Дарога ў сто год
Шрифт:
Далей мой маршрут ішоў у глыбіню Палесся. Мне даўно рупіла пашукаць там невялікае лясное ўрочышча, якое дало назву аднаму з самых паэтычпых твораў Уладзіслава Сыракомлі, паэме — або, як сам аўтар называў яе, гавэндзе — «Хадыка». У прыпісцы да першай яе публікацыі ў 1848 годзе аўтар паведамляў, што заснаваны твор на народным паданні пра пасеку Хадыка, што на Палессі, у акружнасці Дзякавіцкіх лясоў.
Паэма «Хадыка» ў перакладзе Максіма Лужаніна друкавалася некалькі гадоў назад у «Полымі», потым яна ўвайшла ў кніжку перакладаў выбраных твораў Сыракомлі. Чытачы, напэўна, помняць яе сюжэт. У Слуцкім замку, дзе мясцовы ваявода правіў суд, з'явіўся раптам, расштурхваючы людзей, увесь аброслы, абшарпаны старац. Зняможаны i задыханы, ён упаў перад суддзёй. Аддыхаўшыся, загаварыў праз плач. Ён з Палесся, завуць — Хадыка. Быў асочнікам звяроў, меў у лесе хаціну. Аднойчы паклікаў яго ў двор пан лоўчы i паведаміў, што на паляванне прыбудзе сам
«Усіх людзей схапіў бы я ў абдымкі»,— расказваў стары. I вось ён — у Слуцкім замку: судзіце... Заканчваецца паэма так:
Не ведаю, які быў дзень той судны, Ды звапары са Слуцка мне казалі, Што ў кляштары памер стары прыблудны, Якога, быццам бы, Хадыкам звалі. ...A між бароў, сярод імшары дзікай, Дасюль вядзецца пасека лясная, Багата дзіў аб ёй апавядаюць I называюць гэтак жа — X а д ы к а.Прыгожая, чыста беларуская, з сівых вякоў легенда. Нечым падобная на паданне пра Машэку. Але ці існавала сапраўды такая легенда? Можа, гэта толькі прыгожая кветка паэтычнай фантазіі? Усё гэта трэба даказаць. А каб даказаць — неабходна пашукаць легенду. Праўда, з таго часу, як мог чуць яе Сыракомля, прайшло сама меней 122 гады. За гэты час не адно пакаленне людзей змянілася на той зямлі. Але ж народныя паданпі i легенды, як сцвярджаюць фалькларысты, жывуць доўга, яны пераходзяць з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне. Тым больш легенды тапапімічныя. Ba ўсякім разе, хай не сама легенда, то хоць бы назва ўрочышча, ды павінна ж захавацца, калі яно сапраўды існавала. Праўда, адшукаць нейкае маленькае ўрочышча, ды яшчэ ў глухіх бясконцых лясах, мусіць, нялёгкая задача. Нy, a ўсё ж? Адрас жа ў мяне ёсць — Дзякавіцкія лясы.
Дзякавічы я знайшоў на карце. Гэта веска ў Жыткавіцкім раёне. Каля самай большай ва ўсім Палессі блакітнай плямкі з надпісам «Чырвонае» — легендарнага Князь-возера, якое, дарэчы, таксама апісана ў паэме Сыракомлі.
Значыць, спачатку еду ў Дзякавічы. Тым больш, што недзе там, на Палессі, павінна быць i вёска Яскавічы, куды разам з сям'ёй, ва ўзросце, здаецца, аднаго года, пераехаў са Смольгава будучы паэт.
У пакоі адміністратара любанскай гасцініцы сядзелі тыя, каму не хапіла месца. Што ж, гэта не дзіўна: гасцініца ў Любані старэнькая, драўляная, на 24 ці 26 чалавек. Але ўсё ж я назваў бы яе гасцініцай у поўным сэнсе гэтага слова. Мне нямала даводзілася бываць у раённых i абласных гасцініцах. Як часта ўжо з парогa цябе сустракалі халодныя, нерухомыя, далека не гасцінныя вочы, якія самі гаварылі: «Месцаў няма». Да адміністратара з такімі вачыма не падыходзь: усе твае просьбы, усе твае довады адскокваюць ад яго, як ад сцяны гарох. Начуй хоць пад плотам — яго справа малая. Тут жа было інакш. Невысокая шчуплая жанчына, загадчыца, не засланялася ад мяне бранябойным шчытом з гэтых двух штампаваных слоў: «Месцаў няма». Яна толькі паморшчыла лоб. Памаўчаўшы з хвіліну, сказала: «Пакуль усе месцы занятыя. Прыйдзецца вам пачакаць — пад вечар нешта прыдумаем». I вось, чакаючы, што прыдумае нам загадчыца гасцініцы, сядзім: вельмі гаварлівая жанчына
гадоў трыццаці з вялікім падбародкам — інспектар нейкай санстанцыі, мужчына ў замусоленай куртцы, «пад мухай», здаецца, шафёр; маладая дзяўчына з Далёкага Усходу — студэнтка дарожнага факультэта політэхнічнага інстытута (прыехала сюды на практыку — пракладваць дарогі); капітан міліцыі з Мінска; загадчыца гасцініцы i я — вось больш-менш пастаянны сёння «экіпаж» адміністратарскага пакоя. Гаворка ідзе на самыя розныя тэмы. Пра гасцінічныя справы, пра злачыннасць, санітарыю, пра тое, як кормяць у рэстаранах i сталовых, пра навуку i вучоных, нарэшце — пра літаратуру.— Няма ў нас цяпер сапраўдных пісьменнікаў,— катэгарычна заяўляе шафёр.— Такіх, як Пушкін, Лермантаў.
— Як гэта няма? — падхопліваецца жанчына з санстанцыі.
— Ну, хто? Назавіце...
— Хаця б Шолахаў...
— Ну, дапусцім... Л яшчэ?..
— Юрый Герман...
— А Роберт Раждзественскі, Эдуард Асадаў? — падымае ад кніжкі вочы студэнтка з Далёкага Усходу.— Чым дрэнныя паэты?
Шафёр толькі ўсміхаецца: не пераканалі.
Я таксама ўмешваюся ў гаворку: мне здалося, што ў шафёра свой густ, свой падыход да літаратуры. Называючы асобных, найбольш выдатных, на маю думку, пісьменнікаў, стараюся давесці, што нашай — як усесаюзнай, так i беларускай — літаратуры ўсё ж ёсць чым ганарыцца.
Але шафёр стаіць на сваім:
— Усё гэта не тое...
Мы пачынаем падазраваць, што ён проста нічога не чытае, а спрачаецца толькі каб падражніць нас, i пераводзім гаворку на другую тэму.
Я больш слухаю. I то не з увагаю — пятае цераз дзесятае. Я жыву ўжо сваім далейшым падарожжам. Каб даведацца, як дабірацца ў Дзякавічы, іду па аўтастанцыю. У дыспетчарскай сказалі: трэба ехаць да вёскі Абоз. Аўтобус «Любань — Абоз» ідзе роўна ў 9 гадзін раніцы. Як ехаць далей — не ведаюць. Можа, спадарожнымі. Машыны там хадзіць павінны, бо ў Абозе, хоць вёска i Любанскага раёна,— Жыткавіцкі леспрамгас. Леспрамгас? А можа, гэта якраз тое, што мне трэба? Хто ж лепей ведае лес, як не работнікі лесу? Ну, што ж, астаецца толькі добра адпачыць перад дарогай.
Вечарам загадчыца гасцініцы ўсё-такі нас усіх парастасоўвала — каго ў нумар, каго на калідор, каго ўладкавала проста на прыватнай кватэры непадалёку. Нават вясковаму дзядзьку з малым хлопчыкам знайшлося месца па раскладушках на калідоры. Дзядзька быў вельмі давольны: раскладушкі — яму i сыну — паставілі побач, галава к галаве. Малы, зашыўшыся над коўдру з падбародкам, пасопваў посам каля самай бацькавай галавы.
Мне знайшоўся ложак у нумары. У пакоі — утульна, халадок. Стол засцелены чыстым беласнежным абрусам. На ім — графін з вадой, шклянка. У калідоры нехта пранёс транзістар. Я ўлавіў голас дыктара: «...У наступныя два дні тэмпература паветра будзе 24-27 градусаў цяпла, вецер умераны. На поўдні Беларусі — кароткатэрміновыя дажджы, часамі з навальніцамі...» Значыць, еду заўтра проста пад дождж...
Раніца была ясная, рэдзенькі туманок (ці мо дым?) слаўся, ужо асвечаны сонцам, па сіўцовых паплавах i канавах. З травы дарожнай абочыны — перад самым носам аўтобуса — узляталі павольныя вароны i чародкі шэрых маладых шпачкоў. Перада мной разгортвалася — старонка за старонкай — найцікавейшая жывая кніга, назва якой «Палессе». Толькі чытай. Праўда, з акна аўтобуса яе не прачытаеш. Гэта толькі перагортванне яе, разглядванне малюнкаў. Каб чытаць яе, трэба пачуць пад нагамі трывалую цвердзь дарогі, халадок травы...
Аўтобус прыпыніўся ў саўгасе «10 год БССР» — тым славутым саўгасе, пра які пісаў у паэме «Над ракой Арэсай» Янка Купала. Шафёр пабег у сталоўку — значыць, аўтобус пастаіць. Я выйшаў на вуліцу размяцца. Абапёрся рукамі на штыкетнік. Па двары тупаў пажылога веку дзядзька. Каля хлява ляжала куча граверу, знятыя з крукоў дзверы, у праёме відаць быў сталярны станок з дзвюх дошчак, стружкі. Дзядзька неўзабаве падышоў да мяне, таксама палажыў на штыкетнік локці. Разгаварыліся. Дзядзька робіць прыбудоўку да хаты, склеп. Але нестае лесу, цэменту... Мы не дагаварылі: да кабіны падышоў шафёр, адчыніў дзверцы. Я хацеў развітацца з дзядзькам, але ён таксама, накульгваючы на адну нагу, накіраваўся ca мной да аўтобуса.
— Дык вы таксама едзеце? I куды?
— Да Абоза.
— Раз так, то давайце, дзядзька, сядзем разам — i я ж да Абоза.
Мусіць, ужо мне трэба, падумаў я, дапытвацца пра тое, дзеля чаго еду. Гэта ж тут недзе пачынаюцца тыя лясы. Буду распытваць усіх, з кім толькі давядзецца загаварыць. Пачну якраз з гэтага дзядзькі. Хай, можа, ён не ведае пра нейкае там урочышча з назвай Хадыка, дык хоць параіць, дзе яго шукаць. Але дзядзька нечакана адказаў:
— Хадыка? Ведаю — была такая веска...
— Як? Веска? I — была?
— ...Яе спалілі немцы.
— Як спалілі? — усё яшчэ не разумею я.
— Як... Не ведаеш, як палілі немцы вёскі. Прыйшлі, сагналі ўсіх у адну хату — i спалілі. I людзей, i вёску.
— I веска называлася Хадыка?
— Хадыка.
Вось як, аказваецца, павярнулася справа з прыгожай, з сівых вякоў легендай. Трагедыя асочніка Хадыкі адступіла раптам недзе на задні план перад навейшай, непамерна большай трагедыяй — вёскі Хадыкі, трагедыяй, так знаёмай кожнаму беларусу.