Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Да згоды

Змагар Алесь

Шрифт:

Васільлеву Грыцьку

Братоў-украінцаў ў знак дружбы народаў Дачка Беларусі вітае. Хай воля Краін‚ незалежнасьць і згода У сэрцах гараць‚ расьцьвітаюць!

16 чэрвеня 1946 г.

Івонцы Шыманец

Застылі на ўзгорку таполі‚ Лагчыны у белі туманяцца Ды ўжо у гушчарах праз гольле Блішчыць беларуская раніца. І хай туманы наўкол сьцелюцца‚ Рады мы свае перамножым‚ Праз буры‚ віхуры‚ мяцеліцы Мы ўзыйдзем на шлях пераможны!

Парыж — Францыя, 14 лістападу 1955 г.

Алесю Салаўю

Калі Пярун грымеў і ляскаў‚ Калі круціў буран ліхі‚ — Рукзак‚ сухар ды скарб каляска Замацавалі
нам шляхі.
І мы пакрочылі па горах Праз Бадэн‚ Пёльтэн‚ Вэльс на Рыд І эўрапейскія прасторы Нагамі ўтоптвалі ў нябыт.

Кіргхайм — Аўстрыя, 7 траўня 1945 г.

Дарагая ня плач

Прысьвячаю Ані — сяброўцы СБМ

Чырванеўся усход‚ Край гарэў ў барацьбе‚ Люд няшчасны крывавіўся‚ гінуў. Ледзь шаснаццаты год Прамінуў у Цябе‚ Пакідала ты родну Айчыну. Навакола кусты‚ Луг‚ загоны і сад‚ Дарагія ўспаміны аб клёнах… І заплакала Ты Ды пайшла ля прысад З болем сэрца ад крыўды праклёнаў. Зімшэлася золь. Сумна ўдалеч глядзіш: Як сустрэнуць чужацкія людзі? Але ў думках скрозь боль Эс-Бэ-Эмаўскі крыж Упрыгожваў дзявочыя грудзі. І ўсьміхнулася Ты‚ Прашаптала «бывай» Ды махнула рукою скрозь сьлёзы На бор цёмны‚ густы‚ На палеткі‚ ручай‚ На садок‚ на таполі‚ бярозы. Дарагая‚ ня плач! На лёс не наракай! Прыйдзе час і скрыжуе дарогі. З дымам зьнікне палач‚ І мы вернемся ў Край На змагарным шляху перамогі.

Кліўленд — ЗША, 27 верасьня 1959 г.

На палетках слуцкіх

Слуцкія палкі

Над зямлёю Слуцкай стараны каханай Уздымаўся ўгору жудасны віхор; Наляцела хмарай‚ здрадна захаванай‚ Азіятаў войска на наш шыр-прастор. Але ўжо ня згодны беларус гнуць сьпіну; Досыць пацярпеў ён шмат гадоў палон; Паўстае ён сьмела за сваю Краіну‚ За абліты потам дарагі загон. У вачох бліскучых вызваленьня смага; Хай грымяць гарматы! Надыйшлі вякі‚ Калі за свабоду з агнявой адвагай Ў бітву рвуцца сьмела Слуцкія палкі.

Слуцак, лістапад 1920 г.

Сынкі мае

— Сынкі мае! — Гукнуў Бацька Булак-Балаховіч‚ — Адцуралася нас доля‚ Шчасьце нам ня зорыць. Чужынцы ў Краю пануюць‚ Цэрквы зачыняюць‚ Камісары на руінах Баль-тэрор спраўляюць. Ня мінуць нам зноў кайданаў‚ Ланцугоў няволі. Край наш родны! Зрабаваны! Край бяды! Нядолі! Над Табою навальніца Згушчаецца лосна‚ Над Табою Ленін з Троцкім Снуюць свае кросны. Паняволяць‚ закабаляць‚ Закуюць навекі‚ Адарвуць сыноў ад маткі‚ Аддадудць на зьдзекі. Сынкі мае‚ сакаляты! Ці-ж нам трэ няволя? Ці-ж нам трэба паганяты На нашым-жа полі? Сынкі мае‚ сакаляты! На каня! У зброю! Бі наезьнікаў праклятых! Гэй‚ наўскач! За мною!

Слуцак, лістапад 1920 г.

За Бацькаўшчыну

Ўжо нясуць хлапчука у зямлянку: У грудзёх рана сьмяртэльна была; Там чакала Матуля ад ранку — Пераведаць сыночка прышла. Палажылі яго каля ганку. Акрываўлены ён застагнаў‚ Ў рукі крыжык далі й адразанку Й засьпяшаліся: — Хлопча‚ бывай! Ня стрымалася Маці: — Мой сыну! Дарагі мой! Радзімы ты мой! Ты радзіўся ў ліхую гадзіну. Як мне жыць будзе беднай адной? Пакажы‚ ці вялікая рана? Мабыць‚ моцна пячэ і баліць? — Ужо жыцьцё маё Богам забрана‚ Родна Матка! Ня доўга мне жыць. Не баліць рана гэтак‚ як путы‚ Што прынёс нам з Масквы бальшавік. Ў кайданы зноў Краіна закута‚ Зноў
пад паншчыну трапіў мужык.
Рана‚ што у грудзёх‚ мне салодка: Ў ёй ратунак Радзімы мае. Гуртам зьнішчым аковы-калодкі‚ Гэта рана нам волю дае. А цяпер… Мая родная Матка‚ Паміраю!.. Навекі бывай! Даруй‚ Бацькаўшчына! Родна хатка! Даруй‚ родны народ!.. Родны Край!.. І памёр наш юнак‚ і ня ўбачыў‚ Як крывавіўся Край у асьцёх; З цяжкаю ранаю‚ але без плачу Ён аддаў маладое жыцьцё.

Слуцак, лістапад 1920

Бацьку

Загінуў Ты за Край свой родны‚ За волю‚ шчасьце‚ за народ. Цяпер ляжыш у зямлі халоднай Сярод дажджоў‚ агню‚ грымот. Ня мог сьцярпець тэрор чырвоных‚ Глядзець на град народных сьлёз. На помсту зваў сыноў загонаў‚ Людзей гаёў‚ балот‚ бяроз. Вучыў іх браць вінтоўкі ў рукі‚ Да сьмерці свой народ кахаць І гэраічна ў жорсткіх муках За лёс змагацца і ўміраць. Цяпер ляжыш‚ а помста з сэрца Ўзьнялася ўгору‚ кліча ў бой. Мы прысягаем нашай сьмерцю Аслабаніць Край родны свой.

Слуцак, лістапад 1920

У вастрозе

Сяджу я ў вастрозе‚ а думкі мае Імчацца да любае хаткі‚ Імчацца да мілых палеткаў‚ ганей‚ Да роднае старэнькае маткі. Збалелыя грудзі ірвуцца ў прастор; Гляджу ў далячынь праз ваконца‚ І хочацца чуць‚ як шуміць сіні бор‚ І хочацца яснага сонца. Журботна на сэрцы. Сумую ўвесь дзень. Як радасна‚ сьветла на волі! Закрочу із кута у кут‚ быццам цень‚ Пакутны самотнага болю. І зноў із-за кратаў гляджу у блакіт: Праносяцца вольныя хмары‚ І ймчацца далёка‚ да мілых ракіт Маскве непакорныя мары.

Слуцкі астрог, 1921 г.

Песьня вязьня

Ў Краіне «свабоднай» Сяджу я ў турме І суд «лжэ-народны» Чакаю сабе; Смакую шчасьлівы Саўдэпіі «рай»‚ А ў вокна нудліва Нясецца «слу-шай!..» Але я ня першы Папаў ў гэты «кут»; Жытнёвыя вершы Чакаюць прысуд; Наўкола ад плачу Калоціцца «рай»‚ І нудна наўдачу Нясецца «слу-шай!»

Слуцкі астрог, 1921

Калі

Сяджу у лёхах я астрожных; Наўкола цемра… Цішыня да болю… А сэрца?.. Грукае трывожна: Калі? Калі я прычакаю волі?

Слуцкая вязьніца, 1921 г.

З-за крат

З турмы савецкае із карцарнай каморы Ірвуся думкамі да мілых‚ дарагіх; Ўжо колькі месяцаў крывавіць сэрца гора; Ні вестак‚ ні лістоў ня маю я ад іх. Зірну ў вакно: праз краты бачу хмары; Нясуцца ў вышыне няведама куды; І цяжар роспачы прасочваецца ў мары‚ Ды душу раніць горыччу жуды… І раптам ластаўка прысела на ўскрай кратаў‚ Зашчабятала штось ды зьнікла‚ нібы сон. — Ляці ты‚ ластаўка‚ ляці да роднай хаты‚ Скажы‚ што сын іх трапіў у палон…

Слуцкі астрог, 1921

З падвалу сырога

Збалелыя грудзі Занылі ад болю‚ Слязьмі затуманіла вочы; Варожыя людзі‚ Зьнішчаючы волю‚ Пануюць над Краем‚ як хочуць. Над ціхаю кручай Пад ліпай шырокай‚ Дзе зь мілай сядзеў аж да раньня‚ Праз сьлёзы гаручы У болі глыбокім Угрунь адцьвітае каханьне. Гляджу я ў вакенца З падвала сырога; Пяюць салаўі на прадвесьні‚ А ў душу ліецца Каханьне… трывога… Як любы вы‚ родныя песьні! І лёгкія мары Лунаюць да зораў Пад сіні блакіт Беларусі. Ніякія кары‚ Ніякая гора Зрачыся Радзімы ня змусіць.
Поделиться с друзьями: