Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Да згоды

Змагар Алесь

Шрифт:

Скрыбава, 1 чэрвеня 1944 г.

Штодзень

Штодзень чыгункаю вурчаць-пяюць вагоны‚ Імчаць няведама куды — у далячынь… О‚ дзікі лёс вайны! Зьнішчальнік ніў‚ загонаў! Спыні свой страшны шал! Хоць момснт адпачынь!

Разыйшліся сьцежкі

Разыйшліся сьцежкі Вузкія‚ крывыя‚ Разыйшліся полем Ў дальнія краі; І сядзяць на ўзьмежках‚ На сівых руінах Людзі без патолі З сэрцам у крыві. Горка плача Маці‚ Бедная галосіць; Ня ўцішыць ёй болю‚ Ня суняць сьлязы; Выйдзе жыта жаці‚ Гляне на калосьсе І зальлецца болей Горкімі сьлязьмі. Сумна на палетку‚ Родная Матуля! Плачаш‚ ня сьціхаеш Ты ўначы і ўдзень; Больш ня ўбачыш дзетак‚ К
сэрцу ня прытуліш‚
Бегаеш‚ ня знойдзеш Мейсца анідзе.
Разыйшліся сьцежкі Вузкія‚ крывыя‚ Разхыйшліся ў полі Ў дальнія краі. Тлеюць галавешкі На сівых руінах‚ Скаргу-дым зь няволі Гоняць у гаі.

Рыд — Аўстрыя, 1949

Хутка

Восень спускаецца шэраю хмараю‚ Вецер у стрэхі гудзе‚ Сум неадчэпнаю цяжкаю мараю Поўніць дакучлівы дзень. Прагна імкнецца душа супакоіцца‚ Воддаль ад чырвань-багны‚ Ды на чужыне чужая ваколіца‚ Людзі — чужыя сыны. Тут не пачуць ні спагады слоў ласкавых‚ Ні спачуцьця‚ ні пяшчот; Зоркі?.. І тыя ня йскрацца нам краскамі‚ Ня усьміхнецца завод. Ногі крывавяцца сьцежкай жабрачаю‚ Ў думках гаротны наш Край. Маткі няшчасныя давяцца плачамі; Ў сэрцы — балючы адчай. Родны народ наш пакутуе ў роспачы‚ Рвецца зь ярма‚ з ланцугоў; Гойсаюць каты крывавыя поначы‚ Нішчаць Краіны сыноў. Ды ўжо даволі народу пакутаваць! Хутка надыйдзе пара: Дымам разьвеюцца ворагі лютыя‚ Сьветлая ўзыйдзе зара.

Парыж — Францыя, жнівень 1950 г.

А ці помніш той Край

А ці помніш той Край? А ці помніш аўсы‚ Што галоўкамі ціха хістаюцца? Дрэмле ў зелені гай. Шапацяць каласы‚ Пошчак — сьпеў салаўя заліваецца. А ці помніш той сад‚ Азяроды‚ грудок‚ Раі пчолак ля борцяў гайдаюцца‚ Шэры сад між прысад‚ А за вёскай ставок: Плюхне рыбка‚ і круг расплываецца. А ці помніш тых жней? Іхны жаласны сьпеў‚ Што ліецца‚ за сэрца кранаючы? Нібы ў казачным сьне‚ Галасок іх зьвінеў‚ За ваколіцу плыў заміраючы. А ці помніш той Край? Там радзіўся ты й жыў‚ Босы бег па грыбы сцежкай вузкаю. А ці помніш той гай? А ці помніш‚ скажы‚ Тую МАЦІ‚ што зваць беларускаю?

Кліўленд — ЗША, 29 студзеня 1959 г.

Я — дзяўчына з Краіны забранай

Прысьвячаю Казі

Думкі ў роспачы плылі‚ Зьніклі ў сэрцы вуглі‚ Грудзі нылі ад болю Краіны; Я па сьвеце блукаў‚ Кветку Шчасьця шукаў Ды спаткаў сінявоку дзяўчыну. Ці Ты красачка зор? Ці русалка вазёр? Ля Цябе водар кветак духмяны. Усьміхнулася мне: Казяй клічуць мяне… Я — дзяўчына з Краіны забранай. Ёй у вочы зірнуў І ў вачох патануў‚ Патануў ў глыбіні прамяністай. Ці то ява‚ ці сны? Я Князёўну Вясны Зноў спаткаў на шляху крамяністым.

Кліўленд — ЗША, 31 траўня 1962 г.

Князёўна дум маіх

Князёўна дум маіх‚ Кунежных сноў царыца! Ў чароўным летуценьні Я выпясьціў Цябе. Стаіш Ты ля мяне У белым аксаміце Ў зьнямозе ад каханьня Ў гарэзнай барацьбе. І п'ю я чад уцех Агністага ўлоньня‚ П'янею ад пяшчотаў Тваіх палынных рук‚ Я падаю‚ лячу Ў салодкае прадоньне… А Ты? Ты ля мяне‚ Дзяўчына — Беларусь.

Кліўленд — ЗША, 1962

Мроі

Восень шуршыць‚ расьцярушвае лісьцямі‚ Сыпле іржою зь бялесых бяроз; Зноў я імчуся сном-мроямі йскрыстымі Ў Край серабрыстага зрэб'я і кроз.

Вена — Аўстрыя, 16 Кастрычніка 1944 г.

Настроі

Ты будзеш жыць

Прысьвячаю сыну Міхасіку

Спусьціла ноч на землю чорны полаг. Танок сьняжынкі за вакном снуюць. А мне?.. Душу стрывожыў шэры морак‚ Крывавіць сэрца… Не магу заснуць… Заплюшчу вочы. Скрозь павек я бачу Цябе‚ сынок. Крычыш: Та-та!.. Пільнуй!.. І часта дышаш подыхам гарачым‚ Раскідаў ручкі‚ коўдрачку сапхнуў. Гарыць твой лобік‚ тварык палыхае‚ Шавеляць вусны: — Божа! Я адзін… А колькі суму з вочак пазірае! Мой любы‚ родны‚ дарагі мой сын. Вось ручку кволую узьняў ты на хвіліну‚ Пытаеш позіркам: — Дзе тата?.. Дзе?.. Мой родны тата! Ты сынка ня кінеш! Дасі ратунак хвораму ў бядзе! Ня плач‚ сынок! Адкінь трывогу‚ роспач! Мінае ноч‚ а з ранкам дзень бяжыць. Жыцьцё крыніцаю наўкол цябе палошча. Ты
не памрэш! Сынок! Ты будзеш жыць!

Кліўленд — ЗША, 1 лютага 1960 г.

Матуля

Бывай‚ Матуля! Родная‚ бывай! Твой любы сын ў далёкі едзе край. Не захацеў ён концаў‚ Калымы‚ Савецкай катаргі‚ Сібірскае зімы. Матуля родная, на сына Ты ня злуй! Яму‚ бяздомнаму‚ за крыўды ўсе даруй! Даруй за ўсё! За вольных дум узьвіў І на выгнанскі шлях благаславі! Як сёньня‚ Мама‚ помніш Ты той дзень: З калыскі ў вочы я Табе глядзеў‚ Сваімі ручкамі я весела гуляў І слова МАМА першы раз сказаў. Ты так пяшчотна ў мой зірнула бок: — Сынок мой родны! Любы галубок! І потым міла люліла мяне‚ І песьняй роднай галасок зьвінеў. Падрос я трохі‚ бегаў басанож Ды нек нагу прабіў на йржавы нож‚ Я да цябе‚ кульгаючы‚ ішоў. Як Ты зьбялела‚ угледзяўшы кроў! — Ня плач‚ Матуля! — Супакойваў я. — Мне не баліць больш‚ нават‚ аніяк. Я быў маленькім хлопчыкам тагды Й такім застаўся Табе назаўжды. Ты помніш‚ Мама‚ й той Дваццаты Год‚ Калі ўзьнялася Случчына ў паход‚ Загінуў бацька ад рук палачоў‚ Сын трапіў у лапы чорных крумкачоў. Як потым каля ДОПРаўскіх варот Ня раз займала Ты там свой чарод. Ды як Ты‚ Мама‚ плакала наўзрыд‚ Што сын гібее ў карцары сырым. Ты плачаш‚ Мама‚ ведаю па мне‚ І мне ня лёгка ў далёкай чужыне. Ці ўбачымся мы яшчэ калі? Памерці цяжка на чужой зямлі. А помніш‚ Мама‚ жудасны той дзень‚ Калі чакіст пытаўся: — Сын Твой дзе? І не спалохаў Цябе Трыбунал‚ Павандравала ў ссылку за Урал. Пакутны шлях было Тваё жыцьцё. Сьвятою ўвойдзеш Ты ў нябыцьцё. Тваё імя‚ як сымбаль на ўвесь сьвет‚ Нясе ў сябе любові запавет. Куды ні глянь: у хату ці ў палац — Ўва ўсіх краёх імя Тваё чуваць. — Матуля! — З крыўдай горнецца дзіця‚ А вочкі ў сьлёзках да Цябе зіхцяць. — Матуля! — Ўспомніць кожны у бядзе‚ І расплывецца роспач ад надзей. Сьвятое імя не забыць ніяк — Матуля! — Шэпча ранены ваяк. — Матуля! — шэча ён апошні раз‚ І твар сьвятлее у сьмяротны час. Матуля! Родна! Сэрца майго цьвет! Твой дзень сьвяткуе цяпер увесь сьвет. Я часта бачу у трывожным сьне‚ Што Ты‚ Матуля‚ плачаш аба мне‚ Што ў Тваім сэрцы тлеецца агонь — Пабачыць сына любага свайго. Ня плач‚ Матуля! Прыйдзе яшчэ час! Пагоні сьцяг зноў аб'яднае нас; Ў баёх крывавых расплывецца змрок; К Табе‚ Матуля‚ вернемся здалёк.

Парыж — Францыя, чэрвень 1955

Ніны Дышлючанцы

Любі свой народ‚ любі Край Беларускі! Будзь вернай дачкою палёў і лясоў! Надыйдзе часіна‚ калі‚ ўзяўшы зброю‚ Спаткаемся зноў на шляху змагароў.

Рыд — Аўстрыя, 1949

Толіку Дрындрожыку

Дзіцём адарваны ад роднага Краю‚ Ўзіраўся ты часта ў чужы сівы бор; Ня ведаў цудоўных дзядоўскіх звычаяў‚ Ня чуў вольных песень зялёнага гаю‚ Ня бачыў чароўнасьці родных азёр. Аднак у крыві захавалася цяга Да слаўнай мінуўшчыны прашчураў дзён: І рэчка‚ і лес‚ і народныя сагі. Ў зацятых баёх слаўных продкаў адвага У мроях-лятунках навейвала сон.

Кіргхайм — Аўстрыя, 1946

Валі

На дзень 22-х угодкаў
У чорныя хмары Краіна спавіта; Віхар узьняўся‚ маланка зіхціць‚ Гром загрымеў‚ пракаціўся сярдзіта‚ Грозным агнём палахціць. Дочка Краіны! Цябе ўзгадавалі Жытні палетак‚ гаі‚ сенажаць; Жаўранкі песьні аб долі сьпявалі‚ Волю вучылі кахаць. Зграя бандытаў ўвесь Край агарнула; Вецер рваў лісьце‚ стагналі дубы; Сьмела ты ў вочы нядолі зірнула‚ Вышла на шлях барацьбы. Ў ногі ўсысаліся дзіды бяз конца‚ Вопратку рвалі‚ калолі ў твар; Разам з другімі Ты роднай Старонцы Несла дары на аўтар. Глянь! Ўжо над намі лунае Свабода‚ Славай вякоў шапаціць родны гай; Дочка Краіны! Для славы Народу Гімн Перамогі сьпявай! Краска Твая паміж нас не загіне; Радасьцю сьвеціць заўжды маладосьць. Хай-жа сягоньня у гэтай хвіліне Кожны вяселіцца госьць!

Кіргхайм — Аўстрыя, 25 кастрычніка 1945 г.

Марусі Гусаковай

З нагоды шлюбу
З Кірхгайму з-пад Рыду шлём Вам прывітаньне: Каб Ваша жыцьцё красавала штогод‚ Каб шчасна збыліся ўсе Вашы жаданьні‚ Каб стаў незалежным наш Край і Народ.

16 чэрвеня 1946 г.

Янку, Віктару і Толіку

Забытыя лёсам‚ у багне балеснай‚ Ня бачым мы ласкі‚ ня бачым пяшчот; Усё тут чужое: і людзі‚ і песьні‚ І неба‚ і птушкі‚ й гульні карагод. І ўспомніў я сёньня далёку Айчыну: Гуляе там вораг — чырвоны груган. Ці-ж нам не баліць‚ што мы тут на чужыне? Ці-ж нам не баліць‚ што ў Краіне тыран?

27 студзеня 1947

Поделиться с друзьями: