Дарога ў сто год
Шрифт:
— Дык, значыць, там у вас ёсць падданыя? — Жыська мне пра тое нічога не казаў.
Пачуўшы, што ў Гарайна ёсць там чатыры хаты з адзінаццаццю душ сялян, Сыракомля ўстаў i ўзяў шапку:
— Вольмі шкадую, што патурбаваў вас. Я хачу купіць фальварак без падданых. Сам з сям'ёю хацеў бы абрабляць зямлю. Бывайце здаровы!
Але размова на гэтым не скончылася. Сыракомля быў запэўнены, што падданыя сяляне з Рабушак выедуць пад Слуцк — яны даўно мараць пасяліцца на слуцкіх чарназёмах. Пасля гэтага паэт згадзіўся паехаць з Гарайнам на агледзіны фальварка.
I вось зграбны панскі вазок нясе абодвух у бок Заслаўя.
— A ці ёсць там салаўі?
Пытанне здзівіла Гарайна. Ён пачаў больш пільна прыглядацца да свайго субяседніка, гадаючы, што ж гэта за чалавек. Гарайна цікавіла адно: як бы з найбольшай выгадай збыць свой няўдалы фальварак, i ён ізноў загаварыў пра яго даброты:
— Ад Мінска — міль тры, ад Радашковіч,— дзе некалькі разоў на год, асабліва ў дзень Святой Тройцы, бываюць не горшыя, чым у Міры,— кірмашы,— дзве мілі, ад касцёла парафіяльнага ў Заслаўі — некалькі вёрст. А вунь Сёмкаў... Бачыце, якая тут лёгкасць для збыту прадуктаў.— Прытым, гляньце, якія ў гэтым баку ўраджаі! Жыта i пшаніца — як шчотка. Зараз пачнуць красаваць. Ячмяні такія бываюць густыя, што аж вылягаюць.
З размовы Гарайн даведаўся, што яго субяседнік знаёмы з вядомым пісьменнікам Юзафам Крашэўскім, што нават гасцяваў у яго.
— Можа, вы яго сваяк? — пазайздросціў Гарайн.
Сыракомля адказаў, што не сваяк, але што яны — свае па духу, бо абодва — літаратары. Гарайн, прыпомніўшы, што яго субяседніка завуць Людвік Кандратовіч, прызнаўся, што да гэтага часу не сустракаў яго імя ў друку, хоць ён i сочыць за літаратурай. Калі Сыракомля назваў сваё літаратурнае імя, Гарайн аж падскочыў ад здзіўлення: ён жа даўно ва ўсіх дапытваецца, хто хаваецца за гэтым імем — Уладзіслаў Сыракомля, якім падпісваюцца такія цікавыя творы.
— Дык гэта ж вы — перакладчык польска-лацінскіх паэтаў? Вы — аўтар «Дыферэнцыі» i гэтулькі цудоўных гавэндаў? Аўтар — «Выбрыкаў вяселага гумару»?.. I я пра гэта толькі цяпер даведваюся! Пан Людвік! Пан Уладзіслаў! Дык гэта ж вы той, хто ўжо на пачатку сваёй такой цяжкай літаратурнай працы стаў аздобай нашай літаратуры! А я так да вас аднёсся...
I Гарайн пачаў горача прасіць у яго прабачэння. За тое, што ён хацеў яму прадаць свой няўдалы фальварак. I гэтак жа маляўніча, як расхвальваў, пачаў бэсціць сваё ўладанне:
— Гэта ж — жыць там — нудота, змарнеў бы там са сваёй сям'ёй: зямля там цвёрдая, сухая, няплодная, на лугах — адзін сівец, лес — яловы, вады — няма, салаўі туды ніколі не залятаюць, знікла б там усё тваё паэтычнае натхненне! Гэта не для цябе месца! Давай заварочваць назад, бо я табе яго не прадам!
Але Сыракомля ўсё ж наважыў паглядзець фальварак. Калі прыехалі да Рабушак, паэт адразу ж згадзіўся ca сваім прадаўцом, што фальварак для яго не падыходзіць. Галоўнае, не быў прыдатны для жылля панскі драўляны дамок: падгніў, схіліўся набок, у пакоях сыра i змрочна. Так i вярнуўся ні з чым Сыракомля на сваю арэнду ў Залуча.
А можа, яму не спадабалася мясцовасць?
Я вырашыў пашукаць тыя Рабушкі, сваімі вачыма паглядзець на тутэйшыя краявіды. Заслаўскія старажылы сказалі мне, што такая вёска сапраўды ёсць ля Заслаўя. Толькі прамой дарогі туды няма, лепш за ўсё ў Рабушкі ехаць праз Мінск. Я ўжо меркаваў так i зрабіць, але выпадкова сустрэў на вуліцы свайго
знаёмага, аспіранта-завочніка сектара фальклору нашага інстытута Барыса (такое прозвішча), які якраз настаўнічаў у тых мясцінах. Ён сагітаваў мяне пусціцца туды пеша, нацянькі. Як сапраўдныя падарожнікі. Мы так i зрабілі.Ішлі пакручастай палявой дарогай. Паўзбоч — дзве сценкі жыта. З-за пасвятлелых ужо сцяблін выглядваюць там-сям вясёлыя валошкі, на зялёную броўку дарогі выпаўзаюць пад ногі доўгія гірлянды чысценькіх бела-ружовых сподачкаў кветак карлікавай бярозкі. Пахне жытам, полем. А над галавой трапеча на адным месцы, чаруючы сваёй песняй, адвечны жаўранак.
Затым мы збочылі на сцежку, якая павяла нас праз лес. Лес быў яловы. Хоць стаяў дзень, у ім было змрочна. Пад высокімі густымі елкамі — ні травінкі: зямля спрэс засцелена рыжай ігліцай. Але хутка сцежка зноў вывела нас з ельніку на поле. Яна ўспаўзала на ўзгоркі, спускалася ў зялёныя лагчыны, бегла паўз бярозавыя пералескі, пакуль не ўлілася зноў у дарогу. Мінуўшы маленькую вёсачку Куты, мы адразу ўбачылі на ўзгорку дахі Рабушак. Перад вёскай — старая развесістая бяроза, далей — ліпы. Кругом лясы, пералескі. Не, усё ж такі мясціны тут — што трэба. Праўда, няма рэчкі, але ж затое якія ўзгоркі!
Мы заходзілі ў хаты, гутарылі з людзьмі. Пра вёску i яе жыхароў добра расказалі нам сямідзесяціпяцігадовы Іван Васільевіч Юркоўскі, цялятніца Анастасія Рыгораўна Вашкевіч, электрык Аляксандр Антонавіч Несцяровіч. Усе яны, ix бацькі спраку веку жывуць у гэтай вёсцы. Зараз у ёй налічваецца толькі дзевяць хат. Людзі працуюць у саўгасе імя Тэльмана. Рабушкі адносяцца да участка, цэнтр якога — у Браўках, суседняй вёсачцы. За два кіламетры ад Рабушак праходзіць Старавіленскі тракт, па якому цяпер курсіруюць аўтобусы.
Вядома, пры добрых абставінах Ул. Сыракомля мог бы тут прыжыцца. Чаго-чаго, а вясковай цішыні яму тут хапіла б. Ды i салаўі па сёння заліваюцца ў бярозавых пералесках. Можна толькі пашкадаваць, што так атрымалася ў паэта з купляй зямлі. Магчыма, зусім інакш склаўся б лес вясковага лірніка. Якраз гэтая спеўная зямля ўзрасціла потым Янку Купалу: яго Вязынка адсюль — рукой падаць.
ПАЕЗДКА Ў БАРЭЙКАЎШЧЫНУ
Замест эпілога
Вярнуўшыся з падарожжа па Палессі i Міншчыне, я ўсё ж адчуваў, што не да канца выканаў пастаўленую перад сабой задачу. Неадкрытай, зацягнутай даволі густым туманам невядомасці была для мяне Барэйкаўшчына — падвіленская вёска, куды перасяліўся i дзе жыў апошнія дзесяць гадоў Уладзіслаў Сыракомля.
Барэйкаўшчыну паэт атрымаў у арэнду ад графа Тышкевіча. Месца было далека не ідэальнае. Але нічога лепшага паэту знайсці не ўдалося. Вось як пісаў пра новую арэнду сам Сыракомля:
«Жыллёвы дом невялікі, але дагледжаны; з вакна далека відаць вёскі, замглёныя лясы i ўзгоркі, вялікі сад; народ працавіты, цвярозы i сумленны; на сценах некалькі дзесяткаў карцін, у шафах некалькі соцень добрых кніжак. Чаго ж тут болей трэба? Долі i хлеба! Першай мне ад нараджэння не дадзена, а другі тут цяжка здабыць, бо хоць зямля i ўраджайная, але яе тут — вельмі шчуплы кавалачак. Да таго ж тут — невялікая колькасць рук, не хапае работнікаў. Усё гэта не дазваляе ўзеяць гаспадарку на належны ўзровень».