймалі, кажухі смярдзючыя, каб вас кол з асіны не мінуў.

Што, думаеце, не загоняць яго вам, канакрадам? Во-ой, паганцы вы, хрыстапрадаўцы. Каб на вас вечны дождж.

– Бач ты як... лаецца, - флегматычна пакруціў галавой адзін вартаўнік.

У чатыры гадзіны, пасля працяглага ляжання, Знамяроўскі толькі глядзеў на ўсіх злоснымі, як у тхара, вачыма ды часам прарываўся кароткай лаянкай. Яго хацелі накарміць, але ён выплюнуў кашу ў твар аднавокаму і лаяўся без перапынку гадзіну.

Пасля праклёны пачалі на вачах радзець.

У шэсць гадзін ён упарта маўчаў.

– Даруйце свайму народу. Мы развяжам вас, - пачціва звярнулася да яго дэлегацыя.

У адказ выбух лаянкі да сямі гадзін, аднак нейкі стомлены і зусім не красамоўны. Нават таму, хто круціў галавою, яна не спадабалася.

У восем гадзін трыццаць хвілін вечара Знамяроўскі раптам зарагатаў. Занепакоеныя падданыя кінуліся да яго.

– Развязвай, халуйскія храпы, - крычаў, рагочучы, Знамяроўскі.
– Даю вам усім амністыю. Не такая, відаць, свіння - чалавек.

Радцы сталі трымаць кароткую раду, пасля аднавокі звярнуўся да ляжачага:

– І нічога не будзе? Даруеце ўсім нам, ваша вялікасць?

– Развязвайце, д'ябал вас дзяры. Нічога не будзе. Дарую.

– І помсціць, прыгнятаць не будзеце?
– асцярожна пыталі ўсе.

– Не буду. Хай вас кадук.

– І дазволіце хлопцу-медніку ажаніцца? І ваяваць не будзеце больш?

– Будзеце вы мяне нарэшце развязваць ці не? Не буду, калі кажу.

– Так, ну яшчэ апошняе, каб нічога такога, як раней, не было. І зусім апошняе - адпусціць на волю сваю прыгонную Аглаю Свяціловічаву.

– Гэта чаму яшчэ?
– усклікнуў Знамяроўскі.

– З ёй хоча жанніца ваш пляменнік, Міхал Яноўскі.

Кароль павесіў галаву:

– Хворы чалавек. Безнадзейна хворы. Ды чорт яго бяры, што мне, шкада дзеўку? Хай бярэ. Спакусы ў дзяржаве менш будзе. Толькі дрэнна гэта. Куды падзенецца яго рыцарскі дух? Эх, было нас два на свеце, зараз адзін я застануся. Загінула радзіма! Ну, развязвайце. Клянуся вачыма маці божай, удзелам святога Юрыя - зямлёй сваёю - я буду ціхім каралём, калі вы хочаце.

Салют з фузій раздзёр паветра за вокнамі, калі вяроўкі ўпалі на падлогу.

– Слухайце, людзі. Кароль Якуб у літасці сваёй згадзіўся дараваць вам! Ён хоча правіць ціха і літасціва!

Дружны крык прагучаў паўсюль:

– Кароль! Хай жыве кароль!..

...Вечарам наступнага дня, калі Яноўскі, паразмаўляўшы з Якубам, збіраўся ехаць са Знамяроўшчыны, медыкус зайшоў развітацца з ім. Твар ягоны ззяў небывалым радасным натхненнем.

– Значыцца, едзеш?

– Еду.

– І яна з табою?

Яноўскі азірнуўся на Аглаю, якая стаяла поруч, чырвоная ад шчасця і сораму, засмяяўся, прыціснуў яе да сябе.

– А куды мне без яе? Для мяне зараз адна дарога - з ёю.

Медыкус сеў за стол.

– Сумна мне будзе без цябе, вельмі сумна. Я цябе палюбіў, хлопчык. Бачыш, як атрымалася: ты прыехаў сюды няшчасным шляхціцам, а ад'язджаеш шчаслівым чалавекам... Не баішся, што бацькі яе не прымуць?

– Прымуць, - упэўнена сказаў Міхал.
– Дый што мне ў іх? Я еду толькі абвянчацца. Нагі маёй не будзе ў Яноўшчыне. Пасля бацькоў... я вызвалю сваіх людзей. Я не жадаю быць панам. Гэта смерць, гэта жах...

Поделиться с друзьями: