Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дарога ў сто год

Цвірка Кастусь

Шрифт:

— Скажыце, а як туды ехаць?

— Гэта — у Даманавіцкім сельсавеце... Лепш за ўсё вам вярнуцца назад, у «10 год БССР». Адтуль на Даманавічы ідзе аўтобус.

Аўтобус скакаў цяпер па тоўстых каранях, што перапляталі дарогу. Аб вокны шаргацелі калючыя сасновыя галіны, білі шышкамі. Усё ж у мяне было жаданне вылезці i пайсці назад, у «10 год БССР», каб хутчэй трапіць на месца тых дзвюх трагедый. Але чаму назад? У Сыракомлі ж ясна сказана: Хадыка — у акружнасці Дзякавіцкіх лясоў.

— Дзядзька, дык веска была не ў Дзякавіцкіх лясах?

— Не, у Даманавіцкіх.

Можа, гэта зусім не тое месца, якое я шукаю. Тым больш, што Хадыка, як сведчыць

легенда, толькі невялічкая палянка ў лесе. Значыць, каб высветліць гэта, трэба ўсё ж з'ездзіць у Дзякавічы.

— A з Дзякавіч я дабяруся да Даманавіч?

— Не ведаю, аўтобусы там не ходзяць. Гэта — другая вобласць...

Усё ж я вырашыў канчаткова — паеду спачатку ў Дзякавічы. А там відаць будзе. Спяшацца тут няма чаго, час пакуль што ў мяне ёсць.

Мінулі лясную вёску Забярэзнік, i вось, нарэшце, канцавы пункт — Абоз, таксама сярод лесу. Веска Абоз разам з назвай узнікла нядаўна, пры Савецкай уладзе. Недалёка адсюль быў леспрамгас у вёсцы Пасталы. На месцы ж цяперашняй вёскі Абоз раней была стаянка коней, якімі тралявалі да Пасталоў лес, іншымі словамі — тут быў абоз. Ён i даў назву вёсцы, якая наўзабаве тут утварылася. Да гэтага ж тут, на лясной палянцы, быў хутар, у ім жыў нейкі Жыцька, якому (гэта было яшчэ да рэвалюцыі) пан за добрую службу даў тры гектары зямлі з лесам: карчуй i жыві сабе. Жыцька абжыўся тут.

Пра ўсё гэта мне расказаў той жа дзядзька, з якім я ехаў i які разам ca мною сышоў у Абозе. Дабіраўся ён да свайго брата, лесніка, які жыве ў вёсцы Буда — два кіламетры ад Абоза (ці не расстарацца лесу?). Каб трапіць у Дзякавічы, мне таксама трэба было ісці да Буды — адтуль могуць быць машыны. Ды, кажуць, i аўтобус раз у суткі ідзе на Жыткавічы. Нам ізноў было па дарозе. Але, перш чым ісці ў Буду, я з дзядзькам зайшоў у кантору леспрамгаса— можа, туды, у Жыткавічы, ідзе якая машына. Але ў канторы толькі сядзела за лічыльнікамі жанчына. Hi начальства, ні машын цяпер тут не было — усе ў лесе. Можа, гэта i лепей — пойдзем да Буды пеша.

Ішлі вузенькай, але добра ўбітай лясной сцежкай. Паабапал віліся, у тым жа кірунку, другія сцежкі — каровіныя. На купінах ля самых ног ciнeлі на зялёных галіначках ягадніку спелыя чарніцы — толькі нагінайся ды кладзі ў рот. I я з асалодай смакаваў халаднаватыя ягады. Дзядзька ж на ix i не глядзеў — тут гэта, відаць, не навіна.

— Што ў вас з нагой, дзядзька?

Я папытаў i з няўпэўненасцю паглядзеў на яго: можа, пытанне нетактоўнае? Але дзядзька, памаўчаўшы, адказаў як бы з неахвотай:

— Параніла.

Мусіць, бачачы, што я не задаволіўся адказам, дадаў:

— Гэта яшчэ ў дзевятнаццатым годзе. Я служыў тады ў чэка, у Ленінградзе.

Я папрасіў дзядзьку расказаць, пры якіх усё ж абставінах яго параніла.

— Пры звычайных абставінах,— сказаў дзядзька...

Ix, дзесяць маладых байцоў-чэкістаў, паслалі ў вёску — там засела група белабандытаў, афіцэраў. Прыехалі туды ноччу. Афіцэры адбіваліся гранатамi — вінтовак у ix не было. Падаспела якраз на машыне другая група чэкістаў — падмога. У гэтым баі яго i параніла. Афіцэраў тады палавілі i, дапытаўшы, парасстрэльвалі. Дзядзька расказаў яшчэ, як тады было цяжка. Галадалі — хлеба не было. Пяклі хлеб з аўса: як ясі — ажно колюцца асцюкі. Да таго ж, быў ён цвёрды i гарэніў... Калі ён прыслаў такога хлеба дадому i там кінулі яго сабаку, то i сабака не ўзяў: панюхаў, панюхаў i адышоў.

За лесам адразу расло жыта, трохі далей відаць былі стрэхі хат. У вочы кінулася воданапорная вежа з буслянкай наверсе. На ёй

стаяў бусел ці, відаць, бусліха, парадкуючы нешта сваёй доўгай дзюбай у гняздзе. Я пашкадаваў, што ўсё яшчэ не абзавёўся фотаапаратам. Можна было б зрабіць цікавую кампазіцыю пад назвай «Палескі пейзаж».

У вёсцы — ніякага руху, толькі куры грабуцца ў пяску каля платоў. Усе, вядома, на працы, на сене. Адны дзеці відны дзе-нідзе ў акне замкнёнай хаты. Але вунь i дарослы чалавек на лавачцы. Падыходзім да яго з дзядзькам.

— Скажыце, калі ласка, як заехаць у Дзякавічы?

— А я таксама туды,— адказаў малады чалавек. Каля яго стаяла чорная напакаваная сумка з замком «маланка».— I таксама не ведаю, як заехаць. Аўтобус на Жыткавічы будзе толькі вечарам. I ідзе ён не праз Дзякавічы, а бокам. Так што трэба чакаць якой машыны.

— Ну, што ж, пачакаем, удваіх весялей,— сказаў я і, падзякаваўшы дзядзьку за тое, што правёў мяне ў Буду, прысеў на лаўку.

Малады чалавек быў таксама з Мінска, з Міністэрства меліярацыі i воднай гаспадаркі. Едзе ў камандзіроўку ў Дзякавічы. Там яго павінны чакаць таварышы — яны ў Дзякавічах ужо даўно. Даследуюць мясцовасць, вымяраюць паверхню перад асушкай балот.

Чакаць, на наша прыемнае здзіўленне, давялося няшмат. На вуліцы паказалася машына, крытая. Галаснулі. Машына спынілася, i шафёр сказаў, што едзе ў Дзякавічы. Лепей i не прыдумаеш.

Мінут сорак гоцання па каранях дрэў i дарожных выбоінах — i мы ў Дзякавічах. Вёска вялікая — мы даволі доўга яшчэ ехалі вуліцай. Праз акенца відаць былі хаты, правільней — сцены хат. На кожнай сцяне — пасярэдзіне — прыбіты дошчачкі. На адной сцяне — дошчачка з надпісам (мусіць, вугалем) «вядро», па другой — «лапата», на трэцяй — «багор». Перад вачыма так i мільгацелі: «вядро» — «лапата» — «багор», «вядро» — «лапата» — «багор», «вядро» — «лапата» — «багор»...

Машына — гэта была «тэхпомач» — высадзіла нас у цэнтры сяла. Тут, на прасторным двары-стадыёне,— двухпавярховы драўляны будынак Дома культуры, у якім таксама праўленне калгаса «Кастрычнік», Дзякавіцкая сельская бібліятэка. Побач з Домам культуры — невялікі дамок: «Выканаўчы камітэт Дзякавіцкага сельскага Савета Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці». За вуліцай, насупроць,— магазін.

Мой спадарожнік пайшоў шукаць сваіх, я ж накіраваўся ў праўленне калгаса. У канторы за сталамі — дзве зусім маладзенькія дзяўчыны i пажылая жанчына. На пытанне, як мне пабачыць старшыню калгаса, адказалі амаль хорам:

— Паехаў у Рог.

— Рог?

— Гэта так называюць урочышча нашы сенакосы.

— А сакратар партарганізацыі?

— I ён там.

— Ну, а камсорг?

— Усе сёння ў Розе. Ужо тыдзень, як туды паехалі касцы. Сёння павінны кончыць касіць. Прыедуць вечарам, а можа, уночы.

Я — цераз двор — накіраваўся ў сельсавет: трэба ж забяспечыць сабе начлег.

Тузануў дзверы з шыльдачкай «Старшыня» — зачынены.

— Старшыня сельсавета тут,— наказала жанчына на дзверы, з якіх выйшла.

Папрасіўшы дазволу, увайшоў у пакой. Там за сталом сядзела толькі маладзенькая дзяўчына. Пажартавалі ca мной, ці што?

— Я хачу ўбачыць старшыню сельсавета...

— Я — старшыня,— адказала нечакана дзяўчына.

Пазнаёміліся. Зваць яе — Лідзія Ігнатаўна Чаркас. Неўзабаве ў пакой зайшла зноў такая ж маладая дзяўчына (ці мо я ўжо так пастарэў, што ўсе здаюцца маладымі?). Гэта новы завуч школы — толькі што скончыла Мазырскі педінстытут.

— Значыць, тут дзяўчаты ўзялі ўсю ўладу ў свае рукі? — пажартаваў я.

Поделиться с друзьями: